Вы тут

Новы праект «Жаночы род» у Нацыянальным мастацкім музеі


У эпоху постмадэрнізму ўсе добра засвоілі, што новы, паўнавартасны твор можна зрабіць... з чужых. Выкарыстоўваючы як шкельцы ў вітражы ці ў калейдаскопе, разбіраючы на цытаты, спалучаючы ў розных варыяцыях, каб узнікалі новыя сэнсы...


Менавіта такімі постмадэрновымі творамі можна назваць выставачныя праекты вядучага навуковага супрацоўніка аддзела беларускага мастацтва XX–XXI стст. Нацыянальнага мастацкага музея Дзмітрыя Салодкага. Дазволена спрачацца, разважаць, медытаваць — але абыякавым не сыдзеш. Зараз у музеі адкрыўся новы куратарскі праект Дзмітрыя Салодкага «Жаночы род». Здавалася б, зацяганая тэма... Вобраз жанчыны ў мастацтве. Матэрыял таксама вывучаны — музейныя фонды. Але трапляеш у нечаканае.

Міфапаэтычны свет, звернуты да архетыпаў, да нечага такога, что ляжыць у глыбінных пластах памяці... Тут не адчуваецца прысутнасці легкадумнага палкага Эраса, і нават яго вечнага ворага Танатаса... Тут — пра таямніцу жыцця ў Сусвеце. Творы, нават вядомыя, набываюць ўражлівую трактоўку... А творы — ад народных посцілак да сюрэалістычных палотнаў, час — ад неаліту да эпохі інтэрнэту... Паўзмрок, яркія светлавыя плямы на экспанатах, медытатыўная музыка... «Бабка-павітуха прымае нованароджанае дзіця. З верацяна маці і сякеры бацькі, што ляжаць побач, выбірае верацяно. Абгарнуўшы ім пупавіну, хуткім і ўпэўненым рухам здзяйсняе пераразанне. Абрад ініцыяцыі выкананы. З гэтага моманту жаночы род становіцца багацейшым яшчэ на адну прадстаўніцу, прымаючы ў свой свет будучую нявесту, жонку, маці і гаспадыню. На гэты раз сякера саступае верацяну. На гэты раз верацяно!»

Такімі словамі пачынаецца расповед пра выставу... Дзевяноста пяць твораў, дзевяноста пяць шкельцаў у цёмнай трубе калейдаскопу... Ды яшчэ падзеленыя на два залы — «Жаночы» і «Род». Адкрываюць экспазіцыю два творы, якія сягаюць да пракаветнасці. «Формы нёманскай культуры» Тамары Васюк — гэта і знойдзены ў раскопе гліняны сасуд, і жаночая фігура, архаічнае боства плоднасці і аховы роду... Карціна Гаўрыіла Вашчанкі «Сведкі» — постаці старых жанчын у намітках-хустках, прычым профіль на пярэднім плане нагадвае Стэфанію Станюту. А самі постаці — піраміды, абеліскі, скалы, нешта, непадуладнае часу, нязменнае пад сонцам. 

Гадзінамі можна разглядаць малюнкі цудоўных беларускіх народных строяў, выкананыя Лявонам Баразной і Міхасём Раманюком... Карціна Кішчанкі — беларуская жанчына, якая нясе сухое галлё — успрымаецца як ілюстрацыя да міфа наконт стварэння свету... Вышыванкі і скульптурныя партрэты... Размаляваныя гліняныя лялькі і жывапіс... А вось і верацяно. У асобнай зашклёнай скрынцы. У атачэнні карцін Сяргея Рымашэўскага і Вольгі Мельнік-Малахавай з выявамі маладых жанчын. Гэткае кола вакол верацяна, вячоркі-папрадухі... 

Наступная зала, «Род» — гэта пра супрацьстаянне Жанчыны і Смерці... Вось палескі абраз 1666 году Маці Божай Адзігітрыі, замоўлены рабой Божай Ульянай за свой душэўны спакой і за памерлых дзяцей яе Марыю, Іаана і Стафана. Унізе абраза, за постаццю Багамаці, намаляваныя і гэтыя дзеткі — дзяўчынка і два хлопчыкі... Можна толькі ўявіць гора тае Ульяны, якая шукае ратунку ў Маці Божай, якая прытуліла і яе дзетак... 

Жанчына — захавальніца Роду... Цэнтральная скульптура эскпазіцыі — цяжарная, якая трымае ў руках хлеб. Бохан па форме дакладна паўтарае яе жывот, у якім нараджаецца новае жыццё... 

Вайна, Чарнобыль... Страта мужчыны. Адвечная задача маці — пракарміць сям’ю. Апрануць сямейных. Аздобіць побыт. Карціны мастакоў савецкага часу, якія адлюстроўваюць сялянскую працу, у такім кантэксце набываюць іншае, архетыповае, гучанне. Вясельнае пакрывала «Мятліца» 1920-х гадоў не выпадкова ў адной экспазіцыі з графічным малюнкам Яўгена Куліка з выявай жнейкі, з подпісам: «Толькі ў жніво, ды ў касьбу, і на ніве, і ў лузе бела ад хустак, намітак, кашуль і бравэрак». А ці не ў гэтых кашах для зерня пасярод залы захоўваўся плён працы тае жнейкі?

Выстава будзе дзейнічаць да 1 кастрычніка. Схадзіце, паглядзіце, паразважайце... Бо гэта пра тое, што ўцямна кожнаму: пра каштоўнасць жыцця, яго крохкасць і неперарыўнасць, пра повязь пакаленняў, чалавецтва і Беларусь.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».