Вы тут

Дзмітрый Жук: Газета — гэта цэльны, праграмны парадак дня


2 жніўня газета «СБ. Беларусь сегодня» адзначае 95-гадовы юбілей. Пра тое, чым жыве адно з найстарэйшых выданняў краіны, пра тэндэнцыі і выпрабаванні, пра журналістаў і чытачоў гутарым з дырэктарам — галоўным рэдактарам Выдавецкага дома «Беларусь сегодня» Дзмітрыем Жуком.


— Дзмітрый Аляксандравіч, з мінулага юбілею — за нейкія пяць гадоў — шмат што змянілася і ў краіне, і ў вашай рэдакцыі. Выдавецкі дом «Беларусь сегодня» спраўдзіўся як буйны медыяхолдынг — некалькі газет, папулярны партал, сваё радыё і тэлебачанне. Якое месца ў ім займае найстарэйшая газета, што і дала імя ўсяму аб'яднанню? Выданне «СБ. Беларусь сегодня» — лакаматыў холдынга ці больш яго «таварны знак»?

— Лакаматывам і газеты, і ўсяго выдавецкага дома з'яўляюцца людзі, якія ў нас працуюць, і безумоўна, у першую чаргу тыя, хто працуе ў газеце. Спачатку было слова — і гэту ісціну ніхто не адмяняў. Проста сёння з'явілася шмат магчымасцяў распаўсюджваць тое слова разнастайнымі шляхамі, не толькі праз газету. Я думаю, што такія магчымасці сёння не вычарпаныя, заўтра мы можам даведацца пра нейкія новыя спосабы і сродкі данясення інфармацыі. Але газета ўсё роўна застаецца флагманам. У 2013-2014 годзе адбылося аб'яднанне некалькі рэспубліканскіх газет у Выдавецкі дом « Беларусь сегодня». У адным праекце пад дадзенай назвай аб'ядналіся і таленты журналістаў, і іх магчымасці, і іх погляды на жыццё. Але газета засталася газетай, у яе ёсць свае чытачы і свая гісторыя. Да таго ж, мы ставім перад сабой задачу, каб іншыя выданні, якія выходзяць у холдынгу — «Рэспубліка», «Сельская газета», «Народная газета», «Знамя юности» — не былі падобныя на «СБ», каб яны мелі свой твар, свайго чытача.

Так гістарычна склалася, што «СБ. Беларусь сегодня» («Советская Белоруссия») доўгі час была і застаецца цэнтральнай газетай нашай краіны. І калектыў рэдакцыі накіраваны на тое, каб паказваць галоўнае, асноўнае ў жыцці Беларусі. Безумоўна, усё, што варта паказаць, немагчыма змясціць на шаснаццаці старонках газеты, нават калі яна выходзіць пяць разоў на тыдзень. Вось тады і падключаюцца ўжо згаданыя магчымасці перадачы інфармацыі — партал (у нас на ім 200 тысяч наведвальнікаў у суткі), радыё, тэлебачанне. Але ўсё-ткі газета — цэльны, праграмны парадак дня, які ўключае ў сабе ўсё важнае, што робіцца ў краіне на дадзены момант. Найперш Прэзідэнтам, бо менавіта ад яго рашэнняў залежаць без перабольшання ўсе сферы нашага жыцця... Сёння вялікую колькасць газетных палос мы аддаём і пад тэматыку гістарычнай памяці — расказваем чытачам і пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны, і пра вядомых суайчыннікаў, чыя дзейнасць паўплывала на станаўленне нашай дзяржаўнасці.

— За 95 гадоў існавання газеты ў розных пакаленняў яе журналістаў былі розныя часы, розныя выпрабаванні. Але, здаецца, для сённяшніх супрацоўнікаў часы ці не самыя складаныя за гісторыю...

— Тут я з вамі катэгарычна не пагаджуся. Самыя складаныя, найцяжэйшыя часы і для краіны, і для народа, і для журналістаў — і «Советской Белоруссии», і «звяздоўцаў» — была Вялікая Айчынная вайна. І дай бог, каб нам не давялося прайсці праз тое, што прайшлі тады нашы калегі-папярэднікі.

— Але ж і сёння ідзе вайна — інфармацыйная...

— Безумоўна, сёння ўсе, хто працуе ў сродках масавай інфармацыі, так ці інакш аказаліся на перадавой гібрыднай вайны, развязанай супраць нашай краіны. Гэта адбылося не ўчора і не пазаўчора — вайна супраць нас вялася паўтара дзесяцігоддзя дакладна. Проста апошнія два гады яна набыла вельмі інтэнсіўны характар... Сапраўды, гэтыя гады былі няпростыя для журналістаў. У калектыве прайшла свайго роду рэвізія кадраў: хтосьці вытрымаў прэсінг і хайп, а хтосьці — не. Таму засталіся, я думаю, больш моцныя ў сваіх перакананнях людзі, і гэта вельмі добра. Бо сёння мы працуем у калектыве ва ўнісон, на адной хвалі. Апошнія два гады былі выпрабаваннем, але яны далі такія цікавыя, яркія імёны, як Андрэй Мукавозчык, Людміла Гладкая, Раман Рудзь, Дзмітрый Крат, Максім Осіпаў... І гэты пералік імён будзе павялічвацца... На базе нашага выдавецкага дома з'явілася вельмі цікавая кангламерацыя радыё, сайта і газеты — маю на ўвазе радыёпраграму «Будни», якая выходзіць і на YouTube-канале, разбіваецца на інфармацыйныя кавалкі для сайта, і самае цікавае чытачы атрымліваюць у газеце... Вось такім шляхам ідзе сёння наш выдавецкі дом. Што чакае нас наперадзе? Я вам так скажу: мы павінны быць гатовыя да любога развіцця падзей. І сёння мы павінны маладых журналістаў не толькі вучыць прафесійным навыкам, але і выхоўваць у іх маральна-этычныя якасці, вельмі важныя ў гэтай гібрыднай вайне.

— А як вы ставіцеся да таго, што ў гэтай вайне нашы палітычныя апаненты нярэдка спасылаюцца — у выгадным для сябе ключы — на матэрыялы «СБ. Беларусь сегодня»?

— Гэта вельмі добра! Значыць, мы цікавыя, нас чытаюць нават нашы апаненты. Калі яны на нас спасылаюцца, а асабліва калі нас крытыкуюць ці спрабуюць пераправіць на свой капыл — гэта сведчыць аб тым, што мы выконваем сваю работу прынамсі нядрэнна.

— Думаю, што апаненты ўжо заўважылі чацвярговы спецвыпуск «СБ. Беларусь сегодня» «Тенденции» — з сур'ёзнай палітычнай, эканамічнай аналітыкай. Гэта прэтэнзія на асобнае выданне ці ўсё ж неад'емная частка старой добрай «Советской»?

— Гэта не прэтэнзія — гэта спраўджанае асобнае выданне, якое стала вядомым у краіне. Але гэта неад'емная частка газеты. Чаму мы так зрабілі? Найперш было даручэнне кіраўніка дзяржавы — зрабіць нестандартны, цікавы, з замахам на аналітычнасць, з сучасным адмысловыым афармленнем выпуск газеты. Паспрабавалі — нешта атрымліваецца, нешта пакуль не вельмі. Але гэта выпуск, які цалкам адпавядае сваёй назве — у ім сапраўды расказваецца пра тэндэнцыі, што склаліся ў краіне і ў свеце на сённяшні дзень.

— А як вы як галоўны рэдактар ставіцеся да таго, што вашы вядучыя журналісты, якія, па сутнасці, твар выдання, даволі часта са сваімі матэрыяламі з'яўляюцца ў іншых СМІ, на тэлебачанні, напрыклад?

— Я вам больш скажу: я сам іх да гэтага падштурхоўваю і заахвочваю. Бо і ў газеце, і там яны працуюць на карысць нашай краіны.

— Мне здаецца, гэта таксама тэндэнцыя нашага часу. Бо яшчэ гадоў дваццаць назад кіраўнікі СМІ вельмі раўніва ставіліся да таго, калі журналіст (а тым больш вядучы журналіст) працаваў недзе яшчэ...

— Раней у рэдактараў было іх лакальнае разуменне свайго калектыву і таго выніку, які калектыў павінен даць сваёй працай. Безумоўна, была канкурэнцыя, ішло нават своеасаблівае змаганне за таленавітых журналістаў. Сёння сітуацыя іншая. Мы ўсе разам — дзяржаўныя СМІ — працуем на краіну адзіным фронтам. Калі нашы журналісты з'яўляюцца ў тэлеэфіры — яны таксама працуюць на краіну. А яшчэ, заўважу, рэкламуюць наш выдавецкі дом і газету — не без таго... Дарэчы, трэба сказаць, што тут гульня ў двое варот — некаторыя тэлежурналісты з ахвотай і таленавіта пішуць артыкулы ў газеты.

— Але чытач сёння чакае не толькі таленавітых журналістаў, але і якасную аналітыку ад экспертаў. А якраз экспертная супольнасць у нас даволі вузкая...

— Вы маеце на ўвазе, што аналітыкамі выступаюць адны і тыя ж людзі? Калі гэта і праблема — дык хутчэй для нашых калег з тэлебачання. Што датычыцца газеты — калі табе не хапае экспертаў ці надакучылі адны і тыя — бяры і пішы сам. Я перакананы: журналісты, якія сур'ёзна займаюцца пэўнай праблематыкай шмат гадоў, не горш за тых дыпламаваных экспертаў разбіраюцца ў тэме. І ў нас такія журналісты ёсць.

— Увогуле, як вы мяркуеце, за апошнія два гады чытач «СБ. Беларусь сегодня» змяніўся?

— Чытач не змяніўся, змянілася, скажам так, кола яго зацікаўленасці. Калі дзесяць гадоў назад ён пісаў у газету пра павалены плот ці нявывезенае смецце, сёння ён у допісах у рэдакцыю разважае на больш сур'ёзныя, глабальныя тэмы. Яго хвалююць пытанні захавання нашага суверэнітэту, як будзе працаваць наша эканоміка... Ён ужо ўзвысіўся над пытаннямі, якія датычыліся яго ўласнага жыцця і быту. Ведаеце, чаму гэта адбылося? Многія бытавыя пытанні людзей вырашыліся дзякуючы сацыяльна-эканамічнаму развіццю краіны. Вядома, яны заўсёды будуць узнікаць. І суседзі будуць сварыцца пры любым раскладзе. Але сёння большасць людзей прыярытэты расстаўляе па-іншаму, на больш высокім узроўні. Сітуацыя ў свеце да гэтага падштурхоўвае.

— Як будзеце адзначаць юбілей?

— На рабоце (смяецца). А калі сур'ёзна — мы яго ўжо адзначылі экскурсіяй у Палац Незалежнасці, якую зладзілі днямі для нашага калектыву. Было надзвычай цікава. Я хацеў, каб туды трапілі не толькі журналісты, але і тыя, хто літаральна робіць газету, — вярстальшчыкі, карэктары... Мне здаецца, гэта быў добры падарунак да юбілею — людзі, якія пішуць пра падзеі, што адбываюцца ў палацы, якія вычытваюць і ставяць гэтыя матэрыялы, змаглі на свае вочы ўбачыць усё зблізку, знутры... Будуць, вядома, нейкія ўзнагароды, віншаванні. А так святкаваць няма калі — працаваць трэба.

— Калі параўноўваць 95-гадовую газету з жанчынай — якая яна? Мудрая і іранічная, вечна маладая, бабуля, якая дасць фору дзяўчыне?...

— Гэта вельмі няўдзячная справа — мераць штосьці чалавечымі якасцямі... Я думаю, сёння «СБ. Беларусь сегодня» — гэта сталая сям'я, у якой ёсць дарослыя, якія цягнуць на сабе асноўную работу, ёсць старэйшыя, якія падказваюць, раяць, грунтуючыся на сваім вопыце, і ёсць маладыя, якія вучацца і ў дарослых, і ў старэйшых...

— Калі гэта так, то ў такой сям'і добрая будучыня...

— Будзем спадзявацца.

Гутарыла Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Пазбавіцца лішняга. На якіх дыетах рэальна знізіць вагу і пры гэтым аздаравіцца?

Пазбавіцца лішняга. На якіх дыетах рэальна знізіць вагу і пры гэтым аздаравіцца?

Пагаворым пра спосабы прывесці вагу ў норму, губляючы ў сярэднім па 0,5-2 кг у тыдзень.

Грамадства

«Падчас работы думаеш пра тое, каб больш сабраць». Буякі заваёўваюць папулярнасць ў Гродзенскім раёне

«Падчас работы думаеш пра тое, каб больш сабраць». Буякі заваёўваюць папулярнасць ў Гродзенскім раёне

Яшчэ гадоў 10-15 назад салодкія садовыя буякі можна было лічыць далікатэсам.

Калейдаскоп

Схаваныя праваслаўныя жамчужыны Беларусі. Зможаце знайсці іх усе? Тэст

Схаваныя праваслаўныя жамчужыны Беларусі. Зможаце знайсці іх усе? Тэст

У 2022 годзе адзначаецца 1030-годдзе Полацкай епархіі.