Вы тут

Што робіцца для паляпшэння экалагічнай сітуацыі ў Мінску


Павелічэнне выкарыстання электробусаў, працяг будаўніцтва трэцяй лініі метро, стварэнне электразарадных станцый і веладарожак, выдзяленне палос для грамадскага транспарту і развіццё маршрутнай сеткі наземнага гарадскога электрычнага пасажырскага транспарту павінны паспрыяць Беларусі рухацца да вугляроднай нейтральнасці. А каб стымуляваць насельніцтва да раздзельнага збору адходаў, варта ўстанавіць на іх два тарыфы. Адзін (вельмі высокі) — на захаванне адходаў, — каб жыхарам было нявыгадна захоўваць іх. Другі (меншы) — на паслугу па абарачэнні з другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі (ДМР). Калі ў кантэйнерах для ДМР смецця акажацца больш — насельніцтва заплаціць менш. Пра сістэму раздзельнага збору смецця і абарачэнне з адходамі, а таксама маніторынг якасці сталічных паветра, рачной вады і шкодных выкідаў прадпрыемстваў расказалі эксперты.


Індыкатар стану навакольнага асяроддзя

Нацыянальная сістэма маніторынгу як такая была створана ў Беларусі ў 1993 годзе. Сюды ўваходзяць 13 відаў маніторынгу па асноўных кампанентах навакольнага асяроддзя. Гэта маніторынг атмасфернага паветра, паверхневых і падземных вод, зямель, лясоў, расліннага і жывёльнага свету, азонавага слою, радыяцыйныя, фізічныя маніторынгі, лакальны маніторынг наваколля. У 2015-м з'явіўся комплексны маніторынг натуральных экалагічных сістэм на асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях (ААПТ), а сёлета далучыўся комплексны маніторынг тарфянікаў, расказала Марына Каліновік, кансультант упраўлення аналітычнай работы, навукі і інфармацыі галоўнага ўпраўлення экалагічнай палітыкі, міжнароднага супрацоўніцтва і навукі Мінпрыроды.

— У межах маніторынгу спецыялісты назіраюць, якія тэндэнцыі існуюць, ацэньваюць і прагназуюць змяненне даных. Маніторынг — гэта індыкатар стану навакольнага асяроддзя, дзякуючы якому відаць, дзе неабходна найбольш аператыўнае рэагаванне.

За радыяцыйны і лакальны маніторынг, а таксама маніторынг паветра і паверхневых вод адказвае Мінпрыроды. Камітэт дзяржаўнай маёмасці маніторыць землі, НАН Беларусі займаецца геафізічным комплексным маніторынгам ААПТ, маніторынгам жывёльнага і расліннага свету, а таксама тарфянікаў.

Штогод ствараецца навуковы агляд нацыянальнай сістэмы маніторынгу, які змяшчаецца на сайце httрs://www.nsmоs.bу і даступны ўсім зацікаўленым. На лічбавы варыянт прадстаўлення звестак перайшлі з 2006-га. А змешчаная тут інфармацыя будзе карыснай пры напісанні курсавых работ, дыпломаў і нават дысертацый, а таксама тэрытарыяльным органам Мінпрыроды і мясцовым уладам, паколькі ўсе звесткі абгрунтаваныя і заканадаўча падмацаваныя, заўважыла Марына Каліновік. Падрабязная інфармацыя з картамі ў анлайн-рэжыме з аўтаматычных пунктаў назірання змяшчаецца таксама на сайце Белдзяржгідрамета:

— Акрамя маніторынгу, якім займаюцца дзяржорганы і які фінансуецца з бюджэту, існуе лакальны маніторынг, адказнасць за які нясуць прыродакарыстальнікі і развіваюць яго за ўласныя сродкі. Пры гэтым Мінпрыроды адказвае за колькасць і месцы размяшчэння пунктаў назірання ў межах лакальнага маніторынгу.

Назіранне бесперапыннае, дыскрэтнае, раз на год і раз на месяц

З 2017 года Галоўны інфармацыйна-аналітычны цэнтр Нацыянальнай сістэмы маніторынгу навакольнага асяроддзя (ГІАЦ НСМНА) функцыянуе на базе службы экалагічнай інфармацыі Белдзяржгідрамета. Гэтая арганізацыя адказвае за маніторынг паверхневых вод, атмасфернага паветра і радыяцыйны маніторынг, абазначыла Паліна Пальчэх, вядучы інжынер службы экалагічнай інфармацыі Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя:

— Маніторынг атмасфернага паветра Мінска праводзіцца на 12 пунктах назірання, у тым ліку пяці аўтаматычных станцыях і сямі пунктах з дыскрэтным рэжымам адбору проб. На аўтаматычных станцыях на праспекце Незалежнасці, вуліцах Ціміразева, Радыяльнай, Каржанеўскага і Герояў 120-й дывізіі назіранне за ўтрыманнем забруджвальных рэчываў вядзецца бесперапынна, а на дыскрэтных пунктах — тры-чатыры разы за суткі.

Метэаралагічныя ўмовы летась у асноўным былі спрыяльнымі для рассейвання забруджвальных рэчываў у прыземным слоі атмасферы, і якасць паветра ацэньвалася як добрая, вельмі добрая і ўмераная, паведаміла эксперт. Нестабільная экаабстаноўка адзначалася ў асобныя непрацяглыя перыяды. У лютым, напрыклад, у адным з раё-
наў назіралася павелічэнне ўзроўню забруджвання паветра азотадыяксідамі. Павелічэнне ўтрымання ў паветры цвёрдых часціц зафіксавана ў красавіку і напрыканцы ліпеня, а ўвогуле летам адзначаецца павелічэнне ўтрымання фармальдэгіду прыземнага азону.

Маніторынг паверхневых вод на тэрыторыі Мінска праводзіцца ў вадзе рэк Свіслач, Лошыца, вадасховішчаў Лошыца і Дразды, а таксама возера Камсамольскае. Назіранне па гідрабіялагічных паказчыках у іх праводзіцца раз на год, па гідрахімічных — раз на месяц, а на вадаёмах — чатыры разы на год кожныя два гады. У асноўным стан паверхневых вод ацэньваецца як добры, удакладніла спецыяліст. Як паказвае практыка, прыярытэтныя рэчывы, залішняя канцэнтрацыя якіх найчасцей за іншыя фіксуецца ў вадзе, — гэта біягенныя элементы (р. Свіслач каля н. п. Каралішчавічы і р. Лошыца), радзей — арганічныя рэчывы.

Электратранспарт, веладарожкі, метро

Лакальны маніторынг у Мінску праводзяць буйныя прадпрыемствы («Мінскэнерга», Мінскі трактарны завод, «Керамін», «Мінсккамунцепласеткі» і іншыя) па крыніцах, агульная колькасць якіх перавышае 80, расказала Настасся Пракаповіч, начальнік аддзела кантролю за аховай атмасфернага паветра, водных рэсурсаў і нетраў Мінскага гарадскога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя:

— Пры наяўнасці перавышэнняў па гэтых крыніцах лакальнага маніторынгу шкода наваколлю не выстаўляецца. Робіцца гэта толькі тады, калі даныя будуць зафіксаваны з дапамогай аўтаматызаваных сістэм кантролю. Па выніках леташніх назіранняў перавышэнняў у Мінску устаноўлена не было.

Па папярэдніх ацэнках паветра, валавы агульны выкід за 2021-ы паменшыцца на 1,2 тысячы тон і складзе менш за 130 тысяч тон. Скарачэнне выкідаў забруджвальных рэчываў у атмасферу ад стацыянарных мабільных крыніц дасягнута за кошт ліквідацыі крыніц выкідаў, павышэння эфектыўнасці газаачысных установак, абнаўлення аўтапарка, пашырэння сеткі электрафіцыраванага транспарту, дадала яна.

У зоне асаблівай увагі камітэта — кантроль за выкананнем умоў ажыццяўлення выкідаў забруджвальных рэчываў у паветра Мінскім трактарным заводам у частцы рэканструкцыі ліцейнай вытворчасці. Сёлета прадпрыемства плануе ўвесці ў эксплуатацыю дзве індукцыйныя печы, што дазволіць скараціць выкіды на 1600 тон у год (8,7 % ад агульнай колькасці выкідаў прадпрыемстваў горада) і палепшыць экаабстаноўку ў зоне ўплыву МТЗ.

Больш за 80 % забруджвання паветра стварае аўтатранспарт, таму пераход ад вуглевадароднага транспарту да электрычнага — адзін з напрамкаў укаранення і пашырэння выкарыстання нізкавугляродных тэхналогій, якія садзейнічаюць пераходу да вугляроднай нейтральнасці, адзначыла Настасся Пракаповіч:

— У межах нацыянальнага плана дзеянняў па зялёнай эканоміцы ў Мінску ўжо 42 % электрыфікаваных пасажырскіх сродкаў пры плане дзяржпраграмы «Транспартны комплекс» на 2021—2025 гады 27,4 %.

Лекі, шыны, батарэйкі...

Штогод у Мінску ствараецца каля трох мільёнаў тон адходаў вытворчасці. Амаль усе яны перапрацоўваюцца — больш як 90 % з іх падлягаюць выкарыстанню. Камунальнага ж смецця ствараецца штогод каля 700 тысяч тон, і толькі каля 30 % такіх адходаў вымаецца і перапрацоўваецца, адзначыла Алена Аўраменка, начальнік аддзела кантролю
за абыходжаннем з адходамі Мінскага гарадскога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя:

— Для адходаў, якія ўтрымліваюць ртуць, а таксама батарэек, лямпаў, бытавой тэхнікі і небяспечных адходаў арганізаваны збор у кантэйнеры ў месцах продажу такога абсталявання. Для вывазу буйнагабарытнай тэхнікі існуе заявачны прынцып ад насельніцтва.

Пратэрмінаваныя лекі можна прынесці ў спецыяльныя кантэйнеры ў 20 сталічных паліклініках (потым іх вывезуць на спальванне). Летась мінчане прынеслі больш за 1000 тон такога смецця. Летась «Мінскзелянбуд» увёў у эксплуатацыю лінію па кампасціраванні «зялёных адходаў», якія ствараюцца на тэрыторыях агульнага карыстання.

— З адходамі шкла, паперы і пластыку, якія збіраюцца ў асобныя кантэйнеры, сітуацыя горшая, бо ўсе гэтыя адходы ў змешаным выглядзе адпраўляюцца на сартавальныя лініі, — дадала эксперт. — Прычына, што такія адходы слаба перапрацоўваюцца, па-першае, у тым, што насельніцтва збірае недастаткова такіх адходаў праз кантэйнеры. Па-другое, у змешванні такіх адходаў у смеццявозе, дзе яны ўшчыльняюцца, пасля чаго адсартаваць адходы практычна немагчыма.

Летась камітэт правёў 70 выбарачных праверак, 440 маніторынгаў, 77 мерапрыемстваў тэхнічнага характару, па выніку якіх было выдадзена больш за 850 пунктаў прадпісанняў і звыш як 2200 рэкамендацый. 99 % з іх былі выкананы своечасова.

Прааналізаваўшы парушэнні з раздзельным зборам смецця, камітэт накіраваў у Мінгарвыканкам прапановы, каб адходы, сабраныя жыхарамі раздзельна, вывозіліся гэтаксама асобна — па днях тыдня. Тады на лінію будуць трапляць толькі пластык, папера або шкло, адсартаваць якія будзе значна лягчэй. Падобная практыка ўжо працуе на Гродзеншчыне, дзе паперу возяць на перапрацоўку асобна. Прапануецца і стварэнне адзінай электроннай сістэмы ўліку, у якой можна будзе ўбачыць, якія нарыхтоўшчыкі і перапрацоўшчыкі колькі і калі прынялі адходаў.

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Памяць

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.