Вы тут

Мая другая мама. Як выбудаваць адносіны «свякроў — нявестка», спыталі ў псіхолага


Слова «свякроў» паходзіць ад выразу «свая кроў», то-бок блізкі чалавек. Але далёка не заўсёды свякроў і нявестка сапраўды блізкія. Наадварот, гэта здараецца досыць рэдка. Як спыніць канфлікт, які ўскладняе жыццё?


— Калі пра перыпетыі ўзаемаадносін паміж цешчай і зяцем існуе мноства анекдотаў, то адносіны «свякроў-нявестка» звычайна не маюць такіх бурных знешніх праяў. Хоць яны часам бываюць не менш драматычныя, — кажа сямейны псіхолаг, гештальт-тэрапеўт Кацярына Алёхіна. — У некаторых сем'ях непрыязнасць узнікае з першага погляду, у іншых напружанасць нарастае паступова. Але так ці інакш, у вельмі многіх сем'ях адбываецца «халодная вайна» за ўплыў, за галоўную ролю ў жыцці адзінага і непаўторнага любімага мужчыны. Дзве жанчыны высвятляюць, хто ён — муж і сын або сын і муж? Хто ж ён у першую чаргу?

Як здаць гэты экзамен на псіхалагічную сталасць — выбудоўванне адносін «свякроў-нявестка» без страт для абодвух бакоў? Бывае, абедзве жанчыны аказваюцца досыць мудрымі і здаюць яго на выдатна «экстэрнам». Але часцей за ўсё тут неабходная вялікая работа над сабой. І правесці яе трэба — занадта ўжо вялікая цана памылкі.

Калі вы — нявестка

Адносіны са свякроўю не склаліся адразу? Не варта ўпадаць у адчай. Але тым больш не варта спадзявацца, што «ўсё як-небудзь само наладзіцца». Трэба дзейнічаць. Гэта значыць, пачынаць з сябе — мяняць сваё стаўленне і да сітуацыі, і да свекрыві.

Справы жыццёвыя

У кожным манастыры — свой статут. Можа быць, звыклае для вашай свякрухі вядзенне хатняй гаспадаркі вам здаецца старамодным, неэфектыўным або папросту дзіўным. Але калі вы жывяце ў яе доме, вам прыйдзецца прымаць яе правілы — бо гэта ж вы прыйшлі на яе тэрыторыю. Таму такой сітуацыі псіхолагі раяць пазбягаць (калі гэта магчыма).

— Калі вы сапраўды шануеце мужа і пры гэтым жывяце ў агульнай кватэры з яго мамай, адносіны з якой не склаліся, — паспрабуйце раз'ехацца. Вайну вельмі цяжка спыніць, калі праціўнікі ўвесь час сутыкаюцца на адной тэрыторыі. Любоў на адлегласці мацнее, а крыўды хутчэй забываюцца. Асабліва калі сустрэчы праходзяць за накрытым сталом і па святах. Натуральна, вы павінны ўсімі спосабамі аказваць маці свайго мужчыны ўвагу (у эпоху інтэрнэту і даступнай мабільнай сувязі гэта зрабіць значна прасцей), — кажа Кацярына Алёхіна.

Калі ж пакуль раз'ехацца немагчыма, прыйдзецца навучыцца «быць мудрэйшай».

• Не заўсёды трэба адмахвацца ад парад свекрыві, у першую чаргу ў сферы вядзення хатняй гаспадаркі. Часам (і вельмі!) — варта прыслухацца. Іншы раз яе «лайфхакі» ў галіне дамаводства могуць аказацца вельмі талковымі — бо яна ўсё ж «жыццё пражыла». Да таго ж, такім чынам нявестка выказвае павагу да мамы мужа і прызнае яе аўтарытэт — то-бок гэта карысна і з пункту гледжання ўмацавання добрых адносін з мамай вашага выбранніка. Ну, а калі вам усё ж здаецца, што «цяпер так ужо не робяць» — ніхто ж не перашкаджае вам казаць «так», але... рабіць па-свойму. Галоўнае — не ісці на канфрантацыю і імкнуцца згладжваць вострыя вуглы.

• Парада для тых, хто вымушаны быць «другой гаспадыняй» на чужой кухні — дакладны падзел «жаночых» хатніх абавязкаў. Дапусцім, яна гатуе ежу, а вы адказваеце за закупку прадуктаў на ўсю сям'ю, яна ў адказе за мыццё, вы — за прыборку.

— Часам бывае, што пара жыве асобна, але свякроў раз-пораз, і часта без запрашэння, любіць ладзіць «рэвізію». Як пажывае яе сыночак? Ці добра клапоціцца аб ім нявестка? Што застаецца ў такой сітуацыі? Можна даць мноства парад, але самая простая і дзейсная — змірыцца і ставіцца да таго, што адбываецца, спакойна. І самае галоўнае — не выходзіць з сябе. Простае правіла «далічыць да дзесяці, перш чым адказаць» ведаюць усе, і яно сапраўды працуе. Памятайце: хутчэй за ўсё, вы будзеце шкадаваць аб сваіх словах, якія былі сказаныя ў момант раздражнення. І яшчэ — не трэба саромецца прасіць прабачэння ў свекрыві, калі вы адчуваеце, што пакрыўдзілі яе.

Асабістая прастора

Часам назойлівы клопат свекрыві ўскладняе і асабістае жыццё маладой сям'і.

— Існуе нямала прыкладаў, калі свякроў, як і раней, калі сын быў нежанаты, бескампрамісна распараджаецца часам, а здараецца, і даходамі сына. Кантралюе ваш сямейны бюджэт і нават без стуку ўваходзіць у спальню. Але як бы складана ні было нявестцы, самае галоўнае правіла — ніколі не ўмешваць мужа ў канфлікт са свякрухай. Не прымушаць яго выступаць арбітрам або суддзёй, не патрабаваць ад яго зрабіць выбар «або я, або яна». Гэта, бадай, самая распаўсюджаная жаночая памылка, і часцей яе здзяйсняюць нявесткі.

Наўрад ці мужчына ў стане ўладзіць канфлікт паміж дзвюма дарагімі яму жанчынамі. Наадварот, гэта толькі падалье алею ў агонь. Ён будзе перажываць, хістацца і нервавацца. Дарэчы, інфармацыя для нявестак: хутчэй за ўсё, канчатковы выбар будзе не на вашу карысць. Бо маці апрыёры здаецца больш надзейным «берагам», мужчына ведае яе ў літаральным сэнсе з нараджэння і прывык давяраць ёй. Перш чым плакацца мужу ў камізэльку, скардзячыся яму на яго ж маму, падумайце, якія могуць быць наступствы. Увогуле, мужу пра яго маму — альбо добра, альбо... таксама добра.

— Самае галоўнае, што павінна зразумець нявестка, — свякроў ёй не саперніца. Яна ніколі не зможа заняць месца маці. Найлепшы спосаб наладзіць адносіны са свякроўю — пагаварыць з ёю сам-насам, як дарослы з дарослым, рацыянальна і спакойна. Абысціся без абвінавачанняў і патрабаванняў, пабудаваць размову ў канструктыўнай плоскасці: што мы ўдзвюх можам зрабіць, каб надалей паміж намі не ўзнікала сварак? Уважліва пастаўцеся да яе довадаў, паспрабуйце паглядзець на сітуацыю «з яе званіцы». Мэта такой размовы — зразумець свякроў і пастарацца стаць яе саюзніцай.

Псіхолагі сцвярджаюць, што шлях да сэрца свекрыві пралягае праз яе мацярынскі інстынкт. А значыць, важна даць зразумець маці вашага мужчыны, як вы шануеце, як любіце яе сына — вашага мужа, як ганарыцеся ім. Бо маці вельмі важна ведаць, што яна выгадавала дастойнага сына. Калі яна ўсведамляе, што ў вас агульная мэта — шчасце яе сына і яго дзяцей (яе ўнукаў), яна пачне супрацоўнічаць з вамі і ператворыцца ў вашага надзейнага сябра.

Дарэчы, пра ўнукаў

Яшчэ адна найбольш частая прэтэнзія да свекрыві — яе ўсёпаглынальная, нават крыху эгаістычная любоў да ўнукаў. Бывае, мама мужа перакананая, што «лепш ведае», як выхоўваць, чым карміць вашых дзяцей, што ім забараняць і дазваляць. Ёсць і адваротны варыянт — на думку нявесткі, свякроў бярэ недастатковы ўдзел у выхаванні ўнукаў, не цікавіцца імі і не дапамагае.

— Калі свякроў занадта актыўна «выконвае абавязкі» бабулі, мабыць, варта дакладна вызначыць яе ролю (дапусцім, яна водзіць дзіця ў гурткі і секцыі або забірае з дзіцячага садка, або бярэ да сябе на выхадныя раз ці два ў месяц). Яшчэ адно правіла для нявесткі — дакладна і неэмацыянальна фармуляваць свае просьбы. «Я працую, стамляюся, дом на мне, а вы не можаце звадзіць Кацю на гімнастыку?!» — не падыходзіць. Правільны варыянт — выразна сфармуляваная просьба без лішніх эмоцый і падрабязнасцяў пра складанасці жыцця.

І нарэшце, нельга абысці ўвагай прэтэнзію, што свякроў імкнецца пастаянна павучаць нявестку ў пытаннях, якія датычацца выхавання дзяцей. Тут, як паказвае практыка, нявестцы часам варта задумацца аб тым, што кажа свякроў. Далёка не заўсёды яе парады нерацыянальныя. У рэшце рэшт, яна выхавала ўласных дзяцей, і гэта ўдалося ёй нядрэнна — бо вы ж выбралі яе сына і звязалі з ім сваё жыццё. Дык, можа быць, варта прыслухацца да яе парад?

І самае галоўнае, памятайце: прыйдзе дзень, калі вы самі станеце свякрухай або цешчай. Паспрабуйце загадзя паставіць сябе на яе месца. Гэта дапаможа вам зразумець сваю свякроў.

Калі вы — свякроў

Канфлікт паміж свякроўю і нявесткай — стары як свет. Яшчэ зусім нядаўна ваш сын быў толькі вашым, бо вы нарадзілі яго і выхавалі. І раптам з'яўляецца іншая жанчына, якая атрымлівае на яго правы. Яна перакананая, што ён — яе і толькі яе мужчына, але не кожная маці гатовая «адпусціць» дарослага сына. Для маці ён па-ранейшаму «яе хлопчык», нават калі ён ужо вырас і стаў бацькам уласных дзяцей. Яна падсвядома лічыць, што, як і раней, «мае на яго правы». Вось і ўзнікае сітуацыя, калі старэйшая жанчына ў сям'і лічыць маладую жонку перашкодай іх адносінам з сынам, а малодшая — скардзіцца сяброўкам і сваёй маме, што свякроў «разлучніца».

Канфлікт пакаленняў

У аснове канфліктаў свякрухі і нявесткі ляжыць канфлікт пакаленняў, лічаць псіхолагі. Маладосці ўласцівыя максімалізм, няздольнасць да кампрамісаў, часам нічым не абгрунтаваная самаўпэўненасць. Сталы ўзрост часам поруч з некаторым кансерватызмам поглядаў, празмернай верай у свой жыццёвы вопыт (знакамітае «я жыццё пражыла»), крытычнасцю да маладых і перакананасцю ў сваім аўтарытэце.

— Што параіць жанчыне, якая стала свякроўю? Перш за ўсё — успомніце, як вы самі калісьці выбудоўвалі свае адносіны з уласнай свякрухай, мамай вашага мужа. Якія памылкі дапускалі вы, і якія — яна? Чаго вам не хапала ў гэтых адносінах — цяпла, прыняцця, дэманстрацыі павагі да вас як да выбранніцы сына? Падарыце ўсё гэта вашай нявестцы, бо гаворка ідзе пра сям'ю сына, пра давер і шчасце ў гэтай сям'і, на якія вы можаце паўплываць як у станоўчым, так і ў адмоўным сэнсе.

«Дачка, а не нявестка»

— «Мая свякроў была ідэальная. Заўсёды спакойная, ласкавая, яна казала: «У мяне няма нявестак, два сыны — і вось цяпер дзве дачкі». Мае бацькі, праўда, больш дапамагалі гадаваць дзяцей — яны жылі бліжэй. Але і пра свякроў я захавала самыя светлыя ўспаміны. Цяпер я сама свякроў і стараюся браць з яе прыклад», — на фоне негатыўных выказванняў пра свекрывей гэтая гісторыя адной з маіх кліентак асабліва запомнілася, — кажа Кацярына. — Менавіта такая ўстаноўка з боку свекрыві забяспечвае цёплыя, заснаваныя на даверы адносіны з нявесткай.

І ў гэтай сувязі парада псіхолага — прыняць нявестку ў сваё сэрца і сваю сям'ю.

— Прыйдзецца навучыцца вырашаць сямейныя праблемы разам з нявесткай, а не толькі з сынам і мужам. Не трэба абмяркоўваць нешта за спінай нявесткі або прызначаць «сямейную нараду», калі яе няма дома. Новы член сям'і мае права голасу — пра гэта забываць нельга.

Статус — бабуля

Яшчэ адзін закон добрых адносін з нявесткай — даваць парады толькі ў тым выпадку, калі сын і нявестка пытаюцца аб вашым меркаванні. Гэта нялёгка, бо вас так і цягне паправіць «маладых», зберагчы ад памылак. Але часам лепш даць ім набіць свае шышкі, чым не дазволіць нявестцы адчуць сябе гаспадыняй, адбыцца ва ўласнай сям'і. Гэта асабліва важна ў выхаванні ўнукаў. Якой бы мудрай і любячай ні была бабуля, як бы ні імкнулася яна «рабіць усё дзеля дзіцяці», вырашальным у выхаванні дзяцей усё ж павінна быць слова мамы. Бабуля не павінна падсвядома імкнуцца замяніць маму. Бо ў сям'і, дзе ў дарослых няма адзінства ў поглядах і патрабаваннях да дзяцей, вырастаюць трывожныя людзі, якім потым доўга даводзіцца змагацца з комплексамі, што сталі вынікам такога выхавання.

— А наогул, роднасныя адносіны паміж свякроўю і нявесткай, пабудаваныя на любові і клопаце адна пра адну — не настолькі вялікая рэдкасць, як можа здацца на першы погляд. А значыць, гэтага можна дасягнуць. Трэба толькі шчыра захацець пабудаваць і потым падтрымліваць іх, — падкрэслівае сямейны псіхолаг. — Гэта жаданне стане пачаткам новых адносін дзвюх жанчын, якіх звязала любоў да аднаго мужчыны.

Дзіяна РОНІНА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што агульнага ў космасу з патэльняй? ​У сям’і Якубоўскіх з Жодзіна з фізікай сябруюць усе

Што агульнага ў космасу з патэльняй? ​У сям’і Якубоўскіх з Жодзіна з фізікай сябруюць усе

Як сямейная пара настаўнікаў фізікі робіць складанае простым.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. У аўторак падзеі будуць развівацца спрыяльна для вас, нечакана могуць узнікнуць новыя перспектывы для кар'еры. 

Калейдаскоп

5 важных рэчаў, якім бацькі абавязаны навучыць сваіх дзяцей

5 важных рэчаў, якім бацькі абавязаны навучыць сваіх дзяцей

Быць бацькамі — вялікая адказнасць. Кожны з нас хоча выхаваць дзіця ўпэўненым, добрым і шчырым. І самае галоўнае — шчаслівым.