Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў. Кропля — яна ж на карысць?


Кропля — яна ж на карысць?

Мусіць, нідзе не знойдзеш столькі вясёлых і праўдзівых гісторый, колькі на старонках шаноўнай «Звязды». Нідзе больш не прачытаеш і не пачуеш... Ну хіба ў лазні, дзе аб чым ні гамоняць! Часам наслухаешся столькі — хоць тыдзень у сеткі не заходзь. І тэлевізар не ўключай. А галоўнае, што героі свае — усе мясцовыя. Ім  і веры болей.


Фота: pixabay.com

— Паўлавіч, а раскажы, як ты пеўня лячыў, — прагучала неяк у раздзявальні.

— Дык даўно было... І я ўжо расказваў, — хутчэй для прыліку заўпарціўся «доктар», але ж потым саступіў — ну добра, маўляў, паслухайце.

— Значыць, жонка мая, Вера Васілеўна, прычапілася неяк: «Паглядзеў бы, гаспадар, што з нашым пеўнем творыцца. Можа, захварэў, мо на суседні падворак лётае? Бо ў нас жа дзесяць курэй, ежы ў іх — якой хочаш, а яек два-тры на дзень».

Хацеў быў адказаць, што я ж не Айбаліт, што ў курыных хваробах нічога не цямлю, аднак тэлевізар мая ўжо выключыла — дзявацца няма куды: пайшоў назіраць.

Бачу, певень наш і сапраўды нейкі як нежывы: ходзіць, галаву апусціўшы, але корму пад носам не бачыць, чубатак да яго не склікае, не кажучы пра што большае…

Пазваніў я ветэрынару калгаснаму. Той, праўда, ужо на пенсіі, але ж, думаю, веды не пагубляў? Расказаў яму ўсё, парады спытаў.

Ён мне адразу: «Ды лячыў я такую хваробу — у свайго ж кукарэкалы. І лекі тут — зусім простыя: пеўню трэба гарэлкі даць. Можна крамнай, казённай, можна сваёй, калі ёсць… Спачатку ён можа пагрэбаваць — дзюбай закруціць. Тады сілком улівай — два разы на дзень, з дапамогай піпеткі...»

Я тут жа да жонкі, да Васілеўны сваёй. Маўляў, так і так: доктар лекі прапісаў. А яна не верыць. Крычыць: «Яшчэ што выдумаў! Табе абы самому глыкнуць...»

Толькі назаўтра грошай дала.

Прынёс я з крамы пляшачку, наліў грамаў 30 у чыстую бляшанку ад кансервы. Кажу:

— Будзем, Пеця, лячыцца.

А ён, дурыла, і вухам не вядзе!

Тады я прыклад яму падаў:

— Гэта смачна, — кажу, — і сто грамаў сабе за каўнер…

Не спрацавала: не ўзяўся ён піць.

Прыйшлося злавіць нягодніка: пару кропель шпрыцам уліць…

Такім вось макарам мы з ім тыдзень лячыліся. Я жонцы сказаў, што зрухі да лепшага ёсць, што лекі певень прымае, што бляшанку калі-нікалі можа перавернуць. (Трэба ж растлумачыць расход гарэлкі...)

Васілеўне закарцела праверыць. Зайшла ў загародку, дзе грэбаліся куры, сыпнула зерня. Певень — ну каб зварухнуўся!

— Падлюга! — незразумела каму кінула жонка.

І тут наперад выступіў я: плюхнуў Пецю трохі гарэлкі, паклікаў. Ён мігам на крыло і да бляшанкі! П’е!..

Карацей, дзён праз колькі нашы куры несліся так, як і належыць. Жонка рада была. А я, шчыра кажучы, дык не вельмі, бо кропля спіртнога, яна ж на карысць? І не толькі пеўню.

Паўлавіч завяршыў свой расказ. Бажыўся, што ўсё ў ім — чыстая праўда. Але ж я настойваць не буду.

Як і раіць пеўня лячыць — кропляй-другой гарэлкі.

Віктар САБАЛЕЎСКІ

г. Узда


Старога вераб’я на мякіну не зловіш… А мужчын,  як высвятляецца, можна

Так здараецца — двое часам сыдуцца, дзяцей-унукаў падгадуюць, разам ледзь не ўсё жыццё пражывуць, а потым, раптам…

То чорт падаткне — возьмуць ды развядуцца, а то проста раз’едуццца, як сужэнцы Н. Прычына — самая банальная: ад цёткі ў спадчыну хата ім засталася. Жонка з’ездзіла туды, паглядзела і як адрэзала, мужу сказала: ты, маўляў, як хочаш, а я пераязджаю. У вёсцы буду жыць. Муж (прыяцель маёй нявесткі, мінчанін да сёмага калена) у адказ на гэта таксама заяву: ты, дарагая, як хочаш, а я застаюся ў горадзе.

Фота: pixabay.com

Вось так яны і зажылі — Іванаўна там, а Іванавіч тут. Прычым ён да жонкі — ні нагой (хіба рэчы завезці памог), а вось яна да яго часцяком прыязджала. І тады ўжо крыку было на ўвесь пад’езд, бо муж ну ўсё чыста рабіў няправільна: не так харчаваўся, не так адзяваўся, мыў посуд і падлогу, не там клаў шкарпэткі і ставіў чаравікі... А галоўнае — «не кідаў дурнога»: па-ранейшаму «трымаў у хаце горы макулатуры» — пераплятаў старыя кнігі.

— Ёй, ці бачыце, гэта не падабаецца, — скардзіўся Алесь Іванавіч свайму сябру Пятровічу. — Дык якога ражна яна ездзіць? Хай сядзіць сабе ў вёсцы. Абыдуся я без яе баршчоў... Спакой мне куды даражэйшы…

Пятровіч яму спачуваў, думаў, як бы дапамагчы? І, здаецца, такі прыдумаў!

— Слухай, — неяк сказаў, — а давай ёй жывёліну купім. Яна ж у цябе гаспадыня, так? А значыць, нідзе не дзенецца, — будзе ў вёсцы сядзець: паіць, карміць…

— Гэта што — карову?! — спалохаўся Іванавіч. — Дык жа дорага!

Я не пацягну.... Тады мо казу альбо парасят?

— Не, давай, брат, курэй?! — загарэліся вочы ў сябра. — Цацарак... Ад іх, я чытаў, трайная карысць: і яйкі свае, і мяса дыетычнае, і жукоў каларадскіх па бульбе збіраюць.

— А як яны выглядаюць? І чым іх карміць? — спытаўся Іванавіч.

— Дык мы ж на базары будзем купляць, там і папытаемся.

...Куплю цацарак сябры запланавалі на найбліжэйшы выхадны. Загадзя ў вёску пазванілі — папярэдзілі гаспадыню, што прыедуць. І з падарункам... Думалі, што прыдбаць яго — прасцей простага, аж не: звычайныя куры на базары прадаваліся, індыкі і гусі — таксама, нават муларды нейкія.

— Няўжо цацарак ніхто не прадае? — у чарговы раз уголас абурыўся Іванавіч.

— А вы нашых купіце, — прапанаваў хлапчук, які даўно ўжо круціўся побач. — Праўда, яшчэ маленькіх... Мы з братам танна вам прададзім.

Мужчыны перамігнуліся (гэта ж тое, што трэба!) — і разам з хлопчыкам пайшлі паглядзець.

— Тут, у клетцы, дзесяць малых. Па пяць рублёў за штуку, — дзелавіта прамовіў падлетак-гандляр. — Яшчэ дзесяць — за клетку, каб зручней везці было…

І далей ён не маўчаў ні адной мінуты: расхвальваў пароду, казаў, што малыя ўсё чыста ядуць і вельмі хутка растуць, што праз пару месяцаў гаспадары не абяруцца ад яек, а потым, калі захочуць, яшчэ і ад мяса…

Карацей, тых цацарак проста грэх было не купіць, не парадавацца ўдачы самім, а прыехаўшы ў вёску, не парадаваць гаспадыню.

Цацарак — малых (у той самай клетцы пад хусткай) разам з просам і старой патэльняй для вады яны панеслі ў невялічкую пустую цяплічку, дзе Іванавіч урачыста паставіў клетку, зняў з яе хусціну, адчыніў дзверцы і…

— Ф-р-р-р-р, — пачулася ў тое ж імгненне ад шэрай дружнай «хмаркі», якая сіганула ўверх, а затым і ў блізкія дзверы.

— Што гэта было? — спытаў разгублены Пятровіч.

— Дык, мусіць жа, цацаркі? — разгублена прамовіў Іванавіч.

А жонка яго, Іванаўна, аж зайшлася ад рогату:

— Прыдуркі вы, а не арнітолагі! — прызнала яна. — Няўжо ж не бачылі, што пад выглядам маладых цацарак вам старых вераб’ёў прадаюць?!

Дзядзькі насуплена маўчалі. Ды і што казаць: вочы бачылі, што куплялі.

Ніна КАНДРАШОНАК

г. Петрыкаў


Трапіў у нерат — ні ўзад, ні ўперад

Цесць мой за чаркай любіў успамінаць нейчы ліст з турмы. У ім сын пісаў бацькам, што ў яго ўсё нармальна, усяго хапае. Толькі нітак з іголкай добра было б прыслаць, хоць гэта і вельмі далёка — пасылка доўга будзе ісці... А таму іголку лепш уваткнуць у кавалак сала, ніткі — наматаць на сухую каўбасу... Для таго каб старыя не выкручвалі мазгі, не думалі, навошта, ён тут жа ў лісце і растлумачыў, што ў сале іголка не заржавее, а ніткі на каўбасе ніколі не заблытаюцца.

Трэба разумець, «клапаціўся» гэты сын пра сваіх бацькоў. Васілёк зусім не гэтакі быў.

...Цётка Лена, хоць і мела зусім слабы зрок, працавала ад цямна да цямна: у парадку трымала і сялібу сваю, і гаспадарку, гадавала хлопчыка, сына. Ад каго ён прыжыты, вёска чамусьці не ведала, але ж, гледзячы на малога, дабра не чакала: не цікавілі Васілька ні работа, ні вучоба... Ён на халяву хацеў разбагацець.

І аднойчы, ужо ў дарослым жыцці, яму на гэта пашчасціла.

Пасля школы махнуў на заробкі некуды на Поўнач, гадоў колькі да маці носу не паказваў, а потым з’явіўся: поўныя кішэні грошай прывёз! Збылася мара! Ён не ведаў, як і выхваляцца! Раз’язджаў на таксі, у крамах адмаўляўся ад рэшты, лаўку на вуліцы ці крэсла ў некага выціраў сама меней дзясяткай і тут жа яе выкідваў, частаваў курцоў дарагімі цыгарэтамі, а п’яніц — алкаголем…

Як і варта было чакаць, вельмі хутка ўсё праматаў, пад канец свайго водпуску ўжо сам «страляў» дакурыць, на дарогу назад, на тую Поўнач, грошай страсаў у маці.

Але ж ад’ехаў такі і зноўку прапаў. Хіба праз год у вёску прыйшла тэлеграма. Вася пісаў: «Мама, я трапіў на мель. Прышлі 200 метраў тросу».

— А людцы ж мае! А дзе ж яго браць, той трос?! І як яго адаслаць — за блізкі свет... Ажно 200 метраў? — бедавала цётка, аж пакуль не паяснілі, што вось гэтак, на жаргоннай мове, яе сынок паведамляе, што зноў застаўся без капейкі грошай, што просіць прыслаць яму 200 рублёў.

Цётка Лена (на тое і маці!), напэўна ж, паслала, але сын на мелі так і застаўся. Ён дрэнна скончыў.

Праўда, гэта ўжо іншая гісторыя — і зусім невясёлая, бо многія вось так патрапяць у нерат…

Дай бог ім хоць неяк ды выбрацца!

Мікалай КАСМАЧЭЎСКІ

г. Наваполацк

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

Ад яе ж: Сёння — як бачыце — усё пра курэй ды гарэлку…Ці ўсё ж пра жыццё? Такое, якое ёсць… Пішыце (калі ласка, з нумарам тэлефона для аператыўнай сувязі)... І тады ў наступную пятніцу мы раскажам пра нешта іншае. І яшчэ: хутка, 9 жніўня, у «Звязды» дзень нараджэння: 105-ы, між іншым! Калі ёсць што сказаць з нагоды, кажыце: добрыя словы грэх адкладваць на потым.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.