Вы тут

На Віцебшчыне вітаюць першага вадзіцеля-«тысячніка»


Сёння на Віцебшчыне віталі першага вадзіцеля-«тысячніка» сярод моладзі па выніках аператыўнага раённага спаборніцтва на ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур. Ім стаў Дзмітрый Іваноў з агракомплексу «Янавічы» ААТ «Віцебская бройлерная птушкафабрыка» Віцебскага раёна.


Імя Дзмітрыя Іванова вядомае не толькі ў раёне, але і ў вобласці — вадзіцель у мінулым годзе станавіўся пераможцам у сваёй групе сярод маладых экіпажаў і прымаў віншаванні на абласным фестывалі-кірмашы працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2021» у Шуміліне, узначальваў калону перадавікоў на раённым аграрным форуме. У гэтыя гарачыя дні жніва сям'я Дзмітрыя амаль не бачыць яго дома, некалькі хвілін на разгрузку — і зноў да залатой нівы. За дзень паспявае зрабіць да дваццаці рэйсаў, але, прызнаецца, працуе не на хуткасць, а на якасць, каб не згубіць ні аднаго зярнятка. «Бацькі вучылі працаваць сумленна, каб не мець сораму перад сабой і людзьмі. І проста ў адказе мы, хлебаробы, за лёс ураджаю, нашай агульнай справы», — раскрывае формулу поспеху аграрый. Свайго «жалезнага каня» — МАЗа — да пачатку ўборачнай падрыхтаваў сам, перабраўшы кожны вінцік, так што прастойваць на рамонце, губляючы сонечныя хвіліны, не даводзіцца.

Гэта сёмае жніво ў прафесійным летапісе Іванова, за шэсць гадоў ён пяць разоў станавіўся лідарам у сваёй катэгорыі. Поспехі на хлебнай ніве суправаджаюцца ўвагай шматлікіх журналістаў, да якой сціплы вясковец так і не змог прывыкнуць. Затое ўсе дыпломы і газетныя артыкулы, якіх за сезон збіраецца багата, беражліва захоўвае любая жонка Алена. Яна і дзве дачушкі Маша і Аліса з'яўляюцца для Дзмітрыя жыватворнай крыніцай, адкуль ён чэрпае сілы і падтрымку. Маша скончыла першы клас Янавіцкай школы, у якой калісьці вучыліся яе бацькі, і ўжо ведае, наколькі цяжкая і адказная прафесія ў таты. «Самы лепшы!» — так наперабой характарызуюць бацьку дзяўчаткі.

Пра сілу хлеба, якая аб'ядноўвае народ, малады вадзіцель ведае не па чутках. Менавіта яму даверылі перадаваць мяшэчак з зернем ураджаю-2021 удзельнікам рэспубліканскага аўтапрабегу «Сімвал адзінства», які прайшоў восенню ў Віцебску. Сёлета з першай у гэтым сезоне перамогай Іванова прыехала павіншаваць дэлегацыя Віцебскага раёна на полі каля вёскі Глазомічы.

«Віцебскі раён славіцца працалюбівымі, моцнымі і адказнымі кадрамі. Радуе, што менавіта моладзь задае тэмп жніву, з'яўляецца прыкладам для другіх гаспадарак. Тысячу тон зерня, якая складае чвэрць ад усяго ўраджаю ў агракомплексе, перавёз менавіта Дзмітрый Уладзіміравіч. Гэта нялёгкая і карпатлівая праца ад усходу да захаду — прыклад любові да сваёй зямлі і патрыятызму. Жадаю вам новых перамог, моцнага здароўя і бесперапыннай работы тэхнікі», — павіншаваў перадавіка старшыня Віцебскага райвыканкама Генадзь Сабыніч.

Свае шчырыя словы падзякі за вялікі ўклад у агульны каравай вадзіцелю выказалі прадстаўнікі аблвыканкама, раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК, абласнога і раённага БРСМ, уручыўшы дыпломы і каштоўныя падарункі.

Са звонкай песняй праводзілі Дзмітрыя ў машыну, якому ўжо не цярпелася сесці за руль, бо побач чакаў выгрузку жоўты «Нью Холанд» пад кіраўніцтвам камбайнера Яўгена Кухарава, які таксама перайшоў сваю тысячную мяжу. У маладзёжнага дуэта — вадзіцеля і камбайнера — на залатой ніве гараць вочы і справа ідзе хутка. «Дабіцца поспеху можна і на малой радзіме, галоўнае — працаваць сумленна, аддаючы свае сілы абранай прафесіі», — заключыў Дзмітрый Іваноў.

 

Агракомплексу «Янавічы» ў гэтым сезоне трэба ўбраць 2,9 тысячы гектараў збожжавых і зернебабовых культур, на 4 жніўня ў гаспадарцы аграрыі выканалі план на 25 працэнтаў. Ураджайнасць складае 50,4 цэнтнера з гектара, ва ўборачнай задзейнічана сем камбайнаў.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.