Вы тут

Валянціна Быстрымовіч. «Рыжы»


Месяц зазірнуў у вакно скрозь смугу празрыстага цюлю. Горад апускаўся ў сон, толькі суседзі не маглі суцішыцца. Ганна не спала, пракручвала ў галаве размову з Алегам. Тры месяцы не тэлефануе, нягоднік, пакрыўдзіўся. Выказала яна яму ўсё, што думае пра іх адносіны. Жанацік — жанацік і ёсць, хоць у першы год іх знаёмства ён прапаноўваў пераехаць да яе. Чаго яна тады не пагадзілася? Няёмка было разбіваць сям’ю? Ды і сваіх дзяцей на такога інтэлігентнага мужчыну навешваць было неяк нязручна. Алег жыве ў дастатку, а яна з капейкі на капейку перабіваецца. 


Фота: pixabay.com

І ён прывык жыць на дзве сям’і, падабаецца мужыкам гарэм.

Заўтра меўся быць цяжкі дзень, прыйдзецца затрымацца на працы. Трэба раніцай прыгатаваць вячэру, каб дзеці разагрэлі і паелі без яе. У розуме склала меню, зыходзячы з бедных запасаў халадзільніка. Як быццам бы ўсё абдумала, план на заўтра склала, пара і спаць. Яна ўзбіла падушку, падміргнула месяцу: «Бай-бай, рыжы!» — і заснула.

Раніцай крыху праспала і спешна збіралася на працу. На кухні яшчэ смажыліся сырнікі, а яна ўжо нацягвала боты. Даўно так не спала, як у вір правалілася. Напэўна, з-за месяца, свяціў начны госць прама на падушку. На хаду дапіла каву і выключыла газ. Не гледзячы ў люстэрка, правяла памадай па вуснах і, схапіўшы сумачку, ступіла за парог.

Нешта мяккае з сілай стукнула ў ногі. Ганна хіснулася і схапілася за дзверы. Здаравенны рыжы кот нахабна ўварваўся ў кватэру і тарпедай праляцеў праз залу ў спальню. Ганна залыпала вачыма, здзіўленая такой дзёрзкасцю.

«Ты куды? Пс-с-с-ік!» — кінулася яна за няпрошаным госцем. Але кот забіўся ў далёкі кут пад двухспальны ложак, адкуль у яе маленькай спальні выцягнуць яго не было ніякай магчымасці.

Павазіўшыся са швабрай ля ложка, яна плюнула, напісала дзецям запіску: «Выправадзіце чужога ката з кватэры» і сышла на працу. Нахабства ката здзіўляла. «Мяркуючы па паводзінах, пераблытаў кватэру. Падобна, упэўнены, што тут жыве». Пасля абеду патэлефанавалі дзеці: «Усё о’кей, ката адправілі ў пад’езд шукаць сваю кватэру, вучым урокі».

— Сёння да мяне нахабна ўварваўся рыжы кот, — паскардзілася Ганна калегам. — Ледзь з ног не збіў, калі дзверы адчыніла.

—А ён што, табе пазваніў, што ты дзверы адчыніла? — хіхікнуў з кута кабінета Валодзя, стары халасцяк.

— Не лішайны? — удакладніла Зоя, жанчына гадоў пяцідзесяці.

— Як быццам бы здаровы і чысты, — адказала Ганна, ігнаруючы падколкі Валодзі. — Як след не разгледзела, куляй праляцеў у спальню.

— Ведае, падлюга, куды бегчы, — адзначыў Валодзя.

З’едлівасці ў старым халасцяку невычэрпна, таму да гэтага часу і адзін, хто з такой язвай мужчынскага полу ўжывецца.

— Гэта ў цябе даўно мужыка не было. Казаў, запрасі ў госці, — не сунімаўся Валодзя. — Вось табе і мужык!

— Ды супакойся ты, бабыль лысы, — прыструніла яго Зоя. — Можа, гэта наогул котка. Акрамя таго, гэта знак, рыжы кот — да вяселля.

— Чакай! Багатага мужыка падчэпіш! — здзекліва пасміхнуўся халасцяк. — Калі да вас прыблудзіўся бяздомны кот, гэта прадвяшчае вяселле ці іншыя прыемныя здарэнні!

— Давайце працаваць, — буркнула Зоя.

На гэтым і спыніліся, працы было сапраўды шмат. Аб няпрошаным госце забыліся.

Вярнулася Ганна дадому позна, дзеці павячэралі ўжо і глядзелі тэлевізар. Яна перакусіла і лягла спаць. З думкамі аб маючым адбыцца пераездзе ў іншую кватэру і пра тое, што ў выходныя трэба пачынаць збірацца, Ганна заснула. Раніцай адправіла дзяцей у школу і толькі сабралася выходзіць, як з кладоўкі пачулася: «Мяу». «Гэта яшчэ што?» — аслупянела Ганна. Адкрыла кладоўку і адтуль выскачыў усё той жа рыжы кот. «Пс-с-с-ік!» — яна не паспела схапіць яго, кот схаваўся пад ложкам. Даставаць яго часу не было, і яна, злая, напісаўшы дзецям запіску вялікімі літарамі: «КАТА ПРЭЧ!», пайшла на працу.

Дзеці патэлефанавалі пасля абеду: «Мама, яму няма куды ісці. Мы ўсе кватэры ў пад’ездзе абышлі. Ён нічыйны. Хай будзе наш». Увечары высветлілася, што дзеці вырашылі пакінуць ката адразу і схавалі ў кладоўцы, дзе паставілі ўсё для яго неабходнае. Не чакалі, што ён так неабачліва сябе выдасць. 

Кот застаўся і адчуваў сябе паўнапраўным гаспадаром. З ім стала ўтульней і спакайней. Яго першым упусцілі ў новую кватэру. А падчас пераезду, калі ўносілі мэблю, ён раптам кінуўся пад ногі грузчыкам і знік. Яго шукалі, чакалі, клікалі, але безвынікова. Як прыйшоў, так і сышоў.

Кот сапраўды апынуўся знакам: Ганне прапанавалі больш высокую пасаду. Больш таго, праз тры месяцы яна выйшла замуж. Не, не за Алега. Хоць Алег ужо некалькі разоў тэлефанаваў, прасіў аб сустрэчы. Яна сустрэла свайго аднакласніка Ігара, выпадкова сутыкнулася з ім у дзвярах супермаркета. Калісьці яшчэ ў школе Ігар быў у яе закаханы. Яны селі за столік у кафэ пагутарыць, а праз пару месяцаў сышліся. Хоць Зоя казала, што гэта неразумна, а Валодзя злосна пакепваў са свайго кута, шлюб аказаўся шчаслівым.

Ганна, калі глядзіць перад сном на месяц, успамінае рыжага ката. У яе няма сумневаў, што менавіта ён прынёс змены ў яе жыццё. Бо Ігар таксама рыжы, і яна сутыкнулася з ім у дзвярах.

Валянціна БЫСТРЫМОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.