Вы тут

Ужо праз месяц чакаецца новая хваля COVІD-19


Сусветная арганізацыя аховы здароўя прагназуе новую хвалю COVІD-19 восенню-зімой бягучага года. Беларускія медыкі згодныя з гэтым і чакаюць уздыму захваральнасці ўжо ў канцы жніўня —- пачатку верасня. Як падрыхтавацца да яго? Каму варта рабіць бустарную прышчэпку? Ці варта перад гэтым вымяраць узровень антыцелаў? Якімі вакцынамі робяцца такія прышчэпкі? Пра гэта і іншае гутарым з урачом-эпідэміёлагам, загадчыкам аддзялення імунапрафілактыкі аддзела эпідэміялогіі Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Марынай Качкан.


Фота: pixabay.com

— Марына Віктараўна, растлумачце, што такое бустарная прышчэпка? Якой вакцынай яна можа выконвацца? Ці можна прышчапіцца кітайскай вакцынай?

— Бустарная прышчэпка — гэта дадатковае (паўторнае) увядзенне вакцыны праз нейкі пэўны час пасля атрымання асноўнага або папярэдняга дадатковага курса вакцынацыі. Гэта робіцца для заахвочвання імуннай сістэмы і прымушае яе зноў выпрацоўваць антыцелы да інфекцыйнага агента.

У дачыненні да каранавіруснай інфекцыі бустарная вакцынацыя праводзіцца праз 6 і больш месяцаў пасля скончанай першаснай вакцынацыі і (або) раней праведзенай бустарнай вакцынацыі. У адпаведнасці з нарматыўнымі дакументамі Міністэрства аховы здароўя бустарная прышчэпка можа быць выканана вакцынамі «Гам-КОВІД-Вак» або «Спадарожнік Лайт» у залежнасці ад таго, якая вакцына была ўведзена папярэдні раз. У перыяд цяжарнасці і груднога кармлення бустарная прышчэпка праводзіцца вакцынай SІNOPHARM вытворчасці КНР.

Наяўнасць вакцын неабходна ўдакладняць у арганізацыі аховы здароўя, у якой вы плануеце прышчапляцца.

— Каму паказана бустарная вакцынацыя? Праз які перыяд пасля асноўнага курса яе варта рабіць і ці трэба яе паўтараць кожныя паўгода?

— Бустарная вакцынацыя праводзіцца асобам з 18 гадоў і старэйшым праз 6 і больш месяцаў пасля асноўнага курса, а затым — кожныя паўгода.

— Калі вакцынаваўся, а потым перахварэў на COVІD-19, праз які час пасля выздараўлення рабіць бустарную прышчэпку?

— Вакцынацыя пасля перанесенага захворвання можа быць зроблена праз 2-8 тыдняў пасля выздараўлення. Гэты перыяд вызначаецца цяжарам захворвання: пры адносна лёгкім ходзе прышчэпку можна зрабіць ужо праз 2 тыдні. А калі захворванне было ў цяжкай форме з ускладненнямі, варта вытрымаць не менш за 8 тыдняў.

— А ці трэба правяраць узровень антыцелаў перад бустарнай прышчэпкай?

— Не. Мэтазгоднасць абследавання перад правядзеннем бустарнай вакцынацыі на наяўнасць антыгена або антыцелаў да віруса SARS-CoV-2 адсутнічае, бо не нясе ў сабе ніякай канкрэтнай інфармацыі для прыняцця рашэння аб вакцынацыі.

— Калі антыцелы прысутнічаюць, але ўжо прайшло шэсць месяцаў пасля асноўнага курса, ці трэба прышчапляцца?

— Так. Наяўнасць антыцелаў да COVІD-19 не з'яўляецца крытэрыем для ўвядзення вакцыны. Невядома, як доўга антыцелы пратрымаюцца на ахоўным узроўні. Бустарная доза вакцыны не перашкаджае фарміраванню імунітэту, а, наадварот, яшчэ ў большай меры павялічвае эфектыўнасць імуннай аховы арганізма.

— Калі чалавек прайшоў асноўны курс і адну бустарную прышчэпку, і пасля таго прайшло шэсць месяцаў, ці трэба зноў прышчэплівацца і якой вакцынай?

— Так. Вакцына вызначаецца ўчастковым урачом у залежнасці ад таго, якімі вакцынамі чалавек прышчапляўся раней. Напрыклад: калі ён прышчэплены любой вакцынай, а першы бустар быў выкананы вакцынай «Спадарожнік Лайт», то другі бустар робіцца другім кампанентам вакцыны «Гам-КОВІД-Вак». Калі першасная вакцынацыя выканана вакцынай «Спадарожнік Лайт», першы бустар — другім кампанентам вакцыны «Гам-КОВІД-Вак», то другі бустар робіцца першым кампанентам вакцыны «Гам-КОВІД-Вак».

— То-бок першая і другая бустарная прышчэпкі павінны рабіцца рознымі вакцынамі?

— Могуць быць выкананы рознымі вакцынамі або рознымі кампанентамі вакцыны «Гам-КОВІД-Вак».

— Калі пасля кожнай прышчэпкі асноўнага курса былі пабочныя эфекты, напрыклад, падымалася тэмпература, ці будуць яны пасля бустарнай?

— Магчыма, будуць, але не абавязкова. Прадбачыць рэакцыю арганізма немагчыма.

— За які час фарміруюцца антыцелы? За які тэрмін да ўздыму захваральнасці трэба паспець вакцынавацца?

— Для выпрацоўкі ахоўнага цітру антыцелаў арганізму неабходна звычайна два-тры тыдні пасля завяршэння першаснай серыі прышчэпак. Таму неабходна паспець прышчапіцца за месяц да ўздыму захваральнасці, улічваючы той факт, што па заканчэнні вызначанага часу, як правіла, звыш 6-12 месяцаў, напружанасць імунітэту змяншаецца. Таму лепш прытрымлівацца ўстаноўленых Міністэрствам аховы здароўя аптымальных інтэрвалаў вакцынацыі.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Працягваем знаёміць чытачоў з пробамі пяра маладых няштатных аўтараў на тэму любові да Радзімы. Яшчэ крыху — назавём пераможцаў!

Працягваем знаёміць чытачоў з пробамі пяра маладых няштатных аўтараў на тэму любові да Радзімы. Яшчэ крыху — назавём пераможцаў!

У сённяшняй «Чырвонцы. Чырвонай змене» — чарговая падборка найлепшых работ конкурсу «Адзіная краіна — адзіны народ».

Грамадства

Распіліць буралом ці нарэзаць яловых лапак. Як карыстацца лесам па закону, запыталі ў Мінлясгасе

Распіліць буралом ці нарэзаць яловых лапак. Як карыстацца лесам па закону, запыталі ў Мінлясгасе

Распіліць буралом ці нарэзаць яловых лапак. Актуальныя пытанні чытачоў.