Вы тут

«Важна разумець, якога ўзроўню дасягаў гераізм людзей»


Кажуць, што будучыня краіны — гэта моладзь, таму мы павінны думаць аб яе развіцці і дасягненнях ужо цяпер. Але пры гэтым не павінны забываць аб мінулым. Бо калі б не адкрыцці, подзвігі і перамогі нашых продкаў, не было б таго свету, у якім мы жывём. Максім Рыбнікаў — адзін з тых падлеткаў, хто разумее гэта і, нягледзячы на юны ўзрост, з'яўляецца сапраўдным патрыётам сваёй краіны, дапамагаючы астатнім не забываць аб подзвігах беларускага народа падчас вайны. Ён удзельнік Паста нумар адзін горада-героя Мінска і начальнік варты.


— Усё пачалося з конкурсу «Патрыёт», — расказвае юнак. — У час падрыхтоўкі да мерапрыемства я ўпершыню сустрэў намесніка начальніка штаба Паста нумар адзін. Ён дапамагаў нам адпрацоўваць страявую падрыхтоўку, было заданне размясціць пагоны па званнях у парадку ўзрастання, заданні, звязаныя з гісторыяй Вялікай Айчыннай вайны. Мяне абралі тады начальнікам Ганаровай варты. Гэта вельмі ўзрадавала. Я з вялікім задавальненнем паўдзельнічаў у тым мерапрыемстве. Мы ўсе вельмі доўга да яго рыхтаваліся, і наша школа атрымала агульную ацэнку за нясенне Вахты памяці пяць балаў па пяцібальнай сістэме. З таго часу прымаем актыўны ўдзел у акцыях, прымеркаваных да гістарычных дат, як адна з найлепшых змен.

Мы заступалі на пост 23 лютага, 22 чэрвеня ў чатыры гадзіны раніцы, 1 верасня, у дзень блакады Ленінграда, былі ў Брэсцкай крэпасці, ускладалі кветкі ў скверы Марата Казея. 22 сакавіка, у трагічную дату, наш атрад наведаў мемарыяльны комплекс «Хатынь». Як аказалася, з мяне атрымаўся вельмі нават нядрэнны начальнік, за што мяне і ўзнагародзілі 1 верасня граматай Камітэта па адукацыі Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта.

— А як ты стаў начальнікам Ганаровай варты Паста нумар адзін?

— На конкурсе перад намі была пастаўлена задача паказаць, як мы заступаем на пост да Вечнага агню. Для гэтага трэба было абраць начальніка. Намеснік начальніка штаба Паста нумар адзін убачыў ува мне дысцыплінаванага хлопца з лідарскімі якасцямі, што я і даказаў на самім конкурсе. Вось і падчас паста мяне абралі як чалавека з досведам. Вядома, не ўсім гэтае рашэнне было па душы. На той момант я быў у сёмым класе. І гэта быў самы малодшы ўзрост за ўсю гісторыю Паста нумар адзін, у якім заступалі на вахту. Уяўляеце? Першы ў гісторыі начальнік-сямікласнік, узнагароджаны граматай за праяўленне лідарскіх якасцяў.

— Як блізкія ставяцца да ўсяго, што адбываецца з табой?

— Бацькі здзівіліся, даведаўшыся, што мяне абралі начальнікам для конкурсу. Але ў большым шоку яны былі, калі ім стала вядома, што мяне адбіраюць для нясення Вахты памяці. Але, вядома ж, мяне падтрымлівалі, як і ва ўсіх іншых пачынаннях. Сябры паставіліся з павагай.

— З якімі цяжкасцямі сутыкаўся падчас нясення Ганаровай вахты памяці?

— У першую чаргу — надвор'е. Першы раз мы неслі вахту ў лютым, гэтыя пяць дзён абсалютна адрозніваліся адзін ад аднаго надвор'ем. Былі і снег, і дождж, і яркае сонца, і мароз мінус дзевятнаццаць градусаў. Самае жудаснае было, калі ў адзін дзень прайшоў спачатку дождж, а потым тэмпература апусцілася ніжэй за нуль. Яшчэ адна цяжкасць — гэта форма, якую трэба кожны раз падганяць пад сябе. Тым больш яна заўсёды розная ў залежнасці ад надвор'я: ёсць стандартны камплект, ёсць плашч-палатка — яго апранаюць у дождж, ёсць куртка, якую выдаюць у халодныя дні, ёсць і варыянт на летні час — кашуля з пагонамі. На падборку формы ідзе шмат часу.

— Ці вывучаеце вы гісторыю месцаў, перад тым як іх наведаць і аддаць даніну памяці загінулым?

— Вядома! Мы павінны разумець, якія падзеі тут адбыліся. Важна ведаць, якога ўзроўню дасягаў гераізм людзей, якія змагаліся ў цяжкай барацьбе за жыццё і сваю краіну. Чалавек натхняецца ў такіх месцах. Сам працэс падрыхтоўкі няпросты. Нам дапамагае не спыняцца толькі найвышэйшая мэта — нагадаць людзям аб героях і іх вялікіх подзвігах.

— Чаму, на твой погляд, важна ведаць гісторыю сваёй краіны?

— У гісторыі Беларусі адбылася велізарная колькасць розных падзей, шмат цікавага і трагічнага. У першую чаргу важна ведаць яе для таго, каб вучыцца на памылках, здзейсненых у мінулым. Калі чалавек ведае сваю гісторыю, не паўтарае памылак. Ён ужо будзе разумець, які зыход пры пэўных дзеяннях можа адбыцца.

— Для чаго сучаснай моладзі, школьнікам трэба прымаць удзел у патрыятычных мерапрыемствах, акцыях?

— Я ўжо казаў пра непаўтарэнне памылак. Вайна — жудасная памылка, якая каштавала вельмі дорага — мільёны чалавечых жыццяў. Я лічу, што не здзейсніць гэтую памылку зноў, нагадваючы, якое разбурэнне прыносіць ваеннае ліхалецце, якраз-такі і дапамогуць моладзі патрыятычныя мерапрыемствы. Дзякуючы ім мы бачым у ветэранах не проста пажылых людзей, а герояў свайго часу, якія праз боль і слёзы ішлі бараніць сваю краіну.

— Максім, чым ты займаешся ў вольны час?

— На працягу трох гадоў я актыўна прымаю ўдзел у розных конкурсах, канферэнцыях, мерапрыемствах у школе. Мне падабаецца актыўнае школьнае жыццё. Яго я сапраўды запомню надоўга. Вельмі люблю фізічныя нагрузкі. Пачаў займацца ў трэнажорнай зале. Заўсёды знаходжу час пагуляць з сябрамі, яны займаюць важнае месца ў маім жыцці.

— Якую параду дасі падлеткам ХХІ стагоддзя?

— Хацелася б пажадаць ніколі не здавацца і ісці ўпэўнена да мэты, шанаваць здароўе і добрых сяброў, не ленавацца, адмовіцца ад ляжачага ладу жыцця. Самае галоўнае — знайсці мэту ў жыцці. І ў будучыні займацца любімай справай.

Пра аўтара

— Я вучуся ў кадэцкім класе і вяду актыўнае школьнае жыццё. Таксама ў мяне шмат прызавых месцаў у розных конкурсах. Я займаюся журналістыкай, удзельнічаю ў гэтым конкурсе для павышэння сваіх навыкаў у пісьменніцтве. У будучыні бачу сябе журналістам. Люблю развівацца: чытаць класічную літаратуру, вучу англійскую мову, захапляюся гісторыяй і псіхалогіяй, магу назваць сябе знатаком (аматарам) старога кіно. У мяне ў жыцці ёсць прынцыпы, а таксама мэты, да якіх я стараюся ўпэўнена ісці, — распавяла пра сябе 14-гадовая Дзіяна.


Друкуем найлепшыя работы конкурсу «Адзіная краіна — адзіны народ»

У Год гістарычнай памяці маладзёжны дадатак «Чырвонка. Чырвоная змена» да найстарэйшага беларускамоўнага выдання «Звязда» сумесна з Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі аб’явілі ўвесну творчы конкурс для школьнікаў і студэнтаў, маладых спецыялістаў пад назвай «Адзіная краіна — адзіны народ». Публікуем найлепшыя работы з тых, што паступілі (працяг будзе).


Дзіяна ЛІСОЎСКАЯ, выпускніца 8 класа СШ № 152 г. Мінска.

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Пазбавіцца лішняга. На якіх дыетах рэальна знізіць вагу і пры гэтым аздаравіцца?

Пазбавіцца лішняга. На якіх дыетах рэальна знізіць вагу і пры гэтым аздаравіцца?

Пагаворым пра спосабы прывесці вагу ў норму, губляючы ў сярэднім па 0,5-2 кг у тыдзень.

Грамадства

«Падчас работы думаеш пра тое, каб больш сабраць». Буякі заваёўваюць папулярнасць ў Гродзенскім раёне

«Падчас работы думаеш пра тое, каб больш сабраць». Буякі заваёўваюць папулярнасць ў Гродзенскім раёне

Яшчэ гадоў 10-15 назад салодкія садовыя буякі можна было лічыць далікатэсам.

Калейдаскоп

Схаваныя праваслаўныя жамчужыны Беларусі. Зможаце знайсці іх усе? Тэст

Схаваныя праваслаўныя жамчужыны Беларусі. Зможаце знайсці іх усе? Тэст

У 2022 годзе адзначаецца 1030-годдзе Полацкай епархіі.