Вы тут

Валянціна Быстрымовіч. «Пашанцавала»


Чыгуначная станцыя была зусім маленечкай і бязлюднай — домік і вакол лес. Падобны на музейны экспанат, брудна-шэры таварняк здаваўся прышвартаваным тут навечна з часоў вайны. Мы (васьмікласнікі) вярталіся з паходу і абмяркоўвалі, што, хутчэй за ўсё, адсюль не з’ехаць, прыйдзецца ісці на прыпынак аўтобуса, які будзе толькі праз дзве гадзіны.


 pixabay.com

Раптам іржавы цягнiк заляскаў, выдаў жорсткі скрыгат і рушыў у бок горада. Віцька кінуўся да яго з выкрыкам: «Ён жа ў бок горада! Даедзем!» Паддаўшыся авантуры, мы з энтузіязмам на хаду заскочылі на падножкі тамбура. Як у кіно!

На імгненне я ўявіла сябе ніндзя! Вецер кудлаціў валасы, стукалі колы, злёгку калыхаўся і грукатаў на стыках рэек стары пусты вагон, міма праплылі домік станцыі, вёска і пайшлі палеткi... Сапраўдная прыгода — я, Галка, Танька і Пецька зайцамі ехалі ў тамбуры. Астатнія хлопцы залезлі ў тамбур наступнага вагона.

Мы былі ў захапленні! Нават не размаўлялі, глядзелі ва ўсе вочы, як праносяцца дрэвы, статкі на палях... Цягнік набліжаўся да горада, побач праплывалі знаёмыя мясціны. І раптам як ударыла: цягнік можа прайсці транзітам праз Магілёў! А калі не спыніцца ў горадзе?

Вось няўдача! Чакаць з мора надвор’я неразумна. І мы сталі ліхаманкава шукаць выйсце. Што рабіць? Вось ужо наш пасёлак, завулкі хутка змяняюць адзін аднаго: 1-шы Ямніцкі, 2-гі, 9-ты...

Побач з нашым завулкам чыгунка паварочвала і стаяў святлафор. Далей, праз паўтара кіламетра, цягнік пройдзе побач са школай, а потым вакзал.

Калі параўняліся з нашым завулкам, мы замітусіліся: «Цяпер з кожнай хвілінай будзем аддаляцца ад дома. Магчыма, прыйдзецца ехаць да наступнага горада. А як потым дабірацца назад?» Галка нечакана крыкнула: «Валька, на павароце цягнік замарудзіць ход, яны заўсёды там скідваюць хуткасць. Саскочым!»

Прапанова неардынарная і рызыковая. Але часу на разважанне не было, ужо праехалі 10-ты завулак і набліжаліся да гары. Калі саскокваць, то неадкладна! Інакш цягнік зноў набярэ хуткасць. Я пацвердзіла: «Давай!»

«Скачы па ходзе цягніка! Каб пад колы не зацягнула», — хутка падключыўся да размовы Пецька. Ён і Танька былі ўсхваляваныя гэтак жа, як і мы. Быццам таксама збіраліся скокнуць. Але ім трэба ехаць як мінімум да школы, яны жывуць у раёне Млынкамбіната, гэта далей за школу.

Праз секунду ўніз з чыгуначнага насыпу пакаціліся заплечнікі, чайнік з кветкамі, а потым я і Галка. Упэўнена, што скокнулі б і Пецька з Танькай, калі б жылі ў нашым пасёлку. Іх вочы гарэлі ад жадання кінуцца за намі. Скокнулі адначасова: Галка злева па ходзе цягніка, а я справа, на вачах усяго нашага завулка, ды і суседняга таксама.

Каб паменшыць шлях палёту, я спусцілася на ніжнюю прыступку лесвіцы тамбура, учапілася ў поручань на бакавой сцяне і сціснулася ў камяк, напружваючы ўсе мышцы і збіраючы сілы. Вецер біў у твар так, што перахапіла дыханне. Зразумела, сустрэчным патокам лёгка можа занесці пад колы. Доўга разважаць не было часу, i я з усіх сіл адштурхнулася.

Нястрымная сіла панесла мяне па толькі ёй вядомай крывой. Страта кантролю над напрамкам руху спалохала. Я не магла кіраваць нічым, улада пругкага паветра была неймавернай. Апісаўшы парабалу, я дакранулася нагамі да зямлі і кулём пакацілася з адкосу, збіваючы калені, далоні, але болю пакуль не адчувала.

Прызямленне мяккім не здалося. Я ляжала пад адкосам, а неба павольна, як пласцінка на прайгравальніку, завяршала свой кругазварот. Калі свет перастаў кружыцца, я прыслухалася да адчуванняў, асцярожна паварушыла рукамі, а затым нагамі — рэзкай болі не было. Памацала галаву — нібыта ўсё на месцы і не зламанае. Азірнулася ў надзеі, што суседзі не бачылі майго палёту, а то дома па галоўцы не пагладзяць за такое «геройства».

Але надзея была марнай. Ад дамоў беглі сусед Юрка і яго сябар Сашка. Юрка і Сашка вучыліся ў 10-м класе. Я ўсё яшчэ ляжала, а ў галаве шумела. Здавалася, што як толькі ўстану, так адразу і ўпаду. У нейкім адхіленым стане я ўбачыла Галку. Кульгаючы, яна цягнула да мяне заплечнікі і чайнік з кветкамі. Я адразу ўзрадвалася — з Галкай усё добра. І захоплена ўсклікнула: «Галка, мы з табой сапраўдныя каскадзёры!»

І толькі потым адчула, як шчымяць калені і далоні. Моршчачыся, я стала аддзіраць каменьчыкі, якія ўпіліся ў скуру, потым плюнула на ліст трыпутніка, сарваны тут жа, і пачала заляпляць ім ранкі. Кроў струменьчыкам сцякала па назе.

«Пайшлі хутчэй, пакуль ніхто не бачыў», — прыспешвала мяне Галка. Ёй было не да захапленняў, скачок аказаўся не зусім удалым. Ніжняй падножкі з яе боку тамбура не аказалася, і нага пайшла пад вагон. Галка, зразумеўшы, што саслізгвае пад колы, адштурхнулася з усіх сіл. Яе падцягнула да цягнiка.
Звалілася на прамочаны мазутам друз амаль ля самай рэйкі і цудам ухілілася ад жалезнага монстра.

«Нас ужо ўбачылі», — кіўнула я на Юрку і Сашку. Яны імчаліся да нас з усіх ног.

— Гэй! Вы жывыя? — здалёк крычаў Юрка.

— Спакуха! Мы ў парадку! — махнула рукой Галка. Юрка быў яе суседам, старэйшым братам Воўкi, і ў любы момант мог прагаварыцца бацькам, а тыя раскажуць Галкінай мацi.

— Ачумелi? Чаго з цягніка сіганулі? Адкуль ехалі? — паток Юркіных пытанняў была невычэрпны. Ён глядзеў на нас вялікімі здзіўленымі вачыма, і яго распірала цікаўнасць.

— Чаго прымчаліся? — гаркнула Галя. — Ідзіце сваёй дарогай!

— Ну-у, вы даёце! А чаго да станцыі не даехалі? — зацягнуў Юрка, сыходзіць ён відавочна не збіраўся. Сашка стаяў моўчкі, а потым дастаў з кішэні хустку і стаў перавязваць мне нагу.

— Мы не ведалі, дзе цягнік спыніцца, — зразумеўшы, што хлопцаў не прагнаць, ужо спакойна адказала Галя. — Мы ў паход хадзілі.

— Толькі ўдваіх хадзілі? — яшчэ больш здзівіўся Юрка.

— Не, нашы за Млынкамбінатам саскочуць, — зноў раззлавалася Галка. — Чаго ты прычапіўся? Не твая справа.

— Вар’яты, — зрабіў заключэнне Юрка. Ён быў відавочна агаломшаны нашым учынкам. — І як такое магло ў галаву прыйсці?

Сашка дапамог мне ўстаць: «Дзе баліць?» — спытаў ён, уважліва гледзячы мне ў вочы. Я няпэўна паціснула плячыма, сама яшчэ толкам не разумела, дзе і што... «Iсці можаш?» — спытаў Сашка. Я кіўнула. «Не скачы больш з цягніка», — панізіўшы голас, сур’ёзна папрасіў хлопец. І я раптам адчула, што яму сапраўды важна, каб я не скакала з цягніка.

«Валіце адсюль!» — Галка ўсё яшчэ злавалася на няпрошаных сведкаў. Юрка, не звяртаючы ўвагі на яе рэплікі, узваліў сабе на плечы два нашых заплечніка і пайшоў да дамоў. Потым павярнуўся і буркнуў: «Заплечнікі за брамку пакладу». А мы, старанна атросшы вопратку, павольна пайшлі дахаты. Юрка малайчына — не выдаў, нікому не сказаў.

Прайшло чатыры месяцы. Да мяне прыйшла Галка, яна была бялейшая за мел. Такой прыгнечанай я яе ніколі не бачыла. «Што здарылася?» — спытала я. «Больш ніколі не будзем скакаць на хаду з цягніка. Сёння на тым жа месцы, дзе мы з табой скакалі, пад цягнік трапіў чалавек. Гэта так страшна і жудасна... Нам пашанцавала, што мы жывыя!» — сказала Галка.

Валянціна БЫСТРЫМОВІЧ

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».