Вы тут

Разбураючы стэрэатыпы і дапамагаючы людзям: глядзім Галіну Адамовіч


Беларускае дакументальнае кіно іграе асобую ролю ў айчынным культурным працэсе. Стужкамі фіксуецца наша рэчаіснасць, асэнсоўваецца час, у якім мы жывём. Дзякуючы высокаму творчаму і прафесійнаму ўзроўню, фільмы ўдзельнічаюць у шматлікіх кінафестывалях, нярэдка атрымліваюць узнагароды. Кожны з рэжысёраў нясе ўнутры сябе цэлы сусвет, унікальны і непаўторны. У гэтым матэрыяле мы распавядзём аб рэжысёры дакументальнага кіно, лаўрэаце міжнародных фестываляў у Грэцыі, Галандыі, Італіі, Малдове, Польшчы Галіне Адамовіч.


Фота sb.by.

Будучы дакументаліст спачатку вучылася ў політэхнічным інстытуце, але пасля трэцяга курса забрала дакументы і паступіла ў Акадэмію мастацтваў на курс Віктара Дашука. Галіна прызнавалася, што спачатку нічога не атрымлівалася. Ёй спатрэбіўся час, каб прыйсці ў гуманітарную «форму» і адчуць інтарэс. «Тады здымалі на кінаплёнку — дарагая вытворчасць. На цябе, рэжысёра, працавалі цэх апрацоўкі плёнкі, аператары, гукарэжысёры, асвятляльнікі. Я сумнявалася, ці маю я права гэтым займацца, ці не лепш краіне купіць трактар, чым даваць грошы на кіно», — дзялілася Адамовіч. Першую ўзнагароду рэжысёр атрымала ў 1995 годзе за сваю дыпломную работу. Стужка пад назвай «Палюбі мяне чорненькім» распавядала аб дзецях-мулатах, якія нарадзіліся ў Беларусі, — так пачалася яе прафесіянальная кар'ера на «Беларусьфільме» ў студыі «Летапіс».

Бадай ужо з таго часу вызначылася лінія творчага напрамку, па якім Галіна Адамовіч рухаецца і да сёння. Сацыяльная праблематыка ў работах рэжысёра раскрываецца праз асабістыя гісторыі людзей. Цікавяць яе і пытанні беларускай народнай культуры: шэраг стужак яна прысвяціла героям, што жывуць у розных куточках Беларусі, але кожны дзень займаюцца адной справай — захоўваюць традыцыі продкаў.

Нельга не згадаць фільм «Манашка» — стужка атрымала вялікую колькасць узнагарод, у тым ліку ў 2011 годзе прыз Прэзідэнта Беларусі «За гуманізм і духоўнасць у кіно» на XVІІІ «Лістападзе». А таксама Гран-пры адкрытага фестывалю дакументальнага кіно «Расія» ў Екацярынбургу і шматлікія прызы за найлепшы дакументальны фільм на кінафестывалях у Маскве, Кіеве, Батумі, Трускаўцы. Галоўнай гераіняй «Манашкі» стала Ірына Дзянісава — выкладчыца, якая доўгі час працавала ў ліцэі пры кансерваторыі. У нейкі момант яе малодшае дзіця захварэла на анкалогію. Стужка распавядае аб тым, як праз хваробу сына Ірына прыйшла да веры. Як распавядала сама Галіна Адамовіч, падчас стварэння карціны было адчуванне, што вышэйшыя сілы выкарыстоўваюць яе ў якасці інструмента. «У гэтым фільме прысутнічае незразумелы мне элемент цуду», — адзначала рэжысёр.

Вострую тэму хатняга гвалту Адамовіч закранула ў карціне «Добрых дзяўчынак не б'юць» — дакументальная стужка прысвечана лёсам жанчын, якія пацярпелі ад рук сваіх блізкіх. Да сённяшняга дня згаданая тэма нібы пад забаронай, падчас стварэння фільма і пошуку гераінь здымачнай камандзе даводзілася пераадольваць шмат перашкод. Часам камандзе не давалі кантакты пацярпелых, а некаторыя з ахвяр адмаўлялі ў інтэрв'ю. Карціна спрабуе разбурыць стэрэатып «б'е — значыць любіць». «Гэта трэба змяняць, — адзначае рэжысёр. — Пакуль я ствараю кіно, імкнуся максімальна дапамагчы тым, каго здымаю, таму эмацыянальна заўсёды складана».

Да 140-годдзя Якуба Коласа рэжысёр разам з узбекскімі калегамі рыхтуе дакументальную стужку пад рабочай назвай «Якуб Колас: кніга ташкенцкага быцця». Адамовіч плануе зняць фільм-падарожжа, аповед у якім будзе весціся ад імені праўнучкі паэта Васіліны Міцкевіч. У карціне будуць выкарыстаны кадры з кінахронікі: творчая сустрэча ўзбекскіх, беларускіх і рускіх паэтаў у Доме Чырвонай Арміі ў Ташкенце, падчас якой прысутнічаў і Колас. Таксама ў дні 60-гадовага юбілею Ташкенцкая кінастудыя здымала выступленне нашага песняра — усё гэта можна будзе ўбачыць у новай дакументальнай рабоце.

Дакрануцца да сусвету Галіны Адамовіч атрымаецца 10 жніўня — тэлеканал «Беларусь 3» пакажа стужку «Вяда», якая распавядзе гісторыю вёскі, што ў 1942 годзе раздзяліла лёс Хатыні. У 2016 годзе ў Вядзе была асвечана капліца-помнік у памяць аб спаленых людзях. На працягу амаль дзесяці гадоў пісьменнік і краязнавец Веньямін Бычкоўскі будаваў капліцу, нягледзячы на тое, што гэты занятак ледзь не разбурыў сямейнае жыццё героя. У фільме Веньямін і яго жонка Анастасія разважаюць над пытаннем, што больш важна: сям'я або «справа жыцця».

Дакументальную стужку Галіны Адамовіч «Вяда» можна будзе паглядзець у 10:00 на «Беларусь 3».

Арына КАРПОВІЧ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Спорт

Віцэ-прэзідэнт НАК Дзмітрый Даўгалёнак: Спартсмены не хацелі страціць тую Алімпіяду

Віцэ-прэзідэнт НАК Дзмітрый Даўгалёнак: Спартсмены не хацелі страціць тую Алімпіяду

Пра сваё спартыўнае мінулае і цяперашняе наш герой расказаў «Звяздзе».

Культура

Эпоха Купалы: далёкая і незабытая. Дзе пабачыць аўтографы паэта і вершы ў патроннай гільзе?

Эпоха Купалы: далёкая і незабытая. Дзе пабачыць аўтографы паэта і вершы ў патроннай гільзе?

Наша размова ішла пра ўспрыманне спадчыны Песняра і падыходы да яе захавання.