Вы тут

Другое сэрца мужчыны. Проста аб праблемах прастаты


Прастата патрабуе рэгулярнага клопату аб сабе. Аднак шматлікія прадстаўнікі моцнай паловы дрэнна ведаюць, як засцерагчы яе ад захворванняў і як лячыцца правільна. Чым небяспечныя нерэгулярнае палавое жыццё і холад? Чаму на стале ў кожнага мужчыны павінны быць арэхі, зеляніна і гарбузовыя семачкі? Якія сляды на ўсё жыццё пакідае прастатыт? І з якімі сімптомамі варта адразу звяртацца да ўрача? Пра гэта і іншае гутарым з уролагам вышэйшай катэгорыі Вольгай Антонавай.


— Вольга Віктараўна, з-за чаго ўзнікаюць запаленчыя працэсы ў прастаце?

— Адразу адзначу, што прастата — другое сэрца мужчыны. Гэта той важны орган, ад якога залежыць настрой, жыццялюбства, стан душы, палавое і сямейнае жыццё. Таму яе нельга недаацэньваць.

Што датычыцца запаленняў у прастаце, на гэта ёсць некалькі прычын. Найперш сядзячы лад жыцця. Многія сёння шмат сядзяць падчас працы, і гэта выклікае застой у прастаце. Тое ж самае датычыцца і нерэгулярнасці палавога жыцця. Калі секс рэдкі, то застойныя працэсы ў прастаце вядуць да запалення.

— Рэдкі секс — гэта колькі?

— Раз на тры-чатыры тыдні. Тут, вядома, многае залежыць ад узросту і тэмпераменту. Італьянцы, напрыклад, і ўсходнія еўрапейцы генетычна маюць высокі ўзровень тэстастэрону. У іх патрэба — штодзень ці праз дзень, у славян патрэба можа быць ніжэйшай. Аднак сярэдні рытм, які рэкамендуе Сусветная арганізацыя аховы здароўя, — два-тры разы на тыдзень. Гэта лічыцца рэгулярным палавым жыццём. З практыкі магу сказаць, што запаленне ўзнікае ад адсутнасці сексу больш за тры-чатыры тыдні.

Яшчэ адным фактарам, акрамя застою, з'яўляецца холад. Мужчыны, якія любяць маржаваць, аблівацца халоднай вадой, скакаць пасля лазні ў купель ці халоднае возера, вельмі моцна рызыкуюць. Ад холаду запаленчы працэс можа зарадзіцца і абвастрыцца. Першапрычына — гэта ўласная мікрафлора, такія бактэрыі, напрыклад, як энтэракок ці кішэчная палачка, а правакацыйны фактар — холад.

Недахоп цынку ў харчаванні — яшчэ адна прычына. Багатыя на цынк морапрадукты — марская рыба, вустрыцы, крэветкі, мідыі, васьміногі. З беларускіх прадуктаў — белыя гарбузовыя і кабачковыя семачкі, зеляніна і арэхі ўсіх відаў. Гэта прадукты must have, якія мусяць быць у рацыёне кожнага мужчыны. Вось такія асноўныя правакацыйныя фактары.

Таксама вострае запаленне ў прастаце можа выклікаць ужыванне моцнага алкаголю ў вялікай дозе. Часта здараецца, што пасля добрага свята ўзнікае востры запаленчы працэс у прастаце.

— Як праяўляе сябе прастатыт? Ці можна гэтыя сімптомы з нечым пераблытаць?

— Востры запаленчы працэс ні з чым не пераблытаеш. Непакоіць высокая тэмпература цела, вышэй за 38 градусаў, напор струменю мачы становіцца слабым, з'яўляецца боль унізе жывата, пад яечкамі, у зоне прамежнасці. Для любога мужчыны высокая тэмпература і адсутнасць катаральных з'яў — насмарку, болю ў горле, кашлю — гэта нагода звярнуцца да ўролага, каб выключыць прастатыт.

— У якім узросце часцей здараецца прастатыт?

— У любым узросце. У маладых людзей гэта захворванне можа быць звязана з інфекцыямі, якія перадаюцца палавым шляхам, бо гэта сексуальна актыўны ўзрост. Але, як я ўжо казала, правакаваць іх можа і ўласная мікрафлора, абвастраючы праблему на фоне холаду ці застою.

У пажылых людзей таксама бываюць прастатыты. Яны звязаны з сядзячым ладам жыцця, пераахаладжэннем і нават гарманальнай перабудовай.

— Што рабіць, каб захворванне не перайшло ў хранічную форму?

— Весці здаровы спосаб жыцця — больш рухацца, хадзіць хаця б увечары. Калі вы на рабоце сядзіце, то праз кожныя 45 хвілін трэба 15 хвілін пахадзіць ці размяцца. Другі важны момант — знаходзіцца ў цяпле. Не трэба правакаваць развіццё прастатыту, скачучы ў халодную ваду пасля лазні, бо ўсё гэта можа сумна заканчвацца. Ну і рэгулярнае палавое жыццё.

Калі ж узнік востры прастатыт, то толькі спецыяліст мусіць яго лячыць, і гэта дастаткова доўгі час — да месяца. Гэта захворванне, якое патрабуе сур'ёзнага падыходу.

— Якія аналізы варта здаваць? Як дыягнаставаць прастатыт?

— Пацыент мусіць прыходзіць да ўролага, які яго апытвае і робіць агляд. У першую чаргу як скрынінгавы метад прызначаецца ўльтрагукавая дыягностыка, дзе адразу відаць павелічэнне прастаты, павышэнне яе эхагеннасці. Ёсць яшчэ інструментальныя і лабараторныя даследаванні — аналізы крыві і мачы. У аналізе мачы таксама маюцца характэрныя для захворвання змяненні — павышэнне лейкацытаў, эрытрацытаў, бялку. Таксама ёсць прыбор, які вызначае ўрадынаміку — напор струменю мачы, хуткасць яе выдзялення.

Варта не саромецца і звярнуцца да ўролага. Падчас аднаго візіту ўсё будзе высветлена і лячэнне прызначаць адразу.

— Чым небяспечны хранічны прастатыт? Ці ёсць у яго нейкія наступствы?

— Калі ў прастаце некалі быў востры запаленчы працэс, ён пакідае свае сляды. Гэта ачагі фіброзу і кальцынаты — адкладанні кальцыю ў ачагах запалення. Іх мы бачым на УГД як наступствы перанесенага вострага прастатыту. Папросту кажучы, гэта рубцы ў прастаце, якія самі па сабе не нясуць небяспекі.

Аднак важна добра лячыць востры працэс, каб не было пераходу ў хранічны. Апошні небяспечны тым, што магчымыя змяненні ў палавым жыцці, напрыклад, скарачэнне палавога акта ці парушэнне эрэкцыі. Таксама могуць быць расстройствы мочаспускання, напрыклад, напор струменю мачы становіцца слабейшым ці пачашчаецца мочаспусканне днём або ўначы. Яшчэ адзін момант — болі. Яны часта могуць узнікаць пад яечкамі ці ўнізе жывата, аддаваць у машонку, прамежнасць. Гэта ўласцівы прастатыту сімптом.

— А ці магчымае палавое жыццё падчас хваробы на прастатыт?

— Канешне. І палавое жыццё тут выступае нават як лячэбны фактар, бо адсутнасць сексу абцяжарвае прастатыт.

— Для жанчыны гэта не небяспечна?

— Калі запаленчы працэс не выкліканы патагеннымі мікраарганізмамі, інфекцыямі, якія перадаюцца палавым шляхам, то звычайна ніякай небяспекі для жанчыны няма. Аднак у кожнай сітуацыі трэба кансультавацца з уролагам.

— Што такое сіндром тазавага болю ў мужчын?

— Гэта цэлы сіндрамальны комплекс, які здараецца як у маладых, так і ў пажылых пацыентаў. Сіндром абдамінальнага болю (у жываце) — боль каля пупка і вышэй, а тазавы боль — гэта боль ніжэй пупка. Ён пастаянны і непакоіць, чалавек не можа жыць, спаць, есці, займацца сексам нармальна. Хранічны тазавы боль, які доўжыцца больш за тры месяцы, патрабуе расследавання (дадатковай дыягностыкі). Сіндром тазавага болю можа быць звязаны з многімі хваробамі. У жанчын гэта праблемы па гінекалогіі, у мужчын — з прастатай, яечкамі. Таксама прычынай болю могуць стаць кішэчнік ці пазваночнік. Калі маецца грыжа дыска ў паяснічна-крыжавым аддзеле пазваночніка, сціскаецца нервовы карэньчык, і па ходзе сядалішчнага нерва боль аддае ў тазавыя органы і ніз жывата. Таксама болі могуць выклікаць запаленне касцей таза, праблемы з тазасцегнавымі суставамі.

Кожны такі болевы сіндром патрабуе расследавання. Пачынаць звычайна рэкамендуюць з візіту да ўролага, бо часта сіндром тазавага болю звязаны з уралагічнымі праблемамі. Пры неабходнасці падключаюцца сумежныя спецыялісты, у прыватнасці неўролаг. Ці нават псіхатэрапеўт, бо хранічны тазавы боль вымотвае і вядзе да псіхасаматычных праяў, напрыклад, дэпрэсіі.

— Ці ёсць нейкія сучасныя методыкі, якія дазваляюць хутчэй спраўляцца з тым жа прастатытам?

— Уролагі цяпер узброены выдатным абсталяваннем, якое дазваляе вельмі эфектыўна лячыць прастатыт, сіндром тазавага болю і нават паляпшаць палавое жыццё. На дадзены момант самае эфектыўнае — гэта сучасныя фізіяпрацэдуры. Адна з іх — ударна-хвалевая тэрапія. Фізіяпрацэдуру выконвае сам доктар. Спецыяльны апарат стварае хвалі, якія «прастукваюць» адпаведныя зоны. Гэта дазваляе атрымаць выдатныя эфекты: паляпшэнне адтоку сакрэту і кровазвароту ў зоне прамежнасці, прастаты, яечак, дзякуючы чаму ўстараняецца запаленне і паляпшаецца палавая функцыя — і эрэкцыя, і працягласць палавога акту. Эфект ёсць нават на клетачным узроўні: аднаўляюцца клеткі крывяноснай і нервовай сістэм. Гэта новая методыка, якая прыйшла да нас з Германіі. Такая апаратура пакуль маецца ў нешматлікіх медыцынскіх цэнтрах.

Другі перспектыўны метад — HІLT (Hіgh Energy Laser Therapy) — высокаінтэнсіўная лазерная тэрапія. Дзякуючы лазернаму ўздзеянню на нервовыя карэньчыкі зоны болю, за адзін-тры сеансы дасягаецца купіраванне болевага сіндрому. Гэта важны момант у ліквідацыі хранічнага тазавага болю ў мужчын.

І трэці метад — магнітатэрапія. Пацыент садзіцца ў адмысловае крэсла і, дзякуючы магнітнаму полю, дасягае супрацьацёчнага, супрацьболевага эфекту і паляпшэння палавой функцыі.

Гэта тры кіты, якія дазваляюць цалкам пазбавіцца прастатыту. Эфект вельмі добры.

— А ці ёсць методыкі для паляпшэння палавога жыцця?

— Ударна-хвалевая тэрапія — метад нумар адзін для паляпшэння сексуальных магчымасцяў і аднаўлення мужчынскай патэнцыі. Я гэта бачу на практыцы і магу сказаць: пакуль нічым іншым дасягнуць абнаўлення палавога жыцця немагчыма. Мужчыны з захапленнем кажуць, што нарадзіліся наноў.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».