Вы тут

Рэчавыя доказы. Часам толькі яны нагадваюць, што чалавек на гэтай зямлі — быў


У знаёмых у доме — капрамонт. Нарэшце дачакаліся: адна з першых «хрушчовак» недалёка ад парку Чалюскінцаў толькі знешне больш-менш прыстойна выглядае. А ўсе камунікацыі ўжо даўно патрабавалі замены. Зрэшты, маладыя сужэнцы не асабліва бедавалі, нават калі гэтыя самыя камунікацыі (а калі дакладней — водаправод) у суседзяў зверху прарвала і іхняя кватэра на першым паверсе літаральна паплыла. Бо галоўнае — ёсць сваё жыллё, якое-ніякое, але, лічы, у цэнтры сталіцы. Прычым падоранае бабуляй. Якая, у сваю чаргу атрымала яго ў спадчыну ад суседа. У якога, трэба сказаць, былі свае законныя блізкія нашчадкі — дачка і ўнукі. Але яны жывуць у іншым горадзе, дзядуля не меў з імі зносін і пакінуў кватэру суседцы, што некалькі гадоў, калі стаў ужо нямоглым, пра яго клапацілася: прыбірала, абмывала, гатавала ежу, проста заходзіла пагаварыць.

Карацей, гадоў дзесяць таму маладыя апынуліся ў гэтай кватэры. Пра былога гаспадара ведалі зусім няшмат, толькі што працаваў да пенсіі ў Акадэміі навук. Калі рабілі рамонт — грунтоўны, з выкідваннем усяго старога, — натрапілі на старыя альбомы з фота. Прычым здымкі былі цікавыя, унікальныя, можна сказаць, нават з пачатку ХХ стагоддзя. Новыя гаспадары тады былі ў разгубленасці, не ведаючы, што з імі рабіць. Фактычна ў руках была цэлая гісторыя, але ж зусім чужых людзей, зусім чужой сям’і. Трымаць у сваёй ужо кватэры — неяк няёмка, выкінуць на сметніцу — не па-людску, рука не падымалася. Якраз прыехала ўнучка былога гаспадара: ім паведамілі аб рамонце, прапанавалі забраць штосьці на памяць аб родным чалавеку. Яна паклала вока на рарытэтны таршэр, а вось альбомы браць (нават гартаць!) адмовілася: маўляў, навошта яны мне? Урэшце альбомы тыя, запакаваныя ў вакуум (каб захаваліся, а раптам хто з радні ўсё ж перадумае?), былі занесеныя ў падвал, да іншых рэчаў «акадэміка», як паважліва і сёння называюць дзядулю яго неспадзяваныя спадчыннікі.

Дык вось, пра капрамонт. Якраз ён прымусіў забрацца ў той падвал і дэталёва прааналізаваць, што там ляжыць. Малады гаспадар пачаў разбіраць раскладзенае яшчэ гаспадаром колішнім па паліцах і ахнуў: там жа сапраўднае багацце! Два кампактныя абсалютна ў рабочым стане станкі — такарны  і слясарны, у падпісаных скрынках акуратна раскладзены ўсялякі рыштунак і прылады для майстравання... Пачалі цікавіцца ў старэйшых суседзяў, хто памятае «акадэміка», — аказалася, дзядуля быў вядомым у навакольных дварах майстрам, сам рабіў і рамантаваў мэблю, у многіх людзей дагэтуль у кватэрах стаяць зробленыя ім шафкі ды табурэты... Колькі старажылы яго ведалі, жыў адзін, ніколі ніхто да яго не прыязджаў. Праўда, суседзі пагаворвалі, што калісьці была ў яго сям’я, але што там за гісторыя атрымалася — ніхто сказаць не мог. Яшчэ ўспомнілі, што быў ветлівы з усімі і вельмі любіў катоў — з форткі кватэры да зямлі ляжала дошка, і ўсе дваровыя хвастатыя-вусатыя падымаліся па ёй сталавацца. (А маладыя думалі-гадалі, з чаго б першы год, як пачалі жыць, пад акном рабіўся суцэльны каціны гармідар.)

Вось так, пакрысе, са знойдзеных некалькіх свердлаў, завесаў ды цвікоў у падвале пачаў вымалёўвацца і ўрэшце намаляваўся партрэт чалавека. Які жыў на гэтай зямлі даволі доўгі век, рабіў нешта карыснае для людзей, пакінуў пасля сябе дзяцей і ўнукаў. І памёр у зацятай адзіноце (казалі суседзі, што радня нават на пахаванне не прыехала). І адзінае сведчанне, што ён быў на гэтай зямлі, — гэты самы выпадкова знойдзены праз дзесяць гадоў скабяны рыштунак ды пара запакаваных у вакуумную плёнку фотаальбомаў, якія невядома ці разгорне хто калі…

Гэты выпадак з банальнай, па сутнасці, гісторыі капрамонту вывеў нас з маладой гаспадыняй той кватэры яшчэ на адно цікавае жыццёвае разважанне. Стварыўшы сям’ю, нарадзіўшы дзяцей, чалавек усё роўна не застрахаваны ад адзіноты. Хтосьці, як той «акадэмік», застаецца адзін з-за нейкага непаразумення з роднымі людзьмі, нейкай крыўды. Хтосьці, як мая вясковая суседка, — таму што «так лёсіць». У бабулі Жэні была сям’я — муж, сын. Яны перажылі ўсе нягоды, нават вайну. А пасля... муж памёр, калі было крыху больш за пяцьдзясят, сына-падлетка забіў калгасны бычок, брыкнуўшы ў жывот (сёння хлопца напэўна б выратавалі, а тады, у 1930-х, ды яшчэ на вёсцы, якая была медыцына?) Бабцы ж Бог даў доўгі век — не дажыла да ста ўсяго два гады. Асабліва ўражвала ў дзяцінстве, як яна пілавала сабе на зіму дровы — адна, нажоўкай, паклаўшы тоўстае бярозавае бервяно на «казлы». Кожную восень, дзень за днём. Ідзеш у школу — яна шоргае нажоўкай, ідзеш са школы — таксама. Ляцяць дробныя апілкі, павольна расце куча паленняў, круціцца каля ног гаспадыні адданая пярэстая кошка... Я цяпер на ўсё жыццё ведаю, як выглядае зацятая жаночая адзінота.

Дарэчы, калі бабуля памерла, аб’явіўся спадчыннік, пляменнік, якога дагэтуль ніхто ў вочы не бачыў. Чаму аб’явіўся — зразумела: хата ў бабкі хоць і лядашчая, з земляной  падлогай у сенцах, але ж нейкіх сорак кіламетраў ад Мінска. Перад тым як прадаваць нерухомасць, ён паклікаў суседак, што глядзелі яго цётку, і, нібы саромеючыся, прапанаваў: мо возьмеце што на памяць? Мама тады прынесла драўляную крыху расколатую невялікую ступу (пэўна, калісьці здрабнялі ў ёй прыправы на каўбасы).

Мы ў гэтым крыху папсаваным старым рыштунку нічога ніколі не рабілі. Стаіць тая ступа ў кладоўцы ўжо каторы год, часам нават замінае. А выкідваць ніхто не бярэцца. Павінен жа ад чалавека на зямлі хоць нейкі след заставацца...

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».