Вы тут

Ракуцёўшчына сустрэла гасцей караваем, вершамі і песнямі


Сярод літаратурных фэстаў, якія прыжыліся на нашай зямлі і штогод збіраюць прыхільнікаў — «Ракуцёўскае лета», свята ў гонар Максіма Багдановіча, які летам 1911 года спраўдзіў сваю мару прыехаць на родную Беларусь. Ён два месяцы жыў, слухаў жывую беларускую мову і тварыў у Ракуцёўшчыне, у сядзібе шляхціца Вацлава Лычкоўскага, дзядзькі братоў Луцкевічаў. Гэта гасцяванне стала вызначальным для творчасці маладога паэта. 


Першае свята паэзіі, прысвечанае Максіму Багдановічу, прайшло ў Ракуцёўшчыне ў 1983 годзе. Усе наступныя гады свята збірала самых розных выступоўцаў і слухачоў. Сёлета фэст адбыўся зноў. Літаратараў і навукоўцаў, якія прыехалі аддаць даніну памяці паэту, сустрэлі ля Максімавага сада, дзе стаяць валуны з пазнакай, што летам 1911 года ў Ракуцёўшчыне два месяцы жыў паэт. Дырэктар музея Максіма Багдановіча Міхал Бараноўскі прывітаў гасцей свята паэзіі. Старшыня Мінскага гарадскога аддзялення СПБ Міхась Пазнякоў, які быў першым дырэктарам музея, распавёў, як 41 год таму на пустым пагорку пісьменнікамі былі пасаджаны дрэвы. Міхась Паўлавіч тады пасадзіў бярозку, клёнік і ліпу. Цяпер на пагорку шуміць ладны лес, у якім растуць ягады і спяваюць птушкі. 

У фальварку Ракуцёўшчына гасцей з Мінску сустрэлі хлебам-соллю. Само свята паэзіі пачалося на вялікай сцэне з песні «Матылёк» на словы Максіма Багдановіча ў выкананні спявачкі Алесі Кульшы. Потым мелі слова прадстаўнікі мясцовых улад, выступіў Сяргей Усік, дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, чыім філіялам з’яўляецца музей Максіма Багдановіча. Вершы чаргаваліся з песнямі. У свяце бралі ўдзел паэты Міхась Пазнякоў, Віктар Шніп, Навум Гальпяровіч, Тамара Кавальчук, Алена Басікірская, Таццяна Атрошанка, Ала Клемянок, Тамара Бярэзіна, Тамара Аўсянікава. Радавалі песні ў выкананні народнага фальклорна-этнаграфічнага ансамбля «Крынічанька», народнага ансамбля народнай музыкі «Сакавінка», сваё майстэрства паказалі артысты Хохлаўскага СДК, салісты Палаца культуры Маладзечна. У адным з будынкаў музея — «Доме гаспадара» былі паказы спектакляў беларускага старажытнага лялечнага тэатра «Батлейка».

Юныя мастакі, якія ў фальварку Ракуцёўшчына са сваімі педагогамі зладзілі пленэр, малявалі будынкі, што памятаюць Максіма Багдановіча. На працягу ўсяго свята паэзіі працавалі інтэрактыўныя пляцоўкі, дзе можна было паспрабаваць пісаць чарнільнай ручкай, скласці беларускія прыказкі, зрабіць з паперы васілёк, пагуляць у забаўляльныя гульні. Кожны жадаючы мог набыць рамесніцкія вырабы, вышыванкі, памятныя магніцікі, значкі і паштоўкі з выявамі Багдановіча і Ракуцёўшчыны. І яшчэ шмат усяго цікавага і карыснага можна было пачуць і пабачыць на свяце паэззі «Ракуцёўскае лета», якое завяршылася песняй на словы Алеся Бадака «Добрыя людзі». 

Трэба адзначыць, што сёлетні фэст прыцягнуў вельмі шмат гасцей — не толькі з суседніх вёсак, Маладзечна і Мінску, але з усіх куточкаў Беларусі. Людзі розных узростаў сабраліся, каб далучыцца да свята беларускай паэзіі.

Людміла ІВАНОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.