Вы тут

У Мінску адкрылася выстава да юбілею Пімена Панчанкі


«У мястэчку Бягомль, у дрымучых лясах вярхоўя Бярэзіны, прайшло маё дзяцінства... Духмяная звонкая зямля, родны дом, напоўнены казкамі, паданнямі, легендамі. З малых гадоў усе мы вучыліся пасвіць у лесе кароў, збіраць ягады і грыбы, вязаць венікі, выразаць з балотнай бярозы чачоткавыя кіі, а з лазы — дудкі і свісткі, знаходзіць птушыныя гнёзды, запасаць на зіму арэхі і рабіну...»


Так натхнёна пісаў пра сваё дзяцінства народны паэт Беларусі Пімен Панчанка. У гэты год, багаты на літаратурныя юбілеі, мы адзначым і яго 105-годдзе. Дата выпадае на 23 жніўня, але ўжо цяпер у Мінскай гарадской бібліятэцы № 14 імя Францішка Багушэвіча адбылося адкрыццё выставы, якая распавядае пра жыццёвыя шляхі паэта, прадстаўляе рэдкія дакументы. Выстава была арганізавана Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры. А незвычайных фактаў у біяграфіі паэта шмат... Нарадзіўся ён не каля любай сэрцу Бярэзіны, адкуль усе продкі, а ў Рэвелі, цяперашнім Таліне. Сям'я будучага паэта паехала туды ў заробкі, бацька працаваў рабочым на будоўлі караблёў.

Ні шторму, ні буры тады не было,

Калі нарадзіўся я ў Таліне.

Звычайнае сонца звычайна ўзышло

Пасля гадзіны світальнай.

У 1921 годзе сям'ю, акрамя бацькі, пераправілі праз польска-савецкую граніцу ў СССР. Вось так і пачаўся беларускі перыяд біяграфіі... У Бягомлі паэт скончыў школу-сямігодку, пачаў складаць вершы... Жыццё не песціла, давялося зусім юным працаваць у Бабруйску на дрэваапрацоўчым камбінаце... Потым былі настаўніцкія курсы і інстытут, а ў 1938-м выйшаў першы зборнік з красамоўнай назвай — «Упэўненасць». Як гэты зборнік выглядаў, можна ўбачыць у экспазіцыі выставы. Але не толькі тым, што ён першы для аўтара, гэты зборнік цяпер адметны... У юбілейны год Пімена Панчанкі гадзіннікавы завод «Луч» у межах калекцыі «Мова» выпусціў серыю гадзіннікаў, прысвечаных Панчанку — за аснову дызайну ўзяты менавіта зборнік «Упэўненасць».

Асобны стэнд — «Дарога вайны» — распавядае пра ваенныя старонкі жыцця... Пімен Панчанка быў прызваны ў Чырвоную Армію ў вepacні 1939 гoдa. Ён не здагадваўся, што вайсковая служба зацягнецца да 1946-га. Удзельнічаў у вызваленні Заходняй Беларусі, у час Вялікай Айчыннай працаваў у poзныx вaйcкoвыx выдaннях, быў узнагароджаны медалём «За баявыя заслугі» і «Партызану Айчыннай вайны» 1-й ступені. Яго шматлікія шчымлівыя, уражальныя вершы пра вайну — ад уласнага досведу. Вось на фотаздымку, зробленым у ліпені 1943-га, ён і Аркадзь Куляшоў у вайсковай форме, маладыя, сур'ёзныя... У тым жа 1943-м Панчанка піша свой шэдэўр «Герой»:

Злосна сказаў: «Уставай, пяхота!

Мы не на пляжы, а на вайне».

І лёг на змяіныя скруткі дроту.

І дзвесце салдацкіх запыленых ботаў

Прайшлі па яго спіне.

А далей — малавядомая старонка біяграфіі... У 1944 гoдзe Пімeн Пaнчaнкa ў cклaдзe 34-й apміі тpaпляe ў Іpaн. Менавіта там ён напісаў свой паэтычны цыкл «Іранскі дзённік». На стэндах прадстаўлены фотаздымкі паэта таго часу, на фоне экзатычных пейзажаў, і цытуецца верш:

Я ўсё пераблытаў — дзе мора, дзе неба,

Дзе хмары, дзе горы...

Іран.

Красавік.

Даўно я не еў беларускага хлеба,

Ад паху смалістага бору адвык.

У 1946-м паэт нарэшце вяртаецца ў Mінcк, і адгэтуль яго жыццё непарыўна звязанае з літаратурай. У падрыхтоўцы экспазіцыі ў бібліятэцы імя Ф. Багушэвіча ўзяло ўдзел выдавецтва «Мастацкая літаратура» — яно прадставіла выданні Пімена Панчанкі, якія менавіта ў ім убачылі свет. А гэта дзясяткі вядомых кніг: «Снежань» (1972), «Млечны Шлях» (1980), «Маўклівая малітва» (1981), «Дзе начуе жаўранак» (1983), «Сіні ранак» (1984), «Лясныя воблакі» (1985), «І вера, і вернасць, і вечнасць» (1986), «Горкі жолуд» (1988), «Неспакой» (1988), «Высокі бераг» (1993), «Зямля ў мяне адна» (1996) і іншыя. Адзін з адметных зборнікаў з'явіўся пасля смерці аўтара — «Сэрца маё», са знакамітай серыі «Мастацкай літаратуры» «Сто вершаў». Творы Панчанкі суправаджаюцца там рэпрадукцыямі карцін народнага мастака Беларусі Гаўрылы Вашчанкі. Складальнікі палічылі, што спадчына абодвух народных творцаў перагукваецца, мае шмат агульнага.

Намеснік дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура» — галоўны рэдактар часопіса «Полымя» Віктар Шніп распавёў пра свае сустрэчы з Піменам Панчанкам. Класік падтрымліваў маладых, не шкадаваў добрых парад... Сапраўды, ставіўся па-бацькоўску. Пра што сведчыць вось такая гісторыя, расказаная Віктарам Анатолевічам:

— Мне тады было 19 гадоў. У часопісе «Маладосць» Мікола Аўрамчык выбраў для друку чатыры мае вершы. І вось я прыйшоў у рэдакцыю, каб сфатаграфавацца. У кабінеце Міколы Якаўлевіча быў Пімен Панчанка. І пакуль фатограф Валянцін Ждановіч рыхтаваў да работы свой фотаапарат, Мікола Аўрамчык і Пімен Панчанка рыхтавалі маю прычоску да фотасесіі. Валасы ў мяне былі доўгія і непаслухмяныя. Мікола Якаўлевіч, прычэсваючы мяне, згадаў, што калі ён быў малады, то са сваімі сябрамі, калі ішлі фатаграфавацца, намазвалі валасы алеем, каб яны добра ляжалі. Алею ў кабінеце Аўрамчыка не было, дык галаву мне Панчанка намачыў вадой з графіна. Потым мяне з прычоскай, зробленай Аўрамчыкам і Панчанкам, сфатаграфаваў Ждановіч, і ў 9-м нумары «Маладосці» за 1979 год з'явіліся мае вершы з фотаздымкам...

Навум Гальпяровіч.

Падчас адкрыцця выставы сваімі ўражаннямі ад асобы і творчасці Пімена Панчанкі падзяліліся паэты Навум Гальпяровіч і Кацярына Мяшкова. На думку Навума Гальпяровіча, Пімен Панчанка — менавіта з тых паэтаў, якім удалося расчуць «шэпт нябёсаў». А загадчыца бібліятэкі Наталля Стрыгельская заклікала чытачоў не толькі знаёміцца з экспазіцыяй, але і браць для прачытання кнігі юбіляра. Тым больш у Год гістарычнай памяці вельмі карысна пазнаёміцца з ягонымі вершамі на ваенную тэму, бо яны напісаныя сведкам, напісаныя таленавіта і шчыра.

У экспазіцыі прадстаўлена шмат рэдкіх фота... На іх можна ўбачыць паэта з сябрамі і блізкімі. Вось Пімен Панчанка зняты з Іванам Мележам, з Янкам Брылём, з Максімам Танкам, з Васілём Быкавым, з Аркадзем Куляшовым... На многіх фотаздымках ён смяецца ці хоць бы ўсміхаецца. Пімен Панчанка быў чалавекам вясёлым, сардэчным і сціплым, нездарма сваё жыццёвае крэда сфармуляваў так:

...А калі вас уздыме слава,

Аб гэтым думайце радзей...

Глядзіце зверху ўніз на травы

Ці на ваду.

Не на людзей.

Уваход на выставу вольны, таму для ўсіх жадаючых гэта добрая нагода дакрануцца да гісторыі беларускай літаратуры і добрай паэзіі.

Людміла ІВАНОВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».