Вы тут

Алімпійская чэмпіёнка Алена Бялова адзначае юбілей


Чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка, васьміразовая чэмпіёнка свету, 11-разовая пераможца Кубка Еўропы ў асабістым і камандным першынствах, легенда сусветнага фехтавання Алена Дзмітрыеўна Бялова святкуе свой юбілей. 


З днём нараджэння знакамітую спартсменку павіншаваў Прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Віктар Лукашэнка. Ён падкрэсліў вытрымку, характар, уменне спартсменкі заўсёды трымаць удар. «Сваімі бліскучымі перамогамі на сусветных турнірах і першынствах, алімпійскімі трыумфамі вы ўпісалі яркія, незабыўныя радкі ў гісторыю айчыннай школы фехтавання, спорту вышэйшых дасягненняў у цэлым. Прыемна, што свае вопыт і веды на працягу спартыўнай кар’еры і доўгіх гадоў прафесійнай педагагічнай дзейнасці Вы перадаеце маладому пакаленню», — гаворыцца ў віншаванні.

Юбілей — выдатная нагода ўспомніць цікавыя факты з біяграфіі ўнікальнай чэмпіёнкі. 

  • У дзяцінстве Алена Дзмітрыўна цікавілася ўсім: танцы, музыка, спевы, баскетбол. У 13 гадоў яна пазнаёмілася з фехтаваннем. Цэлы год яна сумяшчала заняткі фехтаваннем і баскетболам. Баскетбольны трэнер Георгій Грудо бачыў у сваёй «малышцы» (так ён называў Алену) вялікі патэнцыял. Але яна абрала фехтаванне. А баскетбольнаму настаўніку напісала кранальнае пісьмо: «Паважаны Георгій Міхайлавіч! Прабачце, але я буду займацца толькі фехтаваннем. Ваша Малышка».
  • Алена Дзмітрыеўна Бялова — вучаніца знакамітых трэнераў Ларысы Пятроўна і Германа Мацвеевіча Бокунаў. Праз тры месяцы пасля пачатку трэніровак на сваім першым турніры ў Львове яна заняла другое месца. Тады трэнер сказаў прарочыя словы: «Быць табе, Лена, алімпійскай чэмпіёнкай». 
  • За два з паловай гады Алена Бялова дайшла да юнацкай зборнай СССР. Пяць разоў станавілася чэмпіёнкай СССР сярод дзяўчат. А ў перадалімпійскім 1967 годзе стала выступаць за дарослую зборную Савецкага Саюза. 
  • На сваіх першых Алімпійскіх гульнях 1968 года Алена Бялова была самай маладой спартсменкай у камандзе, і яе паставілі выступаць у асабістых спаборніцтвах. А літаральна за некалькі дзён да старту на размінцы Алена пацягнула мышцу бядра. Дадатковую нагрузку дадавала высокагор’е, якое ўскладняла жыццё многім удзельнікам той Алімпіяды. Траўма, цяжкая адаптацыя — у такіх умовах Алена Бялова лічыла поспехам выхад у фінал. Але, дапусціўшы толькі адзін пройгрыш, Алена Бялова стала алімпійскай чэмпіёнкай. У 1972 годзе на Алімпіядзе ў Мюнхене яна заваявала каманднае «золата». Затым дадала «золата» ў камандных спаборніцтвах у Манрэалі-76. Сярэбраную ўзнагароду каманднага турніру атрымала ў Маскве-80.
  • На адным з мерапрыемстваў прэзідэнт Міжнароднага алімпійскага камітэту Жак Рагэ сказаў Алене Бяловай: «У вас адной больш алімпійскіх медалёў, чым заваявала ўся Бельгія!»
  • Алена Бялова першай з фехтавальшчыкаў краіны стала ўкараняць трохразовыя трэніроўкі. Акрамя таго, за час выступлення ў зборнай СССР яна скончыла педагагічны інстытут, аспірантуру, Вышэйшую партыйную школу. А падрыхтоўку да турніру «Сямі нацый» у 1978 годзе сумясціла з абаронай кандыдацкай дысертацыі на савеце псіхолагаў у Ленінградзе. 
  • Алена Дзмітрыеўна Бялова — прафесар кафедры педагогікі і псіхалогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры і спорту. На яе рахунку больш за 60 публікацый, сярод якіх манаграфіі, вучэбныя дапаможнікі і навуковыя распрацоўкі. Па яе ініцыятыве было створана практычна новае падраздзяленне — навуковы цэнтр псіхадыягностыкі і псіхарэгуляцыі. 

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.