Вы тут

Дойкай займаюцца робаты, праграма сартуе бульбу. Уклад навукі ў развіцце сельскай гаспадаркі


Высокаэфектыўныя ўгнаенні з бытавых адходаў, адраджэнне чырвонай пароды кароў, выкарыстанне дронаў для барацьбы з хваробамі раслін і ўнікальныя лекі з казінага малака... Развіццё раслінаводства і жывёлагадоўлі і ў цэлым эканамічная эфектыўнасць сельскагаспадарчай галіны цесна звязаныя з дасягненнямі навукі. Уклад беларускіх навукоўцаў у развіццё сельскай гаспадаркі абмеркавалі ў Нацыянальным прэс-цэнтры Рэспублікі Беларусь.


«Капылянка» прапісалася ў Германіі

У Беларусі на сённяшні дзень вырошчваецца каля 200 сартоў збожжавых і зернебабовых культур, створаных селекцыянерамі РУП «Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па земляробстве».

— Па жыце сёлета нашы сарты займаюць 88 %, і толькі 12 % сартоў і гібрыдаў жыта, якое вырошчваецца цяпер у Беларусі, — нямецкай селекцыі. Па азімай пшаніцы 60 % — нашы і 40 % — польскія і нямецкія. Але ў 2015 годзе, для параўнання, гэтыя суадносіны былі 50 на 50, — распавёў загадчык аддзела азімых збожжавых культур Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па земляробстве Станіслаў Гардзей.

Гродна і Брэст выкарыстоўваюць больш заходніх сартоў пшаніцы і трыцікале, Віцебская і Магілёўская вобласць традыцыйна аддаюць перавагу сартам айчыннай селекцыі, адзначыў навуковец. Ён падкрэсліў, што падобная карціна — па азімым ячмені: сёння прадпрыемствы аграпрамысловага комплексу Беларусі, як правіла, аддаюць перавагу беларускім сартам.

— Таксама ў апошнія гады назіраецца моцная зацікаўленасць у нашых новых сартах у расійскіх калег. І гэта не толькі суседнія Бранск і Смаленск. Распрацоўкі селекцыянераў НПЦ па земляробстве карыстаюцца попытам аж да Урала.

Селекцыйную работу навукоўцы НПЦ НАН Беларусі па земляробстве вядуць па 42 культурах. Асноўныя — збожжавыя, зернебабовыя, крупяныя і алейныя культуры. Карыстаецца попытам насенне сартоў азімай і яравой пшаніцы, ячменю, жыта і рапсу.

— У цэлым па краіне пашырыліся плошчы азімага ячменю, — расказаў спецыяліст. — Сёлета — каля 60 тысяч га, а некалькі гадоў таму было 10-12 тысяч га.

Азімы ячмень — досыць капрызная культура, калі казаць пра яе зімаўстойлівасць. Найбольш прыдатныя зоны для яго вырошчвання — заходнія і паўднёва-заходнія раёны, а ўжо Ашмянскі і Смаргонскі раёны — зона рызыкоўнага вырошчвання азімага ячменю. Але сёння клімат змяняецца ў бок пацяплення, і калі дадзеная тэндэнцыя захаваецца, культура выдатна будзе адчуваць сябе і там. Азімы ячмень вытрымлівае толькі 12-13 градусаў марозу, распавёў Станіслаў Гардзей. Але, магчыма, селекцыянерам удасца зрушыць гэты біялагічны бар'ер.

— За гады існавання нашага інстытута створана больш за 460 сартоў і гібрыдаў сельскагаспадарчых культур, — паведаміў ён. — Каля 80 сартоў уключана ў рэестры шэрага краін далёкага і блізкага замежжа. У Германіі, у прыватнасці, раяніраваны нашы сарты лубіну. А створаны ў нас сорт азімай пшаніцы «капылянка» з'яўляецца ў Германіі на сённяшні дзень эталонам па хлебапякарнай якасці збожжа.

Бульбу сартуе праграма

— Першачарговая задача навукоўцаў нашага цэнтра — максімальная механізацыя і аўтаматызацыя тэхналагічных працэсаў вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі, — расказаў намеснік генеральнага дырэктара па навуковай рабоце Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па механізацыі сельскай гаспадаркі Мікалай Бакач. — Рашэнне такой задачы немагчымае без прымянення сістэм кропкавага земляробства, якія даюць шанц павысіць канкурэнтаздольнасць сельскай гаспадаркі і магчымасць пераадолець структурныя недахопы цяперашняй сельскагаспадарчай сістэмы.

Ён адзначыў важнасць «адраснай» работы, так бы мовіць, «індывідуальнага падыходу» пры стварэнні машын і абсталявання для сельскагаспадарчай галіны. Бо тое, што задавальняе фермерскія гаспадаркі, не падыдзе для буйных аграпрамысловых прадпрыемстваў, а тое, што ідэальна працуе ў адных кліматычных умовах, будзе бескарыснае ў іншых. У апошнія гады ў краіне рэалізаваны цэлы шэраг праграм па развіцці сельскагаспадарчага машынабудавання, што дазволіла асвоіць вытворчасць каля тысячы марак і мадэляў сельгастэхнікі. Вучоны заявіў, што сёння амаль 90 % сельгаспрадукцыі, а па асобных пазіцыях — і ўсе сто вырабляецца з дапамогай тэхнікі айчыннай вытворчасці.

Адна з напрацовак навукоўцаў — анлайн-дадатак, дзе сфарміраваны асобныя модулі для прагназавання метэаўмоў, фарміравання аптымальных транспартных маршрутаў, уліку выдаткаў матэрыяльных рэсурсаў. Дадатак знаходзіцца ў адкрытым доступе. У ліку іншых распрацовак — праграмнае забеспячэнне для аптычнай сістэмы распазнавання некандыцыйных клубняў бульбы, створанае сумесна з калегамі з Інстытута праблем інфарматыкі. Пакуль праграма ўмее распазнаваць толькі знешнія дэфекты клубняў. Але ж якасць бульбіны часам немагчыма ацаніць, пакуль яна не пачышчана і не разрэзана — гэта вядома кожнай гаспадыні. Магчымасць распазнаваць і «ўнутраныя» дэфекты клубня — наступны этап удасканалення праграмнага забеспячэння. Яшчэ адна сумесная распрацоўка з праграмістамі — стварэнне лініі па сартаванні яблыкаў па якасці, колеры і памеры.

Дойку даверым робатам

Адным з асноўных дасягненняў у галіне ўдасканалення генетычнага патэнцыялу прадукцыйнасці сельскагаспадарчых жывёл першы намеснік генеральнага дырэктара па навуковай рабоце Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па жывёлагадоўлі Уладзімір Цімашэнка назваў беларускую малочную галштынскую пароду кароў.

— Сёння яе колькасць больш за мільён, і 80 % малака, якое вырабляецца ў краіне — ад жывёлін гэтай пароды, — падкрэсліў Уладзімір Мікалаевіч. — Яна адрозніваецца ад традыцыйнай для Беларусі чорна-пярэстай пароды ў першую чаргу тым, што гэта спецыялізаваная малочная парода з высокай канверсіяй корму. Патэнцыял прадукцыйнасці жывёлін гэтай пароды ацэньваецца ў 10-12 тысяч кілаграм малака за лактацыю, а мяжа прадукцыйнасці чорна-пярэстай — 8-9 тысяч кілаграм. А галоўнае, яна прыстасаваная да тых прамысловых тэхналогій, па якіх вырабляецца асноўная частка малака ў нашай краіне.

Сёння селекцыянеры працуюць над стварэннем чырвонай спецыялізаванай малочнай пароды кароў. Работы вядуцца на прадпрыемстве «ЖодзінаАграПлемЭліта», у гаспадарках Акадэміі навук. Базавай з'яўляецца гаспадарка «Новы двор» Свіслацкага раёна, дзе захавалася і развіваецца беларуская чырвоная парода: дзякуючы намаганням навукоўцаў захаваны яе генафонд і паступова нарошчваецца пагалоўе.

— Ад колькасці менш за сто галоў набліжаемся ўжо да чатырохсот, — распавёў спецыяліст.

Як і ў малочнай жывёлагадоўлі, у свінагадоўлі патэнцыял прадукцыйнасці таксама назапашваецца за кошт выкарыстання ў селекцыі генетычных маркёраў і фарміравання бацькоўскіх формаў, якія змяшчаюць гэтыя маркёры, адзначыў навуковец.

Яшчэ адзін кірунак работы ў сферы жывёлагадоўлі — апрабацыя і ўключэнне ў схемы кармлення новых пажыўных рэчываў і элементаў.

— Гаворка пра адходы вытворчасці прадукцыі мясцовых прадпрыемстваў, мінеральнай сыравіны, — растлумачыў спецыяліст. — Гэта істотна ўплывае на сабекошт рацыёнаў — а значыць, на сабекошт прадукцыі і яе канкурэнтаздольнасць.

Адзін з прыярытэтных напрамкаў работы — зніжэнне выдаткаў ручной працы ў жывёлагадоўлі за кошт комплекснай механізацыі ўсіх працэсаў.

— Палова фермаў, якія вырабляюць малако ў нашай краіне, — гэта сучасныя комплексы, наноў пабудаваныя або рэканструяваныя. Практычна ўсе свінагадоўчыя комплексы забяспечаны сучасным абсталяваннем, якое дазваляе ў большасці выпадкаў механізаваць і аўтаматызаваць працэсы кіравання мікракліматам, кармлення. Аператар ад руцінных работ пераходзіць да функцыі кантролю гэтых працэсаў. Далейшае развіццё — паслядоўная рабатызацыя аўтаматычных працэсаў, у першую чаргу такіх працаёмкіх, як даенне. Ужо сёння частка фермаў абсталявана робатамі.

Завершаны два этапы сумеснай беларуска-расійскай праграмы, накіраванай на даследаванне ўнікальнага бялку лактаферыну. Рэчыва вылучаюць з фармацыі казінага малака. Прэпараты з яго ўмацоўваюць імунітэт, зніжаюць рызыку інсультаў і інфарктаў і нават дапамагаюць супрацьстаяць ковіду.

— Мы стварылі статак і атрымалі малако, якое змяшчае лактаферын, — распавёў Уладзімір Цімашэнка.

На наступным этапе работы галоўная роля ў медыкаў — яны правядуць усе неабходныя праверкі і даследаванні для далейшага выкарыстання прадукту ў медыцынскіх мэтах.

Дроны дапамогуць аграрыям

— У рамках супрацоўніцтва з беларуска-кітайскім ЗАТ «Авіяцыйныя тэхналогіі і комплексы» распрацоўваюцца тэхналогіі прымянення беспілотных лятальных апаратаў, дронаў, у сельскай гаспадарцы, — адзначыла намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута аховы раслін НАН Беларусі Алена Якімовіч. — Унясенне дронам сродкаў аховы раслін даволі перспектыўнае на культурах з высокім сцёбламі (рапс і кукуруза), а таксама для барацьбы з інвазійнымі відамі раслін. Мэтазгодная і перспектыва ўнясення дронамі дэсікантаў.

Акрамя таго, сёння сумесна з лабараторыяй аэракасмічнага маніторынгу Аб'яднанага інстытута праблем інфарматыкі НАН Беларусі распрацоўваецца доследны ўзор праграмнага забеспячэння прагнознага маніторынгу хвароб бульбы для павышэння эфектыўнасці ахоўных мерапрыемстваў, адзначыла Алена Анатолеўна. Яшчэ адзін напрамак работы навукоўцаў — распрацоўка і ўкараненне ў вытворчасць угнаенняў на аснове арганічнай часткі цвёрдых камунальных адходаў і цэлюлозазмяшчальных матэрыялаў.

— Работа вядзецца сумесна з Інстытутам жыллёва-камунальнай гаспадаркі НАН Беларусі, — расказала спецыяліст. — Выкарыстоўваецца лістота драўнінна-хмызняковых раслін, цвёрдыя камунальныя адходы, дадаюцца распрацаваныя намі мікрабіялагічныя прэпараты з мэтай узмацнення перапрацоўкі і ператварэння адходаў у сыравіну, якая можа спажывацца раслі-
намі.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?