Вы тут

Ржавускі: Індыя — акно бязмежных магчымасцяў для Беларусі. Эксклюзіў «Звязды»


Супрацоўніцтва з Індыяй з’яўляецца адным з ключавых прыярытэтаў нашай краіны ў Азіі. Але не толькі. «Як гісторык я абсалютна перакананы ў тым (і гэта мы з вамі ўбачым хуткім часам), што ўся планета будзе развівацца, арыентуючыся на тую частку Азіі, у якой размешчана Індыя, — заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Індыя ў Рэспубліцы Беларусь Алокам Ранджанам Джа. — Вялікі Кітай, вялізная Індыя, якая вельмі перспектыўна і дынамічна развіваецца, — яны будуць дыктаваць моду ў будучыні для ўсяго свету. Мы вітаем такую будучыню планеты і, натуральна, хацелі б знайсці сваё месца ў росце індыйскай эканомікі, хацелі б мець падтрымку індыйскай дзяржавы на ўсіх узроўнях. У даўгу не застанемся».


Двухбаковае беларуска-індыйскае ўзаемадзеянне актыўна развіваецца на працягу дзесяцігоддзяў. Дыпламатычныя адносіны паміж нашымі дзяржавамі былі ўстаноўлены 17 красавіка 1992-га. «Нягледзячы на ??геаграфічную аддаленасць, за апошнія 30 гадоў паміж нашымі дзяржавамі склаліся па-сапраўднаму цёплыя, узаемапаважлівыя, даверлівыя адносіны, — адзначыў Прэзідэнт Беларусі ў віншаванні Драўпадзі Мурму з нагоды яе перамогі на прэзідэнцкіх выбарах у Індыі. — Прыемна адзначыць, што цяпер двухбаковае супрацоўніцтва выходзіць за рамкі звычайных экспартна-імпартных аперацый і мае ўхіл да пабудовы больш глыбокай кааперацыі ў галінах фармацэўтыкі, машынабудавання, сельскай гаспадаркі, прамысловасці, навукі і адукацыі». Аляксандр Лукашэнка пацвердзіў зацікаўленасць у далейшым пашырэнні беларуска-індыйскага дыялогу. Якім чынам развіваецца стратэгічнае ўзаемадзеянне паміж нашымі краінамі, у эксклюзіўным інтэрв’ю «Звяздзе» распавёў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Індыя, Народнай Рэспубліцы Бангладэш, Федэральнай Дэмакратычнай Рэспубліцы Непал і Дэмакратычнай Сацыялістычнай Рэспубліцы Шры-Ланка Андрэй Ржавускі.

— Андрэй Іосіфавіч, чаго ўдалося дасягнуць на працягу трох дзесяцігоддзяў супрацоўніцтва?

— Удалася не згубіць тое, што нас звязвала, калі мы былі адной з саюзных рэспублік. У Індыі нас дасюль памятаюць і добра ведаюць. Яны ведаюць, што мы дружалюбная краіна, ва ўсе часы Беларусь (і ў складзе СССР, і як незалежная дзяржава) дапамагала Індыі. Наша дзяржава выклікае шчырую цікавасць, павагу. Індыю прываблівае шчырасць адносін, надзейнасць, гарантавана высокая якасць прадукцыі, якую мы пастаўляем. Насамрэч за 30 гадоў удалося шмат дасягнуць. Адбыліся тры візіты Аляксандра Лукашэнкі ў Індыю. У 2017-м да нас прыязджаў прэзідэнт Індыі. Варта згадаць і візіты кіраўніцтва міністэрстваў, ведамстваў, парламента. Былі дасягнуты важныя дамоўленасці, напрацавана значная дагаворна-прававая база. Мы разглядаем Індыю як стратэгічнага парнёра ў гэтым рэгіёне. Уся наша дзейнасць накіравана на тое, каб пашырыць і паглыбіць узаемадзеянне. У нас цесныя палітычныя адносіны, мы аказваем адзін аднаму падтрымку ў сусветных арганізацыях, варта хоць бы узгадаць пазіцыю Індыі падчас нядаўняй справаздачы ІКАО па інцыдэнце з рэйсам Ryanaіr. Не варта забываць пра тое, што Індыя стаяла каля вытокаў Руху недалучэння, куды і Беларусь уваходзіць.

Аб’ём беларуска-індыйскага тавараабароту наблізіўся да 600 мільёнаў долараў, нам удалося атрымаць практычна 400 мільёнаў долараў экспарту, дадатнае сальда значна больш за 200 мільёнаў долараў. Калійныя ўгнаенні — значная пазіцыя, на якую прыпадала да 70 працэнтаў аб’ёму нашага экспарту. Мы імкнёмся да таго, каб яго структура станавілася больш разнастайнай, адыходзім ад моназалежнасці. За апошнія тры гады асартымент паставак пашырыўся на 39 пазіцый. Імкнёмся змяніць тэндэнцыю, выходзім на іншыя групы тавараў, якія, спадзяюся, зоймуць значны працэнт экспарту.

— Гэта ў тым ліку датычыцца сельскагаспадарчай прадукцыі?

— Сухое малако запатрабаванае, іншыя малочныя прадукты. Ёсць зацікаўленасць у пастаўках не толькі ў Індыі, а і ў суседніх краінах. Напрыклад, у Бангладэш запатрабаваныя пастаўкі дзіцячага харчавання на аснове якаснага беларускага малака. Там нават ёсць зацікаўленасць у тым, каб стварыць адпаведны сумесны праект. Усё гэта ў стадыі прапрацоўкі. Вялікая надзея на адну з найбуйнейшых у Паўднёвай Азіі выставак у сферы прадуктаў харчавання Іndus Food 2022, якую плануецца правесці ў лістападзе ў Нью-Дэлі з шырокім удзелам нашых прадпрыемстваў. Спадзяюся, што да гэтага часу адкрыецца прамы рэйс Мінск—Нью-Дэлі. Будзе нашмат прасцей дабірацца.

Я лічу, што вытворцам варта выходзіць з насамрэч унікальным, беларускім брэндам. Гэта можа быць як малочная прадукцыя, так і традыцыйныя напоі, той жа квас, які выдатна спаталяе смагу і ў такой гарачай краіне, як Індыя, можа карыстацца вялікім попытам. Напрыклад, у Паўднёвай Карэі, клімат якой супастаўны з індыйскім, ёсць некалькі так званых рускіх крам, дзе ў тым ліку прадаецца беларускі квас і ён карыстаецца значнай папулярнасцю.

— Актывізаваліся пастаўкі на ідыйскі рынак беларускай сельгастэхнікі, у тым ліку трактароў «Беларусь», якія, дарэчы, доўгі час тут не прысутнічалі. У чым прычына?

— Індыйскі рынак сельгастэхнікі досыць жорсткі. Тут выпускаецца шэраг брэндаў як уласнай вытворчасці, так і асноўных сусветных вытворцаў. Канкурэнцыя надзвычай высокая. Асабліва ў дыяпазоне магутнасці ад 40 да 80 конскіх сіл. Гэта самы канкурэнтны сегмент рынку. Але ж брэнд трактара «Беларус» мае свае перавагі — ён «раскручаны» яшчэ з савецкіх часоў. Яго добра памятаюць і цэняць індыйскія фермеры. Таму адна з кампаній вырашыла паспрабаваць паставіць трактары, і справа пайшла: калі летась закупілі тры, то сёлета — ужо 12. Попыт ёсць, ёсць бачанне, якім чынам працягваць гэты бізнес. Магчыма, будуць агульныя праекты з індыйскім бокам. Гаворка ідзе пра тое, каб ствараць сумесную вытворчасць пад маркай «Беларус».

15-20 гадоў не было паставак нашых трактароў. Раней закуплялі іншыя маркі, аднак цяпер індыйскія ўлады ўзялі курс на самадастатковую ў плане ўласнай вытворчасці краіну. Асабліва пасля зняцця ковідных абмежаванняў. Кіраўніцтва краіны зразумела, што варта больш пазіцый вырабляць самім. Таму цяпер актыўна развіваецца дзяржпраграма «Зроблена ў Індыі». Многія краіны ў ёй удзельнічаюць, ствараюцца сумесныя праекты. Мы таксама мяркуем актыўна далучыцца. Індыя — акно бязмежных магчымасцяў, якімі варта скарыстацца.

— А як БелАЗ сябе пачувае на індыйскім рынку?

— БелАЗ застаецца адной з найбольш перспектыўных пазіцый. Тым больш цяпер, падчас вострага недахвату вуглевадародаў, які склаўся ва ўмовах санкцый, калі Індыя раскансервавала вугальныя станцыі. Патрэба ў вугалі проста каласальная. Адпаведна, ёсць значны попыт на БелАЗы. Наша тэхніка належным чынам адаптавана для работы ва ўмовах вільготнага і гарачага клімату. БелАЗ упэўнена выйграў два тэндары: у 2019 годзе на 77 кар’ерных самазвалаў грузападымальнасцю 130 тон, а летась на 96 220-тонных машын.

ААТ «Гомсельмаш» сумесна з кампаніяй DVR Іnfratech Prіvate Lіmіted у чэрвені 2017-га стварыла ў Індыі СП «Гомсельмаш-Індыя». У 2017–2018 гадах вытворчае аб’яднанне «Беларуснафта» паспяхова ажыццявіла два сумесныя праекты ў галіне павышэння нафтааддачы пластоў на радовішчах Дыгбой і Чабуа (штат Асам). А ў пачатку лютага 2020-га падпісаны кантракт з індыйскай дзяржаўнай нафтагазавай карпарацыяй ONGC на падбор рэцэптуры паверхнева-актыўных рэчываў (ПАР) для павышэння нафтааддачы пластоў на шасці індыйскіх радовішчах.

— Якім чынам развіваецца інвестыцыйнае супрацоўніцтва?

— Тэндэнцыі пазітыўныя — летась прыток прамых інвестыцый з Індыі істотна вырас. Тут варта згадаць супрацоўніцтва ў фармацэўтычнай сферы: з удзелам індыйскага боку рэалізоўваюцца тры праекты, яшчэ адзін — у стадыі актывізацыі. Ёсць яшчэ некалькі вельмі актыўных напрацовак з найбуйнейшымі індыйскімі вытворцамі як субстанцый, так і гатовай прадукцыі, у тым ліку паўфабрыкатаў, інгрыдыентаў вытворчасці. Плануецца стварыць у Беларусі сучасную вытворчасць па найноўшых тэхналогіях з выкарыстаннем індыйскага капіталу. Цяпер вядуцца перагаворы, ёсць шанц, што мы да канца года выйдзем на практычныя зрухі.

Плённа працуе сумесная камісія па навукова-тэхнічным супрацоўніцтве. Апошняе яе пасяджэнне прайшло ў 2020 годзе, чарговае адбудзецца сёлета. Плануецца абмеркаваць у тым ліку супрацоўніцтва ў галіне нанатэхналогій. Сёлета ажыццяўляецца дзевяць сумесных праектаў у сферы навукі і тэхналогій. Да гэтага перспектыўнага кірунку падключаны Дзяржкамітэт па навуцы і тэхналогіях, а таксама Акадэмія навук.

Нарошчваецца экспарт паслуг. Вялікі перспектыўны напрамак — адукацыйныя паслугі. Колькасць індыйскіх студэнтаў, якія навучаюцца ў беларускіх ВНУ, у прыватнасці, па медыцынскім профілі, штогод павялічваецца. У 2021/2022 навучальным годзе ў ВНУ Беларусі на платнай аснове навучалася каля 900 індыйскіх грамадзян.

— Некалькі гадоў таму ў Беларусі з удзелам індыйскіх партнёраў меркавалася стварыць індустрыяльны парк. Што з гэтым праектам?

— Мы доўга прапрацоўвалі адпаведнае пытанне, гэта адзін з пунктаў пратакола даручэнняў Прэзідэнта. Сучасны мультымадальны індустрыяльны парк прапаноўвалася стварыць на базе асаблівай эканамічнай зоны «Брэміна-Орша». Мы зрабілі некалькі прэзентацый для індыйскага боку, у тым ліку ў межах дзясятай міжурадавай камісіі 4-5 сакавіка 2020 года (літаральна напярэдадні ўвядзення ковідных абмежаванняў), калі быў праведзены першы беларуска-індыйскі інвестыцыйны форум. Адзначаўся пэўны інтарэс з боку індыйскіх кампаній да праекта. Паколькі меркавалася атрыманне заўважных эканамічных ільгот, што было замацавана адпаведным указам Прэзідэнта. Аднак пандэмія і абмежаванні ў тым ліку для бізнесу прыпынілі гэты працэс. Не адмаўляемся ад перспектыўнай ідэі, усяляк прасоўваем яе. Тым больш што яна падмацавана фінансамі — існуе крэдытная лінія, якая была выдзелена ў 2015 годзе ў рамках першага візіту прэзідэнта Індыі ў Беларусь.

— Значнага змяншэння аб’ёму беларуска-індыйскага тавараабароту з-за пандэміі і санкцый не адбылося. Як удалося захаваць узровень?

— Вялікія напрацоўкі былі ў 2019 годзе, вялікія планы на 2020-ты. З аб’ектыўных прычын не ўсё ўдалося рэалізаваць, але ж здолелі захаваць узровень экспарту. Ва ўмовах пандэміі наладзілі перамяшчэнне неабходных нашых спецыялістаў на спецыяльных авіярэйсах, яны ў Індыі называюцца «мыльныя бурбалкі». Для асобных катэгорый грамадзян прадугледзелі магчымасць пазбегнуць карантыну, вядома, пры наяўнасці адпаведных сертыфікатаў аб вакцынацыі. Таму людзі прыязджалі, працавалі, праводзілі перагаворы. Былі арганізаваны відэаканферэнцыі. Пасольства не прыпыняла работу, дапамагалі ўсім. Летась было яшчэ цяжэй, паколькі Індыя спынілася практычна на два месяцы. Людзі паміралі тысячамі, усё было зачынена. Усе імкнуліся выжыць. Але ж і летась катастрафічнага згортвання паставак не адбылося, экспарт прасеў літаральна на некалькі працэнтаў.
Мы мэтанакіравана рушым да запаветнага мільярда долараў тавараабароту, робім дзеля гэтага ўсё магчымае. Заўтра адбудуцца кансультацыі паміж МЗС, на якіх будуць у тым ліку абмяркоўвацца перпектыўныя кірункі двухбаковага ўзаемадзеяння. Да канца года мяркуем правесці чарговае (адзінаццатае) пасяджэнне міжурадавай камісіі па супрацоўніцтве. Яе ўзначальваюць міністры прамысловасці дзвюх краін, будуць абмяркоўвацца канкрэтныя праекты, якія мы падрыхтуем да таго часу. Не выключаю і падпісання буйных кантрактаў.

— Вялікія спадзяванні ў плане актывізацыі двухбаковага супрацоўніцтва ўскладаюцца на візіт у Беларусь прэм’ер-міністра Індыі Нарэндры Модзі. Калі ён адбудзецца?

— Візіт Нарэндры Модзі ў Беларусь планаваўся на 2020 год, аднак з аб’ектыўных прычын не адбыўся, паколькі з пачаткам пандэміі каранавіруса ўсё змясцілася. Цяпер плануецца, што візіт кіраўніка Індыі мае адбыцца ў канцы гэтага альбо ў першай палове наступнага года.

— Як развіваецца культурнае супрацоўніцтва, у тым ліку ў кінавытворчасці? Я чуў, што з Балівудам актыўна працуем…

— Надзвычай перспектыўнае супрацоўніцтва ў культурнай галіне. Шмат разнастайных праектаў рэалізоўваецца, у тым ліку ў кінаіндустрыі. Сёлета ў Індыі прайшоў фестываль беларускага кіно. У канцы 2019 года ў нашу краіну прыязджала індыйская здымачная група. Здымалі кіно — такім чынам з’явілася карціна «Атрад» з беларускімі краявідамі. Яна была паказана ў пачатку гэтага года па Netflіx. Фільм добра прыняты індыйскай аўдыторыяй. У індыйцаў ёсць імкненне прыехаць на новыя кінапраекты ў Беларусь. І мы ў гэтым зацікаўлены, паколькі выдатна разумеем, што фільмы — адзін з механізмаў пазнання краіны. У Індыі вельмі папулярна праз кіно даведвацца пра іншыя дзяржавы, а пасля наведваць пэўныя мясціны. Іншыя краіны нават прадастаўлялі на льготных умовах свае здымачныя пляцоўкі, а пасля ўзрастаў паток індыйскіх турыстаў. Адна з важных задач — развіццё ўязнога турызму, гэтым актыўна займаемся. У Індыі адкрыта прадстаўніцтва беларускай кампаніі «Белінтрэвэл». Ёсць візавыя цэнтры, з якімі мы супрацоўнічаем. Нацэленыя на пашырэнне супрацоўніцтва і ствараем умовы для прыцягнення гасцей. Індыйскія турысты, якія маюць пашпарт з адкрытай шэнгенскай візай, могуць уехаць у Беларусь да 30 дзён без візы. Думаю, калі адкрыецца прамы авіярэйс, то паток турыстаў заўважна ўзрасце. У абодвух кірунках, паколькі беларусы таксама актыўна цікавяцца Індыяй.

— Акрамя Індыі, у зоне вашай адказнасці таксама яшчэ некалькі суседніх краін. Як з імі супрацоўнічаем?

— Найбольш актыўна развіваецца супрацоўніцтва з Бангладэш. Рэальна заўважна, што гэтая краіна развіваецца. Там праводзіцца значнае інфраструктуране будаўніцтва — узводзяцца дарогі, будынкі. Таму ёсць вялікі патэнцыял для пашырэння паставак нашай дарожна-будаўнічай тэхнікі, у прыватнасці, «Амкадора», МАЗа, сельгастэхнікі. Прасоўваецца праект па стварэнні вялікага прадстаўніцтва нашай прамысловасці ў Бангладэш, куды маглі б увайсці МТЗ, МАЗ, «Белкамунмаш», «Амкадор». Плануецца стварэнне мультымадальнага гадлёвага дома, які б дазваляў не толькі прадаваць, а і арганізоўваць абслугоўванне тэхнікі. Гэта вялікі перспектыўны праект, які разлічаны на працяглую прысутнасць у гэтай краіне.

З Непалам складаней, як правіла, яны гатовыя працаваць на ўмовах канцэсіі. Былі напрацоўкі па пастаўках беларускай дарожнай тэхнікі. У краіне разгарнулася вялікая будоўля ў горнай мясцовасці — узводзяцца дарогі, масты, тунэлі. Аднак пакуль не выйшлі на канкрэтныя дамоўленасці. У Непал плануецца візіт нашай дэлегацыі. Па Шры-Ланцы праекты замарожаны, паколькі цяпер краіна знаходзіцца ў стадыі банкруцтва. Таксама ёсць яшчэ Мальдывы, Бутан, якія самі нічога практычна не вырабляюць. На Мальдывах адбываецца вялікая будоўля, таму існуе тэарэтычны попыт на нашу тэхніку. Так што трэба працаваць, шукаць нішы, тады і вынік належны будзе. Рэгіён надзвычай перспектыўны.

Гутарыў Мікалай ЛІТВІНАЎ

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.