Вы тут

У цэнтры творчасці «Маладзік» злучылі беларускую выцінанку з тэатрам ценяў


Асвятленне тухне, на імгненне становіцца цёмна, але экран тут жа ўспыхвае яркім белым святлом, і ў імгненне на нашых вачах нараджаюцца маленькія гісторыі з жыцця беларускага народа.


На рэспубліканскім фестывалі «Нашчадкі традыцый».

Нават не верыцца, што гэтыя міні-мультфільмы стварылі дзеці. Навучэнцы ўзорнай студыі «Народныя крыніцы» Маладзечанскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі «Маладзік» і іх педагог Вольга Маслава вырашылі злучыць беларускую выцінанку з тэатрам ценяў. У выніку з'явіўся праект «Моўныя залацінкі», за рэалізацыю якога калектыў студыі быў узнагароджаны дыпломам другой ступені на ІІ Рэспубліканскім фестывалі-конкурсе праектаў навучэнцаў «Нашчадкі традыцый».

— Знаёмства з тэатрам ценяў пачалося з вывучэння гісторыі і наяўных матэрыялаў. Вельмі спадабаліся мультфільмы, створаныя на студыі «Беларусьфільм» рэжысёрам і сцэнарыстам Міхасём Тумелем. Мы вырашылі зрабіць нешта падобнае. Сюжэтам для нашай пастаноўкі паслужылі прыказкі і прымаўкі, якія захоўваюць мудрасць нашага народа, — успамінаюць навучэнцы студыі.

На працягу некалькіх месяцаў хлопчыкі і дзяўчынкі выразалі з паперы дэталі і дэкарацыі, укладваючы ў кожную цяпло рук. Але самае складанае было яшчэ наперадзе — навучыцца кіраваць фігуркамі.

Мультфільмы створаны з вобразаў, сімвалічных для беларускага фальклору: дуб увасабляе сілу і мужнасць, колас — дастатак і дабрабыт, птушка — вясну і любоў. Ад сонца залежаў будучы ўраджай, багацце траў і раслін, шчаслівае жыццё людзей.

— Немагчыма апісаць усю магічную сілу тэатра ценяў, можна толькі паглыбіцца ў гэты дзіўны свет гульні святла і цені і растварыцца ў мудрагелістых вобразах, — кажа педагог Вольга Маслава.

Гэта не першы інтэграваны праект, у якім дзеці злучаюць дэкаратыўна-прыкладное мастацтва з тэатрам. Два гады таму калектыў быў таксама ўзнагароджаны на такім фестывалі. Тады яны аформілі батлейку і стварылі для яе лялькі ў тэхніцы «выцінанка». Да праекта далучыліся навучэнцы тэатральнай студыі «Казка», якія падрыхтавалі батлеечны спектакль, тым самым падараваўшы жыццё папяровым персанажам.

Члены студыі «Народныя крыніцы» паспяхова засвойваюць і іншы від беларускага народнага мастацтва — саломапляценне, вучацца рабіць з «непаслухмянай» далікатнай саломы падатлівы матэрыял для сваіх будучых шэдэўраў. А для гэтага салому трэба ачысціць, адпарыць, адбяліць, адпрасаваць... І толькі потым з'яўляюцца карціны, арыгінальныя кветкі, шкатулкі, фігуркі жывёл, якія золатам пераліваюцца на сонцы. Адна з першых работ калектыву — саламяны павук — нават здзейсніла падарожжа ў Маскву і зараз па славянскай традыцыі засцерагае музей капітал-шоу «Поле цудаў».

Сёлета ўзорная студыя «Народныя крыніцы» адзначае 20-гадовы юбілей. На свяце навучэнцы, іх бацькі, былыя выпускнікі прыгадалі самыя яркія моманты з жыцця калектыву і значныя перамогі. А іх сапраўды нямала, напрыклад, за апошні год скарбонка гуртка папоўнілася 50 дыпломамі міжнароднага ўзроўню.

У адрас педагога, сябра Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, прагучала шмат цёплых слоў падзякі за рознабаковае развіццё дзяцей і далучэнне іх да народных традыцый і нацыянальнай культуры.

— Я прыйшла ў гурток, калі была зусім маленькай, і ўсім сэрцам палюбіла выцінанку, — гаворыць выпускніца студыі Вераніка Юхнавец. — Мастацтва стала неад'емнай часткай майго жыцця, і ў гэтым, безумоўна, заслуга Вольгі Юр'еўны. Яна старалася вырасціць з нас не толькі выдатных майстроў, але і справядлівых людзей. Гэты чалавек назаўжды застанецца для мяне прыкладам таленту, культуры і апантанасці.

Пра аўтара

— Я захапляюся маляваннем, чытаннем мастацкай літаратуры, пішу вершы і прозу. Займаюся ў гуртку «Школа журналістыкі». Апошні год часта брала ўдзел у розных конкурсах, станавілася пераможцай на раённым і абласным этапах. Удзельнічала ў школьных алімпіядах, — кажа 14-гадовая Кацярына. — У будучыні хачу паступіць на факультэт журналістыкі, бо прафесія журналіста дазваляе паглыбіцца ў жыццё людзей і дзяліцца тым, што адбываецца, са светам. Яшчэ мяне цікавіць прафесія псіхолага. Мне падабаецца дапамагаць людзям маральна. Буду рада, калі гэта стане часткай маёй будучай работы.


Друкуем найлепшыя работы конкурсу «Адзіная краіна — адзіны народ»

У Год гістарычнай памяці маладзёжны дадатак «Чырвонка. Чырвоная змена» да найстарэйшага беларускамоўнага выдання «Звязда» сумесна з Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі аб’явілі ўвесну творчы конкурс для школьнікаў і студэнтаў, маладых спецыялістаў пад назвай «Адзіная краіна — адзіны народ». Публікуем найлепшыя работы з тых, што паступілі (працяг будзе).


Кацярына СУШКО, выпускніца 8 класа СШ № 1 г. Маладзечна

Фота з архіва студыі «Народныя крыніцы»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».