Вы тут

Сямейны дуэт з Маларыцкага раёна ўжо 5 гадоў працуе на камбайне


Ва ўрочышчы Дуброва, сярод лесу — шырокае жытнёвае поле. Сонца ўжо хіліцца на захад, спадае гарачыня, але ўборка ідзе поўным ходам: шчыруе некалькі камбайнаў. За штурвалам аднаго — вопытны сямейны экіпаж Наталлі і Аляксандра Ківачукоў. Для Наталлі гэта ўборачная кампанія дзясятая па ліку. Першыя пяць сезонаў яна адпрацавала з бацькам Юрыем Парчэўскім. Цяпер Наталля — адзіная жанчына ў Маларыцкім раёне, хто працуе памочнікам камбайнера.


Сямейны экіпаж  Наталлі і Аляксандра Ківачукоў.

— Вось убачыла ў жыце валошкі і не ўтрымалася — папрасіла мужа спыніць камбайн, нарвала букет. Любата, праўда?!

Муж, зразумела ж, згаджаецца, бо ведае, што добры настрой толькі на карысць іх агульнай справе. Як і вопыт, майстэрства, пастаяннае адчуванне надзейнага пляча — разуменне з паўслова. За пяць гадоў сямейны экіпаж Ківачукоў намалаціў больш за 1031 тону рапсу, больш за 6 600 тон — збожжа.

Сёлетняе жніво пачалося для сужэнцаў 15 ліпеня. Спачатку яны ўбіралі рапс, потым «пераключыліся» на збожжа. На камбайне «Тукана-430» сямейны экіпаж толькі за два дні ўборкі — 2022 намалаціў амаль 116 тон зерня.

— Аляксандр Сяргеевіч, а тысячу тон сёлета намалоціце? — пытаемся ў камбайнера.

— Хацелася б. Але ж мы не ставім перад сабой нейкіх высокіх планак. Для нас з жонкай галоўнае своечасова і без страт убраць вырашчаны ўраджай. А на ўмалот уплывае шмат фактараў, у тым ліку і тыя, якія ад нас не залежаць. Вельмі важна, каб не псаваўся камбайн, каб у час уборкі не было дажджоў.

— А як вы аказаліся на камбайне? — цікавімся ў Наталлі Юр'еўны.

— Мяне змалку цягнула да тэхнікі, хацелася пакруціць стырно аўтамабіля, «пабуркаць». З лялькамі я амаль не гуляла, — прызнаецца Наталля. — За рулём з 12 гадоў. У старэйшых класах хадзіла на заняткі ў вучэбна-вытворчы камбінат пры Олтушскай сярэдняй школе, атрымала катэгорыю «А», што дало права кіраваць колавымі трактарамі...

Але ж да іх тады справа не дайшла. Пасля школы Наталля паступіла вучыцца на філалагічны факультэт Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта, атрымала дыплом настаўніцы беларускай мовы і літаратуры, потым набыла спецыяльнасць настаўніка-дэфектолага. Па ёй і працуе ў Олтушскім дзіцячым садку. А на час водпуску ўжо дзясяты год ідзе ў памочнікі камбайнера.

Адважыцца на гэта дапамог выпадак. Неяк у пачатку лета бацька Наталлі рыхтаваў да ўборкі камбайн. Механізатараў тады не хапала, аднаму, казаў, працаваць цяжка. І таму хутчэй жартам ён спытаў: «Можа, ты, дачушка, пойдзеш да мяне ў памочнікі?» Як і варта было чакаць, дачушка адразу ж згадзілася.

— Спачатку, — прызнаецца, — хвалявалася, думала, што не спраўлюся з такой вялікай хлебаўборачнай машынай. Але побач быў бацька. Я пераймала вопыт. У 2015 годзе прайшла курсы перападрыхтоўкі, адкрыла катэгорыю «D».

Цяпер Наталлю Ківачук ва ўсім падтрымлівае муж. Яго таксама змалку цягнула да тэхнікі. Пасля школы ён скончыў ПТВ-155. З Наталляй пазнаёміўся, калі прыехаў з сябрам у вёску Дворышча. Ужо пры першай сустрэчы маладыя спадабаліся адно аднаму і неўзабаве згулялі вяселле. Кіраўніцтва калгаса «Перамога», куды Аляксандр прыйшоў працаваць трактарыстам, выдзеліла маладой сям'і дом. У ім — не паспелі агледзецца — вырасла дачка, скончыла школу, паспяхова здала ЦТ, стала студэнткай. А вось камбайнерам...

Пажывём — пабачым.

Мікалай НАВУМЧЫК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.