Вы тут

Валянціна Быстрымовіч: «Сунімаць гэтую бабу не мае сэнсу»


Як цяпер памятаю, у тую ноч бушавала навальніца, а з раніцы распагодзілася, але раса яшчэ густа пакрывала траву. Муж узяўся перабіраць снасці: з раніцы яны з Антонам збіраліся на рыбалку. Антон — наш сусед, малады мужчына з вогненна-рыжай шавялюрай, увесь у рабацінні. Кожную суботу яны з маім мужам ездзяць рыбачыць. Але рыбалку той раніцай мужыкам прыйшлося адмяніць.


Фота: pixabay.com

Ад мацi Антона, Марыны Пятроўны, я заўсёды трымалася на аддаленасці. Дужая рыжая дама з вельмі кароткай стрыжкай была настолькі нястрыманай на язык, што нават бяскрыўдныя зносіны з ёй не абяцалі нічога добрага. Да месца і не да месца любіла абазваць чалавека самымі апошнімі словамі, больш за тое, лічыла гэта дазволеным. «Я праўду кажу!» — сур’ёзна заяўляла жанчына і сама ў гэта верыла.

Размаўляла мацi Антона на трасянцы, але калі лаялася, заўсёды пераходзіла на беларускую. Адкуль яна толькі брала ўсе гэтыя словы? Можа, ад сваёй бабкі чула? Ва ўсякім выпадку, яны здаваліся Марыне Пятроўне больш сакавітымі, яна лічыла, што ні адна фраза не выкажа абурэнне дакладней, чым «каб ты здох». 

Сунімаць рэзкую на язык бабу не мела сэнсу, можна было займець такі «камплімент», што мама не бядуй.

«Ды каб цябе пацукі зжэрлі», — адважвала Марына Пятроўна кату, які забраўся на стол. «Ды каб вас зямля не насіла!» — кляла суседзяў зверху, якія кідалі недакуркі з балкона. "Ды iдзi ты да лешага!«— смяялася на жарты Антона. Пры гэтым Марына Пятроўна любіла сына, любіла маленькага ўнука і добра ставілася да нявесткі Любы. Язык языком, а сям’я для яе — святое.

Калі б мацi Антона так размаўляла з дзяцінства, гэта яшчэ было б неяк зразумела. Але раней падобныя выразы праслізгвалі ў жанчыны зрэдку, і толькі, стаўшы пенсіянеркай, Марына Пятроўна стала адважваць направа і налева свае сакавітыя пажаданні.

Яе напрацаваныя рукі ўмелі ўсё. Прыходзячы да сына, адразу спяшалася на кухню і пачынала грымець посудам — гатаваць піражкі, варыць капусту. Потым з каляскай ішла на вуліцу, даючы адпачыць нявестцы. Па дарозе адштурхоўвала нагой ката, які спрабаваў выскачыць наперад каляскі ў калідор: «Ды каб цябе парвала!» І ўсё гэта не са злосці, а так, для важкасці слова.

У тую раніцу Марына Пятроўна прыехала да сына дапамагчы з малым. Люба рыхтавалася да адказнай справы, збіралася на субяседванне: хоць яе дэкрэтны адпачынак яшчэ не скончыўся, іпатэчны крэдыт ужо гнаў на працу.

Марына Пятроўна грымела посудам і стукала малаточкам, адбіваючы мяса, пакуль Люба наводзіла марафет. Потым свякроў паставіла мяса па-французску ў духоўку і, загадаўшы нявестцы за ім прыглядаць, пайшла гуляць з малым.

Люба спяшалася і з домам управіцца, і сябе ў парадак прывесці. Загрузіла рэчы ў пральную машынку, памыла і высушыла валасы, падмалявала павекі, папрасавала блузку. Свякроў паспела ўжо вярнуцца з прагулкі. Яшчэ на парозе Марына Пятроўна ўсклікнула:

— Гарам пахне!

Люба войкнула і кінулася на кухню — яна зусім забылася пра мяса! А ўсё з-за хвалявання перад сустрэчай з будучым працадаўцам.

Адкрыла духоўку — на ўсю кватэру адразу пахнула гарэлым. Люба кінулася адкрываць вакно, потым скінула абвугленыя кавалкі ў вядро.

— Каб ты правалі-і-і-лася! — у сэрцах выпаліла Марына Пятроўна.

Потым яна ўзяла малога з калыскі і панесла ў ложачак. А засмучаная Люба стала махаць ручніком, выганяючы гар у вакно. Вядома, ёй было непрыемна і крыўдна чуць такія словы, але яшчэ крыўдней — выкідваць згарэлае мяса. Каб пах не распаўсюджваўся далей па кватэры, Люба паспяшалася вынесці смеццевае вядро.

Яна не вярнулася дадому ні праз пяць хвілін, ні праз дзесяць. Марына Пятроўна ўжо вымыла бляху, пакарміла малога, а нявесткі ўсё не было. «Куды яна прапала?» — заклапочана падумала жанчына і выглянула ў вакно. Каля пад’езда стаяла «хуткая дапамога».

У свякрухі сціснулася сэрца. Прадчуваючы бяду, Марына Пятроўна схапіла малога на рукі і выбегла з ім на двор. Люба ляжала ў машыне «хуткай», смеццевае вядро валялася ля лаўкі.

— Яна правалілася ў каналізацыйны люк, — растлумачыў доктар, — ды так «удала» — цяжкі пералом рукі і нагі, падазрэнне на страсенне мозгу. Вязем у чацвёртую бальніцу.

— Прыгледзьце за малым, — прашаптала Люба Марыне Пятроўне.

...Антон быў у збянтэжанасці.

— Не разумею, — здзіўляўся ён. — Люба заўсёды ўважлівая да дробязяў. Нават калі спяшаецца, па дарозе павучка на кусціку заўважыць. Як яна магла праваліцца ў велізарны люк?

У бальніцы Люба прабыла дзесяць дзён, дадому вярнулася ўся ў гіпсе. Увесь гэты час свякроў глядзела за дзіцем, жыла ў кватэры сына, пакуль нявестка цалкам не паправілася.

Не ведаю, якія высновы яна зрабіла, што перадумала і перажыла, толькі пасля гэтага ніхто ад яе дрэнных слоў больш не чуе. «Усё язык мой паганы», — упэўнена Марына Пятроўна.

Яна зразумела, што Сусвет увасобіў яе непатрэбныя слоўкі ў жыццё.

Валянціна БЫСТРЫМОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.