Вы тут

У пятніцу і суботу сіноптыкі нам абяцаюць нават 32—33 градусы


А ў мінулыя выхадныя на тэрыторыі нашай краіны было не толькі халаднавата, але і дажджліва. У нядзелю Беларусь знаходзілася ў арбіце ўплыву цыклону Frіeda і яго актыўных атмасферных франтоў. Ссоўваючыся ўздоўж заходніх межаў, цыклон прынёс дажджы рознай інтэнсіўнасці, месцамі нават паспелі прагрымець навальніцы. Аднак больш за ўсё нябеснай вільгаці дасталася заходнім рэгіёнах. Разам з тым тэмпературны фон у Беларусі быў даволі кантрасным і вагаўся ад плюс 18 градусаў па паўночным захадзе да плюс 29 градусаў па паўднёвым усходзе краіны. На гэтым тыдні нас чакае пацяпленне і памяншэнне колькасці дажджоў, паведамляюць спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра гідраметэаралогіі, кантролю радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.


Фота: pixabay.com

2 жніўня ў другой палове дня пераважна па ўсходняй палове пройдуць кароткачасовыя дажджы. Месцамі чакаюцца навальніцы. Тэмпература паветра ўначы складзе плюс 12—17 градусаў, а максімальная тэмпература днём дасягне плюс 22—28 градусаў.

У сераду надвор'е будзе пераважна без ападкаў. Толькі ў асобных раёнах па паўднёвым усходзе краіны чакаюцца кароткачасовыя дажджы з навальніцамі. Уначы і раніцай месцамі будзе слабы туман. Ноччу тэмпература паветра будзе плюс 8—14 градусаў, а па паўднёвым усходзе дасягне плюс 17 градусаў. Удзень паветра прагрэецца да плюс 22—27 градусаў.

Суперцёплыя дні прыйдуць да нас ужо ў чацвер. У гэты дзень прагназуецца пераважна без ападкаў. У начныя і ранішнія гадзіны месцамі магчымы слабы туман. Тэмпература паветра ўначы будзе плюс 8—15 градусаў, а па паўднёвым усходзе — плюс 17 градусаў. Днём слупок тэрмометра падымецца ад плюс 25 градусаў да 30 цяпла.

Самы гарачы дзень на гэтым тыдні — у пятніцу. Спецыялісты чакаюць, што 5 жніўня будзе пераважна без ападкаў. Уначы і раніцай у асобных раёнах краіны слабы туман. У начныя гадзіны тэмпература паветра будзе трымацца на ўзроўні плюс 12—18 градусаў, а днём паветра прагрэецца да 26—33 градусаў спякоты.

Паводле папярэдніх прагнозаў айчынных сіноптыкаў, у суботу спякота злёгку адпусціць. У гэтыя суткі ноччу па захадзе, а днём на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы, месцамі магчымы навальніцы. Уначы тэмпература паветра складзе плюс 14—20 градусаў, удзень будзе вагацца ад плюс 20 градусаў па паўночным захадзе да плюс 32 градусаў па паўднёвым усходзе краіны.

Спякота пачне адступаць па ўсёй тэрыторыі краіны толькі ў нядзелю. У гэты дзень месцамі па Беларусі сіноптыкі абяцаюць кароткачасовыя дажджы і навальніцы. Тэмпература паветра ўначы будзе вагацца ад плюс 9 градусаў па паўночным захадзе да плюс 18 градусаў па паўднёвым усходзе краіны. Максімальная тэмпература днём будзе ад плюс 20 градусаў па паўночным захадзе да 28 цяпла па паўднёвым усходзе краіны.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Вогненныя вёскі. Нельга забыць. Драмлёва: Жудасны попельны верасень

Вогненныя вёскі. Нельга забыць. Драмлёва: Жудасны попельны верасень

У пякельным драмлёўскім агні абарваліся жыцці 183-х чалавек.