Вы тут

Зменены законы па пытаннях фізічнай культуры і спорту


У традыцыйным аглядзе «Звязды» расказваем важныя навіны.


Фота: НАК Беларусі.

Дакумент тыдня. Новыя падыходы да правядзення дзяржаўнай акрэдытацыі на права ажыццяўлення дзейнасці па развіцці фізічнай культуры і спорту, а таксама карэкціроўка нормаў, звязаных з процідзеяннем допінгу ў спорце, прадугледжаны законам Беларусі № 200-3 ад 19 ліпеня 2022 года «Аб змяненні законаў па пытаннях фізічнай культуры і спорту», паведамілі ў Міністэрстве спорту і турызму. Закон прадугледжвае карэкціроўку Працоўнага кодэкса Беларусі ў плане ўдакладнення адсылачных нормаў на заканадаўства ў сферы фізічнай культуры і спорту, а таксама Закона «Аб фізічнай культуры і спорце». У Законе «Аб фізічнай культуры і спорце» фарміруюцца новыя падыходы да правядзення дзяржаўнай акрэдытацыі на права ажыццяўлення дзейнасці па развіцці фізічнай культуры і спорту, якая заменіць дзяржаўную акрэдытацыю і дзяржаўную атэстацыю на права ажыццяўлення дзейнасці па падрыхтоўцы спартыўнага рэзерву і (або) спартсменаў высокага класа. Выбудоўваецца вертыкаль спецыялізаваных навучальна-спартыўных устаноў у залежнасці ад этапаў спартыўнай падрыхтоўкі. Вызначаюцца адзіныя падыходы да зместу статутаў арганізацый фізічнай культуры і спорту.

Прадугледжваюцца дадатковыя абавязкі спартсмена і трэнера, такія як веданне тэксту Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь, прыняцце мер па прадухіленні незаконнага ўплыву на ўдзельнікаў або арганізатараў спартыўных спаборніцтваў. Рэгламентуюцца пытанні выкарыстання дзяржаўных сімвалаў Беларусі і сімвалаў іншых дзяржаў пры правядзенні спартыўных і спартыўна-масавых мерапрыемстваў. Карэкціруюцца нормы, звязаныя з процідзеяннем допінгу ў спорце, удакладняюцца нормы адносна грамадзянска-прававых дагавораў аб спартыўнай падрыхтоўцы і кампенсацыі сродкаў, затрачаных на гэту падрыхтоўку, рэгламентуюцца пытанні незаконнага ўплыву на ўдзельнікаў або арганізатараў спартыўных спаборніцтваў для вырашэння праблемы маніпулявання вынікамі афіцыйных спартыўных спаборніцтваў.

Замацоўваюцца гарантыі і кампенсацыі, якія даюцца работнікам пры іх накіраванні для ўдзелу ў спартыўна-масавых мерапрыемствах, удакладняецца пералік арганізацый, кіраўнікі якіх назначаюцца на пасады або вызваляюцца ад пасад па ўзгадненні з Міністэрствам спорту і турызму. Закон уступае ў сілу з 1 ліпеня 2023 года.

Гераіні тыдня. У Казані завяршыўся Кубак нацый па хакеі на траве, у якім узялі ўдзел беларускія і расійскія спартсмены. У жаночым турніры перамагла нацыянальная каманда Беларусі. У фінале дзяўчаты ў серыі булітаў абыгралі зборную Расіі — 6:5. Бронзавымі прызёрамі сталі беларускія дзяўчаты да 21 года, якія ў матчы за трэцяе месца перамаглі расійскіх аднагодак — 2:1.

Герой тыдня. Беларус Ілья Шымановіч перамог на міжнародным турніры «Гульні Дружбы» ў Казані. Ён стаў пераможцам на дыстанцыі 100 метраў батэрфляем, а ў жаночым фінале на дыстанцыі 50 м батэрфляем трэці вынік паказала Анастасія Куляшова. Усяго на «Гульнях Дружбы» беларуская каманда выйграла 11 медалёў — 2 залатыя, 4 сярэбраныя і 5 бронзавых.

Няўдача тыдня. Хакеісты мінскага «Дынама» прайгралі чарапавецкай «Поўначсталі» ў кантрольным матчы перад стартам новага сезона КХЛ. Паядынак прайшоў на лёдзе сталічнай «Алімпік-Арэны». Гаспадары ўтрымлівалі лідарства большую частку гульні, але за хвіліну да фінальнай сірэны «сталявары» зраўнялі лічбы — 2:2. Пераможца матча вызначыўся ў серыі булітаў, дзе і перамагла «Поўначсталь». Далей дынамаўцы адправяцца ў Сочы, дзе з 3 да 9 жніўня пройдзе турнір Sochі Hockey Open. Стартавы паядынак на турніры «зубры» правядуць у сераду супраць санкт-пецярбургскага СКА.

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.