Вы тут

Што прапаноўвае Інстытут гісторыі да Года гістарычнай памяці


Веданне сваёй гісторыі — магутная зброя ў абароне незалежнасці краіны. Нездарма 2022 год аб’яўлены Годам гістарычнай памяці. З гэтай нагоды падрыхтавана шмат праектаў: ад канцэртаў і выстаў да навуковых канферэнцый і круглых сталоў. Якія мерапрыемствы адбудуцца ў розных куточках нашай краіны, расказалі супрацоўнікі Інстытута гісторыі НАН Беларусі.


У рэгіёне запланаваны шэраг навуковых канферэнцый, прысвечаных гісторыка-культурнай спадчыне. Першая з іх адбудзецца 12 жніўня ў Слоніме, наступная пройдзе ў верасні ў Смалявічах, у кастрычніку навукоўцы наведаюць Астравец, а ў лістападзе — Віцебск. Спікерамі было адзначана, што акрамя вопытных вучоных удзел у канферэнцыях прымуць школьнікі, студэнты і краязнаўцы.

Таксама да Года гістарычнай памяці Інстытут гісторыі разам з Саюзам пісьменнікаў Беларусі і дзяржаўнымі выдавецтвамі распачаў работу па падрыхтоўцы навукова-папулярных выданняў, звязаных з гісторыяй беларускай дзяржаўнасці, важнымі падзеямі ў гісторыі нашай краіны і знакамітымі асобамі. Аб гэтым паведаміў дырэктар Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Вадзім ЛАКІЗА.

— Напрыканцы жніўня ў выдавецтве «Беларуская навука» выйдзе кніга, прысвечаная Рыжскаму мірнаму дагавору. Да 17 верасня, Дня народнага адзінства, у Акадэміі навук і, магчыма, на іншых пляцоўках адбудзецца прэзентацыя гэтага выдання. У кнізе адлюстраваны ўплыў дагавора, які, заўважу, вырашаў лёс беларусаў, але прымаўся без іх удзелу, на наступныя геапалітычныя працэсы. Беларускія, украінскія і расійскія навукоўцы будуць прадстаўлены на старонках выдання. Таксама мы рыхтуем работы, звязаныя з гісторыка-культурнай спадчынай у рэгіёнах. Вядзецца сістэматызацыя і апрацоўка новых дакументаў да дня НАН Беларусі — мы выпусцім адноўлены зборнік дакументаў, прысвечаны першым гадам функцыянавання акадэміі. Вядзецца пастаянная работа, звязаная з вывучэннем падзей Вялікай Айчыннай вайны, у тым ліку генацыду беларускага народа.

Вадзім Лакіза звярнуў увагу і на іншыя выданні супрацоўнікаў Інстытута гісторыі, якія ўжо паспелі пабачыць свет. Сярод іх — зборнік навуковых артыкулаў «Вялікае Княства Літоўскае: заканадаўчае забеспячэнне дзяржаўнага суверэнітэту», выданне, прысвечанае Інстытуту беларускай культуры ў перыяд з 1922 да 1928 года, а таксама аўтарская манаграфія маладога даследчыка Аляксея Капліева «Станаўленне савецкай аховы здароўя на тэрыторыі Беларусі ў 1917–1921 гадах».

Адным з напрамкаў работы навукоўцаў-гісторыкаў з’яўляецца супрацоўніцтва з моладдзю. Аб гэтым распавяла старшыня савета маладых навукоўцаў Інстытута гісторыі НАН Беларусі Таццяна ДАЛГАЧ. Адзін з рэалізаваных праектаў меў інтэрактыўны характар: падчас наведвання інстытута навучэнцы мінскіх школ шукалі кіналяпы ў гістарычных фільмах, па захаваных костках вызначалі, ад якой хваробы памёр чалавек, а таксама ляпілі гаршкі па неалітычнай тэхналогіі:

— Савет маладых вучоных рэалізоўвае шэраг ініцыятыў, накіраваных на сувязь са студэнцкай і школьнай моладдзю. Адукацыйны і прафарыентацыйны праект «Акадэмія маладых гісторыкаў» закрануў школы Першамайскага раёна горада Мінска. Удзел у праекце прынялі 30 школьнікаў, якія на базе Інстытута праслухалі курс адаптаваных акадэмічных лекцый, прынялі ўдзел у майстар-класах і экскурсіях. Гэта дазволіла ім атрымаць уяўленне, чым займаецца Інстытут гісторыі.

Таццяна Далгач засяродзіла ўвагу на факце, што 100 гадоў таму адбылося станаўленне акадэмічнай навукі ў Беларусі. Людзі, якія стварылі Інстытут беларускай культуры, лічыліся сапраўднымі кумірамі, накшталт рок-зорак сваёй эпохі. Гэта былі вядомыя літаратары, настаўнікі і інтэлігенты:

— Важна, каб беларусы не толькі памяталі імёны гэтых людзей, але і ведалі, як фарміравалася беларуская навука. Тым больш у Мінску засталося шмат месцаў, звязаных з Інбелкультам. Мы палічылі, што можна зрабіць экскурсію па гэтых будынках, — і ў нас атрымалася. Экскурсія ўжо апрабаваная і перыядычна праводзіцца, так што запрашаем усіх ахвотных далучыцца, — дадала старшыня савета маладых навукоўцаў Інстытута гісторыі.

Важным аспектам дзейнасці інстытута з’яўляецца падрыхтоўка вучэбных дапаможнікаў для навучэнцаў — аб гэтым паведаміла старшы навуковы супрацоўнік цэнтра гісторыі навукі і архіўнай справы Інстытута гісторыі НАН Беларусі Марына КРАСНОВА. Дапаможнікі выкарыстоўваюцца пры правядзенні факультатыўных заняткаў у школах і ВНУ:

— Яшчэ на пачатку 2000-х мы заўважылі тэндэнцыю: заходнія краіны імкнуцца перапісаць і фальсіфікаваць вынікі Другой сусветнай вайны. Для Беларусі вельмі важна захаваць праўду, а таксама той уклад, што быў унесены СССР і нашай рэспублікай. Трэба адзначыць, што на працягу дваццаці гадоў было праведзена шмат навуковых даследаванняў — школа ваенных гісторыкаў Беларусі, бадай, самая моцная на тэрыторыі ўсёй постсавецкай прасторы.

Напрыканцы прэс-канферэнцыі спікеры нагадалі аб правядзенні Нацыянальнай акадэміяй навук рэспубліканскага конкурсу творчых работ, прысвечаных Году гістарычнай памяці. Удзельнікам прапануюць паспрабаваць свае сілы ў наступных намінацыях: «Найбольш значныя падзеі ў гісторыі беларускай дзяржаўнасці», «Знакамітыя асобы беларускай зямлі», а таксама «Вялікая Айчынная вайна ў памяці маёй сям’і». Работы будуць прымацца да верасня, а дадатковую інфармацыю і палажэнне аб конкурсе можна знайсці на сайтах НАН Беларусі і Інстытута гісторыі. З 1 лістапада пачнецца работа членаў журы, у снежні адбудзецца вялікая сустрэча з удзельнікамі конкурсу, падчас якой уручаць дыпломы і абяруць лаўрэатаў.

Арына КАРПОВІЧ

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».