Вы тут

Загадка без адгадкі


Ці не самая загадкавая постаць ў гісторыі беларускай літаратуры Змітрок Астапенка. Гэта тычыцца не яго творчасці, яна добра даследавана, а таго, што магло быць пасля кастрычніка 1944 года, калі, паводле афіцыйнай інфармацыі, «прапаў без вестак» у Татрах. Прынамсі, Аркадзь Куляшоў, казаў, што неяк бачыў яго ў вірлівым маскоўскім натоўпе. Можна і памыліцца, але ж яны былі найлепшымі сябрамі. У гутарцы з Барысам Сачанкам ён сцвярджаў, што Змітрок Астапенка звяртаўся па дапамогу ў адну з рэдакцый: «Ад Змітрака ўсяго можна было чакаць, чалавек ён быў неардынарны, адукаваны. Таленавіты, адчайны. <...> Усё магло здарыцца, калі ён апынуўся ў Славакіі, мог там і не загінуць».


Змітрок Астапенка. 1930 год.

І раптам, а гэта было ў самым пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя, мне патэлефанаваў Сяргей Грахоўскі:

— Зайдзіце, Алесь, да сястры Астапенкі Ніны Емяльянаўны. Яна атрымала паведамленне з КДБ аб гібелі яе брата.

З «мсціслаўскай плеяды»

Нарадзіўся Змітрок Астапенка 23 лістапада 1910 года ў сям’і настаўнікаў у вёсцы Калеснікі Мсціслаўскага павета Магілёўскай губерні, цяпер Хіславіцкі раён Смаленскай вобласці Расійскай Федэрацыі. У дзяцінстве пераехаў на радзіму бацькі Сяргееўку. Гэта Шумяцкі раён. У 1929 годзе скончыў Мсціслаўскі педагагічны тэхнікум. Там і пазнаёміўся з Аркадзем Куляшовым, а таксама з Юліем Таўбінам. Пасябравалі хутка, называлі сябе «мсціслаўцамі». Студэнты ж іх клікалі «мсціслаўскай плеядай». 

З першымі вершамі выступіў ў 1926 годзе ў часопісе «Маладняк Калініншчыны», што з’яўляўся органам Калінінскага акруговага камітэта ЛКСМБ і Усебеларускага аб’яднання паэтаў і пісьменнікаў «Маладняк», і газеце «Чырвоная змена». Паступіўшы на літаратурны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута, працаваў у Кніжнай палаце. Адначасова стаў і «тавізаўцам». Разам з гэтакімі, як і сам, багемнымі студэнтамі ўваходзіў у жартаўлівае таварыства «ТАВІЗ» — «Таварыства аматараў выпіць і закусіць». Звычайна збіраліся на кватэры Міхася Багуна. Калі хацелася новых уражанняў, завітвалі ў шашлычную ці піўную. Часам і ў рэстаран пры Саюзе пісьменнікаў.

Пэўныя звесткі пра Змітрака Астапенку можна знайсці ў Сяргея Грахоўскага, Аляксея Зарыцкага, Станіслава Шушкевіча. Яго і Юлія Таўбіна згадвае ў сваім «Маналогу» Аркадзь Куляшоў. Пад прозвішчамі Гомана і Прытапенкі іх увасобіў таксама і ў паэме «Далёка да акіяна». Аднак асабліва праўдзівы воблік Змітрака Астапенкі паўстае ў «Рэквіеме» Яна Скрыгана. Чытаеш згадкі Яна Аляксеевіча і бачыш, нібы жывога. Упэўніваешся, што легендна-прыгодніцкае, звязанае з яго асобай, было закладзена ў характары, паводзінах. 

Жарт? Дзеля чаго?

Неяк Змітрок запрасіў Яна Скрыгана да сябе на кватэру. Хацеў пачытаць яму свае вершы. Аднак, як толькі зайшлі, перадумаў. Прапанаваў «пабачыць усё, што робіцца ў яго ў доме». Далей адбыўся такі дыялог:

«— Не разумею, — паціснуў я плячыма.

— Ну вось так: зараз рассунуцца сцены, і ты ўбачыш усіх жыхароў гэтага дома, можа, каторага нават за не вельмі прыстойным заняткам. Хочаш?

— Нейкая ў цябе сёння буйная фантазія.

— Чаму буйная? Нармальная! Проста ты не ведаеш, што я зрабіў вялікае адкрыццё. Я разгадаў таямніцу жыцця матэрыі, і ў маіх руках цяпер вельмі страшная сіла. Я магу ў любым парадку сінтэзаваць атамы, а значыць, маёй волі няма канца. Магу ўсюды быць, усё знаць, усё бачыць, лёгка разбураць усё тое, што чалавеку на шкоду, і гэтак жа лёгка аднаўляць. Калі яно трэба.

Я паглядзеў на Астапенку з няяснаю трывогаю. Падобных жартаў ад яго я ніколі не чуў, і калі гэта жарт, то дзеля чаго ён?»

А ён «хадзіў па пакоі мяккаю, украдліваю хадою, раптам як бы заспяшаўшыся. Твар сухі, рэзка акрэсленыя губы, прамы нос, нешта татарскае ў сківіцах. У чорных, тонка прычэсаных валасах акуратны, цвёрды прабор з правага боку».

Прызнаўся, што піша раман: «Першая частка ўжо гатова. Хачу даць назву „Вызваленне сіл“, а можа, яшчэ перадумаю... Тайну атама адкрыў не я, а мой герой, і сваім сакрэтам ён хоча знішчыць стары свет. I ўжо колькі часу, як я сам сябе баюся, усё здаецца, што не ён, а я валодаю гэтаю страшнаю тайнаю».

Падзеі твора адбываліся ў Германіі, дзе да ўлады прыйшлі фашысты. Пачаў усталёўвацца фашызм. Яна Скрыгана здзівіла, «што герой найдасканалейшым чынам ведаў Берлін. Вуліцы, плошчы, помнікі, службовыя цэнтры, глухія куткі. Ведаў, як прайсці да іх найкарацейшым спосабам. Ведаў, якім ліфтам і на які наверх падняцца, каб з некім пабачыцца ці заблытаць сляды». І гэта прытым, што сам апавядальнік у Берліне ніколі не бываў. На здзіўленне сябра, Змітрок адказаў: «Калі б мяне скінулі з неба ўночы ў любым пункце і сказалі, што трэба пайсці ў нейкі другі любы пункт, я зрабіў бы гэта лёгка, ні ў кога не пытаючыся. <...> Берлін я ведаю, як самы прававерны берлінец, ніколі там не бываўшы».

Наша зямля — Эдэм

Першая частка рамана «Вызваленне сіл» была надрукавана ў 1932 годзе ў сёмым і восьмым нумарах часопіса «Маладняк». На гэты час Змітрок Астапенка ўжо выдаў паэтычныя зборнікі «На ўсход сонца. Першая кніга вершаў», «Краіне» (абедзве 1931) і «Абураныя» (1932). У наступным годзе пабачыла свет кніжка-маляванка для дзяцей «Трактар». Уваходзіў у «Маладняк», пасля — БелАПП. Усё складвалася найлепш. Хоць на творчым вечары асацыяцыі, які праходзіў 5 лютага 1931 года, сябры па пяры крытыкавалі яго за «панаванне інтымных матываў і захапленне прымітывам сялянскага жыцця». Але для таго часу творчыя дыскусіі — рэч звычайная. 

Непрыемнасць прынёс 1933 год, калі Змітрок Астапенка быў арыштаваны. Кнігу паэзіі «Як шум дажджу» выкраслілі з выдавецкага плана, а самога выслалі на два гады ў Сібір. Пасля вызвалення займаўся педагагічнай работай у Новарасійску. Праз некаторы час апынуўся ў Марыінску. Потым выкладаў нямецкую мову ў Новарасійску. У кастрычніку 1937 года зноў апынуўся ў Сібіры. З лагера збег, але мясцовасць ведаў слаба. Вырашыў вяртацца назад. Як ні дзіўна, з уцекачом абышліся гуманна. Да ранейшага тэрміну дабавілі толькі два гады.

Мірыцца з лёсам не збіраўся. У розныя інстанцыі пісаў: «Паверце, я сумленны... Дазвольце зняць ганьбу». Паверылі, калі пачалася Вялікая Айчынная вайна. Нібыта даведаўся пра яго Сталін. Дарэчы, Змітрок Астапенка быў не толькі выдатным паэтам, а і таленавітым мастаком. Паспяхова займаўся і разьбой па дрэве. Пагаворвалі, што ў лагеры ён выканаў арыгінальны партрэт Іосіфа Вісарыёнавіча на фоне Крамля. Нейкім чынам гэты партрэт трапіў самому «правадыру ўсіх народаў». І спадабаўся яму…

У 1942 годзе адбылося тое, пра што Змітрок Емяльянавіч марыў не адзін год. Знаходзячыся ў Маскве, паэт перадаў Максіму Танку частку напісаных твораў. Сярод іх — балада «Помста партызана», нізка вершаў «Спаленая вёска», аповесць у вершах «Ганна», паэма «Эдэм», якая па сённяшні дзень належыць да лепшых дасягненняў гэтага жанру па адлюстраванні тэмы Вялікай Айчыннай вайны.

Адмоўны персанаж Юхім Кашлаты — збіральны вобраз здрадніка, для якога няма нічога святога. Да гэтага нелюдзя з пагардай ставіцца нават яго гаспадар немец Франц Блюм, успрымае «тутэйшым аслом» і «мясцовым здраднікам». Рэзкая супрацьлегласць Кашлатаму — Андрэй Саковіч. Дзякуючы такім Саковічам, ніякія блюмы не дабіваліся (і не даб’юцца!) ажыццяўлення сваёй захопніцкай мары:

Перш-наперш, гэты край, дзе мы жывем,
Усім адпавядае нашым планам.
О, даст іст, Эдэм! віркліх парадыз, Эдэм!
Яго б даўно заваяваць пара нам!

Не маглі і не хацелі зразумець розныя блюмы і іх прыхвасні калабаранты, што, калі адштурхоўвацца ад Бібліі, гэты райскі сад — Эдэм — толькі для беларусаў. На дзіва актуальна гучыць паэма Змітрака Астапенкі сёння. З вечнасці падае ён свой голас: любіце Беларусь, як я яе любіў. Беражыце, як можаце. Бо лепшай краіны на свеце няма. 

Пэўнасць, ды не ўся

Пасля званка Сяргея Грахоўскага падумалася: няйначай у адказе, які атрымала Ніна Емяльянаўна, нешта важнае. Калі патэлефанаў ёй, ахвотна згадзілася сустрэцца. Аказалася, што прыйшло афіцыйнае паведамленне аб гібелі Змітрака Астапенкі. Яе малодшая сястра Алена, па мужу Жукава, якая жыла ў Маскве, слала запыты ў розныя інстанцыі. Аднак ці не адказвалі, ці нічога канкрэтнага не паведамлялі. Гэты ж адказ Алену Емяльянаўну не заспеў у жывых. Пераадрасавалі яго без цяжкасці. На афіцыйным бланку напісана:

«Камітэт Дзяржаўнай бяспекі. СССР. Цэнтральны архіў

19.6.91 г. № 10-а/3845

Паважаная Алена Емяльянаўна!

Па сутнасці Вашай заявы паведамляем наступнае. Астапенка Дзмітрый Емяльнавіч <...> 28 верасня 1944 года ў складзе падраздзялення разведчыкаў з горада Масквы быў перакінуты на тэрыторыю Чэхаславакіі. 7 кастрычніка 1944 года асобная група з сямі чалавек, у лік якіх уваходзіў Астапенка Д. Е., была перапраўлена з разведвальным заданнем у горад Кежмаг, Чэхаславакіі. Якіх-небудзь звестак аб дзеяннях групы і лёсе разведчыкаў, у тым ліку і Астапенкі Д. Е., у далейшым не паступала.

Дадаткова накіроўваем вам захаваны ў архівах фотаздымак Астапенкі Д. Е., які адносіцца да апошняга знаходжання на тэрыторыі СССР.

Намеснік начальнік архіва

А. Т. Жадобін». 

Пэўнасці крыху больш. Аднак з’яўлялася таксама інфармацыя, нібыта ўсіх разарвалі нямецкія аўчаркі. Калі не ўсіх, дык тых, хто не загінуў. Маўляў, радыстка групы аказалася здраднікам. Ніна Емяльянаўна, на жаль, не памятала, хто ёй гэта казаў. Падобнае я чуў і ад Станіслава Пятровіча Шушкевіча. 

Дарэчы, жонку Змітрака Астапенкі Антаніну Цімафееўну, з якой яны жылі менш года, таксама часам бянтэжылі яго дзіўныя паводзіны. Вяртаецца яна з работы, а ў калідоры камунальнай кватэры нехта з барадой, у чужым капелюшы. Ды і голас зменіць: «Грамадзяначка, пройдзем са мной». Пасля зніме галаўны ўбор, адарве прыклееную бараду.

А вось згадка Ніны Емяльянаўны: «Здаецца мне, што ў вайну Змітрака перакідвалі на Гомельшчыну, у адзін з партызанскіх атрадаў з нейкім заданнем. Пасля вызвалення Мінска заходзіла ў колішні будынак Саюза пісьменнікаў жанчына. Пыталася, дзе ён цяпер. Не магу дараваць Алесю Кучару, ён жа з ёй гутарыў... Каб жа яе адрас ці прозвішча... Жанчына гэтая была са Змітраком у адным партызанскім атрадзе».

«Чакайце!..»

Пра заданне, якое меў перад тым, як апынуцца ў Татрах, можна даведацца з яго апошніх лістоў. 29 верасня 1944 года пісаў блізкім: 

«Прывітанне бабулі, Любові Іванаўне.

Мае дарагія Тоня і Лена!

Тут зараз пахмурнае надвор’е, добра. Сумна толькі ад разлукі з вамі, але ж гэта павінна было быць, гэта быў мой абавязак.

Увечары мы вылятаем. Зараз каля 4-5 гадзін вечара. Пажадайце ў душы мне ўдачы і шчасця. Зрэшты, калі вы атрымаеце гэтае пісьмо, я буду ўжо далёка, на месцы... Гэтае пісьмо накіроўваю з лётчыкам».

Нарэшце, апошні ліст, напісаны 7 кастрычніка 1944 года:

«Мае дарагія Танюсечка і Леначка! Вось я ўжо амаль на месцы. Праз дзве-тры гадзіны іду на захад... Вакол мяне крутыя горы. Схілы гор параслі ёлкамі і букамі.

<...> Колькі перажыванняў! Напрыклад, пералёт праз лінію фронту. Парашутны прыжок у горныя лясы і многае іншае.

Мае родныя! Напэўна, пасля гэтага пісьма я доўга не буду мець магчымасці напісаць вам. Вы не трывожцеся гэтым…

...І ты, Тоня, як бы я доўга не маўчаў, памятай, што я заўсёды з табою і жыву спадзяваннем сустрэцца з табой.

Ну, час канчаць. Зараз іду, пешшу, у горы, насустрач небяспецы, у агонь барацьбы. Я зусім не баюся небяспекі, ненавіджу ворага, люблю вас, мае родныя. Чакайце!»

Ён і сёння з намі, бо яго думкі — гэта нашы думкі:

Паклянёмся Радзіму любіць!
Яна з верай на нас паглядае.
У нашых сэрцах жыве й будзе жыць
Наша даўняя клятва святая!

Алесь МАРЦІНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.