Вы тут

Работнікі 45+: за і супраць. Чым карысныя для кампаніі дарослыя спецыялісты?


Парадокс: часцей за ўсё ўласнікам бізнесу і дырэктарату 45 і больш гадоў, але вось работнікаў такога ж узросту чамусьці «адмятаюць» іх кадаравыя службы, бо лічаць ні на што не прыдатнымі. Але ці так гэта на самай справе?


Фота: pixabay.com

Чаму работнікі 45+ і больш не ў фаворы?

  • Першае, пра што гавораць: у іх састарэлыя веды. Аднак любы працуючы чалавек увесь час, можа, неўзаметку для сябе чамусьці вучыцца. Акрамя тэхналогій, ёсць яшчэ прафесійны досвед, якому ні ў ВНУ, ні на самых прасунутых трэнінгах не навучаць. А вопытны кіраўнік або спецыяліст можа паспяхова выйсці з любой складанай сітуацыі.
  • Другая асцярога: не знойдзе агульнай мовы з маладымі калегамі. Аднак часцей за ўсё менавіта дарослыя супрацоўнікі згладжваюць вострыя моманты ў міжасобасных адносінах. Любы ўзрост — не гарантыя, што ў чалавека добрае выхаванне, спакойны характар.
  • Трэцяя прычына ў тым, што пасля 40–45 гадоў цяжэй спраўляцца з фізічнымі нагрузкамі. З аднаго боку, людзі не маладзеюць. А з іншага, дастаткова і маладых людзей, арганізм якіх не спраўляецца з тымі ці іншымі фізічнымі нагрузкамі.
  • Чацвёртая прычына, маўляў, работнікі старэйшага ўзросту будуць хварэць. Тут не застрахаваны ніхто. Але якраз старэйшае пакаленне не спяшаецца атрымаць бальнічны пры першым жа часе.
  • Пятая прычына: добрасумленна працуючых людзей перадпенсіённага ўзросту не так проста звольніць. Наймальнік абавязаны прадоўжыць кантракт, калі да наступлення пенсіённага ўзросту такому работніку менш за два гады.

Чым карысныя для кампаніі дарослыя спецыялісты?

У Працоўным кодэксе Беларусі дакладна сказана, што дыскрымінацыя па ўзросце забаронена. Тым не менш чалавеку старэйшаму за 50 гадоў уладкавадцца на працу праблематычна. Наймальнікі неяк забываюцца, што пасля паўвекавой мяжы жанчыне яшчэ восем гадоў трэба працаваць, а мужчыну — 13.

Многія наймальнікі катэгарычна настроены на стварэнне праславутага маладога калектыву. Некаторыя ж разумеюць каштоўнасць рознаўзроставых працаўнікоў.

«Спецыялісты ва ўзросце 45–50 гадоў могуць прынесці дадатковыя плюсы для кампаніі, — кажа Юлія ТАРСУНОВА, кар’ерны кансультант сервісу rabota.by. — У супрацоўнікаў 50+, як правіла, больш часу, які яны могуць прысвяціць рабоце і свайму развіццю, бо асноўныя жыццёвыя пытанні ўжо вырашаны. У гэтым узросце людзі арыентаваны на доўгатэрміновае супрацоўніцтва, што зручна для наймальніка. Вялікі практычны досвед і структураваныя прафесійныя веды спатрэбяцца для навучання маладых спецыялістаў. Вельмі карыснымі для кампаніі могуць быць развітыя дзелавыя сувязі такіх работнікаў і іх камунікатыўныя навыкі, уменне наладжваць доўгатэрміновыя адносіны з кліентамі».

Ніколі не позна!

Існуе такі стэрэатып, што калі да 30 гадоў не дабіўся пэўнага кар’ернага і матэрыяльнага поспеху, то ты — няўдачнік. І больш шанцаў няма. Хтосьці сапраўды складае рукі, маўляў, не жыў добра і не варта пачынаць. А хтосьці не здаецца і дабіваецца поспеху, у любым узросце не баіцца пачынаць нешта новае для сябе. І такія людзі ўвайшлі ў гісторыю. Вось некалькі прыкладаў.

Першую тэатральную ролю Стэфанія Станюта атрымала ў 16 гадоў. А вось дэбют у кіно адбыўся, калі яна ўжо была ўдастоена звання Народнай артысткі БССР, у 53 гады. Але менавіта кінаработы прынеслі ўсесаюзную славу зорцы беларускай тэатральнай сцэны. Стэфанія Міхайлаўна ў 70 гадоў садзілася на шпагат, апошні раз выйшла на сцэну ва ўзросце 90 гадоў. І як заўсёды, бліскуча іграла!

Вядомы брэнд хуткага харчавання KFC быў створаны прадпрымальнікам Харландам Сандэрсам. У маладосці ён не баяўся ніякай працы, а ў 40 гадоў адкрыў першае кафэ са знакамітай смажанай курыцай. Праз чвэрць стагоддзя яго бізнес пачаў несці страты. Але ён павярнуў справу так, што праз дзевяць гадоў, у свае 74 гады прадаў карпарацыю KFC за два мільёны долараў.

Папулярная марка каўбойскага адзення Rockmount Ranch Wear была створана ў 1946 годзе, калі яе ўладальніку Джэку Уэлу споўнілася 45 гадоў. Ён заставаўся генеральным дырэктарам фабрыкі да 107 гадоў!

Кнігі Лоры Уайлдэр з серыі «Маленькі домік ў прэрыі» добра вядомыя маленькім чытачам. Напэўна, яны моцна здзівіліся б, даведаўшыся, што першая кніга Лоры была апублікавана, калі ёй споўнілася 65 гадоў. І пасля гэтага яна паспела стварыць яшчэ больш за 10 твораў.

Нязручнасць уласнай касметычкі падштурхнула 58-гадовую хатнюю гаспадыню Аніту Крук распрацаваць уласны дызайн гэтага аксесуара, у якім прадугледжваліся розныя кішэнькі і аддзяленні. Касметычка ад Аніты карысталася поспехам. Праз пяць гадоў даход былой хатняй гаспадыні склаў два мільёны долараў.

Маргарыта ДРАЗДОВА

Людзі «сярэдняга ўзросту» распавялі пра цяжкасці працаўладкавання​

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.