Вы тут

У гарадской ратушы ўручаны пагоны 70 маладым супрацоўнікам


У знакавым для сталічнай міліцыі рытуале прынялі ўдзел начальнік ГУУС Мінгарвыканкама генерал-маёр міліцыі Міхаіл Грыб, яго намеснікі, начальнікі службаў і падраздзяленняў ведамства, ветэраны органаў унутраных спраў. А галоўныя героі мерапрыемства — выпускнікі Акадэміі МУС і Магілёўскага інстытута МУС.


— Ваша маладосць, актыўнасць, настойлівасць, свежы погляд павінны стаць лакаматывам удасканалення не толькі мінскай міліцыі, але і ўсёй сістэмы ўнутраных спраў у цэлым, — адзначыў Міхаіл Грыб. — Ваша задача — годна выконваць службовыя абавязкі: прысягу прымаюць адзін раз. Вы — дзяржаўныя людзі. Думайце над сваімі дзеяннямі і ўчынкамі. Увага і аналіз сітуацыі — галоўнае, што патрэбна ў нашай рабоце. Няхай непахіснымі ісцінамі для вас стануць адданасць прысязе, Радзіме, сапраўдным каштоўнасцям.

Начальнік ГУУС Мінгарвыканкама ўручыў маладым лейтэнантам табельную зброю і службовыя пасведчанні супрацоўнікаў ведамства.

Сярод тых, хто ў ліку 70 лейтэнантаў уліўся ў шэрагі праваахоўнікаў, — выпускнікі Акадэміі МУС Данііл Яфрэменка і Артур Вараўка. Абодва скончылі факультэт крымінальнай міліцыі. Абодва будуць працаваць у аддзеле па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі РУУС Фрунзенскага раёна.

— Выдатны калектыў, цікавая праца — гэта тое, да чаго імкнуліся ўсе гады вучобы, — распавялі мне хлопцы. — Раскрыццё эканамічных злачынстваў — няпростая, але ганаровая праца. Ад добрасумленнага вядзення бізнесу залежаць узровень жыцця супрацоўнікаў прадпрыемстваў і дабрабыт краіны.

Лейтэнант міліцыі, інспектар ДПС Савецкага РУУС горада Мінска Яўген Валанцей падзяліўся з карэспандэнтам «Звязды» сваімі ўражаннямі:

— 4 гады адвучыўся ў Акадэміі МУС, спасцігаў асновы нашай службы. Канешне, я меў тэарэтычныя ўяўленні аб тым, якой будзе наша служба, хадзіў на практыку, але ў жыцці ўсё зусім іншае. Цяпер працую ў складзе інспектараў ДПС Савецкага РУУС. Праца цікавая, і мне падабаецца. Таксама я люблю мець жывыя зносіны з людзьмі, сустракаю розны кантынгент.

Што датычыцца нашага мерапрыемства, то ўсё вельмі ўрачыста. Так і чакаў, што збяруць усіх нас выпускнікоў, каб ва ўрачыстай абстаноўцы ўручыць пасведчанні, выказаць важныя парады перад тым, як паўнавартасна ўліцца ў калектыў супрацоўнікаў ГУУС сталіцы.

Маладыя афіцэры, якія атрымалі сёння службовыя пасведчанні, будуць працаваць у падраздзяленнях крымінальнага вышуку, па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі, супрацьдзеянні кіберзлачыннасці, наркакантролю і супрацьдзеянні гандлю людзьмі, у дарожна-патрульнай службе і гэтак далей. Многія пачнуць кар'еру з пасады ўчастковага інспектара.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?