Вы тут

Аршанскі лён і добрушскі фарфор цалкам могуць стаць геабрэндамі


У цяперашні час назіраецца развіццё рынкаў, калі вялікі гандлёвы абарот прыводзіць да неабходнасці эфектыўнай індывідуалізацыі паслуг і тавараў. Адным з прававых механізмаў абароны паслуг і тавараў, іх вытворцаў, захавання рэпутацыі рэгіёнаў з'яўляецца геаграфічнае ўказанне і найменне месца паходжання тавараў. Важна тое, што з дапамогай такой абароны гаспадар брэнда мае права прэтэндаваць на вырабленую ўласнасць, спасылаючыся на закон.


Гэта мае вялікае значэнне для развіцця рэгіёнаў, многія з якіх маюць сваю гістарычную, культурную ці прыродную ўнікальнасць, асаблівыя традыцыі, у тым ліку ў сферы прыкладной творчасці, — лічыць начальнік упраўлення таварных знакаў Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці Наталля Сінішава.

Аднак чамусьці ў нашай краіне мала хто выкарыстоўвае такі прававы механізм абароны тавару, як геаграфічнае ўказанне.

Між іншым, геаграфічнае ўказанне змяшчае назву населенага пункта або мясцовасці, якое можна выкарыстоўваць на тавары для стварэння ў спажыўцоў выразнай асацыяцыі аб месцы вытворчасці прадукцыі з яе адмысловымі ўласцівасцямі, якасцю, рэпутацыяй ці іншымі характарыстыкамі. Самымі вядомымі геаграфічнымі брэндамі з'яўляюцца муранское шкло, тульскі самавар, сыр пармезан і французскі каньяк. Калі мы чуем назвы гэтых тавараў, то як спажыўцы разумеем, пра якія рэчы ідзе гаворка, з якой краіны яны і якія іх асаблівыя ўласцівасці.

Атрымаўшы права карыстання геаграфічным указаннем, беларускі вытворца не толькі пацвярджае арыгінальнасць свайго тавару і яго якасць, але і спрыяе фарміраванню станоўчага іміджу свайго рэгіёна, горада, вёскі і краіны ў цэлым.

Нягледзячы на істотныя плюсы гэтага маркетынгавага інструмента, вялікай папулярнасці і попыту на рэгістрацыю геаграфічных найменняў у нас у краіне няма. І на гэта ёсць дзве прычыны. Па-першае, прадпрыемству для таго каб атрымаць прававую абарону геаграфічнага ўказання, неабходнае заключэнне кампетэнтнага органа, што яго тавар, сапраўды надзелены геаграфічным указаннем, мае асаблівыя ўласцівасці, звязаныя з месцам паходжання. Па-другое, нашы суб'екты гаспадарання мала ведаюць аб тым, што ёсць такі аб'ект інтэлектуальнай уласнасці, як геаграфічнае ўказанне.

У цяперашні час Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасці ахоўвае 37 геаграфічных указанняў. У асноўным гэта замежныя назвы: 24 грузінскія брэнды, ірландскі і шатландскі віскі, тульскі пернік і іншыя. Сярод беларускіх брэндаў — «Мінская мінеральная вада», «Лідскае піва» і «Лідскі квас». Наталля Сінішава мяркуе, што, маючы статус геаграфічнага наймення, прадукцыя суб'екта гаспадарання атрымлівае ўнікальны маркетынгавы інструмент, які дапамагае эфектыўна прасоўваць і прадаваць тавар. Другі рычаг — забарона выкарыстання падобных назваў іншымі суб'ектамі гаспадарання. У нас даволі шмат унікальных тавараў у краіне, аб якіх людзі нават не ведаюць. Вось, напрыклад, ТАА «Гермес А» здабывае сапрапелевыя лячэбныя гразі. Таксама прадпрыемства займаецца іх пастаўкай у санаторыі.

Наш беларускі лён шырока вядомы. Вырабы з лёну карыстаюцца павышанай папулярнасцю і ў ЗША, і ў Кітаі. Чаму б не зрабіць брэндам аршанскі лён? Гэта мог бы быць цудоўны інвестыцыйны праект, які б прыцягнуў сродкі ў рэгіён. Акрамя таго, добрушскі фарфор, кіраўская смажанка і нарачанская мінеральная вада валодаюць усімі ўмовамі унікальнасці геаграфічных найменняў.

Неглюбскія ручнікі можа зарэгістраваць адна майстрыха

Хто ж можа атрымаць геаграфічнае ўказанне? Гэта могуць быць проста грамадзяне, арганізацыі, юрыдычныя асобы, аб'яднанні асоб з розным суб'ектным складам.

У Беларусі ёсць майстрыхі, якія ткуць унікальныя ручнікі — неглюбскія. І з улікам нашага закона нават адна з іх, якая працягвае традыцыю, можа падаць заяўку на атрыманне геаграфічнага ўказання і атрымаць права карыстання найменнем «Неглюбскія ручнікі».

А неглюбскія ручнікі — адна з цікавінак беларускай зямлі. У адрозненне ад шырока распіяраных слуцкіх паясоў, якія на самай справе належаць да персідскай этнічнай традыцыі, ручнікі з Неглюбкі — здабытак беларускага этнасу. Са слуцкімі паясамі іх радніць тэхніка ручнога ткацтва. Ва ўсім астатнім яны антыподы. Слуцкія паясы служылі атрыбутам шляхецкага касцюма. Як вядома, шляхта лічыла сябе нашчадкамі легендарных сарматаў. Адсюль цяга да ўсяго ўсходняга.

Неглюбская традыцыя ручнога ткацтва нарадзілася на беларускай зямлі. Адной з яе асаблівасцяў з'яўляецца тое, што ручнік ткаўся са сподняга боку. Папярочныя арнаментальныя палосы майстрыхі па традыцыі называюць «храстамі».

Атрымаць геаграфічнае найменне могуць і асацыяцыі вытворцаў. У пасёлку Дрыбін майстры — шапавалы вырабляюць валёнкі. Жыхары могуць аб'яднацца ў асацыяцыю вытворцаў і падаць заяўку.

Што датычыцца самой працэдуры, то яна складаецца з некалькіх этапаў. Першае — падача заяўкі і аплата патэнтавых пошлін. Далей — экспертыза. Неабходнае заключэнне кампетэнтнага органа аб тым, што тавар мае пэўныя ўласцівасці, якасць, рэпутацыю, звязаную з месцам паходжання. І такім кампетэнтным органам з'яўляецца Акадэмія навук з усімі яе падначаленымі арганізацыямі.

У Беларусі распрацаваны шырокі спіс таго, што можа ахоўвацца такім аб'ектам інтэлектуальнай уласнасці, як геаграфічнае найменне. Гэта і расліны, і жывёліны, сельскагаспадарчая прадукцыя, вырабы рамесных промыслаў, разнастайныя напоі, мінеральныя воды, спецыі, чаі і іншыя прадукты харчавання. Не так даўно ажыццяўлялася карэкціроўка Закона «Аб геаграфічных указаннях». Сёння патрабаванні да асоб, якія збіраюцца рэгістраваць геаграфічныя назвы, максімальна спрасціліся. Галоўнае — каб тавар быў сапраўды ўнікальным.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.