Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў


Ода пісьму, альбо Як я змагаўся з бракаробамі

Людзям уласціва спадзявацца на цуды, і яны, бывае, здараюцца — ну хоць па драбязе.

...Галаву нехта раіў трымаць у холадзе, жывот у голадзе, а ногі ў цяпле.

З першым і другім (то-бок з галавой ды жыватом) гэта, як той казаў, прасцей простага, асабліва — калі грошай бракуе: кішкі марш іграюць, ты пад музыку з голай чупрынай без шапкі ходзіш і ўсё...

А вось з нагамі ўжо складаней, бо не валёнкі ж у сталіцы насіць? Тут апроч цяпла яшчэ і зручнасці хочацца, да таго ж з прыгажосцю.

...Быў час — спадабалася мне адна мадэль нашага айчыннага абутку. Натуральная скура там, тоўстая падэшва... На восень-вясну, карацей, тое, што трэба! Купіў, як помню, трохі пафарсіў ды назад у каробку: на зіму ў шафу паставіў і далей жыву, чакаю, пакуль снег растане, каб зноў панасіць.

Але ж не збылася тая мара: абуўся, на вуліцу выйшаў — ногі чамусьці мокрыя. Думаю, што за ліха? Ногі па чарзе падняў, паглядзеў і вачам не паверыў: падэшвы — галоўнае, што абедзве — папалам раскалоліся... Гэта ў новым амаль абутку! І чэк згубіўся... Значыць, трэба занесці туфлі на сметніцу і забыць, што яны былі. Але ж грошай шкада і сваіх надзей, зноў жа крыўда грызе — на сябе, на вытворцаў...

Каб выказаць ім сваё «фэ», схадзіў я на пошту: купіў там скрынку, палажыў туды чыстыя туфлі і сеў за пісьмовы стол.

У першых радках свайго ліста і шчыра падзякаваў вытворцам, што менавіта мне выпаў гонар выпрабоўваць новую, эксперыментальную мадэль абутку, які дазваляе чалавеку на хаду абмываць ступні экалагічна чыстай, можна сказаць касмічнай, талай альбо дажджавой вадой — ногі ў выніку зусім не пацеюць (праўда, мерзнуць...), але ж затое заўсёды чыстыя: дахаты прыйшоў, ручніком абсушыў і гайда на канапу. Час і вада эканомяцца...

Але ж гэта — матэрыяльны бок справы, а ёсць яшчэ і паэтычны: сонейка свеціць, птушачкі спяваюць, ручайкі паміж пальцаў бегаюць, пяткі казычуць... Як тут не заспяваць ад радасці? Як не кінуцца вершы складаць?!

Карацей, эксперыменту абутніка я прысвоіў найвышэйшую адзнаку і пажадаў — апроч іншага — добрага грануляту. Інтэрнэту тады не было, але ж я даведаўся, што менавіта ад яго залежыць якасць падэшвы.

...Дапісаўшы ліст, я паклаў яго ў паштовую скрынку — адправіў на адрас вытворцы. І — што вы думаеце — тыдні праз два атрымаў адказ! У ім — за подпісам намесніка генеральнага дырэктара — змяшчалася падзяка за «ўдзел у эксперыменце» і мой ліст, які найперш добра павесяліў іх спецыялістаў, а потым прымусіў папрацаваць — «укараніць шэраг мерапрыемстваў па ўдасканаленні выпускаемай прадукцыі».

У якасці пацвярджэння гэтым вось словам у паштовай скрынцы (ну ці ж не цуд?!) ляжалі новыя туфлі (упадабанай мною мадэлі, майго памеру)... А галоўнае, падэшвы ў іх былі зроблены з найлепшага грануляту! Я ў правы нагу ўсунуў, у люстэрка паглядзеў і...

Крыўда мая, ну вядома ж, растала, як той снег пад вясновым сонцам! Не чакаў падобнай рэакцыі! Як, дарэчы, і таго, што дасланыя туфлі буду насіць не проста доўга, а вельмі доўга, бо я і цяпер яшчэ зрэдку абуваю іх — праўда, на дачы, у слату. Ногі па-ранейшаму сухія і ў цяпле.

Іван АРХІПЧУК

г. Мінск.


Дарагія суніцы

...Калега нядаўна падзялілася радасцю: на бацькаўшчыне, зусім непадалёк ад хаты, сабрала больш за дзесяць літраў... суніц. Як для мяне, дык гэта фантастычны вынік!

Амаль такі ж неверагодны быў у іншай знаёмай. Тая, працуючы ў школе, часцяком вадзіла дзяцей у паходы па родным краі: з палаткамі ды іншым рыштункам, два дні і ноч яны праводзілі на прыродзе: ладзілі розныя спартыўныя спаборніцтвы і гульні, варылі юшку на вогнішчы, спявалі...

У той раз уся праграма была ўжо выканана: можна, здавалася б, вяртацца дамоў, калі б не ягады. Падчас паходу іх група натрапіла на палянкі суніц, ды такіх, якіх не бачыў, здаецца, ніхто і ніколі: пахкіх, спелых, сакаўных...

Дзеці, вядома ж, «адарваліся» — з'елі, хто колькі мог, і пры гэтым знаку, можна сказаць, не зрабілі: процьма ягад яшчэ засталася...

А таму настаўніца праводзіла дзяцей да вёскі, каб «здаць» бацькам, а сама ледзьве не подбегам пакіравала назад. Палатку, спальнік ды іншы рыштунак прыхавала на месцы начлегу, сама — з вядром — пайшла ў ягады...

Збіраючы іх, не заўважыла, як стала вечарэць — падалася да месца, дзе пакінула рэчы, і яго, тое месца знайшла, а вось палатку ды ўсё іншае — як карова языком злізала: нехта знёс.

Парадокс: страта гэтая з часам забылася, а вось ягады ў памяці і сёння.

Аляксандр МАТОШКА

Расонскі раён.


Бачыў бог, што не даў свінні рог, бо ўвесь свет спарола б...

Наш шэф (ці бос, як модна казаць) неаднойчы сцвярджаў, што ён — атэіст: для большай пераканаўчасці нават кулаком сябе ў грудзі біў! Але ж, як водзіцца, да пары...

Калі па парадку, то свайго асобнага кабінета начальнік не меў — сядзеў разам з намі, у адным пакоі.

Стол яго стаяў каля акна, што як быццам добра? І ў той жа час — дрэнна, бо адтуль прыходзяць не толькі святло ды цяпло, але і сабачы холад. Таму ўвосень, недзе ў кастрычніку, пад канец рабочага дня да нас прыходзіла прыбіральшчыца: у абодвух вокнах вымывала шкло, потым у шчыліны паміж рамамі набівала старых газет, якія ўрэшце заклейвала белай паперай.

...У той раз «аперацыя» па ўцяпленні ледзь паспела пачацца і тут жа скончылася, бо жанчына, расставіўшы свой рыштунак, неяк няўдала павярнулася каля швабры, тая грымнула ў шыбу (шэф неспадзеўкі падскочыў) — адкалола кавалак шкла.

— Прабачце, я ж незнарок, — павінілася цётка Люся, падымаючы з падлогі ладны аскепак. — Бачыце: ён цэлы — яго можна прыляпіць... Скотчам, суперклеем... Я гэта зраблю.

Аднак шэф наш Віктар Яўгенавіч ужо, здаецца, змяніўшы сполах на міласць, нас, «бесталковых баб», акінуў сваім начальніцкім позіркам і горда абвясціў, што падасць дакладную, папросіць, каб шкло замянілі цалкам.

Гэта лёгка было сказаць, а вось зрабіць...

У той жа дзень у наш пакой прыйшлі два спецыялісты — Барыс ды Ваня. Першы (і ў тандэме галоўны) — высокі, шырокі, вечна п'янаваты і бяззубы... Другі — амаль поўная процілегласць.

Якраз ён, Ваня, з рулеткай палез на падаконне, каб зняць памеры шкла па вертыкалі.

Барыс у гэты час зачапіўся вокам за нашу пышнагрудую бландзінку Алесю: менавіта ёй (і толькі потым ужо начальніку) паабяцаў, што — «кроў з носу» — шкло нам паставіць сам і ўжо заўтра.

Што здзівіла, ён не падмануў: з самай раніцы дзверы ў пакой з шумам расчыніліся, з калідора данеслася нейкая валтузня, потым гідкі пах перагару і стойкага мужчынскага поту, за якімі нарэшце паказалася... шкло. Перад сабой, горда задраўшы галаву і шырока развёўшы рукі, яго нёс Барыс.

Як?.. Чаму без пальчатак?!? спалохана вымавіў Віктар Яўгенавіч.

— А на халеру? — пытаннем на пытанне адказаў «майстар» і, падміргнуўшы Алесі, па-геройску дадаў: — У цырку вунь шкло ядуць і нічога — усе жывыя. А мне ж прынесці, як плюнуць...

Але ж з першага паверха на пяты... І лепш бы спачатку раму, — заўважыў Віктар Яўгенавіч. Як і тое, што ліст абы-як адрэзаны.

— Праз гэтыя ж дзіркі мароз у пакой палезе, вецер будзе гуляць, — стаў абурацца шэф.

— Іншага ліста на складзе няма, — паспрабаваў быў тлумачыць Ваня, аднак Барыс яго перабіў сваім гучным (у бок Алесі):

— А каму не падабаецца, як адрэзалі, той хай стане ды адрэжа лепш. І наогул — нам сказалі шкло памяняць, значыць, мы яго памяняем. Зараз...

Віктар Яўгенавіч падняў галаву — з жахам паглядзеў уверх на шыбу ў акне і, відаць, уявіў, як зараз гэты п'янаваты боўдзіла палезе на падаконнік (пяты паверх!), як пачне здымаць з завес раму, як з ёй, цяжкой і вялікай, барані божа...

Барыс тым часам ці не змог глядзець на Алесю праз вялікае шкло — рушыў з ім да сцяны, побач з якой той вялізны ліст раптам... выслізнуў з дужых мужчынскіх рук і густым вадаспадам аскепкаў... расцёкся каля ног.

Што адбылося, ніхто не зразумеў. У пакоі павісла цішыня. Мы, жанчыны, глядзелі на разгубленага Барыса, на яго знямелага напарніка, на свайго начальніка, твар якога раптам засвяціўся шчаслівай амаль дзіцячай усмешкай:

— Ёсць! Ёсць бог на свеце! — гучна вымавіў ён і, падняўшы вочы да столі, дадаў:

— Даруй мне, божа, што раней не верыў!

Наталля СЯМЁНАВА

г. Гомель.

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

Ад яе ж...

Як там у Паэта:

Усё прайшло, мінула,

Як і не было,

У капцах паснула,

Зеллем зарасло...

Але ж помніцца! І вельмі шмат!.. Цікава паслухаць, цікава пачытаць!
Так што, калі ласка, пішыце! Бо яно ж
і сапраўды:

В наш век

искусственного меха

и нефтью пахнущей икры

нет ничего дороже смеха,

любви, печали и игры.

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.