Вы тут

У чым патэнцыял публіцыстычнага слова?


У Мінску прайшоў круглы стол «Палітычная публіцыстыка ў медыйнай прасторы». Прадметам абмеркавання сталі нядаўна выдадзеныя кнігі палітычнай публіцыстыкі, аўтарамі якіх з'яўляюцца журналісты «СБ. Беларусь сегодня» Андрэй Мукавозчык, Мікалай Мачэкін, Людміла Гладкая, Юрый Церах, Алег Карповіч.


Арганізатарам мерапрыемства выступіў Выдавецкі дом «Беларусь сегодня» і грамадска-палітычны кансультатыўны савет Саюза пісьменнікаў Беларусі. Удзельнікамі сустрэчы сталі прадстаўнікі Міністэрства інфармацыі, грамадскасці, сродкаў масавай інфармацыі, а таксама эксперты, дэпутаты і кіраўніцтва СПБ. Спікеры абмеркавалі шэраг пытанняў, у тым ліку папулярызацыю літаратуры сярод моладзі і пераўтварэнне публіцыстычных твораў у паўнавартаснае кніжнае выданне.

Падчас сустрэчы Ігар Бузоўскі, намеснік міністра інфармацыі, адзначыў, што кніга — наймагутнейшая зброя:

— «Што такое добра і што такое дрэнна» — гэтая фраза здабыла ў апошні час, на жаль, актуальнасць. Але смеласць і прафесіяналізм людзей, якія напісалі такія кнігі, дазваляе казаць, што ў нас з'явілася палітычная публіцыстыка. І ў нас ёсць будучыня. Трэба, каб было імкненне змагацца не супраць чагосьці, а за нешта. Нам неабходна цяпер фармуляваць думкі, якія павінны ісці далей: за што мы і куды мы ідзём», — падкрэсліў Ігар Бузоўскі.

Дата правядзення круглага стала была абрана невыпадкова — у хуткім часе адбудзецца 95-гадовы юбілей газеты «Советская Белоруссия». Кіраўнік выдавецкага дома «Беларусь сегодня», галоўны рэдактар газеты «СБ. Беларусь сегодня» Дзмітрый Жук звярнуў увагу на каштоўнасць кнігі ў інфармацыйнай прасторы:

— Калі газетная публіцыстыка кладзецца ў кнігу, яна набывае зусім іншае гучанне. Газеты жывуць нядоўга, кнігі ж застануцца, і гэта самае галоўнае. Так, ёсць інтэрнэт, але пакуль для мяне самай вядомай і надзейнай крыніцай інфармацыі застаецца кніга.

Падчас мерапрыемства старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі, дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда» Аляксандр Карлюкевіч адзначыў, што палітычная публіцыстыка валодае вялікім патэнцыялам:

— Нараўне з драматычнымі падзеямі, з выкрыццём антыгерояў абавязкова павінны быць кнігі пра нашых герояў, нашых светачаў. І гэта мы бачым цяпер у сучаснай палітычнай публіцыстыцы, у гэтым яе сіла — і дзяржаўная важнасць.

У сваю чаргу, Мікалай Чаргінец, народны пісьменнік Беларусі, ганаровы старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі, звярнуў увагу на тое, што нельга забываць аб маладым пакаленні — трэба прывіваць ім любоў да літаратуры, папулярызаваць кнігу. Таксама пісьменнік выступіў з прапановай адрадзіць выданне сатырычнага часопіса «Вожык»:

— Гляджу на выдатныя палітычныя карыкатуры Алега Карповіча — і шкадую, што сышоў у мінулае часопіс «Вожык». Новыя кнігі выклікаюць у людзей пачуццё павагі да Радзімы, да бацькоў. Жадаю сказаць аўтарам шчыры дзякуй за іх працу. Упэўнены, што ад яе выйграе ўся краіна, увесь наш народ — і кожны з нас.

Адбылася і аўтограф-сесія з аўтарамі кніг палітычнай публіцыстыкі.

Арына КАРПОВІЧ

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.