Вы тут

«Вірус» мастацтва


Скульптар Вольга Мурашка адной  з галоўных у сваёй творчасці лічыць тэму мацярынства. І гэта невыпадкова — у яе самой чацвёра дзяцей


Бацькава дачушка

Вось ужо чвэрць стагоддзя Вольга Мурашка працуе ў майстэрні свайго бацькі — скульптара Віктара Мурашова. Каля 15 гадоў яны ляпілі тут, крытыкуючы і натхняючы адно аднаго.

— Тата атрымаў гэтую майстэрню ў 1977 годзе, калі прыехаў у Мінск, і не пакідаў яе да самай смерці ў 2009-м, — расказвае Вольга Віктараўна. — Бацька ніколі не прымушаў ні старэйшага брата Аляксея, ні мяне займацца скульптурай, працягваць сямейную дынастыю. Усё адбывалася натуральна. Мы з дзяцінства міжволі далучаліся да гэтай работы, зазіраючы ў майстэрню. Тут заўсёды было цікава. Гледзячы на тату, самі цягнуліся нешта зрабіць.

Акрамя агульнаадукацыйнай школы, Аляксей і Вольга наведвалі студыю выяўленчага мастацтва. У абаіх адзначалі здольнасці, іх творы адпраўлялі на выставы. Але, пасталеўшы, Аляксей захапіўся спортам, потым атрымаў спецыяльнасць «чырванадрэўшчык», скончыў ваеннае вучылішча. А вось Вольга аказалася безнадзейна заражанай «вірусам» мастацтва.

— Пасля гімназіі-каледжа мастацтваў імя Ахрэмчыка вырашыла паступаць у Інстытут жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна ў Санкт-Пецярбургу. Атрымалася з другой спробы, — успамінае Вольга Мурашка. — У Ленінградскай сярэдняй мастацкай школе пры гэтым інстытуце ў свой час вучыўся бацька. Упершыню ён пазнаёміў мяне з Піцерам у 1984 годзе. Горад на Няве ашаламіў: назаўжды ўлюбілася ў яго набярэжныя, саборы і белыя ночы. Усе шэсць гадоў вучобы ўбірала ў сябе яго асаблівую атмасферу. Калі прыязджаў тата, разам хадзілі на канцэрты і ў музеі.

Аднойчы ў дзяцінстве Воля Мурашова ў адным з альбомаў убачыла скульптуру М. Анікушына, якая яе захапіла. «Вось бы павучыцца ў такога майстра!» — падумала яна. У майстэрню да Міхася Канстанцінавіча дзяўчына і трапіла, стаўшы студэнткай. І хоць прафесар Анікушын быў ужо ў вельмі сталым узросце, яго ўрокі не прайшлі дарма. Пазней на Вольгу Віктараўну паўплываў і народны мастак Міхаіл Савіцкі. Але галоўным сваім настаўнікам яна лічыць усё ж бацьку.

— Два скульптары ў адной майстэрні — гэта няпроста. Вядома, я засмучалася з-за татавых крытычных заўваг. Але заўсёды шанавала яго майстэрства і дагэтуль памятаю яго парады. Бацька ўвесь час паўтараў: «Ляпі па сутнасці, не захапляйся знешняй прывабнасцю. Ніколі не ахвяруй зместам дзеля формы», — падкрэслівае Вольга Віктараўна. — А яшчэ вучыў бачыць уласныя дасягненні, прагрэс у работах. У маладосці лёгка развітваешся з тым, што не падабаецца. Зляпіў, не задавальняе нешта — зламаў, выкінуў. Бацька лічыў: трэба беражліва ставіцца да ўласных, няхай нават прахадных, твораў, удасканальваць іх.

Вольга Віктараўна (злева), Ігар Алегавіч (у цэнтры), дачка Марыя і сын Віктар

Віктару Мікалаевічу хацелася, каб Вольга працягнула яго справу, і чым мог, ён дапамагаў. Былі ў бацькі і дачкі сумесныя работы, напрыклад, мемарыяльная дошка пісьменніку У. Б. Карпаву.

— У бацькі шмат скульптур звычайных працаўнікоў, — працягвае мая суразмоўніца. — Адкрыты, добразычлівы, ён шчыра цікавіўся навакольнымі, мог загаварыць з любым, нават з незнаёмым, чалавекам. Вось яго «Падсобніца» — простая дзяўчынка, якая дапамагае на будоўлі. Відавочна не салонны вобраз, але такія сапраўдныя, натуральныя людзі яго і натхнялі. Ляпіў ён родных бабуль — Алену і Веру, дзядулю Мікалая, сваю маму, якая, рана застаўшыся ўдавой, працавала да глыбокай старасці. Мне вельмі падабаецца яго няскончаная работа «Яблычны Спас» — басаногі хлопчык нарваў яблыкаў у падол майкі і, задаволены, з апетытам жуе адно з іх.

Віктар Мікалаевіч пакінуў нашчадкам скульптуры вядомых асоб: вучонага Івана Мічурына, казачніка Пятра Яршова, генерала Дзмітрыя Карбышава, пісьменніка і паэта Максіма Лужаніна, спевака Зіновія Бабія.

У яго атрымлівалася перадаць чалавека свайго часу. Створаныя Віктарам Мурашовым работы захоўваюцца ў музеях розных гарадоў Расіі, у Траццякоўскай галерэі, фондах Міністэрства культуры РСФСР, Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі.

— У 1984-м маці пайшла на пенсію, і бацька адзін забяспечваў сям'ю, — адзначае Вольга Мурашка. — Гэта была яго пазіцыя: мужчына павінен адказваць за жонку і дзяцей. Заўсёды імкнуўся аб'ядноўваць сваякоў, усім дапамагаў. Бацька заўсёды знаходзіў выйсце з любой, нават самай складанай, сітуацыі. Калі тата памёр, жыццё для мяне на нейкі час спынілася.

Апошнія гады Віктара Мікалаевіча даймалі праблемы са здароўем. Жонка Эма Іосіфаўна, урач па спецыяльнасці, нагадвала яму: трэба больш часу прысвячаць сабе. Але Віктара Мурашова як магнітам цягнула ў майстэрню. Сёння сюды гэтак жа цягне яго дачку.

«Малітва», «Надзеі», «Роздум», «Зямля», «Жывая вада», «Успаміны пра лета», «Спроба раўнавагі», «Шляхам жыцця»... Назвы работ абазначаюць вектар творчасці скульптара. У цэнтры ўвагі Вольгі Мурашкі — тэма каранёў, лёсу, Веры, Надзеі, Любові, якія служаць чалавеку апорай на яго жыццёвым шляху.

Вольга Віктараўна ляпіла ўсіх сваіх родных: бацькоў, мужа, дзяцей. Цэлы шэраг работ («Мае дарагія», «Разам з мамай», «Заснуў», «Душа мая») прысвечаны мацярынству.

Скульптар Віктар Мурашоў у майстэрні

Калі дома ўсё ў парадку

Увогуле, яна — рэдкі прыклад скульптара-шматдзетнай мамы.

— Вам самой не здаецца дзіўным, што, будучы Мурашовай, вы выйшлі замуж і сталі Мурашкай? — цікаўлюся ў сваёй суразмоўніцы.

— Мусіць, такі лёс. У мяне была спакуса ўзяць прозвішча Мурашка-Мурашова. Але палічыла гэта нясціплым — усё ж я не Бялыніцкі-Біруля, — смяецца Вольга Віктараўна.

Вольга і Ігар Мурашкі не планавалі чацвярых дзяцей, хоць здавалася, што адно — гэта замала для паўнавартаснай сям'і. Нарадзілася Маша, праз паўтара года двайняты — Ілья і Алег. Калі старэйшыя падраслі, сям'я папоўнілася Віктарам.

— Старэйшых унукаў тата паспеў далучыць да лепкі, — заўважае Вольга Мурашка. — У дзяцінстве і Маша, і Ілья з Алегам ахвотна прыходзілі ў майстэрню, пілі з дзядулем гарбату, з задавальненнем важдаліся з глінай. Але з траіх толькі Ілья па-сапраўднаму захапіўся скульптурай, і не выключаю, што звяжа з ёю жыццё. Маша вучыцца на вакальным аддзяленні БДАМ. Да таго як паступіць у акадэмію, скончыла музычную школу і Мінскі дзяржаўны музычны каледж імя Глінкі. Алег — студэнт Універсітэта фізкультуры і спорту; шмат гадоў займаецца грэка-рымскай барацьбой. 10-гадовы Віця, гледзячы на брата, таксама абраў гэты від спорту.

Адна з работ Вольгі Мурашкі

Дзеці пасільна дапамагаюць маці, але з-за іх загружанасці менавіта Вольга Віктараўна па-ранейшаму сочыць за тым, каб усе сямейнікі былі накормленыя, а ў хаце падтрымліваліся парадак і ўтульнасць. Ігар Алегавіч адказвае галоўным чынам за фінансавы дабрабыт.

— Мой тата яшчэ да жаніцьбы тлумачыў Ігару: «Разумееш, мастак можа доўга выношваць сваю задуму, пакутаваць, а потым дзень і ноч яе ўвасабляць. І вельмі важна, каб спадарожнік жыцця не псаваў яму нервы! — дзеліцца Вольга Мурашка. — Не ведаю, запомніў муж гэтыя словы ці не, але імкнецца ўлічваць характар маёй работы.

Дома Вольга Мурашка — маці і жонка. У ДМШ №1 Мінска — педагог. А ў майстэрні — творчая асоба.

— Ёсць людзі, настолькі нацэленыя на самарэалізацыю і свае дасягненні ў мастацтве, што яны свядома абмяжоўваюцца адным дзіцем, а часам і наогул не абцяжарваюць сябе нашчадкамі. У мяне здараліся перыяды, калі сямейныя клопаты паглыналі з галавой, і часу на творчасць зусім не заставалася. Але калі пасля вымушанага перапынку вярталася да гліны, ішоў творчы ўздым. На мой погляд, мацярынства, сямейнае жыццё таксама ўзбагачаюць чалавека, — лічыць Вольга. — Калі б не мела мужа і дзяцей, мае работы, магчыма, не былі б эмацыянальна афарбаваныя.

Мая гераіня перакананая: скульптура — узроставы від мастацтва. Каб стварыць твор, які па-сапраўднаму кранае, трэба шмат у жыцці зразумець, быць глыбокай, шматграннай асобай. Сама яна толькі гадоў у 40 адчула: у яе — свая сцежка ў мастацтве, ёй ёсць чым падзяліцца.

Здавалася б, такая няпростая (доўгія гады была пераважна мужчынскай) прафесія, чацвёра дзяцей. Але за ўсю размову Вольга Мурашка ні разу не паскардзілася на тое, як цяжка ёй даводзіцца. Можа, таму што яе заўсёды падтрымлівалі муж, свякроў, бацькі.

— На жаль, шмат гадоў запар водпуск праводжу дома, — прызнаецца Вольга. — Дачы ў нас няма. Адпачынак для мяне — гэта змена заняткаў: быт, работа ў мастацкай школе, творчасць у майстэрні. Але затое і на засмучэнне, дэпрэсію часу не застаецца. Калі стамляюся ад хатніх клопатаў, адпраўляюся ў майстэрню.

Тут, у майстэрні, думкі Вольгі накіроўваюцца ад зямнога да ўзвышанага. Тут яна адчувае сябе сапраўдным творцам, якому (у гэтым яна згодная са сваім бацькам) нельга дарма псаваць нервы.

Вольга ПАКЛОНСКАЯ

Фота аўтара і з сямейнага архіва Вольгі Мурашкі

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.