Вы тут

Прафесар Мінскага вайсковага шпіталя: Іаганэс-Карл-Хрысціян Дзірнэ


19 жніўня 1914 года ў Мінску ў будынку жаночага духоўнага вучылішча быў асвячоны ўласны Яе Імператарскай Светласці Марыі Фёдараўны шпіталь N 1. Першая сусветная, якую з часам назавуць Другой Айчыннай альбо Вялікай Еўрапейскай, толькі пачалася. І ўсе, хто мог, на прасторах Расійскай імперыі рабілі свой унёсак у тое, каб толькі вытрымаць націск ворага. І, канешне ж, адна за другой на тэрыторыях, якія былі поруч ці блізка да тэатра ваенных дзеянняў, разгортваліся ваенна-медыцынскія ўстановы — шпіталі, лазарэты... Сярод іх — і дзесяткі ўстаноў, якія былі створаны на сродкі Дома Раманавых. 


Быў адкрыты лазарэт імя імператрыцы Марыі Фёдараўны ў губернатарскім доме. Мінскай губерняй тады кіраваў Аляксей Фёдаравіч Гірс. Апякункай лазарэта стала жонка губернатара — Любоў Аляксандраўна Гірс. Асвяціў 6 жніўня (прайшло ўсяго толькі крыху болей за тыдзень ад пачатку вайны) ваенна-медыцынскую ўстанову епіскап Мітрафан (Краснапольскі). Відаць, ён асвяціў і шпіталь N 1, які быў прызначаны для ніжніх чыноў расійскай арміі і разлічаны на 200 месцаў...

З кнігі Аляксандра Вялічкі і Леаніда Сабалеўскага «Шпіталі і лазарэты Вялікай вайны на землях Беларускі 1914 — 1918», якая пабачыла свет на пачатку 2022 года ў Мінску, вядомы некаторыя імёны медыцынскіх работнікаў шпіталя. З Георгіеўскай абшчыны сясцёр міласэрнасці ў Мінск прыехалі Кацярына Афанасьева, Зінаіда Баталіна, Лізавета Бачкарова, Вольга Зязгава, Вера Іваноўская, Марыя Кібальчыч, Любоў Лемцюжнікава, Аляксандра Маладоўская, Надзея Прэабражэнская, Ганна Тауц, Марыя Шнэйдэр. З Мінскай абшчыны Чырвонага Крыжа — сястра міласэрнасці Аляксандра Морэншыльдт. Старшы ўрач — Юрый Пруднікаў. А кіраўніком, дырэктарам шпіталя, кажучы сучаснай мовай, галоўным ўрачом бальніцы прызначылі Іаганеса-Карла-Хрысціяна Дзірнэ (1861 — 1938). На той час — доктар медыцыны, прафесар Маскоўскага ўніверсітэта. Асістэнтамі ў яго былі дактары Турэвіч, Малаканаў і два ардынатары. 

Доктару Дзірнэ было ў 1914-м 53 гады, і ўсё ж, нягледзячы на ўзрост, ён добрахавотнікам пайшоў на вайсковую службу. Захавалася некалькі мінскіх здымкаў нашага героя. Пэўна, ён не аднойчы выходзіў на набярэжную Свіслачы, углядаўся ў твары мінчукоў другога дзесяцігоддзя мінулага стагоддзя, думаў пра тое, калі ж закончыцца гэтая вайна, што ўсё болей і болей салдат выпраўляла са сваіх жорнаваў і ў мінскі шпіталь... Мо нават ён быў знаёмы з калегамі — галоўнымі ўрачамі іншых тагачасных ваенна-медыцынскіх устаноў губернскага горада. Напрыклад, са сваім равеснікам — Тэадорам Кодзісам (1861 — 1917), які ў 1896 — 1901 гг. загадваў кафедрай паталогіі і паталагічнай анатоміі ў Вашынгтонскім універсітэце ў г. Сент-Луіс... Ці — з кіраўніком лазарэта Мінскага 1-га дабарачыннага таварыства «Дабрачыннасць» доктарам І. Ц. фон Офенбергам. Альбо — з Урублеўскім, які з’яўляўся галоўным урачом 1-га Мінскага зводнага палявога запаснога шпіталя (яго разгарнулі на базе 274-га палявога запаснога шпіталя ў першыя дні вайны; размяшчалася ўстанова на Новай Камароўцы)... Яму, прафесару Дзірнэ, было пра што распавесці сваім калегам. За плячыма — удзел у якасці начальніка ваеннага шпіталя ў руска-японскай вайне. Адзнака адвагі, прафесійнай сталасці — пяць ардэноў. Выпадак сам па сабе выключны. А яшчэ ў 1900 — 1901 гг. ён быў галоўным урачом плывучага шпіталя Расійскага таварыства Чырвонага Крыжа «Царэўна» ў час Іхэтуаньскага паўстання (калі кітайцы змагаліся супраць замешнага ўмяшацельства ў эканоміку, унутраную палітыку і рэлігіёзнае жыццё Паднябеснай; яго яшчэ называлі паўстаннем Баксёраў). 

А яшчэ раней, закончыўшы вучобу ў Дэрптцкім універсітэце, Дзірнэ працаваў асістэнтам у гінекалагічнай клініцы ў Дэрптце. У 1891 годзе абараніў доктарскую дысертацыю. У 1892 годзе адкрыў сваю ўласную клініку ў Рэвеле. З 1895 па 1904 гг. быў кіраўніком і хірургам у Самарскай земскай бальніцы. З 1909 па 1911 гг. — прафесар хірургіі, з 1911 года — экстрардзінарны прафесар па кафедры шпітальнай хірургічнай клінікі Маскоўскага ўніверсітэта. 

... У верасні 1915 года шпіталь з Мінска ў сувязі з пагрозай акупацыі Мінска ў выніку Свенцянскага прарыва быў эвакуіраваны ў глыб краіны. Некаторы час знаходзіўся у Прапойску (сённяшні Слаўгарад на Магілёўшчыне). Адзнакамі за ўдзел у Першай сусветнай вайне для Дзірнэ сталі тры ордэны. 

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі прафесар эмігрыраваў. Працаваў урачом у Батумі, Канстанцінопалі, Варне, Сафіі. У 1923 годзе быў лейб-медыкам эфіопскай імператрыцы Заудзіту і нашчадка — раса Тэфэры Мэконына. Заудзіту — першая жанчына на эфіопскім троне. І хаця афіцыйна яна лічылася імператрыцай у 1916 — 1930 гг., рэгентам пры ёй з’яўляўся менавіта рас Тэфэры Мэконын (так яго называлі да каранацыі; апошні імператар Эфіопіі ў 1930 — 1974 гг.). Менавіта Тэфэры (ці Хайле Селасіе згодна ўжо каранацыі) узначальваў барацьбу з італьянскімі захопнікамі ў 1935-1936 гг., якраз ён з’яўляецца ініцыятарам стварэння Арганізацыі афрыканскага адзінства. Дарэчы, яшчэ ў юным узросце Тэфэры пазнаёміўся з рускім паэтам і падарожнікам Мікалаем Гумілёвым... Але надоўга прафесар Дзірнэ ў Афрыцы не затрымаўся. Быць блізка да такіх асоб, відаць, не заўсёды бяспечна.

З 1925 па 1926 гг. прафесар кіруе хірургічным аддзяленнем Ліепайскай бальніцы. Затым тры гады выкладае ў Латвійскім універсітэце. У 1932 — 1935 гады (Дзірнэ ўжо за семдзесят!) удзельнічае ў чакскай вайне ў званні маёра медыцынскай службы Парагвая. Чакская вайна — узброены канфлікт паміж лацінаамерыканскімі краінамі Балівіяй і Парагваем за валоданне часткай вобласці Гран-Чака. Лічылася, што ў гэтым краі даволі вялікія запасы нафты. І хаця Балівія мела досыць большую армію (пры насельніцтве ў тры мільёны мабілізавала войска ў 210 тысяч ваеннаслужачых), Парагвай атрымаў упэўненую перамогу, да канца вайны ён кантраляваў большую частку спрэчнай тэрыторыі. У гісторыі XX стагоддзя Чакская вайна засталася як самая крывавая ў Лацінскай Амерыцы. З боку Балівіі загінула каля 60 000 чалавек. 23 250 салдат і афіцэраў былі ўзятыя ў палон. З парагвайскага боку (між іншым, у параўнанні з трохмільённай Балівіяй насельніцтва Парагвая на той час было роўнае 900 000 чалавек) страты склалі: забітымі — 31 500, у палон вораг узяў 2 500 парагвайцаў... Можна толькі здагадвацца, у якім стане напружанасці знаходзіўся ваенны медык з латышска-расійскімі карэннямі!.. І ўсё ж Дзірнэ прайшоў праз усе выпрабаванні годна, на высокім узроўні адказнасці. Урад Парагвая ў знак асаблівых заслуг прызначыў прафесара на пасаду генеральнага ганаровага консула Парагвая на Бліжнім Усходзе. Памёр легендарны вайсковы медык, у біяграфіі якога быў і кароткі мінскі перыяд выпрабаванняў, у 1938 годзе ў Бейруце. 

І зараз медыцынская навука і практыка карыстаюцца кнігамі, манаграфіямі, дапаможнікамі Дзірнэ, напісанымі напрыканцы XIX — у пачатку XX стагоддзяў. Найперш — класічным кіраўніцтвам «Аператыўная ўралогія» (упершыню кніга пабачыла свет у 1910 годзе)... Лёс вайсковага медыка, падарожніка па волі абставін Іаганеса-Карла-Хрысціяна Дзірнэ, несумненна, варты асобнай кнігі. 

Кастусь ЛЕШНІЦА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?