Вы тут

«Не раз хацеў бы, як маладзейшаму брату, ускалашмаціць чупрыну». Брыль і Караткевіч. Да 105-годдзя Янкі Брыля


«Два месяцы не мог пісаць далей пачатае. А вось перачытаў яго і захацелася сказаць:

Смейся, мой слаўны, і спявай, як мы смяяліся і спявалі, асабліва ў дарозе!»

Гэтак Янка Брыль пісаў успаміны пра памерлага сябра, Уладзіміра Караткевіча...

У Караткевіча ёсць цудоўны верш «Мова», напісаны ў канцы 1950-х і прысвечаны Янку Брылю. Памятаеце — гэтыя радкі нібыта сачыніў князь Алесь Загорскі, герой «Каласоў пад сярпом тваім»:

«Ёсць паданне вякоў, што разбурыць калісь

Вавілонскую Вежу Адам

І няўмольна сальюцца мовы зямлі

У адну, няродную нам...»


Верш пра адданасць беларускай мове невыпадкова прысвечаны народнаму пісьменніку Беларусі Янку Брылю: той усё жыццё клапаціўся пра лёс роднай мовы, зацята сачыў за яе чысцінёй і багаццём... «Гэта нармальна, што ў мяне яно ёсць, было і будзе — адчуванне роднай зямлі, народа, мовы, — нягледзячы ні на што. Я быў рады, знайшоўшы гэтую сцежку ў юнацтве, яна мяне вядзе і сёння, даволі часта грэючы, адаграваючы запаветным цяплом».

Янка Брыль нарадзіўся 105 гадоў таму ў Адэсе — бацька, чыгуначнік, паехаў туды ў заробкі... Жыццё яму выпала было доўгае, багатае на падзеі. Заходняя Беларусь, палон, партызанка... Работа разам з Алесем Адамовічам і Уладзімірам Калеснікам над кнігай «Я з вогненнай вёскі» каштавала шмат здароўя — нялёгка было прапускаць праз сэрца аповеды сведкаў пра час фашысцкай акупацыі...

«А сустрэліся мы ў кнігарні...»

З Караткевічам яны пазнаёміліся ў 1955-м, калі той пасля заканчэння Кіеўскага ўніверсітэта працаваў вясковым настаўнікам. Паэта-першапачаткоўца запрасілі ў Беларусь на нараду маладых літаратараў.

«На той, улетку 1955-га, нарадзе маладых пісьменнікаў я не быў, прыехаў з Нарачы, калі яна ўжо закончылася. Аднак да сустрэчы з Караткевічам паспеў пачуць пра яго, як пра найцікавейшага з маладых. А сустрэліся мы ў кнігарні, дзе ён здзівіў мяне і маладым, свабодна гучным беларускім голасам у размове з прадаўшчыцамі, і колькасцю купленых кніг, і сваім адметным выглядам высока-танклявага юнака, маладзейшага за свае, як потым стала мне вядома, дваццаць пяць».

Брыль быў ужо вядомым пісьменнікам, лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі. Караткевіч ставіўся да яго, як да настаўніка... Тым больш Брылю даводзілася выступаць у якасці рэдактара і рэцэнзента Караткевічавых твораў.

Вось тут не заўсёды атрымлівалася гладка. Аўтарская мова Караткевіча — адметная, непаўторная, у звыклыя рэдактарскія шаблоны не змяшчаецца... Брыль занатоўваў: «Хрыстос прызямліўся ў Гародні». Многа каравасці і няўвязак. Стылізацыя пад тагачасную мову. Праз якую лезуць звычайныя русізмы, паланізмы, набытыя ў Кіеве ўкраінізмы. І блазенства нейкае: і ў папы рымскага, і ў мітрапаліта «хрэн», «халера» ў сур'ёзных дакументах. Танчэйшы гумар просіцца».

Накід Брыль заканчвае так: «А сёння ўранні дачытаў і зноў, з яшчэ большай перакананасцю ўбачыў, што дзеля выдатнага канца і ўсяго добрага ў творы трэба было яго перабяліць, прадціснуць, адрэдагаваць — самому аўтару».

Праўда, і Брыль даражыў меркаваннем Караткевіча:

«А з «Байдунамі» было так. Я даў яму рукапіс аднаму з самых першых. Іншыя прачыталі, пагаварылі са мной, а ён так доўга не аддаваў, што я пачаў і непакоіцца, падазраваць, нават нібы злавацца. Але не званіў, не заходзіў, асцерагаўся сустрэцца. Цярплівасць даволі прыкрая... Ды вось ён — нарэшце! — прыходзіць.

— Стары, — пачынае, не сеўшы, як вінавата стоячы сярод пакоя з папкай, — чатыры разы ўзапар чытаў...»

«Хоць празаік я дрэнны, але пісаць усё адно буду»

Па ліставанні відаць, як узнікала гэтае сяброўства, ад «вучань — настаўнік» да «класік — класіку». 22 красавіка 1958 года Караткевіч з Воршы піша Брылю, які на той час працаваў намеснікам галоўнага рэдактара часопіса «Полымя», пра тое, як пасля прачытання брылёўскіх апавяданняў бязлітасна пакрэсліў свае.

І просіць парады:

«Хоць празаік я дрэнны, але пісаць усё адно буду, бо хачу, і свайго даб'юся, навучуся пісаць. Дык вось, ёсць у мяне адна цікавая ідэя і толькі я не ведаю, ці патрэбна гэта каму-небудзь, ці зацікавіцца гэтым хтосьці акрамя мяне. Справа ў тым, што я доўгі час працаваў з гістарычнымі актамі і кнігамі па гісторыі Беларусі і ў мяне назапасілася сіла матар'ялаў па гісторыі беларускай шляхты з ХІV стагоддзя і аж па рэвалюцыю... Можа, калі-небудзь і вялікае штосьці адсюль атрымаецца, але пакуль што на такое ў мяне не хопіць пораху, і я вырашыў зрабіць некалькі маленькіх (старонак па 20) аповесцяў з розных часоў і аб'яднаць у адно адным родам, прадстаўнікі якога былі або ўдзельнікамі, або сведкамі ўсіх гэтых падзей. Так і назваць: «Сямейныя паданні роду Яноўскіх».

Малады аўтар, аднак, сумняваўся: ці не будуць смяяцца, што ён піша «апавяданні з жыцця мамантаў і аповесці з жыцця брантазаўраў»?

Янка Брыль адказвае:

«Пісьмо Ваша прыемна ўразіла мяне. У нас неяк не ў пашане паміж пісьменнікамі гэты высакародны жанр, — ніхто нікому не піша, бо ўсе сабраліся, як куры каля чыгунка, у адным Мінску, і хутчэй абрэша адзін аднаго дзе-небудзь у забягалаўцы, чым напіша таварышу пару слоў... Мяне проста здзіўляе, што Вы, разумны, дарослы, здольны чалавек, яшчэ раздумваеце над тым, варта ці не варта пісаць пра беларускую шляхту — «апавяданні з жыцця мамантаў». Па-мойму, усё гэта і вельмі цікава, і патрэбна, і ўсё гэта сучаснае ў залежнасці толькі ад таго, як напісана... Мне, напрыклад, ужо нават з Вашага пісьма... запахла цыганскімі кажухамі. Памятаю, сустрэў калісьці недзе такую фразу пра мужыцкі бунт у нейкім там XVІ стагоддзі: «І воссташа смерды і пооралі землю панов своіх і потрусілі своім ячменем», дык гэтае патрусілі ледзь не скакаць мяне прымусіла. Словам, Валодзя, пішыце і няхай Вам дапаможа бог сучаснасці! Запісваюся на чаргу — у першыя чытачы».

У ліставанні шмат цікавых разважанняў пра літаратуру... «Ведаеце, Ваша манера пісаць падобная да манеры пуантылістаў-мастакоў, што пісалі кропкамі. Чыстыя, яркія фарбы маленькімі кропкамі-дэталямі. Трохі адыдзеш — зліваюцца яны, карціна», — піша Караткевіч старэйшаму таварышу. І раіць стварыць «павольны, дэталізаваны, у раланаўскім дусе, смачны» раман пра сваё дзяцінства, эпас. «Начлег, першая праца, вячоркі, каханне першае. Першыя навальніцы над сэрцам і самім жыццём. І нацыянальны ўціск. А пасля армія і гэты страшны польскі разгром, трагедыя цэлага народа... І палон, і ўцёкі, і партызаншчына».

«Шурпатасці на Вашым мастацкім целе»

Калі Уладзімір Караткевіч вучыўся на Вышэйшых літаратурных курсах у Маскве, паслаў Брылю свой паэтычны зборнік «Матчына душа». Брыль адгукаецца:

«Быў вельмі харошы вечар той незабыўнай адзіноты, задушэўнай гутаркі з чалавекам, якому я пішу «Вы», але не раз хацеў бы, як маладзейшаму брату, ускалашмаціць чупрыну, з якім ахвотна счапіўся б «угрудкі» на травяной палянцы. Ёсць, праўда, і «шурпатасці на Вашым мастацкім целе», як пісаў калісьці жыццярадасны Міхась Ларчанка, — тое, што называецца па-руску «молодой угловатостью», што пройдзе з часам, будзе накрыта, заглушана новымі «мастацкімі дасягненнямі і знаходкамі». Выпірае, Валодзя, трохі сям-там юнацкае злоўжыванне эрудыцыяй і «гістарызмамі», ад чаго варта вызваляцца. А так кніжка... цьфу, цьфу... вельмі прыемная. Памагай бог! — як казалі нашы бацькі».

Праз год Брыль звяртаецца ўжо да Валодзі на «ты». Караткевіч у лістах з ім вельмі шчыры:

«Са мной дрэнна, Іван Антонавіч. Вы толькі нікому гэтага не кажыце. Я і сам не кажу нікому. Але дрэнна. Нервы зусім не ў парадку, трымаю іх у кулаку, не хачу распускацца, — а гэта горш. Стаў вельмі слабы на слязу, як баба якая-небудзь. Над кнігамі плачу, у кіно плачу — чорт ведае што такое. І страшэнная бяссонніца па начах».

Стан Караткевіча тлумачыцца ў рамане «Нельга забыць», у многім аўтабіяграфічным. Памёр бацька, у беларускай прэсе пачаліся нападкі, ды яшчэ нешчаслівае каханне да замужняй выкладчыцы... Пра якое ён таксама прызнаецца ў лісце («За яе я ўсё жыццё працаваў бы. Як вол, зрабіў бы больш таго, што можа ўсякі другі»). Брыль спяшаецца падтрымаць парадай:

«Гарэць — гары, але і кнот свайго свяцільніка сам падкручвай. Я пісаў табе, што ты залішне спяшаешся, а ты, відаць, пакрыўдзіўся на мяне за гэта. А тут скардзішся, што ўжо не можаш пісаць па...17 гадзін! Мамка мая! А я сам, на свае вочы, чытаў у Льва Талстога, што ён мог працаваць па 8-10 гадзін і хваліўся гэтым у сваёй «Споведзі». Ён 8-10, а табе 17-ці захацелася!...

Наконт другой справы — гаварыць яшчэ цяжэй... чытаючы тваё пісьмо, я міжвольна думаў: колькі харошых, мілых, цудоўных, юных, разумных істот марыць недзе сустрэцца з такім чалавекам, як ты, дарагі мой дзівак, паэт, сумленны чалавек!.. Праўда — і маё братняе жаданне, каб ты не браў на сэрца сваё непасільнага цяжару, каб ты не ішоў без патрэбы па лініі найбольшага супраціўлення, каб ты прасейваў пачуцці свае праз няўмольнае сіта жыццёвай мудрасці, якая — не заўсёды проза... Цалую цябе па-брацку. Янка Брыль. 8.ІІІ.60».

Вось Караткевіч дзеліцца тым, што ў яго новым рамане «Сёння на старонках з'явіўся сімпатычны стары сямідзесяці год — былы бонвіван і ферлакур екацярынінскіх часоў, а цяпер cаsse-noіsette — шчаўкунчык і страры п-н Загорскі-Вежа. Між намі, я ад яго ў захапленні». Брыль паведамляе, што едзе ў Дом творчасці «Каралішчавічы» працаваць над раманам «Птушкі і гнёзды»: «прыязджай, будзем разам адпачываць пасля работы, хадзіць па лесе і рагатаць, у рамках рэжыму, вядома, каб не палічылі вар'ятамі».

«А паюкі вашы і канюшыя — патаўпехі суць»

Так, сябры абодва былі жартаўнікамі... Вось ліст ад 16.07.64, аўтар, «Ладысь Сымонаў Караткевіч», нібыта дае справаздачу свайму князю «акадэміі альбарутэнскай зіждзіцелю і элаквенцыі сапраўднаму знаўцу, Янушу Антонавічу з герба Брылёў» пра стан ягоных уладанняў: «А паюкі вашы і канюшыя — патаўпехі суць, мнямлі і кнехі».

Ліст ад 13 чэрвеня 1969-га пачынаецца ўжо зусім па-свойску: «Янка, дзень добры! Цісну тваю мужную рыдлёўку-лапенцыю».

Колькі іх было, размоў, гасцяванняў, падарожжаў...

«А быў такі намер, была такая задума. Утрох — Караткевіч, Барадулін і я — мы вырашылі наведаць разам родныя мясціны кожнага з нас, пабыць там столькі, каб потым можна было разам напісаць пра гэта. Разам... А можа, і не варта шкадаваць, што мы не напісалі тое ўтрох? Відаць, і не змаглі б як след. Чэхаў казаў пра сааўтарства, што нельга ўдвух іграць на адной скрыпцы, а тут жа нават утрох. Потым Валодзя збольшага напісаў, а мы з Рыгорам не. Аднак яно бясследна не прайшло для нас, для творчай памяці — тое цудоўнае падарожжа ў два прыёмы: на іх радзіме вясной 1965-га, на маёй — праз год.

А для пачатку мы ў машыне, сонечнай раніцай, на лёгкапахадной дарозе, спявалі, балбаталі і смяяліся».

Падчас адной з такіх вясёлых вандровак Караткевіч гэтак падпісаў Брылю расійскае выданне сваёй аповесці «Чазенія»: «...ад смяшлівага, як дзіця, — смяшліваму, як падлетак, ад гыгалы — гэгэкалу...»

Засталіся нават анекдоты... Адзін — часу, калі кватэры Брыля і Караткевіча былі побач: «за сцяной майго рабочага пакоя была яго сталовая, хутчэй гасцінная, густоўна і шчодра запоўненая рознай, дробнай і буйнейшай, даўніной. Разьба, карціны, чаканка, ліццё, шкатулкі, альбомы».

Аднойчы з-за сцяны пачуўся стук малатка. «У тым месцы, дзе гэты стук цэнтраваўся, на сцяне маёй пачаў прыкметна ўздрыгваць, напухаць, трэскацца пафарбаваны тынк. Кавалачак яго вось-вось мерыўся адваліцца. А потым, ад стуку таго, не вельмі ахвотна, а ўсё ж палез, пачаў вытыркацца даволі вялікі цвік!..»

Самае дзіўнае — цвік палез капялюшыкам наперад. Брыль запрасіў майстроў да сябе — аказалася, гэта Караткевіч з сябрам «сабраліся прыладзіць на сцяне драўлянага, у блекла-светлых фарбах старадаўняга, касцельнага або каплічнага анёла».

Суседзі разгублена пазіралі на дзівосна з'яўлены ў Брыля цвік.

«Яшчэ больш разгублены быў паважаны Ладысь Сямёнавіч. Ну, зусім-зусім як малы, з поўнай дзіцячай верай у казачна-фантастычнае. Той Валодзя, які як часам здавалася, ведаў усё на свеце, паэт, празаік, драматург, публіцыст з трыма вышэйшымі асветамі, з зайздроснай памяццю і фантазіяй, з начытанасцю ўсебаковай і грунтоўнай».

Потым Брыль прызнаўся, што падчас рамонту вялікі цвік, каб не выдраць з ім і глыбу тынку, проста забіў на ўсю глыбіню. «А потым ён гладка знік пад новай афарбоўкай. І трэба ж так — той цвік, што забіваўся пад анёла, трапіў якраз у мой падпольны, канец у канец, і мой палез — сусветна-гістарычна — капялюшыкам наперад».

Янку Брылю спаўняецца 105 гадоў. Нядаўна адзначылі 90-годдзе Уладзіміра Караткевіча.

Кнігі абодвух сталі нацыянальным скарбам. Чытайце, натхняйцеся любоўю аўтараў да сваёй зямлі.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?