Вы тут

«Перажыць давялося многае... Нават тое, што здавалася немагчымым»


З Любоўю Паўлаўнай Ругно мы пазнаёміліся ў шпіталі інвалідаў вайны. Не верылася, што ёй ужо дзевяноста (!). І што вось столькі наогул можна пражыць, нягледзячы на ўсе выпрабаванні.


— Маё дзявочае прозвішча Андрэева, — гаворыць жанчына. — Бацька, Павел Якаўлевіч, быў кадравым афіцэрам, маці, Ірына Пятроўна, працавала сястрой-гаспадыняй у бальніцы. У мяне быў старэйшы брат Валодзя. Мы жылі ў Быхаве і гора, можна сказаць, не ведалі, пакуль не пачалася вайна.

Перад самым яе пачаткам татаву вайсковую часць адправілі на вучэнні. З таго часу мы пра яго нічога не ведалі. Мама знішчыла ўсе дакументы, якія сведчылі, што мы афіцэрская сям'я. Такім чынам, нам пашчасціла заставацца жывымі і разам. А потым пачаліся аблавы.

Я добра памятаю, як прапаў наш Валодзя. Мама тады аббегала ўвесь горад, хадзіла ў камендатуру... Знаёмы чыгуначнік падказаў, што Валодзю разам з іншымі хлопцамі і дзяўчатамі немцы схапілі, загрузілі ў вагоны-цялятнікі, і цягнік паехаў. Куды? Невядома.

Нас з мамай схапілі падчас наступнай аблавы. Спалоханых і галодных, павезлі ў Германію... Помню, як высадзілі на нейкай станцыі, далі па дзве вараныя бульбіны, як сталі сартаваць: мужчын і жанчын — асобна, дзяцей — асобна. Нам, адарваным ад маці, загадалі грузіцца ў машыны...

Любе тады было 14, яна спатыкнулася — упала пад грузавік. Маці ў тым гармідары загадала ёй ні ў якім разе адтуль не вылазіць... Такім чынам ім пашчасціла застацца разам.

...У новым лагеры, у драўляных бараках за калючым дротам, маці і дачка Андрэевы знаходзіліся два месяцы і галадалі так, што страшна ўспомніць: за шчасце лічылі, калі перападала па некалькі сухароў ды па місцы баланды.

Час ад часу лагер наведвалі баўэры, што выбіралі работнікаў для сваёй гаспадаркі. Адна з немак пальцам паказала на Ірыну Пятроўну і Любу. Так маці і дачка сталі батрачкамі.

На ферме іх было некалькі: палякі Вацэк і Францык, украінкі Даша і Маша, рускі хлопец Васіль. Работы хапала ўсім: шматгектарнае поле, больш за дваццаць кароў, столькі ж свіней. А вось ежы...

Ірына Пятроўна і Люба жахнуліся, калі ў першы ж дзень у кашы, якая больш нагадвала рэдкі суп, заўважылі... чарвей. «Пратэставаць — пустая справа, — растлумачылі палякі, што працавалі тут два гады. — Іншай ежы не будзе. Прывыкайце да гэтай».

А што яшчэ заставалася, калі на тыдзень гаспадары выдавалі па кілаграме хлеба. На сняданак — гарачая вада без нічога, на вячэру — чарвівая каша, абеду не было зусім... Зрэдку, праўда, з'яўлялася магчымасць нешта ўхапіць на полі, на кухні альбо на ферме. Ды толькі з вялікай рызыкай, бо за ўсім і ўсімі пільна сачыла наглядчыца Гільда, якая дакладвала гаспадару аб кожнай «вольнасці з боку нахабных славян». А ўжо потым той гаспадар...

Ім быў высокі, на выгляд — інтэлігентны мужчына (казалі — эсэсавец, афіцэр, нейкая шышка). Раз-пораз ён на нейкі тыдзень-другі знікаў, а калі з'яўляўся...

— Пройдзе па полі, — успамінае Любоў Паўлаўна, — заўважыць прапушчаную пустазеліну, дык мала што накрычыць, наб'е, дык яшчэ і паставіць да сценкі, пачне страляць — у паветра як быццам, але ж хто яму, сабаку, верыў?

Факт, што палонныя жылі ў пастаянным страху.

Ці не найбольш даставалася Любе, якую немец любіў цягаць за вушы і біць... За што? За любую правіну: за тое, што з'ела некалькі клубніц, што на кухні выпіла трохі булёну ад варкі мяса, а на ферме — столькі ж сырадою, за тое, што ў двухпавярховым асабняку не да бляску вымыла падлогі.

Эсэсавец увесь час і як толькі мог прыгнятаў, ішоў у наступ на сваіх паднявольных. Але ж неяк пайшлі і на яго. Люба тады даіла карову, немец назіраў, і яму здалося, што некалькі струменяў малака праляцела міма вядра. Таму ён падскочыў да дзяўчыны, стаў цягаць за вушы. Васіль, які працаваў паблізу на ўборцы гною, вырашыў заступіцца: наставіўшы вілы, рушыў на немца са словамі: «Ты што, гад, робіш?!» Нічога падобнага нелюдзь, відаць, не чакаў і, збялеўшы, стаў адступаць назад...

Ніхто не зразумеў тады, чаму ён не ўспомніў пра свой пісталет, не ўзяўся страляць? Відаць, добра спужаўся, бо потым крыху паспакайнеў — перастаў лютаваць. Парабчукі палічылі гэта сваёй перамогай.

...А праз колькі месяцаў прыйшло і вызваленне. Дашу з Машай і дзвюх Андрэевых чырвонаармейцы ўзялі на работу ў вайсковую часць, потым яны вярнуліся ў свае родныя мясціны.

Любоў Паўлаўна скончыла школу рабочай моладзі, нейкі час жыла і працавала ў Кінешме, прыехала ў Быхаў. Тут выйшла замуж за афіцэра, з якім пераехала ў Гомель, выгадавала чацвярых дзяцей. У адной з дачок цяпер і жыве.

Уладзімір ПЕРНІКАЎ

г. Гомель

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Цяльцам не варта расслабляцца.

Адукацыя

Якія якасці павінны быць у сапраўднага настаўніка?

Якія якасці павінны быць у сапраўднага настаўніка?

Напярэдадні прафесійнага свята педагогаў у Нацыянальным прэс-цэнтры абмеркавалі імідж настаўніка, усебаковае развіццё студэнтаў педагагічных ВНУ і новыя праекты.

Адукацыя

Якія прыярытэты ў сучаснай дашкольнай адукацыі?

Якія прыярытэты ў сучаснай дашкольнай адукацыі?

Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.