Вы тут

Жыць па-людску. 70-гадовая пенсіянерка стала валанцёрам


Было, Тамары Іванаўне Панфіловіч прапаноўвалі стаць старастай вёскі. Але адмовілася, не захацела абцяжарваць сябе статусам. Хай пасада і грамадская, але ж усё роўна трэба браць на сябе адказнасць. Яна гатовая дапамагаць іншым, але выключна па сваім жаданні. А гэта не адно і тое ж. Калі ёй нядаўна ўручылі Падзяку ад Магілёўскага райвыканкама, нават разгубілася. За што? Так, неабыякавая, але ж нічога тут звышнатуральнага няма. На вёсцы так заўсёды было. Проста прывыкла жыць па-людску...


Пра Тамару Іванаўну даведалася ад загадчыка аддзялення першаснага прыёму, аналізу і інфармавання і прагназавання Магілёўскага раённага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Вольгі Ермаковай. Яна патэлефанавала ў рэдакцыю з просьбай напісаць пра валанцёра сярэбранага веку. «Такіх, як наша Тамара Іванаўна, адзінкі, трэба, каб пра іх ведалі. На вёсцы гэта нашы першыя памочнікі. Хоць мы даведваемся пра іх ад трэціх асоб — тых, каму яны дапамагаюць. Гэтыя людзі звычайна вельмі сціплыя, нават пакрыўдзіцца могуць, што ім удзялілі ўвагу. Але ж яны сабе цаны не ведаюць».

Яно і сапраўды крыху дзіўна. Звычайна дапамагаюць пенсіянерам, а тут сама пенсіянерка — сацыяльная дапамога ў адной асобе. Сацработнікаў кранулі перш за ўсё яе шчырасць і дабрыня. Самой ужо крыху за 70, але яна ўзяла на сябе клопат пра амаль 90-гадовага дзядулю. Пенсіянер не можа самастойна сябе абслугоўваць, перамяшчаецца з дапамогай хадункоў, а блізкіх і родных побач няма. Дзядулю хацелі аформіць на сацыяльны ложак, але ён адмовіўся. Маўляў, ёсць памочніца. Яна і ежу прыгатуе, і снег у двары зімой пачысціць, і са святамі павіншуе.

— Мы пазнаёміліся з гэтай памочніцай і пераканаліся, што яна чалавек вялікай душы. Жыва рэагуе на чужы боль і заўсёды гатовая падаць руку дапамогі, — расказвае Вольга Ермакова. — Пажылым адзінокім людзям вельмі не хапае ўвагі. Яны нямоглыя, але пакідаць свае родныя хаты і пераязджаць у сацыяльныя ўстановы не жадаюць. І калі знаходзяцца памочнікі, вельмі ўдзячныя ім. Тым больш што наша Тамара Іванаўна робіць гэта бясплатна. Выключна ад шчырага сэрца.

Звычайна на вёсцы праблемамі жыхароў займаецца стараста, ён акумулюе пытанні аднавяскоўцаў і даносіць да мясцовай улады. Да яго ідуць па дапамогу, пытаюцца парады. Яны карыстаюцца аўтарытэтам і іх прозвішча ведаюць усе. Тамара Панфіловіч стараста, як той казаў, «без партфеля». Яна добра разумее, як цяжка жыць на вёсцы і асабліва адзінокім. Таму нават не чакае, калі яе папросяць дапамагчы. Сама ідзе і пытаецца, чым можа быць карысная.

Сакрэт яе дабрыні просты. Жанчына са шматдзетнай сям'і, і для яе прыкладам на ўсё жыццё сталі бацькі. Івана Максімавіча Сяргейчанку у вёсцы Залессе, дзе жыла іх вялікая сям'я, дагэтуль успамінаюць добрым словам. У 18 гадоў пайшоў на фронт, пад Кёнігсбергам быў цяжка паранены, страціў руку. Пасля вайны пэўны час працаваў старшынёй сельсавета. Заўсёды дапамагаў, чым мог. Маці Ганна Данілаўна таксама была жанчына рэдкай дабрыні. Да яе ўся вёска па парады хадзіла. Лёс яе не быў лёгкім. У вайну шмат гора пабачыла. Немцы здзекаваліся з людзей, прымушалі шукаць міны. Аднойчы прымусілі ўзяць у рукі вілы і пагналі перад сабой правяраць дарогу. Так і ішлі, пакуль пад нагамі не ўзарваўся замініраваны масток. Ганну кантузіла, але яна засталася жывая. Затое некалькі аднавяскоўцаў літаральна разарвала на часткі. Сярод іх была і цяжарная жанчына. Той жах немагчыма было забыць.

— Нашы бацькі жылі цяжка, шмат працавалі, але заўсёды былі адкрытыя для людзей, заўсёды прыходзілі ім на дапамогу. І яны для мяне прыклад. Я хачу, каб і мяне людзі паважалі, — кажа суразмоўніца.

Яна не адмаўляе нікому, хто звяртаецца да яе па дапамогу. Пайшла з жыцця жанчына з вёскі, і Тамара Іванаўна па просьбе дачкі памерлай, якая жыве ў горадзе, хадзіла карміць коціка, а летам парнік адчыняла-зачыняла. Або быў такі выпадак: убачыла, як дзве жанчыны бульбу капаюць, цяжка ім. Хуценька сабралася, узяла кошык і да іх далучылася. Якраз і пазнаёмілася бліжэй з новымі суседкамі — яны дом сабе ў вёсцы купілі.

Нават муж пра сваю Тамару Іванаўну (менавіта так паважліва ён яе называе на працягу ўсяго жыцця) кажа: ёй помнік пры жыцці ставіць трэба. Не ўсякая нявестка сваю свякроўку будзе даглядаць, тым больш ляжачую. А вось яна стала для хворай жанчыны большым, чым для некаторых дачушка. Усё рабіла для яе з любоўю, не папракаючы.

А калі ў мужа памёр брат, яна яшчэ і яго жонку даглядала пасля інсульту. Ёй прапаноўвалі аформіць апякунства, але яна адмахнулася: маўляў, я ж не дзеля грошай тое раблю.

Апошнім часам да яе сталі звяртацца, каб дапамагла сабраць у апошні шлях нябожчыка. Яна і гэтым людзям не адмаўляе. Усміхаецца, што ўсіх нябожчыкаў у вёсцы перамыла. За такую справу не ўсякі яшчэ возьмецца, хоць гэта сапраўды менавіта той выпадак, калі трэба чалавеку дапамагчы. Ён страціў блізкага і сам мае патрэбу ў падтрымцы.

Наогул у вёсцы ўсе ведаюць, калі трэба кудысьці паехаць, Тамара Іванаўна і дом прыгледзіць, і курэй замкне, і сабаку або ката пакорміць. Вось і ідуць да яе з надзеяй. Яна для аднавяскоўцаў — нешта накшталт «хуткай дапамогі», яна нікому не адмаўляе. Лічыць, што калі робіш дабро дзеля дабра, яно абавязкова вяртаецца. Калі дапамагае іншым, думае пра тое, што нехта калісьці дапаможа і яе дзецям. І ад гэтага на сэрцы становіцца цёпла і хораша. І нават забывае пра свой узрост. У самой не хапае сіл трымаць гаспадарку, хоць калісьці яна была вялікая. Цяпер засталіся толькі куры, кот да сабака. І ім таксама патрэбны догляд. Але і радасць ад іх ёсць. Бывае, дрэнна стане, галава забаліць, а коцік падыдзе, ляжа побач і лечыць. І боль сапраўды адступае. Закон дабрыні працуе і тут.

Намеснік старшыні Вендаражскага сельсавета Віталь Смалякоў кажа, што неабыякавыя людзі на вёсцы заўсёды былі на вагу золата. Частку народных праблем яны бяруць на сябе. І робяць гэта не дзеля грошай або пахвалы, а ад шчырага сэрца.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.