Вы тут

Таямніцы зямлі дрыгавічоў. Колькі гадоў Тураўскай епархіі?


Увесь гэты год юбілейны для праваслаўя на беларускіх землях — 1030 гадоў. За зыходную дату бяруць 992 год, калі была заснаваная Полацкая епархія, якая стала першай кафедрай на нашай зямлі. Гэтая дата дакладна вядомая гісторыкам. Але ж на той час было не толькі Полацкае княства, якое ўслед за Кіевам прыняло хрысціянства ўсходняга ўзору. Значна бліжэй да Кіева геаграфічна знаходзілася Тураўскае княства, але афіцыйна лічыцца, што Тураўская епархія пачынае свой адлік з 1005 года. І напэўна, тут яшчэ маглі б быць удакладненні...


Пра веру Хрыстову нашы продкі, хутчэй за ўсё, ведалі раней, чым сюды прыйшлі праваслаўныя святары. Крывічы, радзімічы, дрыгавічы кантактавалі з гандлярамі, якія выкарыстоўвалі знакаміты шлях з варагаў у грэкі, перамяшчаючыся па рэках Заходняй Дзвіны, і Дняпры. Сярод тых людзей сустракаліся хрысціяне. Але так сталася, што сярод полацкіх крывічоў адной з першых прыняла веру Хрыстову і пастрыглася ў манашкі былая жонка вялікага князя Кіеўскага Уладзіміра Рагнеда. Яе старэйшы сын Ізяслаў, паводле Ніканаўскага летапісу, адрозніваўся асаблівай набожнасцю. Паводле летапісных крыніц, Уладзімір падзяліў рускую зямлю на некалькі княстваў, свайго сына Ізяслава пасадзіў у Полацку, а Святаполка — у Тураве. Напэўна ж, працэс прыняцця і ўмацавання хрысціянства ішоў адначасова ў абодвух княствах?

Першыя епіскапы на беларускія землі накіроўваліся мітрапалітамі кіеўскімі, якія былі ў кананічным падпарадкаванні ў патрыярхаў Канстанцінопальскіх. Праз праваслаўную царкву ажыццяўлялася духоўная і культурная сувязь з цэнтрам хрысціянскай цывілізацыі таго часу, што паспрыяла духоўнаму і культурнаму ўздыму, якім былі адзначаныя ХІ і ХІІ стагоддзі нашай гісторыі. І калі Полацк быў буйным горадам крывічоў, то Тураў аб'ядноўваў вакол сябе дрыгавічоў.

— Новая вера і новая культура не патрабавалі радыкальнага разбурэння традыцыйнага ладу жыцця, але задавалі ідэалы, якіх шукала сама народная душа. Можна сказаць, што нацыянальны генатып выбраў роднасны сабе рэлігійны і культурны архетып. Племянная свядомасць паступова адыходзіла, з'явілася адзіная этнічная самасвядомасць, — адзначае Валянціна Цяплова, прафесар Мінскай духоўнай акадэміі. — У Полацку невядомыя такія падзеі, як скіданне паганскіх багоў альбо хрышчэнне агнём і мячом (гэта на першым этапе было, таму што новае яшчэ не праверана жыццём), што суправаджала прыняцце хрысціянсва ў Кіеве і Ноўгарадзе. Магчыма, гэта тлумачыцца тым, што палітыка полацкага князя Ізяслава, з імем якога звязана распаўсюджванне хрысціянства на беларускіх землях, адрознівалася для таго жорсткага часу незвычайнай мяккасцю і цярпімасцю. Напэўна, падобным чынам дзейнічала духавенства, якое прыбыло разам з ім, і епіскап, імя якога крыніцы не захавалі. Але трэба адзначыць, што крыніцы па гісторыі распаўсюджвання хрысціянства на беларускіх землях захаваліся ў вельмі абмежаванай колькасці. Таму вялікае значэнне пры вывучэнні гэтай эпохі набываюць матэрыялы археалагічных раскопаў. Калі мы кажам упэўнена і дакладна пра стварэнне Полацкай кафедры, то гісторыя стварэння Тураўскай кафедры — другой праваслаўнай на тэрыторыі беларускіх земляў — не вельмі зразумелая. Адзіным сведчаннем, якое дазваляе характарызаваць і казаць пра прыняцце хрысціянства на тэрыторыі Тураўскай зямлі, з'яўляецца Кіеўскі пацерык архімандрыта Кіева-Пячэрскай лаўры Іосіфа Трызны. Але гэтая крыніца належыць да ХVІІ стагоддзя, яна дастаткова позняя. Менавіта ў ёй згадваецца дата стварэння Тураўскай епархіі — 1005 год. Шэраг даследчыкаў, якія займаліся гісторыяй Тураўскай епархіі, нязгодны з гэтай датай. Напрыклад, беларускі археолаг, прафесар Пётр Лысенка дапускаў, што такая дата, хутчэй за ўсё, не адпавядае рэальнасці. Ён лічыў, што не магло быць, каб такое важнае княства, якім у той час было Тураўскае, прыняло хрышчэнне пазней, чым Полацкая зямля ці іншыя землі тагачаснай Русі.  На яго думку датай заснавання Тураўскай епархіі трэба лічыць той жа 992 год. З гэтым меркаваннем пагаджаюцца шматлікія расійскія даследчыкі. Напрыклад, гісторык ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя Яўген Галубінскі, які вельмі пільна вывучаў эпоху Х — ХІ стагоддзяў у развіцці царквы. Ён таксама называў дату заснавання епархіі ў Тураве тую ж, што і Полацкай.

У гэтым ёсць логіка. Першыя летапісныя згадкі пра Тураў належаць да 980 года. Шмат якія даследчыкі лічаць, што Тураў быў другім па значэнні горадам Кіеўскай Русі. Тураўскае княства ўключала ў сябе такія гарады, як Пінск, Слуцк, Нясвіж. Тэрыторыя Тураўскай епархіі ў першыя стагоддзі яе існавання была шырокая і ахоплівала землі, якія належаць цяпер да Мінскай, Гомельскай, Гродзенскай і Брэсцкай абласцей. А ў самім горадзе пры археалагічных раскопках у 1960-х гадах былі выяўлены руіны старажытнага храма ХІІ стагоддзя, які быў самым вялікім на тэрыторыі княства ў той час, але праіснаваў нядоўга, быў разбураны — і гэта яшчэ адна загадка Тураўскай зямлі. Дарэчы, таксама пры раскопках знайшлі часткова ацалелае Тураўскае Евангелле ХІ стагоддзя, напісанае кірыліцай. Знойдзены ў 1865 годзе рукапіс — найбольш старажытны з тых, што выяўлены ў Беларусі.

Тураўская епархія перажывала розныя часы, як і сама Беларусь. Але была адноўлена ў канцы ХХ стагоддзя.

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.