Вы тут

Свой хлеб


Сёння не пра палітыку. Пра звычайнае, простае, надзённае. Пра галоўнае. Пра жыццё. Пра хлеб. Уяўляеце, колькі болю ў выказванні: «чужым хлеб». Колькі нястачы, галечы, агіды, жальбы. У гэтым — радавое выпрабаванне беларусаў. Пасеюць, напрыклад, нашы прашчуры збажыну, назіраюць за рунню з пакатых берагоў Прыпяці. А ворагі прыйдуць і знішчаць усё. Так было заўжды.


Фота: pixabay.com

Я добра памятаю навуку майго дзядулі. Як настаўнікі-асаднікі лупцавалі беларускіх дзяцей за тое, што тыя размаўляюць не на варшаўскі «манэр», а па-свойму. За гэта нават замыкалі іх у класах пасля заняткаў. А дзядуля збягаў. Ведаў, што заўтра атрымае чарговую дэмакратычную порцыю «любові да Пілсудскага». Вымушаны быў збягаць. Бо трэба было араць зямлю, сеяць хлеб. Што зробіш. Падлеткам быў старэйшы ў сям'і, а бацька часта хварэў. Бо медыцына «за польскім часам» была недасягальнай для беларусаў. То быў час цяжкага хлеба.

І вось нарэшце беларусы маюць свой хлеб. А хлебная галіна — шмат новых кампетэнцый. Развіццё і эканомікі, і навуковых школ. Свой хлеб. Гэта не толькі эканамічная парадыгма, не толькі палітычная. Цяпер гэта адна з першых ступеняў піраміды Маслоў. Свой хлеб — магчымасць існавання. Але для працавітых беларусаў свой хлеб — гэта не толькі тэрыторыя, прабачце, страўніка. Гэта тэрыторыя душы. Беларусі свет знітаваны з земляробчым календаром. Песенная і абрадвая спадчына — пра тое ж. Нават славутыя вышыванкі — не сімвал пратэсту, а суквецце земляробчых пасылаў. Так што тыя, хто лічыць вышыванкі кодам культурнага пратэсту, ведайце — гэта код нашых продкаў. Код працы: ад роднай зямлі не адрывайцеся. А то будзеце нагадваць засохлую траву.

Свой хлеб. Хлеб і ў сэнсе чорнай духмянай «цаглінкі» з местачковага хлебазавода. І ў сэнсе шырокіх паліц з каўбасамі ды сырамі. Прадукцыяй са стракатымі назвамі і ўпакоўкамі. У Беларусі настолькі вялікая лінейка прадукцыі, што нават свае аўтэнтычныя назвы скончыліся. Але я не кажу, што і маркетолагі тут шмат стараліся. Няўжо цяпер айчынныя далікатэсы маюць патрэбу ў замежных надпісах? Маўляў, так хутчэй размятуць. Найлепшая рэклама — надпіс «Зроблена ў Беларусі». Чырвона-зялёным колерам. Усё — размятуць. Не верыце? Пакаштуйце іншыя прадукты ў іншых краінах. Але ж мы ўсё яшчэ не можам дакладна зразумець, што ад чужога хлеба не пасыцееш, а маючы свой — разбагацееш. Уяўляеце, мы па многіх харчовых пазіцыях у пяцёрцы экспарцёраў свету. Так і пішуць: ЕС — трэці. Беларусь — чацвёртая. Уяўляеце: ЕС — дзясяткі багатых і тэгналагічных краін — і адна Беларусь. Мяне гонар бярэ за нашу краіну. І незразумела, навошта заходнія надпісы на нашых прадуктах?

Час, калі беларусы, нібы па музеі, хадзілі па гіпер- і супермаркетах суседняй Польшчы, мінуў. А памятаеце, як натоўпам, цэлымі цягнікамі пакідалі валюту ў прыгранічных «склепах» (польскіх крамах). І цяпер пакеты з бідронкі «ўпрыгожваюць» беларускія сметнікі. А на Дзяржаўнай граніцы зноў харчовыя чэргі. Але ўжо да нас — у Беларусь.

А памятаеце, як кухонныя суразмоўнікі, і асабліва эксперты з медыя з замежнай прапіскай, упэўнівалі: маўляў, аграрны дзяржсектар — шматпудовая гіра на нагах эканомікі. Цікава, а чым бы ласаваліся заўзятыя барбершоперы, якія любяць здзекліва паразважаць: «фу, калгас»?..

Рукі нашых герояў пахнуць хлебам, а не тратылам. Не забудзьцеся сказаць ім «дзякуй». Сапраўдным гаспадарам на сваёй зямлі. У нас няма шырокіх прастораў і багатых нетраў. Наша багацце — гэта зямля. Калі б яе «прыхватызавалі» альбо парэзалі на шматкі, краіну ператварылі б у цераспалосіцу. У той час у бедных беларусаў яе б выкупілі за некалькі замежных паперчын. І зноў — паншчына. «Не — фермеры», — будуць верашчаць урбаністы, аматары кавы і электрасамакатаў. Зразумейце, калі ласка: ваша жыццё — як паездка на гэтым сродку перамяшчэння. Калі вы едзеце, калі ўсе «на лайце» — вам здаецца, што вы ўсё ведаеце. Але калі гэты электрасамакат сапсуецца, адрамантаваць наўрад ці здолееце. Так і з дзяржаўнымі справамі: калі не разумееце — не лезьце.

А што датычыцца фермераў і самарэгулявальнага рынку, то больш пільна сачыце за аграрнымі навінамі замежжа. Колькі было ўзрушаных спічаў: маўляў, там цякуць малочныя рэкі. Насамрэч — цякуць. Калі забытыя ўсімі фермеры зліваюць свой танны тавар на дарогу. Пры дзяржаўным планаванні такога ніколі не адбудзецца.

Дарэчы, падобнага росквіту ў нашай стратэгічнай сферы яшчэ ніколі не было. Ніколі не было такога рыўка. Гэта нібыта з паветранага шара перасесці ў касмічны карабель. Давайце вось гэтым у першую чаргу і ганарыцца. А не перыядамі эфемернага шляхецтва альбо неадназначнага ліцвінства. Тады нашы продкі зямлёй наўрад ці валодалі. Так — шчыра завіхаліся, працавалі. Але не на сябе.

Калі ў Мінску і Пінску амаль два гады таму лайдакі ламалі тратуарную плітку, беларускія хлебаробы збіралі ўраджай. Цяпер тыя ж лайдакі сядзяць на чужым хлебе. Хоць на якім хлебе — на грантавых скарынках.

Калі сёння пражэрлівыя гегемоны з новай сілай ламаюць і без таго крохкі свет, беларускія хлебаробы збіраюць ураджай. Беражліва. Кожнае зярнятка. Бо попыт на наш хлеб відавочна будзе і ў іншых. Мы гасцінныя. Пачастуем. Дапаможам. Ёсць з чаго. Бо калі ў хаце ці ў полі сапраўдны Гаспадар, то і хлеб на стале. А крыўдзіцца няма часу. Трэба рупліва збіраць збожжа. Свой хлеб.

Яўген ПУСТАВОЙ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.