Вы тут

У Мар’інагорскі каледж завіталі Людміла Рублеўская і Віктар Шніп


Часта даводзіцца чуць скаргі на тое, што сучасная моладзь не чытае. Асабліва крыўдна чуць дакоры настаўнікам літаратуры. Насамрэч, шмат залежыць ад настаўніка, ад таго, як ён можа зацікавіць творам, кнігай, увогуле творчасцю пісьменніка. Вядома, ён стараецца расказаць пра творцаў займальна, нечакана, каб дзеці запомнілі асноўныя біяграфічныя звесткі, асаблівасці стылю аўтара. Але ўсе памятаюць, што адзін у полі не воін. Хто дапаможа выкладчыку зрабіць так, каб навучэнцу захацелася не проста прачытаць кнігу, а пастарацца зразумець, што пісьменнік хацеў сказаць, сцвердзіць? Гэта сам аўтар! 


Сустрэча з пісьменнікам — падзея не штодзённая, у нечым неардынарная, таму абавязкова застанецца ў памяці кожнага. У Мар’інагорскім аграрна-тэхнічным каледжы з навучэнцамі сустрэлася шмат сучасных паэтаў і пісьменнікаў. І кожная сустрэча была дзейсным сродкам натхнення. Госці вучылі думаць, тварыць, здзяйсняць патаемныя мары, не спыняцца на дасягнутым, развіваць свае здольнсці (якія ёсць у кожнага, проста іх трэба адшукаць) і рухацца наперад, не спыняючыся перад цяжкасцямі. Можна сказаць, што яны вучылі чытаць. Не ў тэхнічным плане, а ў мастацкім — бачыць між радкоў. Свет мастацкага слова не абмежаваны, таму іншы раз з дапамогай навучэнцаў самі аўтары бачылі новыя грані свайго майстэрства, даведаўшыся, што за асобнымі радкамі ўбачылі ці пачулі чытачы. Кожны раз госці ствараюць надзвычай шчырую, цёплую і рамантычную атмасферу. І навучэнцы не падводзяць: слухаюць, адказваюць на пытанні, прымаюць удзел у інтэрактыўных гутарках, фатаграфуюцца, бяруць аўтографы. 

Сёлета пашчасціла прыняць у сябе творчую сям’ю — Людмілу Рублеўскую і Віктара Шніпа. Перш за ўсё, яны падкупілі сваёй шчырасцю. Віктар Анатольевіч пачаў выступленне з разважання пра ролю кнігі ў жыцці кожнага чалавека і ў сучасным свеце ўвогуле. Паэт расказаў пра свой цікавы, напоўнены дзіцячымі прыгодамі, шлях у літаратуру. Ён адразу ж наладзіў кантакт з аўдыторыяй, бо добра ведае не толькі тое, што цікавіць сучасную моладзь, а і тое, чым увогуле напоўнены свет юнацтва. Адчула, чаго чакаюць ад гасцей навучэнцы, якія прыехалі з розных куткоў Мінскай вобласці, і Людміла Рублеўская. Яна расказала, як у дзяцінстве часта бывала на Пухавіччыне, бо адсюль паходзіць род яе маці, чытала свае вершы, звярнула ўвагу на цікавыя гістарычныя факты, бо падарожжы ў часе і экскурсы ў мінулае прысутнічаюць амаль ва ўсіх творах пісьменніцы. Чытачы адчулі адносіны аўтара да сваіх герояў, убачылі вобразнасць і арыгінальнасць пісьма, пачулі класічную беларускую мову. Асабліва захапляльным атрымаўся аповед Людмілы Іванаўны пра свайго любімага героя — Пранціша Вырвіча. 

Такія сустрэчы становяцца не проста арыенцірам на добрыя справы, а застаюцца ў памяці як жыццёвыя ўрокі. Урокі, на якіх дасціпна і проста расказваюць пра таямніцы сапраўднага кахання і шчырага сяброўства, адданасць роднаму краю, глыбокую павагу да бацькоў і сваякоў, мілагучнасць беларускай мовы, вялікі талент беларускага народа. Гэта ўрокі, падчас якіх творчасць літаратараў знаходзіць водгук у душах маладых людзей. Урокі, пасля якіх творчыя пасылы аўтараў мабілізуюць найлепшыя якасці чытачоў. І тады лягчэй знаходзіцца неабходнае разуменне пра добрае і дрэннае, сапраўднае і штучнае, імгненнае і вечнае. 

Алена СВІРЫДАВА, выкладчыца Мар’інагорскага агратэхнічнага каледжа

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.