Вы тут

Пацікавіліся, як жыве першы ў Магілёўскай вобласці раённы выдавецкі дом


Сёння ў краіне паспяхова працуюць рэспубліканскія і абласныя холдынгі, якія аб'ядналі пад адным дахам газеты, сацыяльныя сеткі, а дзесьці — радыё і нават тэлебачанне. Яно і зразумела: пры тых аб'ёмах інфармацыі, якія сёння існуюць, так лягчэй дагадзіць чытачу. Працэс рэфармавання распаўсюдзіўся і на раёны. Літаральна на Новы год, 31 снежня, быў створаны першы на Магілёўшчыне раённы выдавецкі дом «Шклоў-інфа». Яму толькі сем месяцаў, але ўтварэнне ўжо даказвае сваю жыццяздольнасць. Чым жыве ўстанова, высвятляла карэспандэнт «Звязды» у размове з яе галоўным рэдактарам Ірынай Чульцовай.


Пішам, здымаем, аказваем паслугі

Магчымасці выдавецкага дома «Шклоў-інфа» сёння самыя шырокія. Для раёна з колькасцю насельніцтва каля 27 тысяч чалавек утварэнне — наогул перадавое. Яно адначасова прапануе грамадска-палітычную газету «Ударны фронт» з агульным тыражом больш чым 5 тысяч экзэмпляраў, тэлевізійны кантэнт на кабельным канале, выдавецкія паслугі — выраб паштовак, буклетаў, візітовак і гэтак далей (заказы паступаюць нават з раёнаў), так званы мерч ад «Шклоў-інфа» — адзенне, падарачныя камяні, кубкі з сімволікай раёна, яго славутасцямі і брэндамі. Тут жа можна заказаць календары з фотаздымкамі любімых людзей, паасобку ці ў сямейным коле. Шмат прыхільнікаў «Шклоў-інфа» прысутнічае на яго ўласным партале, у сацсетках і на YоuTubе. Колькасць праглядаў часам даходзіць да некалькі тысяч.

— Усё неабходнае абсталяванне, якое дапамагае так шырока сябе прадстаўляць, ужо было на базе рэдакцыі газеты і тэлебачання, — адзначае галоўны рэдактар. — Проста ў новым фармаце мы сталі ім больш актыўна карыстацца. Цяпер гэта наша «фішка». Пры стварэнні холдынга нам вельмі дапамаглі раённыя і абласныя ўлады, разам мы абмяркоўвалі ўсе нюансы, прагаворвалі разнастайныя наступствы. Мы ж — першае ўтварэнне такога кшталту. Пераймаць вопыт няма ў каго, пішам гісторыю з чыстага ліста.

Міністэрства інфармацыі сёння арыентуе выданні краіны на актыўную работу ў сацсетках, заклікае акумуляваць усе магчымасці і аператыўна падаваць падзеі па розных каналах. І «Шклоў-інфа» ў пастаянным пошуку новых карыстльнікаў. «Аднакласнікі», «Фэйсбук», «Укантакце», модны апошнім часам Іnstаgrаm — карэспандэнты выдавецтва размяшчаюць там больш за 3-4 навіны штодзённа. Раён невялічкі, але ж яны знаходзяць, чым здзівіць. Вунь інфармацыя пра тое, як у мясцовай гаспадарцы цялят пояць пэпсі-колай, пабіла ўсе рэкорды па праглядах. Нават усюдыісны Tіk Tоk перапосціў гэтую навіну. Для інтэрнэту журналісты робяць маленькія, на палову або паўтары хвіліны, відэаролікі. Іх ахвотна праглядаюць у сацсетках і на YоuTubе. Адна і тая ж навіна падаецца пад розным соусам, каб не выглядала, што гэта банальны рэпост. Іншыя загалоўкі, варыянты тэксту, розныя фота — атрымліваецца зусім новае ўспрыманне. Унікальнасць заўсёды ацэньваецца на парадак вышэй. Для аматараў тэлекантэнту — тэлепраграма «Вынікі», дзе кожную пятніцу асвятляюцца самыя важныя падзеі за тыдзень.

Ірына Чульцова — кіраўнік з агеньчыкам, яна не сумняваецца ні ў сабе, ні ў сваіх калегах. Пераўтварэнні ў інфармацыйнай прасторы яе ніколькі не бянтэжаць. Наадварот, гэта ж якія адкрываюцца магчымасці для самарэалізацыі! На месца галоўнага рэдактара яна прыйшла з раённага тэлебачання. Але вопыт работы ў газеце ў яе таксама ёсць. Яшчэ падчас практыкі, калі вучылася ў БДУ, мела магчымасць браць майстар-класы ў тутэйшых мэтраў, адным з якіх лічыць былога рэдактара Аляксандра Бялясава. Прызнаецца, што яго парады дапамагаюць ёй у рабоце і сёння.

Каб дадаць вастрыні

На газету ў Ірыны Чульцовай наогул вялікія спадзяванні. Нехта лічыць друкаваны варыянт анахранізм, але яна з гэтым не згодная. Усё залежыць ад напаўнення. На думку суразмоўніцы, колькасць чытачоў «Ударнага фронту» павялічылася дзякуючы таму, што журналісты перасталі апасацца рабіць матэрыялы вострай сацыяльнай накіраванасці. А разняволіла іх менавіта работа ў холдынгу. Цяпер ім прыходзіцца ствараць матэрыял для сайта, газеты, сацсетак і тэлебачання. Спачатку дэфіцыт вострых тэм кампенсавалі за кошт зваротаў, якія паступаюць у адпаведны аддзел райвыканкама. Але людзі хутка ацанілі такі шанц вырашыць свае пытанні і сталі самі прапаноўваць тэмы для сюжэтаў. Нядаўна, напрыклад, у рэдакцыю звярнуліся жыхары аграгарадка са скаргай, што не працуе грамадская лазня. Журналісты выехалі на месца, сустрэліся з кіраўніком гаспадаркі, на балансе якой значыцца гэты аб'ект, і цяпер яна зноў працуе.

— Калі летась мы толькі адзін матэрыял адправілі на рэагаванне ў кампетэнтныя органы, то сёлета за такі ж перыяд — адзінаццаць, — удакладняе Ірына Чульцова. — І гэта не ўлічваючы тых публікацый, дзе мы разбіраліся на месцы разам са спецыялістамі. Асабіста я пісала пра дзіцячую пляцоўку, міма якой хаджу на работу. Раздражняла, што там пастаянна вэрхал, бутэлькі валяюцца, пясочніца ў закінутым стане. І цяпер такога бязладдзя стала значна менш. Яшчэ адна наша аўтарка звярнула ўвагу, што з нядаўна адрамантаванай дарогі ўкрадзены люкі. Напісала матэрыял, і мы адправілі яго на рэагаванне. Альтэрнатыўныя рэсурсы дапамагаюць нам рэагаваць на падзеі аператыўна. Аднойчы карэспандэнт зрабіла востры матэрыял у газету (яна выходзіць два разы на тыдзень), але да наступнага нумара факты маглі страціць актуальнасць. І яна перарабіла яго пад тэлебачанне, каб адразу ж даць яго ў эфір.

Чытача заўсёды прыцягваюць гарачыя тэмы, якія больш на слыху. Ірына рыхтавала матэрыялы і з бежанцамі з Украіны, і з удзельнікамі пратэсных мітынгаў. Рэйтынг праглядаў такіх публікацый зашкальваў. Важна гэтую цікавасць накіраваць у правільнае рэчышча.

— Мне давялося бачыць, як Сірыя ператваралася з квітнеючай краіны ў руіны, — кажа суразмоўніца. — Пасля заканчэння ВНУ я пражыла там год. Калі пачаліся баявыя дзеянні, я вярнулася. Было страшна прасыпацца пад крыкі натоўпу і стрэлы. Калі ў нашай краіне былі спробы зрабіць пераварот, было рэальна не па сабе. Бо ведала, чым усё можа скончыцца. Вельмі вялікую цану прыходзіцца плаціць, калі нехта прыходзіць звонку. Сірыя разбурана не тымі людзьмі, што ў ёй жывуць, а краінамі, якім былі цікавыя толькі яе рэсурсы.

Кубак ад «Шклоў-інфа»

Галоўны рэдактар запрашае на экскурсію па выдавецкім доме. На справе гэта некалькі кабінетаў на розных паверхах Шклоўскага райвыканкама. Тэлевізійная студыя, напрыклад, займае памяшканне на першым паверсе. За яе жыццядзейнасць адказваюць два аператары і карэспандэнт. Пры неабходнасці Ірына Чульцова гатовая падстрахаваць калегу. Студыя кампактная, але там ёсць усё неабходнае для работы. Вядома, заўсёды хочацца чагосьці новага, больш дасканалага. Але, як заўважыў міністр інфармацыі Уладзімр Пярцоў, калі ў красавіку падчас Дня інфармавання ў раёне наведаў выдавецкі дом, матэрыяльна-тэхнічная база ў яго грунтоўная.

А сёлета на рэспубліканскім фестывалі «Купалле» ў Александрыі шклоўскія журналісты здзівілі міністра невялічкім экспромтам. Прапанавалі 3-хвіліннае падарожжа па Шклоўшчыне з дапамогай VR-акуляраў.

— Ідэя з відэаролікам нарадзілася сама сабой, — расказвае Ірына. — Буклетаў і фільмаў пра Шклоўскі раён хапае. І мы паставілі перад сабой мэту зрабіць кампактнае відэа з вышыні птушынага палёту. У нас, дарэчы, і свой квадракоптар ёсць.

Пэўны прыбытак прыносіць выдавецкаму дому сувенірная прадукцыя. Яна таксама дапамагае павысіць імідж раёна далёка за яго межамі. На купальскім свяце ў Александрыі кепкі і фуфайкі ад «Шклоў-інфа» карысталіся павышаным попытам. А нядаўна паступіў заказ ад гаспадаркі з Любініч нанесці іх сімволіку на кубкі і бейсболкі.

— Прыклад таго, як можна эфектыўна працаваць у звязцы з дзяржаўнымі суб'ектамі, — удакладняе Ірына. — Мы папулярызуем дзейнасць гаспадаркі, а яна дапамагае нам зарабляць. А яшчэ мы ствараем фільмы для сельгаспрадпрыемстваў, іх можна ўбачыць на нашым кабельным канале і на YоuTubе. Гэта зафіксаваная памяць, якая праз некалькі гадоў стане ўжо гісторыяй. І попыт на яе яшчэ больш павысіцца. Сёння мы па крупінках збіраем факты перыяду ўзнікнення гэтых аб'ектаў, яшчэ імгненне — і яны маглі б знікнуць. Мы паспелі іх захаваць і вельмі гэтым ганарымся.

На сцяне ў рэдакцыі шмат дыпломаў. Выданне неаднаразова адзначалася на розных журналісцкіх спаборніцтвах. Па выніках мінулага года калектыў «Ударнага фронту» атрымаў «Залатую літару» за перамогу ў намінацыі «Маладзёжная тэматыка». Ёсць на рахунку «Шклоў-інфа» і найвышэйшая ўзнагарода нацыянальнага тэлеконкурсу «Тэлевяршыня». Усё гэта сведчыць, што нават у раённых маштабах можна ствараць цікавы і запатрабаваны кантэнт.

У тэму

Аляксандр Давыдовіч, намеснік старшыні Шклоўскага раёна:

— Тое, што рэдакцыі вырашылі аб'яднаць намаганні, добра, райвыканкам іх у гэтым толькі падтрымаў. Хацелася б, вядома, глядзець сваё тэлебачанне на ZАLА. Але пакуль гэта вельмі дарагое задавальненне нават для некаторых сталічных тэлеканалаў. І тэхнічныя, і фінансавыя магчымасці павінны быць іншымі. Памятаю, як мы стваралі сваё тэлебачанне, лічы, з нічога, як куплялі першую камеру, іншае абсталяванне. Цяпер гэта ўжо сур'ёзная ўстанова з прафесійным калектывам, добрымі напрацоўкамі. Газета наогул прыносіць прыбытак, спадзяемся яшчэ больш павысіць яе тыраж. Для нас вельмі важна, каб выдавецкі дом «Шклоў-інфа» быў запатрабаваны і самаакупляўся.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

г. Шклоў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі. 

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.