Вы тут

Сустрэчы, прэзентацыі, акцыі…


Літаратурнае жыццё Гомельшчыны: што адбывалася апошнім часам, якія падзеі сталі галоўнымі і чаго чакаць у бліжэйшы перыяд? Сабралі асноўнае.


 У гонар Янкі Купалы

Творы класіка беларускай літаратуры прагучалі ў скверы імя Янкі Купалы. Да юных і дарослых гамяльчан на паэтычным свяце, якое адбылося каля помніка творцы ў абласным цэнтры, звярнуўся член Савета Гомельскага абласнога аддзялення СПБ, ганаровы член пісьменніцкай суполкі, вядомы беларускі паэт Міхась Болсун: 

— Творчасць Янкі Купалы — невычэрпная крыніца духоўнай сілы нашага народа. Са школьнай парты мы ведаем яго вершы, яны натхнялі многіх пісьменнікаў. А спектаклі па яго творах у праграме тэатраў і сёння. Упэўнены, што пройдуць стагоддзі, а імя нашага песняра будзе жыць у сэрцах і ў памяці пакаленняў беларусаў. Любіце роднае слова, любіце родную зямлю і свой край, які даў вам жыццё! 

У гарадскім скверы сабралося нямала тых, хто любіць творчасць класіка. Вучні школ, студэнты мясцовых ВНУ чыталі вершы, спявалі песні на словы Купалы, прэзентавалі свае малюнкі па п’есах і паэмах аўтара. Для самых маленькіх была праведзена цікавая віктарына. 

Улад ПРЫАЗЁРНЫ


«Дарога да святыняў»: напярэдадні старта 

Штогадовая міжнародная навукова-асветніцкая экспедыцыя «Дарога да святыняў» з Дабрадатным агнём ад Гроба Гасподняга сёлета ў дваццаць дзявяты раз адправіцца праз многія гарады і вёскі Беларусі ў сталіцу Дня беларускага пісьменства — у старажытны Добруш. Але пазнаёміцца з некаторыямі яе ўдзельнікамі і планамі правядзення гамяльчане змаглі ўжо цяпер: у абласной ўніверсальнай бібліятэцы імя У. І. Леніна адбылася сустрэча з актывістамі будучай экспедыцыі. 

Ігар Шаладонаў, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, кандыдат філалагічных навук, Вадзім Спрынча́н, паэ і перакладчык, а таксама Аляксандр Лабада, журналіст і фотамастак, зрабілі невялікую прэзентацыю асенняй падзеі. У цэнтры ўвагі была гісторыя экспедыцыі, яе ўдзельнікі і запамінальныя моманты вандровак з Благадатным агнём. Госці таксама адказалі на пытанні навучэнцаў і дарослых, Аляксандр Лабада прадэманстваваў найбольш цікавыя здымкі з мінулых экспедыцый, а паэт Вадзім Спрынчан, які нарадзіўся ў Гомелі, прачытаў нямала сваіх вершаў і твораў свайго бацькі — Браніслава Спрынчана. У цікавай і пазнавальнай сустрэчы бралі актыўны ўдзел творцы Гомельскага абласнога аддзялення СПБ на чале са старшынёй Уладзімірам Гаўрыловічам. 

Мікалай ІГНАТОВІЧ


Вялікае шчасце 

Незвычайныя падарункі пісьменнікам гомельшчыны падрыхтаваў Савет абласнога аддзялення СПБ. Нядаўна ў суполцы стартавала акцыя «Скажы дзякуй літаратару», сэнс якой — сказаць добрае слова пісьменнікам за іх актыўную творчую і грамадскую працу, а таксама ўручыць падарункі ад юных чытачоў. Гэта малюнкі, зробленыя вучнямі агульнаадукацыйных школ вобласці па матывах твораў гомельскіх пісьменнікаў ў рамках трэцяга абласнога конкурсу «Вясёлка над Тураўскай зямлёй», прысвечанага 140-годдзю з дня нараджэння Я. Купалы і Я. Коласа, ХХIX Дню беларускага пісьменства ў Добрушы. 

Першымі словы падзякі старшыні абласнога аддзялення СПБ Уладзіміра Гаўрыловіча пачулі ў свой адрас літаратары, якія шмат працуюць з падрастаючым пакаленнем, ладзяць нямала творчых сустрэч, дзеляцца вопытам з творчай моладдзю: паэт і перакладчык Міхась Болсун і паэтэса і празаік Ганна Атрошчанка. Дарэчы, Ганна Мікалаеўна атрымала ад юных прыхільнікаў сваёй творчасці больш дваццаці малюнкаў па матывах сваіх вершаў, апавяданняў і казак.

Міхась Болсун падчас паэтычнага свята.

— Вельмі радасна, што нашы творы дзеці прачыталі, прапусцілі праз сваю душу, а пасля намалявалі тое, што яны адчулі, што ім спадабалася. Для творцы такі водгук на твор — вялікае шчасце, — адзначыў, прымаючы сапраўды каштоўныя падарункі, Міхась Болсун. 

Адзначым, што толькі сёлета на конкурс прыслалі малюнкі больш паўтысячы юных чытачоў, з іх фіналістамі сталі каля 40 мастакоў, якія атрымаюць спецыяльныя дыпломы. З малюнкаў у Гомелі і вобласці ладзяцца выстаўкі, некаторыя з іх, безумоўна, аздобяць старонкі будучых кніг пісьменнікаў-гамяльчан. А ўладальнікаў гран-пры і першага месца конкурсу арганізатары чакаюць на Дні беларускага пісьменства, дзе ім будуць ўручаны кнігі з аўтографамі вядомых пісьменнікаў Гомельшчыны. Пераможцы, якія занялі другое і трэцяе месцы, узнагароды атрымаюць ва ўстанове адукацыі. 

Улад ПРЫАЗЁРНЫ


З любоўю да роднага Добруша

З літаратурна-музычнай канцэртнай праграмай «Добруш — сталіца Дня беларускага пісьменства» ў абласной універсальнай бібліятэцы выступілі член СПБ, кіраўнік народнага літаратурна-паэтычнага клуба «Натхненне» (працуе на базе Добрушскай цэнтральнай раённай бібліятэкі) Людміла Яськова і мясцовы бард Аляксей Скачкоў. 

Канцэртная праграма стала ўвасабленнем разважанняў аб вайне, маці, праблемах сучаснасці. Важныя для кожнага чалавека тэмы склаліся ў шматколерную карціну малой радзімы, імя якой — родны Добруш. Абодва выступоўцы вельмі любяць свой раённы цэнтр. Паэтка Людміла Яськова, напрыклад, нарадзілася ў Расіі, але ў 1964 годзе яе сям’я пераехала ў Добруш. Творца сэрцам прыкіпела да гэтага старажытнага гарадка. Апошнія больш за два дзясяткі гадоў працуе ў Добрушскай цэнтральнай раённай бібліятэцы, клапоціцца пра самадзейных аўтараў. І сама піша: выдала некалькіх зборнікаў паэзіі для дарослых і дзяцей, сярод якіх — «Званы душы» і «Сонечны зайчык». 

Бард Аляксей Скачкоў — добрушскі аўтар-выканаўца, ўдзельнік і лаўрэат многіх творчых конкурсаў. Нядаўна ён атрымаў бліскуючую перамогу на міжнародным конкурсе «Верны, Айчына, табе» і стаў лаўрэатам абласнога этапу рэспубліканскага фестывалю-конкурсу бардаўскай песні «Кветкі Вялікай Перамогі», чым вельмі парадаваў сваіх землякоў. Дарэчы, Людміла і Аляксей — актыўныя ўдзельнікі шматлікіх музычна-паэтычных свят, творчых сустрэч з паэтамі Беларусі і Расіі. 

Мікалай ІГНАТОВІЧ


Дзякуй, пісьменнік!

У гомельскай бібліятэцы-філіяле імя І. П. Мележа прайшла сустрэча з паэтэсай, лаўрэатам абласной літаратурнай прэміі імя Кірылы Тураўскага Інай Спасібінай. Шчырая размова пакінула ў душах чытачоў незабыўны след. Пра гэта сведчаць і радкі пісьма, якое днямі прыйшло ў Савет абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі»: «Вельмі хочам падзякаваць Спасібінай Іне Мікалаеўне за выдатную сустрэчу з навучэнцамі 8-х класаў гімназіі № 14 г. Гомеля, якая прайшла на базе бібліятэкі імя І. Мележа. Светлы, добры, чысты, выдатны чалавек, цікавая паэтка, вершы якой напісаны сэрцам. На сустрэчы панавала атмасфера дабра, чысціні, узаемаразумення. Паэзіяй Іны Мікалаеўны пранікліся васьмікласнікі і педагогі, якія прысутнічалі на сустрэчы з гэтай выдатнай жанчынай, самабытнай паэткай, чалавекам з цікавым лёсам. З павагай — настаўніца Жадэйка Жана Фёдараўна і навучэнцы 8-х класаў гімназіі № 14 г. Гомеля». Ад сябе скажам: вельмі прыемна, калі такія водгукі прыходзяць у адрас сучасных літаратараў.

Улад ПРЫАЗЁРНЫ 


«Бураціна» запрашае...

У аддзеле абслугоўвання вучняў 1–5 класаў Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі імя У. І. Леніна, якім кіруе Наталля Нікіціна, ўсё лета бурліць жыццё. Тут працуе літаратурная гасцёўня «Бураціна», дзе ладзяцца творчыя сустрэчы з гомельскімі пісьменнікамі. Такія імпрэзы, на думку загачыцы, дапамагаюць дзецям не толькі зразумець існасць чалавечага жыцця, адчуць асалоду ад роднага слова, але і па-асабліваму выхоўваюць, адкрываюць «дзверы» ў родную прыроду і навакольны свет. 

Ганна Атрошчанка ў літаратурнай гасцёўні «Бураціна».

Нядаўна ў «Бураціна» адбылася сустрэча з Ганнай Атрошчанка. Беларуская пісьменніца і казачніца крыху расказала пра сябе, прачытала новыя творы, якія дужа спадабаліся дзеткам, адказала на іх шматлікія пытанні. Маленькія чытачы з гомельскай сярэдняй школы № 24 прачыталі яе вершы на беларускай мове. На развітанне зрабілі агульны калектыўны фотаздымак, а дзеці папрасілі, каб у хуткім часе Ганна Мікалаеўна зноў пазнаёміла з новымі казкамі.

Мікалай ІГНАТОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?