Вы тут

Грамадскі маніторынг — магчымасць падтрымаць чалавека працы


Старшыня Гомельскага раённага Савета дэпутатаў Вікторыя Ладуцька і старшыня раённага аб'яднання прафсаюзаў Ларыса Леглік упэўненыя, што грамадскі маніторынг — гэта не толькі пра кантроль, але і пра магчымасць шчыра падтрымаць чалавека працы на зямлі.


Старшыня раённага Савета дэпутатаў Вікторыя Ладуцька  і прафсаюзны лідар Гомельскага раёна Ларыса Леглік, намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце  ААТ «Птушкафабрыка «Расвет» Вікторыя Прыходзька і галоўны аграном Дзмітрый Калугін.

Палявая культура бяспекі

На полі гаспадаркі ААТ «Птушкафабрыка «Расвет» на ўборцы аўса працуе новы газаматорны камбайн. На момант з'яўлення ў полі дэпутата і прафсаюзнага лідара раёна ідзе працэс запраўкі тэхнікі — набліжацца да машын староннім асобам забаронена. Каб паразмаўляць з камбайнерам, яго памочнікам і кіроўцам, задзейнічаным на адвозцы збожжа, неабходна пачакаць.

— Настроеныя, калі надвор'е не падвядзе, да канца тыдня поўнасцю завяршыць уборку збожжавага каласавога палетка, — кажа галоўны аграном гаспадаркі Дзмітрый Калугін, з якім якраз атрымліваецца пагутарыць, пакуль ідзе запраўка тэхнікі.

Прадпрыемства — у лідарах раёна па тэмпах уборкі. Плануюць закласці ў засекі каля чатырох тысяч тон толькі збожжавых культур.

Па словах намесніка дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ «Птушкафабрыка «Расвет» Вікторыі Прыходзькі, на ўборачнай у гаспадарцы задзейнічана звыш 50 чалавек. Усе яны забяспечаны неабходнай спецвопраткай. Арганізавана работа катлапункта — двухразовы прыём гарачых страў. У спёку работнікаў, якія працуюць у полі і не маюць магчымасці ахаладзіцца, абавязваюць спыняцца на 10-хвілінны дадатковы адпачынак. На такія моманты ў рабоце якраз і звяртае ўвагу старшыня Гомельскага раённага аб'яднання прафсаюзаў Ларыса Леглік.

— За гэты перапынак варта спаласнуць вадой твар, рукі. Абавязкова захоўваць пітны рэжым, — адзначае Ларыса Яўгенаўна. — У гэтай гаспадарцы не зафіксавана парушэнняў па стварэнні ўмоў працы, па захаванні заканадаўства па ахове працы ў перыяд уборачнай кампаніі.

Прафсаюзны лідар уважліва вывучае абстаноўку ў кабіне камбайна:

Дырэктар ААТ «Сцяг Радзімы» Міхаіл Рубан расказаў старшыні райсавета дэпутатаў Вікторыі Ладуцька і прафсаюзнаму лідару раёна Ларысе Леглік, як у гаспадарцы арганізавана другасная занятасць непаўналетніх.

— Правяраю, ці ёсць у работніка аптэчка, абавязкова кантралюю па спісе, што ў ёй у наяўнасці. Фіксую, як захоўваецца парадак у кабіне. Адзначаю, спраўныя ці не кандыцыянеры, і ўвогуле якая тэмпература ў кабіне. Правяраецца падчас маніторынгу таксама ўстойлівасць крэсла кіроўцы камбайна.

Ларыса Яўгенаўна падкрэслівае, што асаблівая ўвага падчас маніторынгу — спецвопратцы і абутку, у якіх выходзяць у рэйс механізатары. Пад строгай забаронай шлёпанцы, любы абутак, які нетрывала фіксуецца на назе. Раённы прафсаюзны лідар адзначае, што гаспадаркі імкнуцца забяспечыць працаўнікоў, задзейнічаных на ўборачнай, усім неабходным у гэтым плане. Але, на жаль, сярод некаторых работнікаў яшчэ назіраецца абыякавасць да патрабавання выкарыстоўваць спецвопратку і абутак. Кульгае культура адносін да бяспекі рабочага працэсу.

— Таксама на кантролі як галіновага прафсаюза, так і райаб'яднання — прымяненне ў рэальнасці ўмоў працы, якія прапісаныя ў калектыўных дагаворах, — адзначае Ларыса Леглік.

Старшыня Гомельскага раённага Савета дэпутатаў Вікторыя Ладуцька дзеліцца сваімі высновамі пасля грамадскага маніторынгу:

— Падчас наведвання сельгасарганізацый раёна, сустрэч з супрацоўнікамі можна ацаніць рабочую атмасферу ў калектыве. Прасачыць, як вядзецца заахвочванне да якаснай работы на месцах, стымуляванне да ініцыятыўнасці ў рабоце, замацаванне маладых кваліфікаваных спецыялістаў.

Праца і дысцыпліна

Наступным аб'ектам маніторынгу дэпутацкага і прафсаюзнага лідараў стала гаспадарка, вядомая не толькі ў раёне, але нават за межамі рэгіёна — ААТ «Сцяг Радзімы». На яе базе цяпер ажыццяўляецца буйны інвестпраект АПК Гомельшчыны — будаўніцтва малочнатаварнай фермы на тысячу галоў дойнага статка.

— «Сцяг Радзімы» — прадпрыемства, у якім не бывае затрымак з выплатай заработнай платы работнікам. Сярэдняя зарплата за першае паўгоддзе сёлета — 1480 рублёў, — адзначае старшыня райсавета дэпутатаў Вікторыя Ладуцька. — Праца і дысцыпліна, працоўная і тэхналагічная — кірункі ў рабоце, абраныя дырэктарам Міхаілам Рубанам. На яго стыль кіраўніцтва раўняюцца многія гаспадаркі рэгіёна.

Не так даўно сельгаспрадпрыемства стала месцам правядзення практыка-арыентаваных заняткаў удзельнікаў праекта Гомельскага аблвыканкама «Школа маладога кіраўніка». Пераймаўся вопыт ААТ «Сцяг Радзімы» выканання ўсіх этапаў палявых работ.

Дарэчы, цяпер падчас уборачнай кампаніі гаспадарка актыўна дапамагае атрымаць першы працоўны вопыт і паспрабаваць свае сілы ў аграгаліне вясковай моладзі. Сёння ў гаспадарцы праз працоўныя дагаворы ўладкавана восем непаўналетніх. На зернетаку якраз рабочая змена сёлетніх выпускнікоў Маркавіцкай сярэдняй школы Гомельскага раёна. На змене — Ганна Пятрэнка, Сяргей Мамрукоў і Марыя Крукава. Моладзь з радасцю расказвае дэпутату і прафсаюзнаму лідару раёна аб сваёй першай рабоце і неблагім заробку ў гаспадарцы.

— Працуем па зменах — з 8 да 14 або з 14 да 20 гадзін. Наша задача — сачыць за парадкам, трымаць у належным выглядзе зерняток пасля выгрузкі збожжа, — па-страявому рапартуе моладзь. — Хутка зарплата, на нас аформленыя карткі, куды будуць пераводзіцца грошы, — дзеляцца хлопец і дзяўчаты. Кажуць, за ўвесь час работы па дагаворы плануюць зарабіць не менш за 600 рублёў кожны.

Падобныя маніторынгі гаспадарак — выдатная магчымасць на свае вочы паглядзець, чым жывуць і як працуюць нашы людзі на зямлі, перакананыя старшыня Гомельскага райсавета дэпутатаў Вікторыя Ладуцька і старшыня раённага аб'яднання прафсаюзаў Ларыса Леглік.

— Гэтыя людзі сёння працуюць у тым ліку для забеспячэння сацыяльнай сферы нашага раёна, і аб гэтым не толькі нельга забываць, але варта тое заўсёды адзначаць, — упэўненая Вікторыя Ладуцька. — У перыяд уборачнай кампаніі ніколі не будуць лішнімі словы ўдзячнасці, самая шчырая падтрымка.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Пазбавіцца лішняга. На якіх дыетах рэальна знізіць вагу і пры гэтым аздаравіцца?

Пазбавіцца лішняга. На якіх дыетах рэальна знізіць вагу і пры гэтым аздаравіцца?

Пагаворым пра спосабы прывесці вагу ў норму, губляючы ў сярэднім па 0,5-2 кг у тыдзень.

Калейдаскоп

Схаваныя праваслаўныя жамчужыны Беларусі. Зможаце знайсці іх усе? Тэст

Схаваныя праваслаўныя жамчужыны Беларусі. Зможаце знайсці іх усе? Тэст

У 2022 годзе адзначаецца 1030-годдзе Полацкай епархіі.