Вы тут

У БДМУ першынство па прахадных балах захаваў стаматалагічны факультэт


Вынікі залічэння на першы курс на бюджэтную форму навучання падвялі ў Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце. Як расказалі ў прэс-службе ВНУ, сёлетняя ўступная кампанія мела шэраг адметнасцяў. Па-першае, быў павялічаны набор студэнтаў на першы курс: калі ў 2021 годзе на бюджэтнай аснове ён складаў 660 чалавек, то ў 2022 годзе — 720 чалавек. Па-другое, выраслі лічбы мэтавага набору, якія дасягнулі каля 50 працэнтаў ад лічбаў набору на бюджэт. 


 

Па-трэцяе, упершыню ажыццёўлены набор студэнтаў-мэтавікоў для Мінска, гэта значыць, што пасля завяршэння навучання яны будуць размеркаваны на першыя працоўныя месцы ў сталіцу (гэта датычыцца спецыяльнасцяў «лячэбная справа» — 50 месцаў, «педыятрыя» (40 месцаў) і «фармацыя» — 4 месцы). Па-чацвёртае, упершыню адбыўся набор у ваенна-медыцынскі інстытут прадстаўніц жаночага полу (у лік курсантаў залічаны тры дзяўчыны). Яны будуць праходзіць падрыхтоўку ў інтарэсах Узброеных Сіл. Па-пятае, ваенна-медыцынскі інстытут упершыню стане рыхтаваць ваенных урачоў і для Міністэрства па надзвычайных сітуацыях (для чаго выдзелена адно месца). 

Прыёмная камісія 27 ліпеня падвяла канчатковыя вынікі прыёму першакурснікаў на бюджэтнае навучанне. Згодна з атрыманымі данымі, лідарамі рэйтынгу папулярнасці сярод абітурыентаў гэтага года сталі стаматалагічны, фармацэўтычны і лячэбны факультэты.

Трэба адзначыць, што з 18 ліпеня (а гэты дзень быў першым з сямі, адведзеных для падачы дакументаў на бюджэтную форму навучання) прыёмная камісія БДМУ працавала з раніцы і да позняга вечара, бо колькасць кандыдатаў у студэнты вядучага медыцынскага ўніверсітэта краіны аказалася немалой — звыш 1,1 тысячы чалавек.

...Адкрытае залічэнне на першы курс у Белдзяржмедуніверсітэце — шматгадовая традыцыя, якая ў сувязі з пандэміяй трансфармавалася ў стрым. Прамая трансляцыя залічэння вядзецца на афіцыйным Youtube-канале ўстановы адукацыі (да 2020 года яна праводзілася на агульным сходзе ўсіх першакурснікаў і іх бацькоў у актавай зале БДМУ).

Першынство па прахадных балах для навучання на бюджэтнай аснове захаваў стаматалагічны факультэт: яго студэнтам было магчыма стаць толькі набраўшы 369 балаў. Пры гэтым максімальны бал, які маюць у абітурыенцкім багажы маладыя людзі, якія пажадалі стаць урачамі-стаматолагамі, дасягае 394.

Да таго ж і мэтавікі стаматалагічнага факультэта ўзнялі высокую планку: у залежнасці ад рэгіёна, які даваў мэтавае накіраванне, іх прахадныя балы вар’іраваліся ад 341 да 349.

Каб стаць студэнтам фармацэўтычнага факультэта, трэба было набраць 364 балы. Дарэчы, сярод будучых правізараў ёсць тыя, хто меў у сваім багажы больш за 390 балаў. А мэтавікі паказалі прахадныя балы ад 328 да 363.

Права асвойваць прафесію «лячэбніка» заслужылі юнакі і дзяўчаты з сумарнымі баламі 358 і больш (гэта балы трох ЦТ і сярэдняга бала атэстата). Абітурыенцкі ж максімум гэтага года сярод іх склаў 397 балаў. Прычым тры першакурснікі на лячэбным факультэце набралі больш за 390 балаў. Сярод абітурыентаў, якія паступілі па мэтавым конкурсе, прахадныя балы з улікам рэгіёна былі ад 281 да 304.

На педыятрычны факультэт прахадны бал па агульным конкурсе спыніўся на адзнацы 327, а на медыка-прафілактычны факультэт — 284.

Трэба дадаць, што прыёмная камісія Белдзяржмедуніверсітэта працягвае прыём дакументаў ад абітурыентаў, якія пажадалі вучыцца на платнай аснове і на падрыхтоўчым аддзяленні. Час яе працы — з 9.00 па 18.00 штодня, акрамя нядзелі 31 ліпеня і 7 жніўня. Апошні дзень прыёму дакументаў на пазабюджэт — 8 жніўня, на падрыхтоўчае аддзяленне — да 11 жніўня ўключна.

У 2022 годзе Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт плануе прыняць 300 студэнтаў на платнай аснове. Акрамя таго, прагназуецца прыняць на навучанне не менш як 550 чалавек з ліку замежных грамадзян і прыраўнаваных да іх асоб.

Пры ўзнікненні пытанняў наконт паступлення юнакі, дзяўчаты і іх бацькі могуць патэлефанаваць у прыёмную камісію вядучай медыцынскай установы вышэйшай адукацыі па нумарах тэлефонаў: +375 (17) 279 42 51, +375 (17) 279 42 52.

Надзея НІКАЛАЕВА.

Фота bsmu.by

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.