Вы тут

Алег Сцельмашок: Візітная картка Магілёўшчыны — фестывальны рух


Начальнік упраўлення культуры Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта Алег Сцельмашок узначальвае гэтую структуру 4 гады. Ёсць, пра што расказаць і над чым паразважаць. Здабыткамі, напрацоўкамі і планамі на бліжэйшы час ён падзяліўся з чытачамі «Літаратуры і мастацтва». 


Фота з сайта Магілёўскага аблвыканкама.

— Алег Уладзіміравіч, пачынаем з надзвычай актуальнай, асабліва ў Год гістарычнай памяці, тэмы. Раскажыце, калі ласка, пра дзейнасць па захаванні гісторыка-культурнай спадчыны ў 2022 годзе. 

— Пытанні аховы гісторыка-культурнай спадчыны знаходзяцца на пастаянным кантролі Магілёўскага аблвыканакама і мясцовых органаў улады. Яны разглядаюцца на іх пасяджэннях, а таксама на пасяджэннях абласнога савета па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны, калегій упраўлення культуры. 

У 2022 годзе ў адпаведнасці з Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмай Магілёўскай вобласці, Дзяржаўнай праграмай «Культура Беларусі» на 2021–2025 гады за кошт сродкаў рэспубліканскага і мясцовага бюджэтаў рамонтна-рэстаўрацыйныя работы працягваюцца ў палацава-паркавым ансамблі аграгарадка Жылічы Кіраўскага раёна. Таксама ў рамках рэгіянальнага комплексу мерапрыемстваў «Культуры Беларусі» аднаўленчыя работы запланаваны на пяці гісторыка-культурных каштоўнасцях у Клімавіцкім, Мсціслаўскім, Слаўгарадскім раёнах і ў Бабруйску. 

— Між тым з улікам комплексных гісторыка-культурных каштоўнасцей у вобласці ў нездавальняючым стане знаходзіцца шэраг помнікаў архітэктуры. Аб’екты маюць патрэбу ў правядзенні кансервацыі, рамонтна-рэстаўрацыйных работ. 

— У гэтай сувязі мясцовым органам улады даручана прыняць меры па скарачэнні колькасці змешчаных пад пагрозай разбурэння і закінутых помнікаў архітэктуры, якія не выкарыстоўваюцца, з дапамогай прыцягнення сродкаў інвестараў і спонсараў для іх рэстаўрацыі альбо шляхам перадачы такіх аб’ектаў ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку новым уласнікам, у тым ліку продажу з таргоў. Ужо зацверджаны пакрокавы план дзеянняў на 2022–2025 гады, накіраваны на захаванне помнікаў архітэктуры вобласці, якія знаходзяцца ў нездавальняючым стане, у тым ліку шляхам уключэння падобных аб’ектаў у гаспадарчы абарот. У рэгіёнах вобласці адкрыты дабрачынныя разліковыя рахункі па зборы сродкаў на аднаўленне гісторыка-культурных каштоўнасцей. Асаблівая ўвага надаецца папулярызацыі помнікаў, развіццю іх турыстычнага патэнцыялу. 

— У Магілёве і вобласці праводзяцца многія святы і сустрэчы, фестывалі і конкурсы, аднак якія з іх вы б маглі назваць сапраўдным брэндам рэгіёна і чаму? 

— Візітная картка Магілёўшчыны — фестывальны рух. На тэрыторыі вобласці штогод праводзіцца вялікая колькасць міжнародных, рэспубліканскіх, абласных і рэгіянальных фестываляў, конкурсаў і свят мастацкай творчасці, якія сталі брэндамі вобласці. У іх ліку — знакамітыя музычныя і тэатральныя форумы, пленэры, фестывалі народнай культуры, старадаўніх рамёстваў і нацыянальнай кухні і іншае.

Сёлета ўжо адбыліся такія значныя культурныя падзеі, як Міжнародныя маладзёжный тэатральны форум «M.@rt.кантакт», форум «Традыцыйная культура як стратэгічны рэсурс устойлівага развіцця грамадства», фестываль дзіцячай творчасці «Залатая пчолка» ў Клімавічах, рэспубліканскі адкрыты конкурс выканаўцаў на аркестравых інструментах імя Глебава. 

Зараз ідзе падрыхтоўка да Міжнароднага фестывалю анімацыйнага кіно «Анімаёўка», пленэру па жывапісу «Вобраз Радзімы ў выяўленчым мастацтве», фестывалю нацыянальнай драматургіі імя Дуніна-Марцынкевіча, шэрагу рэгіянальных фэстаў. 

— Ці можаце выдзяліць асноўныя конкурсы — літаратурныя, краязнаўчыя, мастацкія? 

— У фестывальнай палітры Магілёўскай вобласці звыш 40 фестываляў і конкурсаў устаноў культуры і адукацыі, накіраваных на выяўленне і падтрымку таленавітай моладзі, многія з якіх сталі традыцыйнымі. Гэта конкурсная праграма Міжнароднага фестывалю дзіцячай творчасці «Залатая пчолка», рэспубліканскія конкурсы піяністаў імя Алоўнікава, выканаўцаў на аркестравых інструментах імя Глебава, рэспубліканскі адкрыты творчы конкурс «Поспех», абласны агляд-конкурс аматарскіх тэатральных калектываў «У далонях маёй Беларусі», рэгіянальныя конкурсы выканаўцаў на народных інструментах «Сузор’е талентаў» і харэаграфічнага мастацтва «Танцавальны трыумф» і іншыя. Для захавання народных традыцый штогод у Чавускім раёне ва ўрочышчы Байкава праводзіцца міжрэгіянальнае свята-конкурс «Зяленыя святкі». У рамках праграмы праходзіць конкурс карагодаў і абраду «кумленне»: творчыя калектывы прадстаўляюць рэгіянальны карагод, мясцовую традыцыйную гульню-танец і эпізод абраду. 

— Як у рэгіёне адзначаецца Год гістарычнай памяці? 

— Натуральна, у пачатку 2022-га зацверджаны абласны план мерапрыемстваў па правядзенні Года гістарычнай памяці, якім вызначана вялікае кола мерапрыемстваў навукова-метадалагічнага і метадычнага характару па нацыянальна-патрыятычным выхаванні і захаванні гістарычнай памяці, мерапрыемствы па ўключэнні моладзі ў дадзеную дзейнасць, увекавечанні памяці ахвяр генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, захаванню і ўмацаванню адзінства беларускага народа... У рэгіёне прайшлі маладзёжныя абласны праект, прысвечаны памяці спаленых вёсак Магілёўскай вобласці, і марафон «Дарогамі Памяці і Славы» па раёнах Магілёўскай вобласці. Абласным краязнаўчым музеем арганізаваны выставачны праект «Рэліквіі вайны захоўваем як запавет жывым», які ўключае ў сябе прадметы, сабраныя падчас правядзення акцыі «Свяшчэнныя рэліквіі Вялікай Айчыннай вайны». У вобласці працягваецца рэалізацыя абласнога краязнаўчага праекта «#Мая_Зямля_Прыдняпроўе».

Увогуле ўстановамі культуры вобласці запланаваны і праводзяцца ўрокі мужнасці, тэматычныя экскурсіі, краязнаўчыя праекты, тэматычныя праграмы і выставы. Ствараюцца тэматычныя электронныя інфармацыйныя рэсурсы, відэаролікі. Цяпер у Магілёўскай вобласці распрацоўваецца праект па развіцці і музеефікацыі мемарыяльнага комплексу «Буйніцкае поле». 

— Крыху зменім кірунак размовы... Якія тэндэнцыі назіраеце апошнім часам у бібліятэчнай сферы? 

— Бібліятэкамі ажыццяўляецца маштабная даследчая работа па сістэматызацыі гістарычнага мінулага краіны, напісанні летапісу магілёўскай зямлі, захаванні гісторыка-культурнай спадчыны нашага краю і ўшанаванні гераічнага мінулага беларускага народа. Сваю мемарыяльную функцыю бібліятэкі вобласці выконваюць не толькі на традыцыйных папяровых носьбітах, але і ў лічбе шляхам стварэння краязнаўчых інтэрнэт-рэсурсаў. 

— Што гэта за рэсуры? 

— У 2021 годзе бібліятэкамі вобласці створаны 21 краязнаўчы анлайн-рэсурс. У цэлым па вобласці на сайтах публічных бібліятэк прадстаўлена больш за 140 краязнаўчых інтэрнэт-праектаў, якія папулярызуюць рэгіянальную гісторыка-культурную спадчыну ў віртуальным асяроддзі. Рэгіянальная калекцыя лічбавых інфармацыйных рэсурсаў публічных бібліятэк Магілёўскай вобласці прадстаўлена на адзінай інфармацыйнай платформе «Краязнаўчы партал Магілёўскай вобласці». Свабодны доступ да гэтага інтэрнэт-даведніка арганізаваны на сайтах усіх бібліятэчных сетак. 

— Ці змяняюцца якасна і колькасна вясковыя бібліятэкі?

— Сёння гэта сацыякультурныя і інфармацыйныя установы, якія займаюць цэнтральнае месца не толькі ў сферы культуры, але і ў паўсядзённым жыцці свайго рэгіёну. Асабліва ярка ў сельскіх бібліятэках праяўляецца краязнаўчая дзейнасць, што звязана з імкненнем жыхароў вёскі спазнаць і захаваць спадчыну свайго краю. На жаль, насельніцтва вобласці, і ў першую чаргу ў сельскай мясцовасці, працягвае змяншацца. Таму аптымізацыя сельскіх устаноў культуры — патрабаванне часу. За апошнія пяць гадоў колькасць сельскіх бібліятэк зменьшылася на 43 установы — гэта 13,8 %. Але бібліятэкары прыкладаюць максімум намаганняў, каб насельніцтва працягвала атрымліваць неабходнае бібліятэчнае абслугоўванне, у тым ліку ў аддаленых і маланаселеных пунктах. Там, дзе няма стацыянарных бібліятэк, працуюць пункты выдачы, вядзецца абслугоўванне ў Дамах сацыяльных паслуг. У 18 раёнах і горадзе Бабруйску вядзецца абслугоўванне бібліёбусамі.

— На якія музеі варта звярнуць увагу аматарам гісторыі і мастацтва? Куды параіце завітаць чытачам «ЛіМа»? 

— Музейная сфера Магілёўскай вобласці прадстаўлена 24 музеямі. Метадычнае суправаджэнне дзейнасці музейных устаноў ажыццяўляюць Магілёўскія абласныя краязнаўчы музей імя Раманава і мастацкі музей імя Масленікава, якія грунтоўна адлюстроўваюць гісторыка-культурную спадчыну Падняпроўя, мастацтва краю. Акрамя абласных музеяў, вартыя ўвагі і музеі, якія знаходзяцца ў раённых цэнтрах: Асіповіцкі раённы гісторыка-краязнаўчы музей, Бабруйскі краязнаўчы музей, Быхаўскі і Шклоўскі раённыя гісторыка-краязнаўчыя музеі, Горацкі раённы гісторыка-этнаграфічны музей, гістарычны музей Крычава... 

Між тым на пастаяннай аснове вядзецца адкрыццё новых экспазіцый. Так, у пачатку года ў абласным мастацкім музеі адкрыліся пастаянныя экспазіцыі «Арт-аб’ект „У сетцы сну Якава“», дзе прадстаўлена адрэстаўраваная фрэска XVIII стагоддзя былога Бялыніцкага манастыра кармелітаў, разбуранага ў 60-я гады ХХ стагоддзя, а таксама «Таямнічы водблеск стагоддзяў», якая ўключае 16 галаграфічных малюнкаў гістарычных артэфактаў XI–XIX стагоддзяў. 

Да таго ж у мэтах выканання ініцыятывы Генеральнай пракуратуры Беларусі ў музейных установах вобласці створаны спецыяльныя экспазіцыі і тэматычныя выстаўкі, прысвечаныя ахвярам генацыду насельніцтва Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. 

Цікава ведаць

Магілёўшчына валодае значным рэсурсам у частцы захавання і прыцягнення турыстычнай прасторы да яе гісторыка-культурнай спадчыны. Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь падчас яго актуалізацыі і ўключэння новых аб’ектаў па Магілёўскай вобласці налічвае 1085 гісторыка-культурных каштоўнасцей, з якіх 796 — помнікі археалогіі, 132 — гісторыі, 129 — архітэктуры, 9 — мастацтва, 1 — горадабудаўніцтва, 1 — комплекс, 1 — калекцыі, 16 — нематэрыяльныя аб’екты культурнай спадчыны. 

На дадзены момант разглядаецца пытанне аб наданні асаблівага статусу ў горадзе Магілёве будынкам псіхіятрычнай бальніцы 20 — 30-х гадоў ХХ стагоддзя, дзе ў гады Вялікай Айчыннай вайны ад рук фашыстаў закатавана 1200 пацыентаў. Магілёўскім аблвыканкамам на адрас Міністэрства культуры накіравана прапанова аб прысваенні статусу Статуту ВКЛ 1588 года. У Бабруйску падрыхтаваны адпаведныя прапановы па гістарычным цэнтры горада, які ўключае ў сябе 56 помнікаў архітэктуры пачатку ХХ стагоддзя. 

Сёння музеі вобласці — гэта навукова-даследчыя і асветніцкія ўстановы культуры. Яны з’яўляюцца дыялогавай пляцоўкай па розных пытаннях, прасторай для распаўсюджвання культурных ініцыятыў, служаць духоўнаму развіццю грамадства. 

Большасць музеяў размяшчаецца ў гістарычных будынках — помніках архітэктуры XVIII — пачатку XX стагоддзя. Сярод іх палац Пацёмкіна XVIII стагоддзя, дзе разгарнуў свае экспазіцыі гістарычны музей Крычава. Пасля завяршэння рэстаўрацыйных работ у палацы Булгакаў у Жылічах (Кіраўскі раён), помніку архітэктуры позняга класіцызму XVIII–XIX ст., у яго інтэр’ерах будзе адкрыта музейная экспазіцыя Жылічскага гістарычнага комплекса-музея.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».