Вы тут

Паўстагоддзя ў эміграцыі: лёс Ігната Дамейкі


Сёлета святкуецца 70-гадовы юбілей рэжысёра, прадзюсара, лаўрэата міжнародных кіна- і тэлефестываляў, заснавальніка студыі гістарычных фільмаў Уладзіміра Бокуна. У каманду «Майстэрні Уладзіміра Бокуна» ўвайшлі прафесіянальныя рэжысёры, сцэнарысты, рэдактары і аператары, якія стварылі шмат якаснага дакументальнага кіно, прысвечанага айчыннай гісторыі. Самымі вядомымі праектамі студыі сталі «Зваротны адлік» — дакументальны цыкл на тэлеканале АНТ, які расказвае пра малавядомыя падзеі на беларускіх землях. У выпусках праграмы ключавыя эпізоды гісторыі Беларусі раскрываюцца з новага ракурсу. Праект «Хронікі Мінскага гетта» распавядае аб трагедыі Халакосту на беларускіх землях. Творчай групе ўдалося сабраць унікальныя дакументы і ўспаміны сведкаў — здымкі праходзілі ў Беларусі, ЗША, Ізраілі, Польшчы. А таксама цыкл «100 імёнаў Беларусі», прысвечаны вядомым гістарычным асобам, іх адкрыццям і вынаходствам, якія змянілі свет. Аўтары праграмы працавалі з унікальнымі архівамі і асабістымі дакументамі герояў, бралі інтэрв'ю ў нашчадкаў, біёграфаў і паслядоўнікаў выдатных беларусаў.


Адным з герояў праекта «100 імёнаў Беларусі» стаў Ігнат Дамейка — геолаг, мінеролаг, географ, этнолаг, рэктар Чылійскага ўніверсітэта і член шматлікіх навуковых таварыстваў, адзін з самых вядомых выхаванцаў Віленскага ўніверсітэта і нацыянальны герой Чылі. Сёлета спаўняецца 220 гадоў з яго дня нараджэння.

У дакументальнай стужцы Аляксея Раковіча распавядзецца аб асобе Дамейкі, які правёў у эміграцыі больш за паўстагоддзя. Выпрабаванняў на долю культурнага дзеяча выпала шмат: пачалося ўсё з таго, што падчас навучання ў Віленскім універсітэце Дамейка ўступіў у таварыства філаматаў, з-за чаго падвергся пераследу з боку царскіх уладаў.

Яшчэ да таго, як Ігнат Дамейка трапіў у Чылі, ён некалькі гадоў жыў у Парыжы і нават быў кансультантам Адама Міцкевіча ў час, калі той працаваў над стварэннем сваёй самай вядомай паэмы — «Пан Тадэвуш». Дамейка паслужыў прататыпам аднаго з герояў твора — аканома Жаготы. Менавіта ліст ад Міцкевіча стаў паваротным у жыцці даследчыка: у ім паведамлялася аб магчымасці працаваць па кантракце на працягу шасці гадоў на іншым паўшар'і Зямлі. Тэрмін работы расцягнуўся на 46 гадоў, а Чылі стаў для яго другой радзімай.

Пасля пераезду Дамейка пабудаваў паспяховую кар'еру як навуковец — стаў рэктарам Універсітэта ў Сант'яга, заснаваў метэаралагічную службу, а таксама праславіўся дзякуючы адкрыццям у сферы геалогіі і мінералогіі.

Пасля заканчэння рэктарства Ігнату Дамейку ў свае 82 гады ўдалося здзейсніць мару ўсяго часу знаходжання ў Чылі — з'ездзіць на радзіму. Дзеля гэтага ён перасёк акіян. У Беларусі, у памятнай з дзяцінства сядзібе Жырбутоўшчына ў Лідскім павеце жыла яго дачка Аніта (Ганна).

Здымачная група гісторыка-біяграфічнай стужкі «Ігнат Дамейка. Доўгае вяртанне» пабывала на малой радзіме геолага. Аўтары праекта паспрабавалі знайсці адказы на наступныя пытанні: ці адчуваюць сілу роду прамыя нашчадкі Дамейкі, які лёс выпаў фамільным гнёздам на Гродзеншчыне, а таксама якая сітуацыя склалася вакол архіваў, што да гэтага часу не адкрытыя свету.

Дакументальны фільм, прысвечаны асобе Ігната Дамейкі, «Беларусь 3» пакажа 31 ліпеня ў 17:40.

Арына КАРПОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?