Вы тут

Лахатрон для электарату


Дэмакратыя, галоснасць, вялікія мэты і карысць грамадству. Колькі дэкларацый, колькі абяцанняў, колькі надзей, а вынік адзін. Работа на карысць некаторых асоб, якія самі сябе каранавалі ўладарамі свету. Вельмі зручна прыдумалі. Стварылі шмат грамадскіх міжнародных арганізацый. Нібыта незалежных. А тыя рупліва выконваюць брудную работу.


ІКАО села ў лужыну са сваім расследаваннем, а брудам хлусні запэцкалі нас. «Белавія» і да сёння на сваіх крылах нясе цяжар іншаземнай памылкі. Колькі загалоўкаў было ў еўрапейскіх таблоідах, колькі старонак незразумелых і агульных высноў. А фактаў на стале мы так і не ўбачылі. Дзе можна пачуць перагаворы пілота з дыспетчарам з Вільнюса? Дзе фабула? Няма адказу. Толькі адвольная трактоўка. Чарговая хлусня. Толькі агрэсіўныя разважанні. Пра гэта смела і адкрыта казаў нядаўна беларускі лідар у інтэрв'ю чарговаму замежнаму медыя.

З еўрапейскай трактоўкай зразумела. Трэба было падрэзаць крылы паспяховай авіякампаніі. Падчас ковіднай істэрыі не атрымалася — зрабілі «па-дэмакратычнаму». Гэта першая, паверхневая прычына. Другая больш глыбінная. Панізіць аўтарытэт паспяховай дзяржавы. Гэта так па-еўрапейску. Звычайна... Але ж мне была незразумелая рэакцыя некаторых беларусаў. Незразумелыя хцівыя ўсмешкі. Нават цяпер, хоць колькі часу прайшло, а рэальных доказаў віны Мінска няма. Калі б яны былі...

Вось так і працуюць рознага кшталту міжнародныя аб'яднанні. Замест фактаў яны фарсяць сваім статусам. Размаўляюць з цывілізаваным светам з вышыні арыстакратычнай пагарды. Маўляў, мы скажам вам, як думаць і што рабіць. У нас ліберум вета і на праўду, і на дэмакратыю. Пачакайце, у вас толькі гучныя назвы. А насамрэч — звычайныя махляры. Прафесіяналы толькі ў адным. У прытворстве. Нядрэнна вывучылі гебельсаўскую філасофію і авалодалі галівудскімі метадамі. Як у тым фільме — сапраўдны спрут. Большасць гэтых самакаранаваных міжнародных, а насамрэч рэгіянальных саюзаў, аб'яднанняў і камітэтаў. Фарс у дэкарацыях. Шырма для палітычных і фінансавых інтарэсаў сучасных карабасаў-барабасаў.

Калі нашы сапраўдныя грамадскія аб'яднанні, напрыклад Беларускі саюз жанчын, збіраюць дапамогу для выкінутых Еўропай бежанцаў, альбо той жа БРСМ удзельнічае ў працаўладкаванні моладзі — гэта, маўляў, праўладныя арганізацыі. Гэта, маўляў, не камільфо. Гэта не «па-дэмакратычнаму». А вось калі нібыта незалежныя міжнародныя аб'яднанні скачуць пад дудку інтарэсаў купкі палітыканаў, то гэта называецца партнёрствам. Насамрэч гэта звычайны заходні цырк. Раней — быў тэатр. Як той казаў, аднаго акцёра. Мігранта з Венгрыі. Сораса. Быў тэатр, бо прафесійна выконвалі п'есу «дэмакратыя». І пакуль гледачы — увесь так званы цывілізаваны свет — пляскалі ў ладкі, у закуліссі вырашаўся лёс свету. Югаславія і Ірак, Лівія і Сірыя. Ковід і цяпер санкцыі. «Дэмакратыя».

Цяпер гэта не тэатр. Цяпер гэта нагадвае трэцясортны цырк. Дарэчы, вялікі еўрапейскі цырк ужо даўно гастралюе на авансцэне беларускай самазванай апазіцыі. Не пераконваючы. Пры гэтым заморскія пастаноўшчыкі так традыцыйна, звыкла па-заходняму ганебна і пагардліва адносяцца да розуму і палітычнага пачуцця беларусаў. Маўляў, і так добра — «піпл схавае».

А можа, там, у шарэнзе пятай «калёны» туга з выканаўцамі? Прабачце, гэтая трупа напамінае палітычны труп. А мо тое і ўвогуле гістарычная фішка і радавая хвароба беларускага змагарства? Кажучы па-сучаснаму, лузеры і фрыкі. А калі без дыпламатычных моўных «па», то гэта ў першую чаргу — звычайны праклён. Пячаць іуды. Сапраўды — іуды. Спачатку сядзяць за адным сталом. А потым за 30 срэбранікаў… І такія былі не толькі сярод чыноўнікаў. Хапіла і сярод творчага «бамонду». Ад актрысуль да вядучых-карпаратыўшчыкаў. Здраднікі беларускага народа. Пытанне, каму прадавацца, не стаіць. Стаіць пытанне, за колькі.

Па-біблейску ў здраднікаў два шляхі. Альбо пакаяцца, альбо да бліжэйшага... Спадарства-змагарства звычайна выбірае другі варыянт. Да бліжэйшага... Новага спонсара. Пад эгідай грамадскіх аб'яднанняў. Найлепшых каналаў для «рэвалюцый» нельга прыдумаць. Бо тое ж грамадскія аб'яднанні. А ўлады — сапраўдныя бенефіцыяры — мяцежных «пэрамэн» — як у вядомай песні — «мы тут не при чём». Яны паміж сабой не звязаныя. У іх партнёрства. І незалежна ад таго, гэта «залежныя прафсаюзы» ці радыкальна-нацыяналістычныя групоўкі накшталт «зуброў», «буслоў», «каліноўцаў», альбо арганізацыі, што ахоўваюць птушак, або выхоўваюць гендараў, або «незалежных» журналістаў — усе яны выконваюць адзіны загад. Ідуць у чарговы езуіцкі паход на ўсход.

Таму не грэбуюць любымі сродкамі, гэта датычыцца і фінансаў, і метадаў. Колькі ўжо было карупцыйных скандалаў, звязаных з гэтымі незалежнымі аб'яднаннямі. Колькі разоў «стаўпы» пятай калоны траплялі ў поле зроку за фінансавыя махінацыі. Калі шэфы пачынаюць грызціся за чарговы транш — цэлая камедыя. Нават іх «нэзалежныя мэдыя» ўдзельнічаюць у гэтым перадзеле грошай. Зліваюць кампрамат. Тыя, хто акапаўся ў Літве, супраць тых, хто ва ўкраінскіх сэлфі-акопах. Цікава атрымліваецца. Яны казалі, што аб'ядноўваюць краіну. А насамрэч — паміж сабой, што павукі ў слоіку.

Радавым і ідэйным апазіцыянерам застаецца толькі абурацца ў «Тэлеграме». І вось падчас такіх «разборак» разумееш, што праект «беларуская апазіцыя» і розныя фонды — нічога палітычнага, толькі бізнес. Лахатрон для электарату. Бо нават некаторыя самыя «неверагодныя» аддавалі за іх не толькі свае галасы, але і грошы.

Ну, па-першае, дзеля таго каб захапіць уладу ў чарговай краіне і пасадзіць там сваіх марыянетак. Па-другое, усе гэтыя інвестыцыі ў «дэмакратыю» — палітычны афшор. Чаму запэцканых у махлярстве лідараў змагарства не мяняюць? Гэта ж удар па аўтарытэту заходняй дэмакратыі. Ну, і саміх лідараў апазіцыі нядрэнна прывучаюць да адкатаў. Бо маючы кампрамат на хабарнікаў, калі тыя акажуцца ва ўладных крэслах, лягчэй з імі будзе дамаўляцца. Як ва Украіне.

Як той казаў, сарока сароку бачыць здалёку. Таму дэмакратыя гэта так — шырма. А вось галоўнае — бізнес. Еўрапейскія куратары, хаваючыся за ёй, таксама крадуць грошы, выдаткаваныя на «пэрамэны». Вось таму так даспадобы еўрапейскім функцыянерам усе гэтыя міжнародныя грамадскія аб'яднанні. Яны не толькі добрыя падпавялы, але яшчэ і крыніцы ўзбагачэння. Вось яна, сутнасць палітыкі «дэмакратызацыі». Адно радуе — яны віртуозна крадуць чужое багацце, але не здолелі ўкрасці ў нас Бацькаўшчыну. Усё — заслона. Без апладысментаў.

Яўген ПУСТАВОЙ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?