У краіне стартавала рэспубліканская інфармацыйна-асветніцкая акцыя «Крок да поспеху», якая разлічана на матывацыю моладзі, што адпачывае ў дзіцячых аздараўленчых летніках.
«Работа, якая праводзіцца ўсёй нашай грамадскасцю ў летні перыяд, накіравана на тое, каб удзяліць неабходную ўвагу нашым дзеткам, якія традыцыйна летам знаходзяцца ў месцах адпачынку. Гаворка ідзе аб санаторыях, прафілакторыях і летніх лагерах. Ужо на працягу месяца падчас наведвання гэтых устаноў было арганізавана больш за 220 такіх сустрэч, якія ахапілі больш за 11 тысяч маладых людзей. Сама моладзь ініцыявала запрашаць на такія сустрэчы лідараў грамадскіх думак. Героі нашай краіны могуць падзяліцца вопытам свайго асобаснага росту, станаўлення. Такая форма работы дазваляе грамадскім аб'яднанням стаць праваднікамі грамадзянска-патрыятычнага выхавання. А маладым людзям — вызначыцца з іх прафесіянальнай арыентацыяй», — расказаў першы сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ Аляксандр Лук'янаў.
Ён адзначыў, што гутаркі вядомых асоб з дзецьмі даюць магчымасць папулярызаваць дасягненні Беларусі, выхаваць у моладзі пачуццё гонару за сваю краіну. «Мы будзем дасягаць гэта праз прызму асабістага поспеху кожнага з нашых герояў, якія будуць наведваць тыя ці іншыя месцы дзіцячага аздараўленчага адпачынку. Яны праводзяць гутаркі з моладдзю ва ўзросце ад 13 да 17 гадоў. Як правіла, гэта першыя ці другія атрады ў летніх лагерах. Мы не ставім ніякіх рамак у стасунках і стараемся зрабіць абстаноўку максімальна нефармальнай і разняволенай. Гэта дае магчымасць дзецям даведацца, як стаць выдатнымі вучонымі, спартсменамі або дзеячамі мастацтваў», — лічыць першы сакратар ЦК БРСМ.
Пасля размовы моладзь можа паўдзельнічаць у інтэрактыўнай частцы сустрэчы. «Гэта можа быць танец ад вядомага дзеяча мастацтваў або занятак спортам з алімпійскім чэмпіёнам. Або ўдзел у навуковым эксперыменце. Усё гэта дае магчымасць дзецям сфарміраваць асобу, якая будзе арыентавана на развіццё нашай дзяржавы», — сказаў Аляксандр Лук'янаў.
Сярод тых, хто наведаў летнікі ў першыя дні акцыі, — паралімпіец Аляксей Талай, арт-гурт «Беларусы», гурт «Аўра».
Прэв’ю: pixabay.com
Што будуюць, а што ўжо ўвялі ў эксплуатацыю?
«У ідэале, не адзін алімпійскі цыкл».
Хто і як павінен вызначаць дух беларускага кіно?