Вы тут

Лукашэнка: Усё павінна быць сваё. Калі мэту паставілі — будзе


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка з рабочай паездкай наведаў Слуцкі раён і ААТ «Казловічы-Агра». На парадку дня — сельская гаспадарка, у прыватнасці, ход уборачнай кампаніі. Кіраўніку дзяржавы далажылі, што на гэты момант убрана 13 працэнтаў плошчаў, сярэдняя ўраджайнасць збожжавых большая, чым летась, ва ўсіх абласцях. Па словах міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Ігара Брыло, з улікам вынікаў гэтага года плануецца істотна павялічыць плошчы пасеваў азімага ячменю, які сёлета паказвае добрыя вынікі.


Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што важна не забалбатаць тэму азімага ячменю. «Для нас азімы ячмень — выратаванне. Ён трапляе ў той перыяд вегетацыі, калі ёсць нейкая вільгаць. Асабліва ў паўднёвых раёнах. У Гомельскай вобласці трэба спрабаваць, калі вільгаці не хапае», — растлумачыў ён. Такім чынам, азімы ячмень можна ўбіраць раней, чым іншыя збожжавыя каласавыя культуры, і больш раўнамерна задзейнічаць тэхніку. І хоць гэтая культура няпростая і патрабавальная, але пры правільным тэхналагічным падыходзе можна разлічваць на высокі ўраджай. Напрыклад, на прэзідэнцкіх палях сёлета ўраджайнасць каля 80 ц/га. І аналагічны вынік у ААТ «Казловічы-Агра». Налета пасевы азімага ячменю тут плануюць значна пашырыць.

«З усіх пазіцый азімы ячмень трэба апрацоўваць. У савецкія часы па-наплявацельску да гэтага ставіліся. Цяпер і тэхналогіі, і тэхніка, і людзі іншыя. Мы проста можам атрымліваць добрыя ўраджаі. Дык трэба смялей спрабаваць. Але павінен быць разумны баланс, каб у выпадку нізкай ураджайнасці з прычыны дрэнных умоў надвор'я дабраць збожжавы палетак за кошт іншых культур», — падкрэсліў Прэзідэнт. Разам з тым, па яго словах, не трэба прымушаць гаспадаркі засяваць пэўныя плошчы азімым ячменем. Яны павінны самі вызначыцца з улікам вопыту, колькі апрацоўваць гэтай культуры.

Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што калі строга выконваць усе тэхналогіі вырошчвання каласавых і збожжавых і атрымліваць высокую ўраджайнасць, то можна ў будучым сеяць менш збожжа, выдзяляць больш плошчаў пад бялковыя культуры. Гэта важна для жывёлагадоўлі, якой патрэбная якасная кармавая база. Таксама гэта дазволіць сэканоміць значныя сродкі на закупку імпартнага бялку. Прэзідэнт арыентуе сельгаспрадпрыемствы максімальна забяспечваць патрэбнасці ў кармах і збожжы для жывёлагадоўлі, у тым ліку браць і асвойваць дадатковыя землі. «Можна разважаць, што калі ёсць грошы, то за мяжой можна купіць. Але ты вывез грошы з краіны, а не інвеставаў грошы ў сваю сельскую гаспадарку. Таму трэба развіваць сваю. І гэта павінна быць на кантролі. Міністэрства (сельскай гаспадаркі і харчавання) тое дакладна павінна кантраляваць... Гэта вельмі важнае пытанне цяпер. А то мы капейкі шукаем, каб укласці ў нейкія стратныя (прадпрыемствы), а сотні мільёнаў долараў вывозяць за межы краіны», — сказаў ён.

Павінен быць вынік

Не засталася без увагі тэма рэгулявання цэн на прадукцыю аграпрамысловых прадпрыемстваў. Прэзідэнт падкрэсліў, што ў цяперашніх умовах разам з імкненнем забяспечыць максімальна высокі прыбытак ад рэалізацыі вырабленай сельгаспрадукцыі, у тым ліку і на знешнія рынкі, нельга забываць і аб сацыяльным аспекце, унутраным рынку, інтарэсах дзяржавы. «Надбаўкі даём? Крэдыты даём таннейшыя? Яны «вялікія»... «Мы ў Расію завязём, там даражэй». Гэта што, яны рынак забяспечылі? Гэта дзяржава рынак забяспечыла», — задаў рытарычныя пытанні Аляксандр Лукашэнка.

Беларускі лідар пацікавіўся тэмпамі росту аб'ёмаў вытворчасці сельгаспрадукцыі ў цэлым па краіне і тым, як рэалізоўваюцца планы па павелічэнні ВУП галіны на чатыры працэнты ў параўнанні з узроўнем мінулага года. Было даложана, што сёлета паказчыкі па ўраджаі збожжавых культур будуць лепшыя за ранейшыя, набірае абароты вытворчасць малака. У птушкагадоўлі і свінагадоўлі, дзе раней назіраліся праблемы, ужо выходзяць на стабільную работу.

Пасля прыезду ў гаспадарку ў Слуцкім раёне Аляксандр Лукашэнка найперш падрабязна распытаў кіраўнікоў, як і за кошт чаго плануецца забяспечваць далейшы прырост, акцэнтаваў увагу на неабходнасці інтэнсіфікаваць вытворчасць. Ён падкрэсліў, што ААТ «Казловічы-Агра» — моцнае прадпрыемства, але яно недастаткова загружана. «Галоўнае — у сярэднетэрміновай перспектыве павялічыць удвая пагалоўе буйной рагатай жывёлы і дойнага статка. У гэтым тваё выратаванне і рэнтабельнасць», — падкрэсліў Прэзідэнт, звяртаючыся да кіраўніка прадпрыемства.

Побач з полем азімай пшаніцы Прэзідэнт агледзеў новы малочнатаварны комплекс «Лесуны», пабудаваны пераважна за ўласныя сродкі прадпрыемства. Комплекс быў уведзены ў эксплуатацыю ў чэрвені гэтага года. На ферме змяшчаецца 10 працэнтаў пагалоўя асноўнага статка пры праектнай магутнасці 800 галоў і з перспектывай павелічэння да 1,5 тысячы. Абмяркоўваючы з падачы губернатара Мінскай вобласці Аляксандра Турчына тэму фінансавання і падтрымкі далейшага будаўніцтва падобных комплексаў у іншых гаспадарках, Прэзідэнт адзначыў, што такая падтрымка павінна быць выбарачнай — там, дзе ёсць перспектывы і можна разлічваць на добрую аддачу. Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што ў такіх гаспадарках павінен быць вынік.

Прэзідэнт агледзеў комплекс, абмеркаваў з кіраўнікамі практычныя аспекты далейшай работы. «Гэта добры варыянт. Калі ён аптымальны па грашах, гэта добры варыянт», — сказаў ён. Па словах кіраўніка дзяржавы, перспектывы ляжаць у тым ліку і ў рэчышчы далейшага ўкаранення тэхналогій, рабатызацыі працэсаў, што ў выніку дае большую рэнтабельнасць і патрабуе менш працоўных рэсурсаў, пошук якіх месцамі ўскладнены. Яшчэ адзін момант — неабходнасць павышэння ўзроўню патрабавальнасці па ўсёй кадравай вертыкалі на месцах, каб кіраўніцтва добрых гаспадарак не расхалоджваць прыкладам работы больш слабых. «Гэтага дапускаць нельга», — падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка станоўча ацаніў гаспадарскі падыход кіраўніцтва прадпрыемства да будаўніцтва жывёлагадоўчых памяшканняў. Многае робіцца гаспадарчым спосабам, што ў тым ліку эканоміць сродкі. У тым жа рэчышчы ляжаць патрабаванні Прэзідэнта і ў сферы імпартазамяшчэння.

«Усё павінна быць сваё. Калі мэту паставілі — будзе», — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. Ён адзначыў, што гэта датычыцца не толькі канкрэтнага прадпрыемства або сельскай гаспадаркі, але і іншых сфер.

«Дзякуй. Не дарэмна прыехаў», — сказаў на завяршэнне Прэзідэнт.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».