Вы тут

Кожны носіць сваё неба з сабой


У Радашковічах мамы ў дэкрэце абулі красоўкі, узялі пакеты з пальчаткамі і арганізавалі эказабег у мясцовым лесе. Дзве гадзіны трэніроўкі чаргавалі са зборам смецця. Потым у сацсетках дзяліліся, што, як ні дзіўна, стомы не адчувалі, толькі радасць ад сумесна з карысцю праведзенага часу. А муж маёй сяброўкі ўзяў напракат рыбацкія штаны, прыехаў у госці да бабулі і пачаў чысціць рэчку, у якой купаўся ў дзяцінстве. У Гродне ж невядомы мастак закладвае выбоіны на тратуарах прыгожай мазаікай, ператвараючы іх у прыцягальныя арт-аб'екты. Чула, што ў некаторых краінах творчыя людзі, заручыўшыся падтрымкай дэндролагаў і біёлагаў, падобным чынам дапамагаюць дрэвам. Малююць на аголеных участках ствала — маразабоінах — Вожыка ў тумане, Снусмумрыка, рэпрадукцыі карцін Густава Клімта ці Ван Гога. Папярэдне гэтыя месцы ачышчаюць ад бруду і цвілі, апрацоўваюць санацыйным растворам і пакрываюць грунтоўкай на акрылавай аснове. Апошняя стварае дадатковы слой, які ахоўвае дрэва ад пранікнення лішняй вільгаці, ад шкоднікаў, бактэрый і грыбных спор.


Дык вось, іду я па падземным пераходзе ў цэнтры горада, натхнёная гэтымі светлымі гісторыямі. Як раптам мае думкі абрывае злосны голас. Жанчына, на выгляд гадоў пяцідзесяці, стаяла з адкрытым кашальком у руках і крычала на свайго мужа. Маўляў, няўжо не мог купіць мне нармальны кашалёк, тады б не згубіла грошы. Потым, калі зайшла ў краму, стала сведкай яшчэ аднаго высвятлення адносін — праўда, ужо прадаўца з пакупніком. Падумала, што кожны сам выбірае, куды накіроўваць сваю энергію. На сваркі, злосць і крыўды — ці на добрыя справы і думкі. Хтосьці жыве ў прадчуванні бяды, а нехта, наадварот, хапаецца за любую нагоду парадавацца. Кожны чалавек, як сасуд, сам вырашае, чым сябе напоўніць.

Раскажу вам сваю любімую гісторыю — пра бульбу. Аднойчы вучань прыйшоў да свайго настаўніка і кажа: «Вы заўсёды ўсім задаволеныя, ні на каго не злуяцеся і не крыўдуеце. Дапамажыце і мне быць такім». Настаўнік усміхнуўся і папрасіў вучня прынесці вядро бульбы і мех: « Калі ты на каго-небудзь раззлуешся ці адчуеш крыўду, вазьмі бульбіну, напішы на ёй імя чалавека, з якім адбыўся канфлікт, і пакладзі яе ў мех. Ты павінен заўсёды насіць гэты мяшок з сабой. І штораз, калі на каго-небудзь пакрыўдзішся, дадаваць у яго бульбіну». Прайшоў нейкі час. Мех вучня напоўніўся бульбінамі і стаў дастаткова цяжкім. Яго вельмі нязручна было насіць з сабой. Да таго ж бульбіны, якія ён паклаў у самым пачатку, сталі псавацца. Яны пакрыліся слізкім непрыемным налётам, які да ўсяго яшчэ і вылучаў непрыемны пах. Вучань прыйшоў да настаўніка і сказаў: «Гэта ўжо немагчыма насіць з сабой. Па-першае, мяшок вельмі цяжкі, па-другое, бульба сапсавалася. Прапануйце што-небудзь іншае». Але мудрэц адказаў: «Тое ж самае адбываецца і ў цябе ў душы. Проста ты адразу гэтага не заўважаеш. Учынкі ператвараюцца ў звычкі, звычкі — у характар, які нараджае смуродныя заганы. Я даў табе магчымасць паназіраць увесь гэты працэс збоку. Кожны раз, калі ты вырашыш пакрыўдзіцца ці, наадварот, пакрыўдзіць кагосьці, добра падумай, ці патрэбны табе гэты груз».

Як пісаў Уладзімір Караткевіч, кожны чалавек носіць сваё неба з сабой. І свой мех за плячыма таксама. Мы самі вырашаем, напаўняць яго ці не. Пакуль пісала гэтыя нататкі, патэлефанавала знаёмая, каб падзяліцца сваімі чарговымі перажываннямі. Я хацела паскардзіцца на жыццё ў адказ, але ўстрымалася. Замест таго, каб пакласці ў свой мех бульбіну абурэння, пайду лепш зраблю штосьці добрае і карыснае. Пачышчу тую ж бульбу напрыклад.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».