Вы тут

...Ягадка зноў. Ці магчыма ў 45 выглядаць на 25? Шукаем «лекі ад старасці»


«Час не ўладны над ёй», пісаў Шэкспір аб Клеапатры. Цікава, што на момант пачатку знакамітай гісторыі кахання, апісанай у трагедыі «Антоній і Клеапатра», царыцы Егіпта, якая на многія стагоддзі стала сімвалам спакуслівай прыгажосці, было 60 гадоў. Перамагчы старэнне і захаваць маладосць — не толькі вечная і нязбытная мара, але і шлях, па якім чалавецтва ўжо зрабіла мноства крокаў...


Фота: pixabay.com

Ну, у 60 на 25 — гэта наўрад ці, а вось у 40 на 30 выглядаць магчыма, запэўніваюць касметолагі. Праўда, у такую мэту прыйдзецца сур'ёзна ўкласціся — спатрэбяцца намаганні плюс грашовыя рэсурсы.

— Гэта павінен быць комплекс, праца жанчыны з некалькімі спецыялістамі: дыетолагам, эндакрынолагам, урачом-касметолагам, касметыкам і, хутчэй за ўсё, пластычным хірургам. Калі вы сапраўды хочаце выглядаць на 10-15 гадоў маладзей за свой узрост, калі вы не верыце ў казкі і не з'яўляецеся адной з тысяч, каму пашанцавала з генетыкай, іншага шляху да гэтай мэты пакуль не існуе, — распавядае касметолаг Ала Трафімовіч.

Для пачатку, адзначаюць спецыялісты, прыйдзецца ліквідаваць застарэлыя «болькі». У першую чаргу гарманальныя парушэнні, якія ў нашы дні ў 40 гадоў ёсць у абсалютнай большасці жанчын. І гэта не толькі гінекалогія. Часта праблема ў шчытападобнай залозе, наднырачніках, іншых органах гарманальнай сістэмы. Калі ліквідаваць «паломкі» немагчыма, стан арганізма варта скарэктаваць да нормы з дапамогай прэпаратаў. І толькі пасля гэтага пачынаць працаваць са знешнімі праявамі старэння. Інакш усе намаганні будуць дарэмныя.

Прыкметы ўзросту — што з імі рабіць?

Што ж выдае наш узрост? Пачнём з таго, як час мяняе твар. Гэта змены вугла ніжняй сківіцы і змяшчэнне тлушчавых пакетаў, пачынаючы з перыарбітальнай і скулавых зон. Адна з узроставых праяў — змена павека (зморшчына верхняга павека з узростам перамяшчаецца бліжэй да пераносся). Скарэктаваць гэтыя змены пры дапамозе «цудадзейных крэмаў» або нават моднага цяпер масажу твару, на жаль, немагчыма. Эфектыўнымі на сённяшні дзень касметолагі называюць два шляхі. Радыкальны — звярнуцца да пластычнага хірурга і зрабіць ліпафілінг, або больш ашчадны — звярнуцца да ўрача-касметолага і зрабіць контурную пластыку. Пачынаць усё ж лепш з контурнай пластыкі, гавораць спецыялісты. Так вы зможаце пераканацца, што вам спадабаецца тое, як зменіцца ваш твар. Таму што змены могуць і не спадабацца. Контурная пластыка накіравана на тое, каб перамясціць тлушчавыя пакеты ў верхнюю частку твару з ніжняй. Працэдура выкарыстоўвае альбо ўласны тлушч з іншых зон, альбо штучныя філеры. Пачынаць касметолагі раяць са штучных філераў, якія можна цалкам выдаліць, калі вынік не выкліча захаплення. Ад уласнага тлушчу пазбавіцца будзе больш складана. Пасля ўколаў філераў нярэдка здараецца, што жанчыны просяць вярнуць «як было да працэдуры»: звыклы «стомлены твар» здаецца ім больш прымальным, чым «мячыкі» на скулах. Праўда, ацэньваць вынік важна толькі пасля поўнага зажыўлення, кажуць спецыялісты — калі ацёк спадае, каля паловы першапачатковага аб'ёму сыходзіць.

Дарэчы, пахудзенне, якое прынята лічыць абсалютнай карысцю для жанчыны ў любым узросце, пасля 40 гадоў здольнае візуальна дадаць некалькі гадоў да ўзросту, кажуць касметолагі. Хочаце выглядаць маладзейшай — захоўвайце стабільную вагу. Справа ў тым, што, зніжаючы вагу ў 30, арганізм захоўвае тлушчавыя пакеты на твары, а строгая дыета і рэзкая страта вагі ў 40-45 здольныя ператварыць ваш твар у «твар муміі».

Можна, вядома, пайсці іншым шляхам. Схуднець і вярнуць аб'ёмы твару з дапамогай ліпафілінгу. І далей ужо падтрымліваць стабільную вагу. Сёння бьюці-індустрыя адмовілася ад спосабу «проста нацягнуць скуру» — гэта дае толькі твар-маску, так званы эфект Гурчанкі. Пераразмеркаваўшы аб'ёмы, можна атрымаць візуальны эфект маладога твару і жаданыя «мінус 10 гадоў».

Наступная «прыкмета старэння» — «рознакаляровы» твар. Узрост выдае пігментацыя ў пэўных зонах — лоб, паласа «шчокі—нос», верхняя губа і падбародак. Гэтыя зоны пакрываюцца плямамі і становяцца цямнейшымі за астатнія. Што, дарэчы, асабліва актуальна менавіта летам. Раўнамерна светлы твар дасць візуальны эфект «некалькі гадоў мінус». Выдаліць пігмент усё ж прасцей і танней, чым пераразмеркаваць аб'ёмы на твары — і гэта добрая навіна. Дапаможа адбельвальны крэм, а ў складаных выпадках — лазерныя або фотаметодыкі. Але і ў такім выпадку эфект прыйдзецца падтрымліваць, выкарыстоўваючы адбельвальныя сыроваткі і крэмы і хаваючы твар ад сонца.

— Каб выглядаць маладзей за свой узрост, патрэбная вельмі разнапланавая работа. Старэе не толькі скура, але таксама косці, мышцы, тлушчавыя структуры. І ўсімі гэтымі пытаннямі займаюцца розныя спецыялісты. Словам, гэта як у «Алісе ў краіне цудаў»: каб заставацца на месцы, даводзіцца бегчы з усяе сілы.

Пагаворым пра бег

Але ці варта «бегчы з усяе сілы»? Бо ў гэтай гонцы ўсё роўна рана ці позна давядзецца прайграць. Дык ці не прасцей прыняць свой узрост? Пра тое, як гэта зрабіць, напісана нямала — і ў сур'ёзнай літаратуры (у тым ліку псіхалагічнай), і ў сацсетках. Аб гэтым цікава сказаў Барыс Акунін: «Старэнне павінна быць выгаднай гандлёвай аперацыяй, натуральным абменам фізічнай сілы на духоўную, вонкавай прыгажосці — на ўнутраную». А вось парада ад Монікі Белучы (якой, дарэчы, 58 гадоў): «Што я буду рабіць, калі пастарэю і мой адбітак у люстэрку больш не будзе радаваць? Я не буду глядзець у люстэрка — я буду глядзець на сваіх дзяцей...»

Зрэшты, правільны хатні догляд ніхто не адмяняў. І, разам з мудрым стаўленнем да свайго ўзросту, ён дапаможа, што называецца, «старэць прыгожа». Такі падыход не дазволіць выглядаць у 45 на 30, але дасць магчымасць дасягнуць таго рэдкага эфекту, калі з узростам жанчына выглядае ўсё больш шляхетна і становіцца толькі прыгажэйшай. Касметолагі кажуць, што чым старэйшай становіцца жанчына, якая даглядае сябе, тым больш прыкметная розніца паміж ёй і яе аднагодкамі, якія не займаюцца такім доглядам. У 60 гадоў візуальная разбежка складае гадоў 15.

— У хатнім доглядзе жанчыны, пачынаючы з 40—45 гадоў, адначасова павінны прысутнічаць кіслоты (AHA, BHA), рэцінол, пептыды і ахова ад УФ-прамянёў круглы год. У ідэале, можна было б час ад часу дадаваць апаратную касметалогію (лазерныя і фотапрацэдуры). На малады рэльеф твару працуюць фэйсфітнес і масаж твару.

Дарэчы, пра фітнес. Маладосць — гэта не толькі твар, але і падцягнутае цела, не толькі адсутнасць маршчын, але і маладая пластыка рухаў. Без фізічных нагрузак гэтага не дасягнуць. Праўда, сучасная бьюці-індустрыя стварае «сцяжынкі» і для лянівых. Але рознага роду абгортванні, спавіванні і іншыя працэдуры, якія даюць сапраўды бачны эфект, маюць мноства супрацьпаказанняў (у першую чаргу — гіпертанія і кардыялагічныя захворванні). У адрозненне ад таго ж бегу трушком. Які, дарэчы, яшчэ і значна таннейшы.

Увогуле, рэцэпты калі не вечнай, то доўгай маладосці сёння знойдзеныя — праўда ісці па гэтым шляху можа, ды і хоча не кожная.

Але пошукі працягваюцца і галоўнае ў іх — не зайсці куды-небудзь не туды. Напрыклад, сёння актыўна развіваецца кірунак так званай прэвентыўнай медыцыны. Прэвентыўная, або антыўзроставая (яна ж антыэйдж-медыцына) — кірунак альтэрнатыўнай, мэтай якога з'яўляецца прафілактыка любога роду расстройстваў і захаванне актыўнага даўгалецця. Асноўны пасыл такі: каб максімальна запаволіць старэнне, неабходны напрамак медыцыны на стыку эндакрыналогіі, гематалогіі, касметалогіі і геранталогіі. Калі медыцына мае справу з хваробамі, а касметалогія — з прыкметамі старэння, то філасофія прэвентыўнай медыцыны — не дапусціць развіцця хвароб і апярэдзіць узроставыя змены. То-бок, у ідэале, гэты кірунак павінен займацца выяўленнем змяненняў у арганізме, здольных прывесці да захворванняў, і прыняццем адрасных мер па іх прадухіленні.

Тое ж самае — са старэннем: уздзейнічаць на прычыну тых ці іншых змен, а не маскіраваць іх праявы. Пацыент атрымлівае індывідуальна распрацаваную праграму, якая ўключае вітаміны, мікраэлементы і іншыя рэчывы, неабходныя ў дадзены момант яго арганізму, каб запусціць механізмы амаладжэння. Такім чынам, прэвентыўная медыцына спрабуе кіраваць станам здароўя і рэзервамі арганізма з дапамогай прыняцця адрасных мер для кожнага канкрэтнага пацыента на аснове яго аналізаў. У ідэале, цалкам прайшоўшы гэтую праграму, ён павінен атрымаць не толькі выдатны вонкавы выгляд, але і «маладое» самаадчуванне. Асноўны пастулат — быць маладым і здаровым, а не толькі здавацца.

Але бяда ў тым, што чалавечы арганізм — вельмі складаная сістэма. І праблемамі прэвентыўнай медыцыны сёння называюць, з аднаго боку, вельмі высокі кошт паслуг (яна ўваходзіць у прэміум-сегмент камерцыйнай медыцыны), з другога — менавіта так, адсутнасць эфекту большай часткі прызначэнняў і праграм. Большасць герантолагаў свету лічыць прэвентыўную медыцыну лжэнавукай. Ды і самі спецыялісты прэвентыўнай медыцыны, біягерантолагі, адзначаюць, што методыкі, якія выкарыстоўваюцца, пакуль эксперыментальныя, а ўсе пабочныя эфекты прадказаць немагчыма.

Дзіяна РОНІНА

Выбар рэдакцыі

Спорт

Віцэ-прэзідэнт НАК Дзмітрый Даўгалёнак: Спартсмены не хацелі страціць тую Алімпіяду

Віцэ-прэзідэнт НАК Дзмітрый Даўгалёнак: Спартсмены не хацелі страціць тую Алімпіяду

Пра сваё спартыўнае мінулае і цяперашняе наш герой расказаў «Звяздзе».

Культура

Эпоха Купалы: далёкая і незабытая. Дзе пабачыць аўтографы паэта і вершы ў патроннай гільзе?

Эпоха Купалы: далёкая і незабытая. Дзе пабачыць аўтографы паэта і вершы ў патроннай гільзе?

Наша размова ішла пра ўспрыманне спадчыны Песняра і падыходы да яе захавання.