Якое месца па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй займае сёння Беларусь сярод краін Еўропы? Як праходзяць падрыхтоўка і павышэнне кваліфікацыі службовых асоб праваахоўных органаў? Якія механізмы дзяржаўнай антыкарупцыйнай дзейнасці з’яўляюцца найбольш паспяховымі? На гэтыя і іншыя актуальныя пытанні адказалі прадстаўнікі Следчага камітэта, МУС і Генеральнай пракуратуры нашай краіны.
Шкода ад карупцыйных злачынстваў сёлета за першае паўгоддзе склала больш за 9 мільёнаў рублёў, паведаміў начальнік упраўлення па барацьбе з карупцыяй і арганізаванай злачыннасцю Генеральнай пракуратуры Ігар Грэйба. На маёмасць сумай больш за 11 мільёнаў рублёў тых асоб, якія ўчынілі дадзеныя злачынствы, накладзены арышт, што, як мяркуецца, дазволіць забяспечыць пакрыццё нанесенай шкоды.
Але варта мець на ўвазе, што прычыняемая карупцыйнымі злачынствамі шкода выяўляецца не толькі матэрыяльна. Можна казаць і аб іншым істотным памеры шкоды, якая наносіцца дзяржаўным органам і прадпрыемствам. У прыватнасці, падае аўтарытэт дзяржоргана, арганізацыі, магчымая ўпушчаная выгада.
Разам з тым спецыяліст адзначыў, што ў нашай краіне няма сістэмных, тым больш звязаных з арганізаванай злачыннасцю, карупцыйных праяў. Існуючы ў краіне комплекс заканадаўчых, арганізацыйных і іншых механізмаў процідзеяння карупцыі дазволіў мінімізаваць карупцыйную злачыннасць, якая не ўплывае на развіццё эканамічных і сацыяльных працэсаў. Менавіта з гэтай прычыны сярод іншых дзяржаў СНД Беларусь характарызуецца як дзяржава, найменш схільная да карупцыі.
Больш карупцыйных злачынстваў здзейснена ў сферах прамысловасці, сельскай гаспадаркі, гандлю, дзяржаўнага кіравання, будаўніцтва, транспарту, аховы здароўя і адукацыі.
Ёсць факты набыцця таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў па завышаным кошце, лабіравання інтарэсаў канкрэтных пастаўшчыкоў, атрымання хабараў за вырашэнне пытанняў па заключэнні і выкананні гаспадарчых дагавораў, дагавораў арэнды вытворчых і іншых памяшканняў, крадзяжу грашовых сродкаў і маёмасці.
Ігар Грэйба падкрэсліў, што да крымінальнай адказнасці прыцягваюцца як шараговыя супрацоўнікі дзяржаўных органаў і арганізацый, так і службовыя асобы, якія займаюць адказнае становішча.
Па словах начальніка ўпраўлення, прыкладна палова праверак выканання антыкарупцыйнага заканадаўства — найбольш складаныя, яны датычацца значных сфер эканамічнай дзейнасці. У ходзе іх правядзення ўстанаўліваюцца розныя парушэнні ў сферы закупак, ёсць факты неабгрунтаванага абмежавання доступу да ўдзелу ў працэдурах закупак, парушэнні парадку іх правядзення, маніпулявання конкурснымі дакументамі, дачы неаб’ектыўнай ацэнкі прапаноў удзельнікаў закупак. Мерамі пракурорскага рэагавання на пачатковай стадыі працэдуры закупкі толькі ў 2021 годзе папярэджана выкарыстанне з парушэннем заканадаўства сродкаў на суму звыш 8,3 мільёна рублёў.
На ўліку МУС Беларусі цяпер знаходзіцца шэсць «злодзеяў у законе», паведаміў начальнік Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй Міністэрства ўнутраных спраў Васіль Сысоеў.
«Трое з іх адбываюць пакаранне. Адзін знаходзіцца ў вышуку. Адзін вызваліўся, але знаходзіцца пад нашай пільнай увагай і кантролем», — распавёў Васіль Сысоеў. Яшчэ адзін, Аляксандр Кушняроў, быў нядаўна затрыманы (па падазрэнні ў спробе арганізацыі двайнога забойства). Паводле інфармацыі прадстаўніка МУС, на аператыўным уліку цяпер таксама налічваецца каля 500 чалавек, «якія займаюць рознае становішча ў іерархіі злачыннага свету». Але гэтая лічба нестатычная і пастаянна абнаўляецца.
З рэзанансных прыкладаў хацелася б успомніць канфіскацыю супрацоўнікамі ГУБАЗіК у жніўні 2021 года аўтамата Калашнікава, украдзенага ў 1993 годзе падчас разбойнага нападу на вайскоўца, які нёс вартавую службу», — адзначыў Васіль Сысоеў, звяртаючы ўвагу, што сучасныя метады расследавання дазваляюць раскрываць справы нават такога вялікага тэрміну даўнасці.
«У дачыненні да замежных лідараў злачыннага асяроддзя, якія імкнуцца прабрацца да нас у краіну, Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС выбудавала эфектыўны алгарытм дзеянняў. Гэта аператыўная адпрацоўка, дэпартацыя і забарона на ўезд у краіну на тэрмін да 10 гадоў. Дзякуючы такой рабоце ўдалося істотна знізіць колькасць крымінальных лідараў, якія спрабуюць перасекчы беларускую граніцу», — сказаў Васіль Сысоеў.
Ён дадаў, што за апошнія два гады пры перасячэнні граніцы затрыманы толькі адзін расійскі злодзей у законе. «У сакавіку гэтага года паблізу дзяржаўнай граніцы Беларусі з Літвой пагранічнікі затрымалі расійскага злодзея ў законе, які планаваў у патоку бежанцаў з арабскіх краін трапіць на тэрыторыю Літвы. Пры гэтым у Беларусі ён знаходзіўся нелегальна, будучы пад прэвентыўным наглядам паліцыі Расіі. Ён быў затрыманы, прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці, падвергнуты прымусовай высылцы, яму таксама ўстаноўлена забарона ўезду ў нашу краіну тэрмінам на пяць гадоў», — праінфармаваў начальнік Галоўнага ўпраўлення.
У Дзяржаўны пагранічны камітэт накіравана больш за 600 даручэнняў аб кантролі перасячэння дзяржграніцы ў дачыненні да замежных злодзеяў у законе і крымінальных аўтарытэтаў. Гэтая работа непарыўна звязаная з процідзеяннем незаконнаму абароту зброі і боепрыпасаў, а адпаведна, патэнцыяльным каналам паступлення зброі ў арганізаваны злачынны свет.
Следчы камітэт расследуе крымінальную справу ў дачыненні да службовых асоб ААТ «Газпрам трансгаз Беларусь», паведаміў начальнік Галоўнага ўпраўлення па расследаванні злачынстваў у сферы арганізаванай злачыннасці і карупцыі Следчага камітэта Уладзімір Шышко.
«Цэлы шэраг высокапастаўленых службовых асоб гэтага акцыянернага таварыства паліўнай накіраванасці займаўся атрыманнем незаконнага ўзнагароджання ад камерцыйных структур за пастаўку абсталявання, у некаторых выпадках, наадварот, — за яго непастаўку. Узнагароджанне ў гэтых выпадках вылічалася сотнямі тысяч рублёў, гэта значыць даволі істотнай сумай хабару. Цяпер вырашаецца пытанне аб кампенсацыі гэтых грошай», — сказаў Уладзімір Шышко.
Паводле яго слоў, большасць фігурантаў крымінальнай справы дае прызнальныя паказанні і актыўна супрацоўнічае са следствам. Арганізацыя «Газпрам трансгаз Беларусь» таксама актыўна ўзаемадзейнічае з органамі. Топ-менеджары ўсвядомілі, што ёсць слабыя месцы ў іх эканамічнай дзейнасці, і проста цяпер, не чакаючы заканчэння расследавання, робяць захады па ліквідацыі шчылін, якія меліся ў іх дзейнасці.
Аналагічныя абвінавачанні прад’яўлены службовым асобам дзяржаўнага аб’яднання «Беларуская чыгунка». Крымінальная справа знаходзіцца на стадыі заканчэння, у найбліжэйшы час яна будзе накіравана ў суд.
«За апошні час узровень аператыўнага суправаджэння і дзеянняў аператыўных падраздзяленняў сістэмы МУС і КДБ значна выраслі. Адбываецца даволі дэталёвая фіксацыя злачыннай дзейнасці. Калі раней мы сутыкаліся з сітуацыямі, калі разумелі, што тут здзейснена злачынства, але мелася вялікая складанасць са зборам доказаў, то цяпер узровень аператыўнага суправаджэння і выяўлення гэтых злачынстваў высокі, таму што адбываецца і аўдыё-, і відэафіксацыя, і дакументальнае суправаджэнне ўсіх гэтых мерапрыемстваў», — сказаў на заканчэнне Уладзімір Шышко.
Камітэтам па злачынствах выдзелены асобныя напрамкі, якія накіраваны на разладжванне і падрыў дзяржаўнага ладу. Напрыклад, сем чалавек абвінавачваюцца ў спробах зрыву рэспубліканскага рэферэндуму па пытанні ўнясення змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. Цяпер завершана расследаванне, і ў судзе ўжо знаходзіцца шэраг крымінальных спраў па гэтых фактах.
Як растлумачыў Уладзімір Шышко, гаворка ідзе аб дзейнасці асобнай групы грамадзян, звязанай з рассылкай у вялікай колькасці лістоў членам выбарчых камісій, простым грамадзянам, каб яны насуперак сваёй волі і закону рабілі злачынныя дзеянні, накіраваныя на зрыў рэферэндуму. «Намі ў цесным узаемадзеянні з аператыўнымі супрацоўнікамі, у тым ліку сістэм МУС, КДБ, шэраг такіх грамадзян быў устаноўлены. Цяпер сямі з іх выстаўлена абвінавачанне, крымінальныя справы таксама накіраваныя ў суд».
Па яго словах, вытворцамі і адпраўшчыкамі гэтых лістоў значыліся вядомыя ў грамадстве людзі і арганізацыі. «Гэта былі Генеральная пракуратура, Следчы камітэт, КДБ, альбо ад імя нейкіх вядомых асоб, што надавала значнасць такім лістам, што было спробай паўплываць на галовы грамадзян», — канстатаваў начальнік галоўнага ўпраўлення.
Уладзімір Шышко згадаў некалькі крымінальных спраў гэтай катэгорыі. «Не магу не назваць іх — гэта цэлы шэраг крымінальных спраў, звязаных з гібеллю супрацоўніка КДБ пры затрыманні аднаго з экстрэмістаў. Пасля яго смерці, зноў жа па ініцыятыве пэўных дэструктыўных экстрэмісцкіх аб’яднанняў, асобныя грамадзяне пачалі выкладваць у сетцы негатыўныя каментарыі, у тым ліку ў адрас загінулага супрацоўніка, праваахоўнай сістэмы, дзяржаўных устаноў і арганізацый. Абсалютна ўсе грамадзяне, якія пакідалі гэтыя каментарыі, былі выяўлены, частка крымінальных спраў яшчэ знаходзіцца ў вытворчасці. У цяперашні час у дачыненні да 57 каментатараў крымінальныя справы накіраваны ў суд. У чарговы раз хацелася б звярнуць увагу людзей на тое, што тэхнічныя магчымасці ў органаў правапарадку значна выраслі, любыя дзеянні ў сетцы не застаюцца абязлічанымі, заўсёды можна знайсці, хто і што канкрэтна рабіў у інтэрнэце, і даць гэтаму прававую ацэнку. Таму будзьце ўважлівыя, не паддавайцеся на правакацыі, адказвайце за свае дзеянні», — сказаў ён на заканчэнне.
Міхась ПАДДУБНЫ
6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.